Матор сам можа сабраць - яму гэта раз плюнуць.

Том запытаўся:

- А дзе ён цяпер?

- Швэндаецца недзе. Блудзiць, як кот памаўзлiвы, сябе не шкадуе. Шалапуту гэтаму ўжо за шаснаццаць, ну, прырода яго i падганяе. У галаве толькi дзеўкi адны i машыны. Шалапут. Дома ўжо тыдзень не начаваў.

Дзед усё важдаўся з гузiкамi на грудзях i нарэшце ўхiтрыўся прасунуць гузiкi сiняй кашулi ў прарэшкi нацельнай сарочкi. Пальцы адчувалi, што нешта не тое, але не сталi шукаць прычыны. Рука пацягнулася ўнiз, зрабiўшы яшчэ адну спробу справiцца з мудрагелiстым прарэхам на штанах.

- Я быў горшы, - сказаў ён радасна. - Нашмат горшы. Я быў, можна сказаць, сарвiгалава. У Салiсе, памятаю, сабралiся на маленне пад адкрытым небам, яшчэ малы я тады быў, крыху, праўда, старэйшы за Эла. А ён яшчэ сапляк, малакасос. Я быў старэйшы гадамi. Вось пайшлi мы на маленне. А там чалавек пяцьсот, а дзевак маладых - хоць гаць гацi!

- Ты, дзед, i цяпер яшчэ такi ж адчайны, - сказаў Том.

- Не без таго. Толькi не, да ранейшага далёка. Вось пачакайце, прыеду ў Калiфорнiю, буду там апельсiны есцi - захочацца, i сарву апельсiнчык. Цi там вiнаград. Нiчога такога нiколi ў рот не браў. Сарву цэлую гронку з куста, цi там з чаго, раздушу на твары, i сок пацячэ па падбародку.

Том запытаўся:

- А дзядзька Джон дзе? Дзе Разашарна? А Рут, а Ўiнфiлд? Пра iх нiхто слова не сказаў.

- А нiхто i не пытаўся, - адказаў бацька. - Джон паехаў у Салiса распрадаць сёе-тое з нашага набытку: помпу, iнструмент, курэй - усё, што мы прывезлi сюды з нашай фермы. Узяў з сабой Руцi i Ўiнфiлда. Яшчэ на досвiтку паехалi.

- Дзiўна, як гэта мы не стрэлiся з iмi на дарозе, - сказаў Том.

- Дык ты ж, пэўна, па шашы дабiраўся, а яны паехалi ў аб'езд праз Каўлiнгтан. А Разашарна i Конi ў ягоных бацькоў. Э-э, ды ты ж не ведаеш, што яна выйшла за Конi Рыверса! Павiнен памятаць яго. Хлопец добры. А ёй ужо радзiць месяцы праз тры-чатыры цi, можа, пяць. З дня ў дзень пышнейшай робiцца. Прыемна глянуць.

- Вось яно як! - сказаў Том. - Разашарна пры мне была яшчэ дзяўчо малое. I вось на табе - радзiць збiраецца. Калi не жывеш дома, чаго толькi не здарыцца за чатыры гады. На Захад калi рушыць думаеш, та?

- Ды вось дабро трэба прадаць. Думаў, як Эл вернецца, пагрузiм усё на машыну, i ён завязе ў горад на продаж, а заўтра цi паслязаўтра i паедзем. З грашыма ў нас тугавата, а тут адзiн казаў, што да Калiфорнii цэлыя дзве тысячы мiль набярэцца. Чым раней паедзем, тым лепш. А то грошы так i цякуць. У цябе ёсць што з сабой?

- Два даляры. А ты як раздабыў?

- Ну, мы прадалi ўсё, што маглi, - адказаў бацька, - а потым усiм гуртам бавоўну акучвалi, нават дзед.

- А чаго ж, - сказаў дзед.

- Усё разам склалi - дзвесце даляраў. Семдзесят пяць вось за гэту машыну аддалi, мы з Элам знялi верх i насцiл зрабiлi.

Сонца вiсела проста над галавой i нясцерпна палiла. Ад грузавiка падалi на зямлю цёмныя палосы ценю, ад яго патыхала нагрэтым маслам, цыратай i фарбай. Куры пайшлi з двара i схавалiся ад спёкi ў павецi. Свiннi, лежачы ў хлеўчуку ля самай перагародкi, дыхалi цяжка i раз-пораз пранiзлiва, нiбы скардзячыся, вiшчалi. Абодва сабакi расцягнулiся ў чырванаватым пыле пад кузавам грузавiка, высунуўшы запыленыя языкi. Бацька насунуў капялюш на вочы i прысеў на кукiшкi. У гэтай, вiдаць, прывычнай яму позе для роздуму i назiрання ён акiнуў Тома крытычным вокам, паглядзеў на яго новую, але ўжо са слядамi старэння кепку, на касцюм, на новыя чаравiкi.

- Усе грошы на гэта патрацiў? - запытаўся ён. - Намучышся ў такiм уборы.

- Мне выдалi, - адказаў Том. - Перад выхадам. - Ён зняў з галавы кепку, замiлавана паглядзеў на яе i выцер ёю лоб, потым зухавата насунуў яе на вуха i пацягнуў за брылёк.

Бацька зазначыў:

- Чаравiкi далi табе нiшто.

- Ага, - пагадзiўся Том. - Даволi добрыя, толькi ў такую спёку ў iх многа не находзiш. - Ён таксама прысеў побач з бацькам.

Ной паволi прагаварыў:

- Можа, калi б ты да канца абладзiў барты, маглi б ужо i грузiцца. Пагрузiм, а тут, можа, i Эл падыдзе, дык мы...

- Я ўмею грузавiком кiраваць, - сказаў Том, - калi толькi ў гэтым справа. У Макалестары я вадзiў грузавiк.

- Вось i добра, - сказаў бацька i раптам уставiў вочы на дарогу. - Калi не памыляюся, гэта ён, шалапут, дадому хвост свой цягне. Ледзь ногi перастаўляе.

Том i прапаведнiк глянулi ў той бок, i шкадлiвы Эл, убачыўшы, што за iм сочаць, расправiў плечы i фанабэрлiвай паходкай, перакiдваючыся з нагi на нагу, як певень, што сабраўся закукарэкаць, увайшоў на двор. Ганарлiва падышоў да людзей зусiм блiзка i толькi тады пазнаў Тома. Пыхлiвасць iмгненна сышла з яго твару, у вачах заззялi захапленне i глыбокая павага, i ад яго фанабэрыстай паставы нiчога не засталося. Нi каляныя джынсы, падкасаныя на восем цаляў, каб вiдаць былi боты на высокiх абцасах, нi рэмень тры цалi шырынёй з меднымi фiгурнымi бляхамi, нi нават чырвоныя рызiнкi на рукавах сiняй кашулi i хвацка ссунуты набакiр стэтсанаўскi капялюш не маглi паставiць яго на адну дошку з братам, бо брат яго забiў чалавека, а гэта нiколi не забудзецца. Эл ведаў, што нават iм самiм захапляюцца яго равеснiкi, бо брат яго забiў чалавека. У Салiсе ён неяк раз пачуў: 'Гэта Эл Джоўд. Яго брат улажыў аднаго рыдлёўкай'.

I цяпер, цiхмяна падыходзячы да брата, Эл убачыў цёмныя хмурныя вочы i турэмны спакой худога голенага твару, якi прывык нiчым не выдаваць пачуццяў, не выказваць нi супрацiўлення, нi рабскай пакорлiвасцi. I Эл адразу перамянiўся. Падсвядома падрабiўся пад брата, i прыгожы яго твар нахмурыўся, плечы апалi. Ён не памятаў, якi Том быў раней.

Том сказаў:

- Здарова, Эл! Вырас, як ляшчына! Я цябе не пазнаў бы.

Трымаючы руку напагатове на выпадак, калi Том захоча яе пацiснуць, Эл збянтэжана ўсмiхнуўся. Том працягнуў руку, i рука Эла тарганулася насустрач. Яны яўна спадабалiся адзiн аднаму.

- Кажуць, ты грузавiк здорава водзiш, - сказаў Том.

Эл зразумеў, што пахвальбой брату не дагодзiш, i адказаў:

- Ды не, не вельмi.

Бацька сказаў:

- Швэндаешся ўсё недзе. Зусiм, бачу, выматаўся. Ладна, трэба адвезцi сёе-тое ў Салiс на продаж.

Эл паглядзеў на брата.

- Паедзеш? - папытаўся ён як мага больш абыякава.

- Не, не магу, - адказаў Том. - Трэба тут памагчы. Яшчэ будзем разам... у дарозе.

Эл не стрымаўся, запытаў:

- Ты... ты ўцёк? З турмы?

- Не, - адказаў Том. - Адпусцiлi па падпiсцы.

- А-а... - Эл быў крышачку расчараваны.

РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ

У маленькiх дамках людзi варушылi i перабiралi сваё дабро, дабро бацькоў сваiх i дзядоў. Выбiралi, што везцi з сабой на Захад. Мужчыны распраўлялiся са сваiм скарбам бязлiтасна - усё роўна мiнулае жыццё пайшло прахам, але кабеты ведалi, што мiнулае яшчэ не раз горка абзавецца.

Мужчыны iшлi ў свiрны i павецi. Вось плуг, вось барана - не забыў, як сеялi гарчыцу ў вайну? А памятаеш, прыязджаў адзiн, усё ўгаворваў нас каўчукавы хмыз разводзiць - нейкую гваюлу? Разбагацееце, казаў. Ану давай сюды вунь тыя прылады - некалькi даляраў за iх атрымаем. За гэты плуг аддалi васемнаццаць даляраў ды яшчэ за перавозку - па каталогу крамы 'Сiрз Роўбак'.

Збруя, двухколкi, сеялкi, матыкi ў звязках па некалькi штук. Нясi iх сюды. Валi ў адну кучу. Грузi на фургон. У горад завязеш. Колькi дадуць - аддавай. Коней i фургон таксама прадасi. Больш ужо не

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату