- Во паскуднiца!
- Яна не наўмысна. Слухай, бацька, ты пабудзь тут, а я паспрабую знайсцi Тома, скажу яму. Трэба яго папярэдзiць, няхай сцеражэцца. Ты адсюль нiкуды не iдзi, паглядзi, што тут будзе. Я i есцi яму занясу.
- Добра, - згадзiўся бацька.
- Ты нiчога Руцi не кажы. Я сама ёй растлумачу.
У гэты момант у вагон увайшла Руцi, за ёю - Уiнфiлд. Дзяўчынка была ўся перапэцканая. Куточкi перасохлых губ злiпалiся, з пабiтага носа яшчэ сачылася кроў. Выгляд у яе быў спалоханы i засаромлены. Твар Уiнфiлда пераможна ззяў. З-пад iлба азiраючыся, Руцi пайшла ў самы кут вагона i села там спiнай да сцяны. Сорам i злосць адначасова валодалi ёю.
- Я сказаў ёй, што яна нарабiла, - абвясцiў Уiнфiлд.
Кладучы на алавяную талерку дзве адбiўныя i смажаную бульбу, мацi сказала:
- Маўчы, Уiнфiлд. Не трэба яе больш чапаць, ёй i так дасталося.
Маленькая постаць кiнулася да мацi. Дзяўчынка абхапiла яе за талiю, уткнулася тварам у жывот i ўся затрэслася ад рыданняў. Мацi спрабавала вызвалiцца, але мурзатыя пальцы ўчэпiста трымалi яе. Мацi пяшчотна правяла рукой па валасах дзяўчынкi i паляпала яе лёгенька па плячы:
- Кiнь плакаць. Ты ж не наўмысна.
Руцi падняла да мацi брудны твар са слядамi слёз i крывi.
- Яны забралi маё печыва! - усклiкнула яна. - А гэтая бальшуха, сукiна дочка, набiла мяне... - I зноў зарыдала.
- Маўчы! - сказала мацi. - Не гавары такiх слоў. Ну, пусцi. Мне iсцi трэба.
- Што ж ты яе не адлупцуеш, ма? Калi б яна не хвалiлася сваiм печывам, нiчога б не было. Ну, дай ёй лупцоўкi.
- А вы, мiстэр, не суньце носа ў чужое проса, - узлавалася на Ўiнфiлда мацi. - Глядзi, каб цябе самога не адлупцавалi. Ну, пусцi, дачушка.
Уiнфiлд рэцiраваўся да скручанага матраца i адтуль скiраваў на сваiх сямейнiкаў халодны, скептычны позiрк. Ён заняў зручную для абароны пазiцыю, бо быў упэўнены, што пры першай магчымасцi Руцi накiнецца на яго. Але Руцi, прыбiтая горам, цiха адышла ў далёкi кут вагона.
Мацi закрыла алавяную талерку газетай.
- Ну, я пайду, - сказала яна.
- А сама не павячэраеш? - запытаўся дзядзька Джон.
- Потым. Як вярнуся. Цяпер не хочацца. - Мацi пайшла да расчыненых дзвярэй i асцярожна спусцiлася па крутых сходках.
На паляне, памiж вагонамi i рэчкай, палаткi стаялi шчыльна адна да адной, адцяжкi iх перапляталiся, калкi былi ўвагнаныя ў зямлю ўсутыч. Праз брызент прасвечвала святло, з усiх труб iшоў густы дым. Мужчыны i жанчыны, стоячы каля ўваходных праёмаў, перамаўлялiся мiж сабой. Дзецi як апантаныя насiлiся навокал. Мацi велiчна iшла ўздоўж лiнii палатак. Час ад часу хто-небудзь яе пазнаваў.
- Добры вечар, мiсiс Джоўд.
- Добры вечар.
- Несяце выкiдаць, мiсiс Джоўд?
- Пазычыла хлеба ў знаёмых. Трэба аддаць.
Нарэшце палаткi засталiся ззаду. Мацi спынiлася i азiрнулася. Лагер выдаваў сябе цьмяным водсветам лiхтароў, чуўся глухi гул галасоў, час ад часу яго пераразаў чый-небудзь гучны воклiч. Паветра патыхала дымам. Нехта цiха iграў на губным гармонiку, стараючыся развучыць мелодыю, i паўтараў адну i тую музычную фразу.
Мацi ўвайшла ў вярбняк на беразе рэчкi. Потым збочыла са сцежкi, села на зямлю i затаiлася, прыслухоўваючыся, цi не iдзе хто следам. Наперадзе на сцежцы паказаўся мужчына, якi iшоў да лагера, на хаду накiдваючы на плечы падцяжкi i зашпiльваючы штаны. Мацi сядзела нерухома, i, праходзячы мiма, мужчына яе не заўважыў. Пачакаўшы яшчэ хвiлiн пяць, яна паднялася з зямлi i асцярожна выйшла на сцежку, што цягнулася берагам. Мацi ступала цiха, так цiха, што шолах апалага лiсця ў яе пад нагамi не заглушаў цурчання вады. Сцежка i рэчка павярнулi налева, потым зноў направа i нарэшце вывелi яе да шашы. Пры шэрым святле зорак мацi ўбачыла дарожны насып i круглую чорную адтулiну маставой трубы, каля якой яна заўсёды пакiдала ежу Тому. Яна асцярожна падышла да трубы, усунула сваю ношу ў адтулiну i ўзяла пустую алавяную талерку, што там стаяла. Потым цiхенька вярнулася ў вярбняк, прабралася ў самы гушчар i, сеўшы, стала чакаць. Скрозь блытанiну вецця ёй вiдаць была чорная пашча трубы. Мацi абняла каленi рукамi i застыла ў чаканнi. Неўзабаве жыццё ў зараснiку зноў ажыло. Палявыя мышы крадком прабiралiся сярод лiсця. Па сцяжынцы бязбоязна пратупаў скунс, ад якога слаба патыхнула смуродам. А потым вецер лёгенька, быццам прымерваючыся, варухнуў вербы, i на зямлю залатым дажджом пасыпалася лiсце. I раптам у зараснiку нiбы закiпела, моцны парыў ветру страсянуў дрэвы, i лiсце хлынула лiўнем на дол. Мацi адчувала, як яно апускаецца ён на валасы i на плечы. Па небе плыла пухлая чорная хмара, адну за адной сцiраючы зоркi. Буйныя кроплi дажджу бязладна пасыпалiся ўнiз, застукалi па апалай лiстоце, а хмара пасунулася далей, i зноў загарэлiся зоркi. Мацi зябка пакурчылася. Вецер памчаўся далей, i ў гушчары стала цiха, але нiжэй па рэчцы яшчэ чуўся шолах лiсця. З лагера данеслiся высокiя, пранiзлiвыя гукi скрыпкi, на якой нехта падбiраў мелодыю.
Мацi пачула асцярожлiвыя крокi недзе злева ад сябе i ўся напялася. Яна расшчапiла рукi на каленях i падняла галаву, прыслухоўваючыся. Шоргат сцiх i толькi праз доўгi час пачуўся зноў. Па сухiм лiсцi рэзка скрабянула нiцая лаза, i мацi ўбачыла, як цёмная чалавечая постаць выбралася з гушчару i падышла да маставой трубы. Круглая чорная адтулiна на момант знiкла, потым чалавек павярнуў назад. Мацi цiха клiкнула яго:
- Том!
Чалавек застыў на месцы, ён так знерухомеў i так нiзка прыгнуўся да зямлi, што яго можна было прыняць за пень. Яна зноў паклiкала:
- Том! Том! - I толькi тады постаць варухнулася.
- Гэта ты, ма?
- Я. Я тут. - Мацi паднялася з зямлi i пайшла насустрач сыну.
- Не трэба было чакаць мяне, - сказаў Том.
- Я мусiла, Том. Трэба пагаварыць.
- Сцежка зусiм блiзка. Хто-небудзь можа тут прайсцi.
- А хiба ў цябе няма якога-небудзь месца, Том?
- Ёсць... але... раптам хто-небудзь убачыць цябе са мной... тады ўся сям'я трапiць у бяду.
- Я мусiла дачакацца цябе, Том.
- Ну дык iдзi за мной. Толькi цiшэй. - Ён асцярожна перайшоў уброд нешырокую рэчку, мацi iшла за iм. Ён павёў яе праз густы лазняк, i абое выйшлi да баваўнянага поля i пайшлi ўскрай яго. На градах выразна абазначалiся пачарнелыя сцяблы бавоўнiку, да якiх дзе-нiдзе прычапiлiся пушыстыя касмылi бавоўны. Яны прайшлi краем поля яшчэ чвэрць мiлi, а потым Том зноў павярнуў у зараснiк. Там ён падышоў да вялiкай купы ажыннiку, нахiлiўся i адвёў убок густа пераплеценае вецце.
- Давядзецца паўзком, - сказаў ён.
Мацi стала на карачкi. Яна адчула пад рукамi пясок, папаўзла, кусты расступiлiся i ўжо не дакраналiся да яе, потым рукi яе намацалi коўдру. Том зноў прыкрыў веццем уваход, i ў схованцы стала зусiм цёмна.
- Ты дзе, ма?
- Я тут. Цiшэй, Том.
- Нiчога, не хвалюйся. Я ўжо прывык - жыву тут, як трус.
Яна пачула, як ён знiмае паперу з алавянай талеркi.
- Свiныя адбiўныя, - сказала мацi. - I смажаная бульба.
- А божачкi, яшчэ i цёпленькiя!
Яна не магла разгледзець сына ў цемры, але чула, як ён адкусвае мяса, жуе i глытае.
- Тут у мяне добрая схованка, - сказаў Том.
Мацi нерашуча пачала:
- Том... Руцi ўсё выбалбатала. - Яна пачула, як Том папярхнуўся.
- Руцi? А чаму?