пяцьдзесят наяўнымi i вэксаль на сорак. Ну так, я ведаю, не ўсе людзi сумленныя, але часам дзiву даешся, як яны ўхiтраюцца заплацiць доўг. Адзiн выплацiў сотню праз два гады пасля таго, як я спiсаў гэтыя грошы ў расход. У заклад iду - гэты выплацiць усё да апошняга. Эх, мне каб толькi раздабыць соцень пяць такiх драндулетаў! Ну, закасвай рукавы, Джо, бярыся за справу. Пайдзi апрацуй яшчэ каго i да мяне прышлi. З гэтай апошняй здзелкi табе перападзе дваццаць зялёненькiх. Ты малайчына, Джо.
Сцяжкi млява панiклi пад дзённым сонцам. Сёння ўцэненая машына - 'форд' выпуску 29-га года - 'пiкап', у поўнай спраўнасцi.
А што вы хочаце за пяцьдзесят даляраў - 'зефiр'?
Конскi волас закручанымi космамi вытыркаецца з падушак, памятыя, аблупленыя крылы. Расхiстаныя бамперы вiсяць коса. Элегантны двухмесны 'форд' з маленькiмi каляровымi лямпачкамi - уверсе на радыятары, на крылах i ззаду. Шчыткi ад пырскаў. На рычагу пераключэння скорасцей вялiкi штамп фiрмы. На кажуху для запасной шыны - яркай фарбай прыгожая дзяўчына i надпiс: 'Кора'. Папаўднёвае сонца iскрыцца на ветравым шкле.
Госпадзi! Нават пад'есцi няма калi. Джо, пашлi хлопчыка па булачку з катлетай.
Перарывiсты роў лядашчых машын.
Вунь нейкi ёлупень вытрашчыў вочы на 'крайслер'. Схадзi дазнайся, цi ёсць манета ў яго ў штанах. Сярод гэтых фермераў трапляюцца i прайдохi такiя, што ого! Абгаблюй яго i цягнi да мяне. Ты малайчына, Джо.
Так, яна куплена ў нас. Гарантыя? Мы гарантавалi, што гэта аўтамабiль. А мамку прыстаўляць да яго не бралiся. Слухайце сюды. Вы набылi машыну, а цяпер гарлапанiце. Будзеце пагашаць доўг цi не, мне напляваць. Вашага вэксаля ў нас тут няма. Перадалi яго ў фiнансавы банк. Спаганяць будзе ён, а не мы. У сябе мы вэксаляў не трымаем. Што? Паспрабуйце толькi скандалiць, я зараз жа паклiчу фараона. Нiчога падобнага, пакрышак мы не падмянялi. Ганi яго прэч, Джо. Купiў машыну i яшчэ незадаволены. А што, калi б я купiў кавалак мяса, ад'еў палову, а рэштку панёс бы назад? У нас тут дзелавая ўстанова, а не багадзельня. Як ён табе падабаецца, Джо? Гэй, Джон, зiрнi! У яго бiрулька - ласiны зуб. Знак секты Элка. Даганi яго. Няхай паглядзiць 'панцiяк' 36-га года. Ну i ну!
Квадратныя насы, круглыя насы, iржавыя насы, насы лапатай, прадаўгаватыя абцякальныя формы, плоскiя паверхнi яшчэ 'даабцякальных' выпускаў. Сёння шмат уцэненага тавару. Дапатопныя пачвары з мяккай абiўкай - iх лёгка ператварыць у грузавiкi. Двухколыя трайлеры - на восях яркае сонца выразна высвечвае ржу. Ужываныя машыны. Добрыя ўжываныя машыны. Матор перабраны, зусiм спраўны.
Госпадзi! Ты толькi зiрнi. Да якога стану давялi машыну.
'Кадзiлакi', 'ласалi', 'б'юiкi', 'плiмуты', 'пакарды', 'шаўрале', 'форды', 'панцiякi'. Рад за радам, фары паблiскваюць на сонцы. Добрыя ўжываныя машыны.
Ты iх апрацоўвай, Джо. Эх, каб займець тысячы такiх драндулетаў! Ты iх толькi разахвоць, астатняе ўжо мая справа.
У Калiфорнiю едзеце? Вось якраз тое, што вам патрэбна. З выгляду з'ездзiлася, але прабяжыць яшчэ тысячы мiль.
Выстраiлiся адна да адной. Добрыя ўжываныя машыны. За бясцэнак. Матор перабраны, зусiм спраўны.
РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ
Неба мiж зорак зрабiлася шэрым, ушчэрбны месяц здаваўся бязважкiм i празрыстым. Том Джоўд i прапаведнiк шпарка крочылi па дарозе, праўдзiвей - па каляiнах, пракладзеных праз баваўнянае поле коламi i гусенiцамi трактароў. Толькi няўстойлiвы стан неба выдаваў наблiжэнне досвiтку - на захадзе яно злiвалася з зямлёй, на ўсходзе яго аддзяляла ад зямлi ледзь прыкметная лiнiя. Абодва iшлi моўчкi, уцягваючы праз ноздры пыл, якi ўзнiмалi ў паветры iх чаравiкi.
- Спадзяюся, ты добра ведаеш дарогу? - сказаў Джым Кейсi. - А то развiднее, i акажацца, што мы забрылi к чорту на балота.
Баваўнянае поле ажывала разам з жыццём, якое паступова абуджалася, раннiя птушкi перапырхвалi з месца на месца ў пошуках корму, патрывожаныя трусы паспешлiва ўцякалi па камякаватай зямлi. Прыглушаныя пылам гукi крокаў i пахрустванне сухiх камякоў пад нагамi падарожнiкаў злiвалiся з таемнымi шолахамi блiзкага ўжо свiтання.
Том сказаў:
- Я з заплюшчанымi вачамi дайду куды трэба. Уся штука ў тым, каб не думаць пра дарогу. Проста забыцца, што яна iснуе, i тады я дайду цюцельку ў цюцельку. Я ж тут як-нiяк нарадзiўся. Малым бегаў па гэтых мясцiнах. Тут павiнна быць дрэва - ага, вунь яно, бачыш? Ужо разглядзець можна. Бацька на iм мёртвага каёта некалi павесiў. Доўга вiсеў, поўсць як расплавiлася, а потым адпала. Зусiм высах. Эх, можа, мама там ужо снеданне гатуе! У жываце бурчыць.
- У мяне таксама, - сказаў Кейсi. - Хочаш табакi пажаваць? Голад не так чуваць. Дарэмна мы пусцiлiся ў дарогу ў такую рань. Пры святле лепш iсцi. -Ён змоўк i адгрыз кавалак жавальнага тытуню. - Так добра спалася.
- Гэты вар'ят М'юлi мяне падняў, - сказаў Том. - Я з перапуду як ускочу! Пабудзiў i кажа: 'Бывай, Том, мне пара. Трэба сюды-туды наведацца. А вы, кажа, таксама збiрайцеся, каб, як разднее, вас ужо тут не было'. Баязлiвы зрабiўся, як суслiк, ад такога жыцця. Нiбыта за iм iндзейцы гоняцца. Па-твойму, ён крануўся з розуму?
- А хто яго ведае. Ты ж бачыў, як учора машына прыкацiла на наш агеньчык. Развернуты дом бачыў? Тут нядобрыя справы творацца. Не без таго - М'юлi трохi крануўся. Шнырыць, крадучыся, па наваколлi, як каёт, - мiмаволi чокнешся. Яшчэ заб'е каго i дачакаецца, што яго сабакамi зацкуюць. Можаш лiчыць гэта прароцтвам. Чым далей, тым ён усё горшы робiцца. Кажаш, адмовiўся з намi iсцi?
- Наадрэз, - адказаў Джоўд. - Па-мойму, ён людзей стаў баяцца. Яшчэ дзiва, што ён да нас падышоў. Да свiтання будзем у дзядзькi Джона. - Колькi часу яны iшлi моўчкi, i запозненыя совы праляталi ў iх над галавой, спяшалiся да свiрнаў, да дуплаў, да сваiх гнёздаў на цыстэрнах для вады, каб паспець схавацца ад дзённага святла. Неба на ўсходзе пасвятлела, i ўжо можна было разглядзець кусты бавоўнiку абапал дарогi i яшчэ шэрую зямлю пад нагамi. Проста розуму не дабяру, як яны там у дзядзькi Джона ўсе размясцiлiся, дзе спяць. У яго ўсяго адзiн пакой з летняй кухняй i хляўчук. Цяпер там, пэўна, i не павернешся.
Прапаведнiк сказаў:
- Я не памятаю, цi была ў Джона сям'я. Па-мойму, ён жыў адзiн. Я мала што помню пра яго.
- Самы адзiнокi чалавек на свеце, - сказаў Джоўд. - Вар'ят неймаверны накшталт М'юлi, толькi, бадай што, яшчэ ў сiм-тым горшы. Дзе толькi ты яго не ўбачыш - то ён у Шоўнi аб'явiцца п'яны, то да адной удавы завiтае за дваццаць мiль ад дому, а то раптам пачне капацца ў сябе на ўчастку ноччу з лiхтаром. Зусiм ачмурэў. Нiхто не думаў, што ён так доўга пражыве. У такiх адзiнокiх людзей век кароткi. Дзядзька Джон старэйшы за майго бацьку. Год ад году толькi больш жылiсты робiцца i наравiсты. Ён круцейшы норавам, чым нават дзед.
- Глядзi, вiднее ўжо, - сказаў прапаведнiк. - Як срэбра. А што, у Джона нiколi жонкi не было?
- Была. I вось слухай, да чаго давяла яго ўпартасць. Бацька расказваў. Узяў дзядзька сабе маладую жонку. Пражыў з ёю месяцы чатыры. Яна зацяжарала. Неяк ноччу ёй зрабiлася дрэнна, нешта ўсярэдзiне забалела, i просiць яна Джона: 'Прывядзi доктара', а ён сядзiць сабе i не шманае. 'У цябе, кажа, проста расстройства жывата. Аб'елася. Выпi чаго-небудзь болесуцiшальнага. Набiла жывот, вось i балiць'. Ранiцай пачала трызнiць i сканала да чатырох дня.
- Што з ёю было? - папытаўся Кейсi. - З'ела што-небудзь?
- Не, у яе лопнула нешта ўнутры. Нейкi ап... апендзiк. Ну, дзядзька Джон наогул душой добры i цяжка перажываў. Не мог дараваць сабе. Доўга нi з кiм нi слова не прамовiў. Ходзiць, як сляпы, i ўсё малiтвы пад нос сабе мармыча. Толькi праз два гады ачомаўся, але з тае пары зусiм перамянiўся. Як ашалеў. Спакою ад яго не было. Ледзь толькi ў каго з малых глiсты завядуцца цi там рэзь у жываце, ён зараз жа доктара цягне. Нарэшце бацька сказаў яму канчаць. У дзяцей, маўляў, жываты заўсёды баляць. Джон лiчыў, што жонка па яго вiне памерла. Дзiвак. Увесь час выкупляў сваю вiну - то малым падарункi нясе, то каму-небудзь на ганак мукi мех падкiне. Амаль усё нажытае раздаў, а на душы лягчэй у яго не стала. Бывала, начамi ўсё ходзiць i ходзiць адзiн. А гаспадар ён добры. Зямлю спраўна даглядае.
- Няшчасны чалавек, - сказаў прапаведнiк. - Няшчасны i адзiнокi. А ў царкву ён часта пасля смерцi жонкi хадзiў?
- Не, не хадзiў. Ён людзей цураўся. Шукаў адзiноты. А малыя проста ў захапленнi ад яго былi. Бывала, цiхенька прыйдзе да нас ноччу, i мы ранiцай адразу здагадвалiся, што ён прыходзiў, бо кожнаму ўсуне ў