Бацька залыпаў вачамi i пазяхнуў.
- Не выспаўся, - прастагнаў ён. - Учора ў гадзiн адзiнаццаць леглi.
- Давайце, хутчэй падымайцеся, усе ўставайце, iдзiце мыцца.
Жыхары вагона мала-памалу ажывалi, вылазiлi з-пад коўдраў i, пацепваючыся ад холаду, нацягвалi адзежу. Мацi наразала скрылiкамi саланiну на другую патэльню.
- Iдзiце мыйцеся, - падганяла яна.
У другой палове вагона ўспыхнула святло, пачуўся трэск сучча.
- Мiсiс Джоўд! - данёсся голас мiсiс Уэйнрайт. - Мы ўжо збiраемся. Хутка будзем гатовыя.
Эл прабурчаў:
- I нашто ў гэткую рань падымацца?
- Там усяго дваццаць акраў, - сказала мацi. - Трэба прыехаць як найраней. Бавоўны мала. Трэба паспець, а то без нас збяруць. - Мацi прыспешвала iх адзявацца, старалася, каб хутчэй паснедалi. - Ну, пiце каву, пара ехаць.
- У цемры ж бавоўну не збiраюць, ма.
- Раней свiтання мы туды i не дабяромся.
- Там, пэўна, мокра.
- Дожджык быў дробны. Хутчэй пiце каву. Эл, паснедаеш, рыхтуй машыну, сказала мацi i крыкнула: - Мiсiс Уэйнрайт, вы гатовыя?
- Канчаем снедаць. Праз хвiлiнку выходзiм.
Лагер прачнуўся, ажывiўся. Каля палатак гарэлi вогнiшчы. Над вагонамi клубiўся дым з труб.
Эл залпам выпiў каву i набраў поўны рот гушчы. Ён збег па сходках, адплёўваючыся на хаду.
- Мiсiс Уэйнрайт, мы ўжо гатовыя! - крыкнула мацi. Яна павярнулася да Ружы Сарона: - Ты тут заставайся.
Ружа Сарона сцяла зубы.
- Я паеду таксама, - сказала яна. - Мне трэба ехаць, ма.
- У цябе ж мяшка няма. Ды i цягаць яго табе нельга.
- У твой буду класцi.
- Паслухай мяне.
- Паеду.
Мацi ўздыхнула:
- Што ж, буду за табой наглядаць. Добра было б доктару цябе паказаць.
Ружа Сарона ўсхвалявана захадзiла па вагоне. Надзела свой лёгкi жакет, зняла яго.
- Коўдру вазьмi, - параiла мацi. - Захочаш адпачыць, не азябнеш. - За задняй сценкай вагона пачуўся гул матора. - Мы першыя паедзем, - зарадавалася мацi. - Ну, бярыце свае мяшкi. Руцi, не забудзься на кашулi, я iх зашыла, будзеце збiраць у iх.
У змроку Ўэйнрайты i Джоўды забралiся на грузавiк. Пачаў марудна займацца бледны золак.
- Паварочвай налева, - сказала мацi Элу. - А там будзе аб'ява.
Яны паволi ехалi па цёмнай дарозе. За iмi iшлi iншыя машыны, а там, у лагеры, заводзiлiся новыя маторы, людзi сем'ямi садзiлiся ў кузавы, i машыны выязджалi на шашу i паварочвалi налева.
Да паштовай скрынкi з правага боку дарогi быў прымацаваны кавалак кардону з надпiсам сiнiм алоўкам: 'Патрабуюцца зборшчыкi бавоўны'. Эл збочыў у вароты i пад'ехаў да гаспадарчага двара. На iм было ўжо шмат машын. Круглы электрычны лiхтар з краю белай адрыны асвятляў групу людзей - мужчын i жанчын, якiя чакалi каля вагаў сваёй чаргi, трымаючы пад пахай скручаныя мяшкi. Некаторыя жанчыны накiнулi мяшкi на плечы, прыкрываючы канцамi грудзi.
- Аказваецца, не так ужо мы i рана прыехалi, - сказаў Эл. Ён падвёў грузавiк да агароджы i спынiў яго там. Абедзве сям'i злезлi на зямлю i далучылiся да людзей, што стаялi каля вагаў, а машыны ўсё зварочвалi з дарогi i спынялiся каля адрыны, i людзей усё прыбывала i прыбывала. Седзячы пад лiхтаром, гаспадар запiсваў зборшчыкаў.
- Хоўлi? - перапытаў ён. - Х-о-ў-л-i? Колькi?
- Чацвёра. Уiл...
- Уiл.
- Бентан...
- Бентан.
- Эмiлiя...
- Эмiлiя.
- Клэр...
- Клэр. Хто наступны? Карпентэр? Колькi?
- Шасцёра.
Ён запiсваў прозвiшчы ў канторскую кнiгу насупраць графы, у якой адзначалася вага сабранай бавоўны.
- Мяшкi ёсць? У мяне толькi некалькi штук. З вас будзе даляр. - А машыны адна за адной заязджалi ў двор. Гаспадар наставiў каўнер скураной курткi на аўчыне i закрыў iм горла. Ён заклапочана паглядзеў на пад'язную дарогу. - Мае дваццаць акраў нядоўга прастаяць пры такiм наплыве народу, - сказаў ён.
Дзецi караскалiся на вялiкi прычэп для перавозкi бавоўны, чапляючыся наскамi чаравiкаў за абцягнутыя дробнай сеткай барты.
- Прэч адтуль! - крыкнуў гаспадар. - Злазьце! Яшчэ дрот парвяце. - I дзецi нехаця злазiлi з прычэпа, маўклiвыя, засаромленыя. Настала шэрае свiтанне. Давядзецца збаўляць на расу, - сказаў гаспадар. - Калi ўзыдзе сонца, буду прымаць поўнай вагой. Зрэшты, калi хочаце, тады i пачынайце. Ужо досыць развiднела.
Зборшчыкi паспяшалiся на баваўнянае поле i разабралi рады. Яны прывязалi мяшкi да пояса i паляпвалi рукамi, каб разагрэць скарчанелыя пальцы, ад якiх патрабавалася спрытнасць. На ўсходзе неба над узгоркамi паружавела. Зборшчыкi доўгiм ланцугом пайшлi па радах. А машыны ўсё зварочвалi з шашы i заязджалi на двор, пакуль ён зусiм не перапоўнiўся, i новыя машыны спынялiся ўжо за варотамi, выстройваючыся абапал шашы. У полi гуляў свежы вецер.
- I як гэта вы ўсе даведалiся? - гаварыў гаспадар. - Быццам бяздротавы тэлеграф. Гэтых дваццацi акраў не хопiць i да поўдня. Прозвiшча? Х'юм? Колькi?
Зборшчыкi ланцугом перамяшчалiся па полi, i моцны заходнi вецер раздзiмаў iх адзежу. Пальцы жвава беглi да пушыстых каробачак, хуценька прабiралiся ў доўгiя мяшкi, якiя ўсё цяжэлi, цягнучыся ззаду па зямлi.
Бацька загаварыў да свайго суседа справа:
- У нашых краях такi вецер амаль заўсёды прыносiць дождж. Але цяпер ужо халаднавата на дождж. Вы даўно тут, на Захадзе? - Ён гаварыў, не адрываючы вачэй ад свайго куста.
Сусед адказаў, таксама не падымаючы галавы:
- Ужо хутка год.
- Як думаеце, будзе дождж?
- Прабачце, не скажу. Людзi тут усё жыццё жывуць i то ўгадаць не могуць. Як толькi збор, так i чакай, што дождж перашкодзiць. Вось як тут кажуць.
Бацька кiнуў хуткi позiрк на захад. Над узгоркамi пад гонам ветру шпарка плылi вялiкiя чорныя хмары.
- Як быццам дажджавыя, - сказаў бацька.
Яго сусед пакасiўся ў той бок.
- Хто iх ведае, - сказаў ён. I ўсе, хто быў на полi, азiрнулiся i паглядзелi на неба. I яшчэ нiжэй сагнулiся спiны, рукi шпарчэй забегалi па кустах. Людзi збiралi бавоўну нiбы навыперадкi, старалiся апярэдзiць час i хутчэй набiць мяшкi, апярэдзiць дождж i адзiн аднаго - як мага больш сабраць, як мага больш зарабiць грошай. Прайшоўшы поле з канца ў канец, яны кiнулiся разбiраць новыя грады. Цяпер ужо вецер дзьмуў iм у твар, i яны бачылi густыя шэрыя хмары, што беглi па небе насустрач узыходнаму сонцу. А новыя машыны спынялiся на абочынах, i новыя зборшчыкi падыходзiлi да гаспадара запiсвацца. Людзi з лiхаманкавай хуткасцю перамяшчалiся па полi, неслi мяшкi да адрыны, адзначалi вагу ў гаспадара, запiсвалi i сабе ў кнiжкi i беглi назад займаць рады.