- Я сам усё раскажу. Мне таiць няма чаго.
- Ды кiнь ты, не злуй. Проста я люблю да ўсяго прыглядацца. Хутчэй час iдзе.
- Я ўсё раскажу. Зваць мяне Джоўд, Том Джоўд. Бацька таксама Том Джоўд. Вочы пасажыра заслала смугой, калi ён глянуў на шафёра.
- Кiнь злаваць. Я гэта проста так.
- Я таксама проста так, - сказаў Джоўд. - Стараюся жыць цiха, нiкога не крыўдзiць. - Ён змоўк, паглядзеў на сухiя палi, на змардаваныя спёкай купкi дрэў, што вiднелiся ўдалечынi скрозь гарачае паветра. Тады дастаў з бакавой кiшэнi капшук i паперу i скруцiў цыгарку - мiж каленяў, там не так цягнула ветрам.
Шафёр жаваў скiвiцамi мерна i задумлiва, як карова. Ён моўчкi чакаў, калi згладзiцца ўражанне ад таго, што было сказана, i ледзь толькi пачуццё няёмкасцi рассеялася, сказаў:
- Хто не сядзеў цэлымi днямi за рулём, той не ведае, што гэта такое. Гаспадары не дазваляюць браць спадарожнiкаў. Вось i ганяеш з канца ў канец адзiн, як пракляты, калi не хочаш нарвацца на звальненне. А з табой я, чаго добрага, нарвуся.
- Цаню, - сказаў Джоўд.
- Некаторыя хлопцы ў дарозе чорт што вырабляюць. Адзiн, паверыш, вершы складае, каб хутчэй iшоў час. - Ён крадком глянуў на Джоўда, цi не зацiкавiць яго такое незвычайнае паведамленне. Джоўд маўчаў, утаропiўшыся на дарогу, на белую дарогу, што бегла ўдалячынь мяккай хвалiстай лiнiяй па ўзгорках. Не дачакаўшыся адказу, шафёр пачаў гаварыць далей: - Адзiн яго верш я крыху памятаю. Там пра яго самога i двух яго прыяцеляў - раз'язджаюць па свеце, п'янствуюць, дэбашыраць. Шкада, не магу ўсё пераказаць. Ён там такiх доўгiх слоў накруцiў, сам гасподзь бог не разбярэцца. Памятаю толькi адно месца: 'Нам раз стрэўся афрыканец, у яго пратуберанец, нiбы хобат у слана'. Пратуберанец гэта выступ такi. Ён сам мне ў слоўнiку паказваў. Нi на момант са сваiм слоўнiкам не расставаўся. Пад'едзе да закусачнай, закажа кавы з пiрагом, а сам уткнецца носам у слоўнiк. - Шафёр замаўчаў. Гаварыць аднаму так доўга было не вельмi прыемна. Краем вока ён глянуў на пасажыра. Той сядзеў моўчкi. Шафёру стала нiякавата, i ён зрабiў яшчэ адну спробу ўцягнуць Джоўда ў гутарку. - Ты чуў ад каго-небудзь такiя даўжэзныя словы?
- Ад прапаведнiка, - адказаў Джоўд.
- Проста шалееш, калi чуеш такiя слоўцы. Прапаведнiк - справа iншая, з iм лясы тачыць не будзеш. Наогул, злосць бярэ, калi так гавораць, але хлопец той быў весялун. Усе ведалi, што ён смехам гэта робiць, а не дзеля выхвальства: вось якi я разумны! - Шафёр супакоiўся - цяпер, прынамсi, пасажыр яго слухаў. Ён зрабiў круты паварот, ажно шыны вiскнулi. - Вось я i кажу, - працягваў ён гаварыць, - некаторыя хлопцы немаведама якiя штукi адпальваюць. Даводзiцца. Здурэць можна - сядзiш увесь час адзiн, i толькi дарога перад вачамi мiльгае. Пра вадзiцеляў грузавiкоў балбочуць, нiбыта яны толькi i робяць, што жаруць. Ездзяць з аднаго бара ў другi i булачкi з катлетамi ядуць.
- I днююць i начуюць у барах, - уставiў Джоўд.
- Прыпынкi мы, вядома, робiм, але не дзеля таго, каб есцi. Нам есцi рэдка калi хочацца. Едзеш-едзеш - абрыдне дарэшты. Спыняцца можна толькi каля бараў, а раз ужо спынiўся, дык трэба што-небудзь заказаць. Пачэшаш язык з дзяўчынай за стойкай, папросiш кубак кавы, пiрага кавалак. Трохi адпачнеш. - Шафёр паволi жаваў гумку, падпраўляючы яе языком.
- Цяжка вам даводзiцца, - абыякава прамовiў Джоўд.
Шафёр падазрона зiрнуў на пасажыра - у яго словах яму пачулася насмешка.
- Вядома, нялёгка, - раздражнёна сказаў ён. - Здаецца, што тут такога: адседзеў за абаранкам свае восем, дзесяць цi чатырнаццаць гадзiн у дзень - i ўсё. Але дарога табе ў душу ўядаецца. Даводзiцца нешта рабiць. Хто спявае, хто насвiствае. Радыёпрыёмнiкi ставiць кампанiя не дазваляе. Некаторыя бяруць з сабой бутэльку, але гэты сорт людзей у нас доўга не трымаецца. - Крыху фанабэрлiва ён дадаў: - Я ў дарозе нiколi не п'ю.
- Нiколi? - перапытаў Джоўд.
- Нiколi! Трэба ў людзi выбiцца. Задумаў я паступiць на завочныя курсы. Механiкам буду. Справа няцяжкая. Сядзi сабе дома ды вучыся, урокi лёгкiя. Я гэта сур'ёзна надумаў. Тады ўжо не буду вадзiць грузавiкi. Няхай iх хто iншы водзiць.
Джоўд дастаў з бакавой кiшэнi пляшку вiскi.
- Можа, глынеш, хочацца ж? - падражнiў шафёра Джоўд.
- Не, слова даў. I не дакрануся. Што-небудзь адно: альбо пiць, альбо вучыцца.
Джоўд адкруцiў каўпачок, два разы пацягнуў з рыльца, зноў закрыў бутэльку i засунуў яе ў кiшэню. Па кабiне разлiўся моцны i рэзкi пах вiскi.
- Ты ўвесь нейкi ўзбуджаны, - сказаў Джоўд. - Што з табой - дзяўчыну завёў?
- Гэта само сабой. Але галоўнае - трэба ў людзi выбiвацца. Свае мазгi я даўно ўжо трэнiрую.
Ад вiскi Джоўд адчуў сябе вальней. Ён скруцiў яшчэ адну цыгарку i запалiў.
- Цяпер ужо мне недалёка, - сказаў ён.
Шафёр таропка загаварыў:
- Мне пiць няма як. Я ўвесь час трэнiрую сваю памяць. Два гады назад спецыяльны курс прайшоў. - Ён паляпаў правай рукой па абаранку руля. Дапусцiм, я праязджаю мiма пешахода. Я да яго ўважлiва прыглядаюся, а як праеду, стараюся прыгадаць усё - i якая ў яго адзежа, якiя чаравiкi, галаўны ўбор, яго паходку, рост, колькi ён прыблiзна важыць, i асаблiвыя прыкметы на яго твары, калi яны ёсць. У мяне гэта нядрэнна атрымлiваецца. Iншы раз думаю, цi не заняцца мне яшчэ вывучэннем дактыласкапii, тады можна сапраўдным экспертам стаць. Проста дзiва, колькi чалавек можа ўсяго ў памяцi ўтрымаць.
Джоўд хуценька глынуў з бутэлькi. Апошнi раз зацягнуўся дымам разлезлай самакруткi i мазольнымi пальцамi раздушыў гарачы кончык. Старанна расцёршы недакурак, высунуў руку ў акенца, i вецер садзьмуў труху з яго далонi. Вялiкiя шыны бадзёра спявалi сваю песню, коцячыся па шашы. Джоўд утаропiўся на дарогу, i ў яго спакойных цёмных вачах зайграла хiтраватая ўсмешка. Шафёр замаўчаў, насцярожана пакасiўся на пасажыра. Доўгая верхняя губа Джоўда расцягнулася, агалiўшы зубы, i плечы яго затрэслiся ад бязгучнага смеху.
- I доўга ж ты падбiраешся, прыяцель.
Шафёр не павярнуў у яго бок галавы.
- Да чаго я падбiраюся? Пра што ты?
Губы Джоўда зноў стулiлiся, схаваўшы яго вялiкiя зубы, ён аблiзнуў iх, як сабака, двума заходамi, ад сярэдзiны да куткоў рота.
- Сам ведаеш, пра што, - у голасе ў яго пачулiся рэзкiя ноткi. - Ты мяне з ног да галавы вокам абвёў, як толькi ўбачыў. Думаеш, не заўважыў?
Пазiраючы праз ветравое шкло, шафёр з такой сiлай сцiснуў рулявое кола, што пабялелi кiсцi рук.
- Ты добра ведаеш, адкуль я iду, - сказаў Джоўд.
Шафёр маўчаў.
- Ведаеш, цi ж не так? - не сунiмаўся Джоўд.
- Ну ведаю... Праўдзiвей, здагадваюся. Толькi мяне гэта не тычыцца. Мне сваiх клопатаў хапае. Што мне да таго? - адным духам выпалiў шафёр. - Я ў чужыя справы не лезу. - Ён змоўк, вiдаць, чакаючы адказу. Пабялелыя рукi ўсё яшчэ моцна сцiскалi абаранак руля.
Праз акенца ў кабiну заляцеў конiк, апусцiўся на прыборны шчыток i пачаў чысцiць крыльцы сваiмi каленчатымi спружынiстымi ножкамi. Джоўд працягнуў руку, раздушыў пальцамi цвёрдую, падобную на чэрап, галоўку насякомага i выкiнуў яго за акно, на вецер. Зноў бязгучна засмяяўшыся, ён пацёр пальцамi, каб сцерцi з iх рэшткi раздушанага конiка.
- Памыляецеся, мiстэр, - сказаў ён. - Нiчога я хаваць не збiраюся. Так, я сядзеў у Макалестары. Чатыры гады адседзеў. Адзежу мне гэтую далi там перад выхадам. Пляваць мне, няхай усе ведаюць. Цяпер я дадому iду, да бацькi, на працу мне наймацца не трэба, дык навошта адмоўчвацца?
Шафёр сказаў:
- Мяне гэта не тычыцца. У чужыя справы я носа не соваю.
- Не соваеш? У цябе ж нос на восем мiль наперад вытыркнуўся. Ты мяне iм так абнюхаў, як авечка капусту.
Шафёр насупiўся.
- Ты мяне не так зразумеў... - пачаў ён вяла.
Джоўд засмяяўся: