было раней. Толькi i думаю пра наш дом там, у Аклахоме. Я яго больш нiколi ўжо не ўбачу.

- Тут мясцiны лепшыя... прыгажэйшыя, - сказала мацi.

- Яно так. Але я тут нiчога нават не заўважаю - у думках бачу, як з нашай вярбы лiсце асыпаецца. Бывае, раптам успомню: трэба дзiрку забiць у плоце, што з паўднёвага боку. Дзiўна: жанчына кiруе сям'ёй! Жанчына камандуе: тое зробiм, туды паедзем... А мне хоць бы што.

- Жанчыне лягчэй перамянiцца, - заспакойлiва сказала мацi. - У жанчыны ўсё яе жыццё ў яе на руках. А ў мужчыны - у галаве. Ты не тужы. Можа... можа, у наступным годзе ў нас будзе свой кут.

- У нас нiчога няма, - сказаў бацька. - Цяпер ужо доўга не знойдзем работы, ураджаi сабраныя... Што далей будзем рабiць? Што есцi будзем? Разашарне ўжо час падыходзiць. Так ужо нас прыцiснула, што i падумаць страшна. Вось я i капаюся ў мiнулым, каб думкi неяк адцягнуць. Вiдаць, скончана наша жыццё.

- Не, не скончана. - Мацi ўсмiхнулася. - Не скончана, бацька. Гэта жанчыне таксама дадзена ведаць. I вось што я заўважыла. Мужчына, ён жыве рыўкамi: дзiця народзiцца, памрэ хто - рывок; ферму купiць, страцiць сваю ферму рывок. А ў жанчыны жыццё цячэ роўна, як рэчка - дзе крыху завiецца на вiрах, закiпiць на вадаскатах, але рэчка бяжыць усё далей i далей. Вось як жанчына разважае. Усе мы не памрэм. Народ, ён будзе жыць - можа, i пераменiцца трохi, але жыць будзе заўсёды.

- Адкуль ты ведаеш? - папытаўся дзядзька Джон. - Што можа перашкодзiць жыццю спынiцца? Людзi стамiлiся, iм толькi каб легчы i забыцца.

Мацi задумалася. Яна пацерла тыльны блiшчасты бок адной рукi далонню другой i перапляла пальцы.

- На гэта адразу не адкажаш, - сказала яна. - Мне здаецца: усё, што мы робiм, усё вядзе нас далей i далей. Так мне здаецца. Нават калi ты галадаеш, калi хварэеш; некаторыя памруць, але астатнiя толькi мацнейшымi робяцца. Трэба дзень за днём трымацца, сённяшнiм жыць.

Дзядзька Джон сказаў:

- Калi б яна не памерла тады...

- А ты жывi сённяшнiм днём. Не развярэджвай сябе.

- Там у нас, можа, добры ўраджай будзе наступным летам, - сказаў бацька.

Мацi страпянулася:

- Ш-ш... Слухайце!

На сходках пачулiся чыесцi асцярожлiвыя крокi, i з-за полага выступiў Эл.

- Вiтанне, - сказаў ён. - А я думаў, вы даўно ўжо спiце.

- Эл, - сказала мацi, - мы тут гутарым. Пасядзi з намi.

- Добра. Мне таксама трэба пагаварыць. Я хутка пайду ад вас.

- Табе нельга. Ты нам тут патрэбен. Чаму ты надумаў iсцi?

- Ну, мы з Эгi Ўэйнрайт вырашылi пажанiцца, я буду працаваць у гаражы, ноймем домiк i... - Ён люта глянуў на бацькоў. - Вось так, i нiхто нас не спынiць!

Усе моўчкi ўтаропiлiся на яго.

- Эл, - нарэшце сказала мацi, - мы радыя гэтаму. Мы вельмi радыя.

- Сапраўды?

- Ну вядома! Ты ўжо дарослы. Табе пара жанiцца. Толькi так адразу, Эл, не iдзi ад нас.

- Я ўжо абяцаў Эгi, - сказаў Эл. - Не, мы пойдзем адсюль. Мы больш не можам усё гэта цярпець.

- Пачакай да вясны, - упрошвала мацi. - Толькi да вясны. Няўжо да вясны не застанешся з намi? Хто грузавiк павядзе?

- Ну...

Раптам з-за брызенту высунулася галава мiсiс Уэйнрайт.

- Вы ўжо ведаеце? - запыталася яна.

- Так. Толькi што даведалiся.

- Ах ты, божачкi! Цяпер... цяпер каб пiрог спячы... Вось каб цяпер... пiрог цi што-небудзь такое...

- Я звару кавы i спяку аладак, - сказала мацi. - А да iх у нас ёсць сiроп.

- Ах ты, божачкi! Вось я... ага, слухайце, я цукру прынясу. Будуць салодкiя аладкi.

Мацi наламала сухога голля, усунула ў печку, i яно хутка загарэлася ад гарачага вуголля, што засталося пасля гатавання вячэры. Руцi i Ўiнфiлд выпаўзлi з-пад коўдры, як ракi-самотнiкi са сваiх шкарлупiн. Першыя хвiлiны яны паводзiлi сябе сцiпла, стараючыся разведаць, даравалi iм iхнiя правiннасцi цi не. Пераканаўшыся, што нiхто не звяртае на iх нiякай увагi, яны асмялелi. Руцi праскакала на адной назе да дзвярэй i назад, не дакранаючыся да сценкi.

Мацi сыпала ў мiску муку, калi Ружа Сарона паднялася па сходках у вагон. Яна выпрасталася ў дзвярах i насцярожана пайшла да мацi.

- Што здарылася? - запыталася яна.

- У нас навiна! - усклiкнула мацi. - Зараз мы наладзiм маленькi банкецiк з выпадку заручын Эла i Эгi Ўэйнрайт.

Ружа Сарона застыла на месцы. Яна паволi перавяла позiрк на Эла, якi стаяў разгублены, усхваляваны.

Мiсiс Уэйнрайт крыкнула з другога канца вагона:

- Я памагаю Эгi надзець свежую сукенку. Мы зараз.

Ружа Сарона паволi павярнулася, падышла да шырокiх дзвярэй вагона i асцярожна спусцiлася па сходках. Ступiўшы на зямлю, яна паволi пабрыла да рэчкi, а там пайшла сцежкай, што цягнулася па беразе. Яна iшла туды, куды незадоўга перад тым хадзiла мацi, - у густы вярбняк. Вецер дзьмуў цяпер амаль без парываў, i вецце роўна шапацела. Ружа Сарона апусцiлася на каленi i на карачках палезла ў самы гушчар. Галiнкi драпалi ёй твар, чаплялiся за валасы, але яна не зважала на гэта. Яна спынiлася толькi тады, калi вецце апляло яе з усiх бакоў. Ружа Сарона легла на спiну i адчула цяжар дзiцяцi ў сваiм улоннi.

У цёмным вагоне заварушылася на сваiм матрацы мацi, потым адкiнула коўдру i паднялася. Праз расчыненыя дзверы ў вагон слаба цадзiлася шараватае святло зорак. Мацi падышла да дзвярэй, спынiлася ў праёме i абвяла позiркам наваколле. На ўсходзе зоркi пачалi ўжо бляднець. Слабы ветрык шастаў у густым вербалоззi, цiхi гоман вады даносiўся з рэчкi. Амаль увесь лагер спаў, толькi каля адной палаткi разгаралася невялiкае вогнiшча, i вакол яго стаялi людзi. Мацi бачыла iх твары, асветленыя слабым яшчэ, няроўным полымем. Людзi пацiралi азяблыя рукi, потым павярнулiся спiнай да вогнiшча i выставiлi рукi назад, да цяпла. Вецер раз-пораз налятаў парывамi, у паветры адчувалася наблiжэнне першых замаразкаў. Мацi зябка пакурчылася i таксама пацерла рукi. Яна цiхенька вярнулася ў вагон i каля лiхтара намацала запалкi. Вiскнуў шчыток. Мацi запалiла кнот i, калi разгарэўся сiнi агеньчык, крыху падкруцiла кнот, i ў лiхтары засвяцiўся жоўты круглаваты язычок агню. Мацi панесла лiхтар да печкi, паставiла на плiту i, наламаўшы сухiх вярбовых галiнак, усунула iх у топку. Праз момант гучна загуў у трубе агонь.

Ружа Сарона цяжка перавярнулася на бок i села на матрацы.

- Зараз я ўстану, - сказала яна.

- Паляжала б яшчэ крышачку, пакуль не сагрэецца, - параiла мацi.

- Не, я ўстану.

Мацi налiла з вядра вады ў кафейнiк i паставiла яго на плiту, потым паставiла на агонь патэльню, шчодра змазаную салам, каб яна добра нагрэлася пад цеста для кукурузных праснакоў.

- Што з табой? - цiха запыталася мацi.

- Я пайду, - сказала Ружа Сарона.

- Куды?

- Бавоўну збiраць.

- Нельга. Табе ўжо хутка раджаць.

- Яшчэ можна. Я пайду.

Мацi ўсыпала каву ў ваду.

- Разашарна, ты ўчора не ела з намi аладак. - Ружа Сарона маўчала. - I чаго табе ў голаў прыйшло збiраць бавоўну? - Зноў маўчанне. - Гэта праз Эла i Эгi? - Мацi пiльна паглядзела на дачку. - Ды што ты, Разашарна! Табе хадзiць у поле няма нiякай патрэбы.

- Я пайду.

- Што ж, добра. Толькi не ператамляйся. Уставай, бацька! Прачнiся, падымайся!

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату