- Ты хлопец што трэба - падвёз мяне. Ну, адбыў я тэрмiн. Дык што? Хочаш ведаць, за што мне далi?

- Мяне гэта не тычыцца.

- Цябе нiчога не тычыцца - ганяеш сваю чортаву махiну ўзад i ўперад i больш ведаць нiчога не хочаш. А цяпер глянь - бачыш палявую дарогу?

- Ну.

- Там я выйду. Ты, пэўна, у штаны напусцiў - так карцiць даведацца, за што мяне пасадзiлi. Ну, не буду мучыць цябе. - Рокат матора стаў глушэйшы, песенька шын панiжэла тонам. Джоўд дастаў сваю бутэльку i зноў разок прыклаўся да рыльца. Грузавiк пад'ехаў да грунтавой дарогi, якая пад прамым вуглом адыходзiла ад шашы, i затармазiў. Джоўд вылез i стаў каля акна кабiны. Выхлапная труба ленавата выпускала свой шызаваты дымок. Джоўд нахiлiўся да шафёра. - Чалавеказабойства, - скорагаворкай прагаварыў ён. - Вось табе яшчэ адно доўгае слова. А прасцей кажучы, забiў я чалавека. Атрымаў сем гадоў. Мне скiнулi да чатырох, бо сядзеў я цiха, як мыш.

Шафёр правёў позiркам па твары Джоўда, стараючыся запомнiць яго рысы.

- Нi пра што такое я ў цябе не пытаўся, - сказаў ён. - Мая справа старана.

- Можаш раззванiць па ўсiх забягалаўках, адсюль i да самай Тэксалы. Джоўд усмiхнуўся: - Ну, бывай, дружа! Хлопец ты неблагi. Толькi памятай: хто пасядзеў у каталажцы, той здалёку пачуе, куды вецер вее. Ты i рота яшчэ раскрыць не паспеў, а мне было ўжо ўсё ясна. - Джоўд пляснуў далонню па металiчных дзверцах: - Дзякуй, што падвёз. Бывай! - Ён павярнуўся i пайшоў на палявую дарогу.

Хвiлiну шафёр моўчкi глядзеў яму ўслед, потым крыкнуў:

- Шчаслiва!

Не азiраючыся, Джоўд памахаў рукой. Матор зароў, заскрыгатала перадача, i вялiкi чырвоны аўтафургон скрануўся з месца.

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦI

Бетонную стужку шашы з бакоў абступала густая высахлая трава з панiклым, пераблытаным бадыллём, i каласкi i галоўкi яе ашчацiнiлiся асцюкамi i калючкамi: аўсюк - каб учапiцца ў сабачую поўсць, лiсахвост - каб уплесцiся ў конскую шчотку, канюшына - каб ухапiцца сваiмi шчацiнкамi за авечую воўну; не абуджанае яшчэ жыццё чакала, калi яго рассеюць, разнясуць на ўсе бакi, кожнае семечка было ўзброена адмысловым прыстасаваннем - кручочкам цi парашуцiкам, дроцiкам цi клубочкам з вострымi iголачкамi, i ўсё гэта чакала якой-небудзь жывёлiны цi ветру, манжэтаў мужчынскiх штаноў цi падола жаночай спаднiцы, чакала бяздзейна, але мабiлiзаваўшы ўсе свае сродкi, нерухома, але ў поўнай гатоўнасцi да вандроўкi.

Сонечныя промнi падалi на траву i грэлi яе, а ў цянi пад былiнкамi варушылiся i снавалi казюлькi - мурашкi i мурашыныя львы, што ставiлi iм пасткi; конiкi, якiя раз-пораз выстрэльвалi ў паветра, блiснуўшы жаўтлявымi крыльцамi; падобныя да маленечкiх армадзiлаў макрыцы ўпарта прабiралiся кудысьцi на сваiх незлiчоных кволых ножках. А па траве ўсцяж дарогi, мiма палатна, паўзла, цягнучы выгнуты купалам панцыр, балотная чарапаха - то ў адзiн бок паверне, то ў другi. Яе шурпатыя лапы з жоўтымi кiпцямi разграбалi траву, не ступалi па ёй, а прадзiралiся праз яе, цягнучы на сабе грувасткi шчыт. Ячменнае зерне саслiзгвала па iм, варсiстае насенне канюшыны падала на яго i кацiлася на зямлю. Цвёрдая дзюба чарапахi была трохi разяўлена, халодныя вочы насмешлiва пазiралi наперад з-пад арагавелых надброўных дугаў. За ёю цягнуўся след - каляiна прымятай травы, наперадзе ўзгоркам узвышаўся дарожны насып. Чарапаха спынiлася, высока задрала галаву, памiргала, прыжмурыла вочы, зiркнула ўгору, потым унiз i пачала ўзбiрацца па адхоне. Кiпцюрастыя пальцы пярэднiх лап выпрасталiся, але зямлi не кранулiся. Заднiя ногi пачалi падпiхаць панцыр, i ён зашоргаў па траве, потым па жвiры. Чым круцейшы рабiўся насып, тым упарцей працавала чарапаха. Заднiя лапы коўзалiся, зрывалiся, падштурхоўваючы панцыр, лускаватая галава вытыркнулася наперад на ўсю даўжыню доўгай шыi. Панцыр памалу падымаўся па адхоне, пакуль шлях яму не перасек бетонны борцiк шашы ў чатыры цалi вышынёй. Заднiя ногi, нiбы незалежныя ад тулава, падштурхнулi яго ўгору, да самага краю бар'ера. Шыя выцягнулася, i чарапаха глянула цераз борцiк на шырокую цэментавую гладзь. Тады пярэднiя лапы, якiмi яна ўпiралася ў борцiк, напружылiся, пасунулiся вышэй, i панцыр паволi палез уверх i перадам лёг на борцiк. Тут чарапаха дала сабе адпачыць. Чырвоная мурашка шмыгнула пад панцыр, пад мяккае брушка, i раптам галава i ногi чарапахi схавалiся i бранiраваны хвост шуснуў убок, пад свой шчыт. Чырвоную мурашку раздушыла памiж брушкам i лапай. Пад панцырам апынуўся i каласок аўсюка, змецены туды пярэдняй лапай. Чарапаха доўга ляжала нерухома, потым зноў высунулася галава на доўгай шыi, i халодна-насмешлiвыя старэчыя вочы паглядзелi па баках, а з панцыра зноў высунулiся лапы i хвост. Заднiя ногi заварушылiся, напружылiся, панцыр перавалiўся цераз борцiк, i пярэднiя ногi павiслi над палатном шашы. Але заднiя падштурхоўвалi панцыр усё далей i далей, i нарэшце цэнтр цяжару перамясцiўся, пярэдняя частка тулава нырнула ўнiз, кiпцi заскрэблi па бетоне, i чарапаха апынулася на насцiле дарогi. А на яе пярэднiх лапах, абвiўшыся вакол iх сваёй бадылiнай, засеў каласок аўсюка.

Цяпер iсцi было лягчэй, i затэпалi ўсе чатыры нагi, панцыр, пагойдваючыся, папоўз наперад. Насустрач ехала адкрытая машына, за рулём сядзела жанчына гадоў сарака. Яна заўважыла чарапаху i крута збочыла ўправа, шыны вiскнулi, узвiхрыўся пыл. Пярэднiя колы на iмгненне падскочылi ў паветра i адразу апусцiлiся. Шыны зноў счапiлiся з палатном дарогi, i машына пайшла далей, толькi не так хутка, як раней. Чарапаха схавалася ў панцыр, але цяпер зноў высунулася з яго i пачала паспешлiва перабiраць нагамi, бо бетон быў пякучы.

Наперадзе паказаўся невялiчкi грузавiчок, i, пад'ехаўшы, шафёр убачыў чарапаху i скiраваў проста на яе. Пярэдняя шына чыркнула па самым краi панцыра, падкiнула чарапаху ўгору, як завостраны шпянёк, закруцiла, як манету, i чарапаха скацiлася з шашы. А грузавiчок зноў вярнуўся на правы бок дарогi. Чарапаха доўга ляжала на спiне, схаваўшыся ў панцыр. Нарэшце высунулiся ногi, заварушылiся, шукаючы апоры, каб перавярнуцца. Пярэднiя лапы намацалi абломак кварцу, панцыр пачаў пераварочвацца i неўзабаве плёхнуўся на траву купалам угору. Каласок аўсюка вывалiўся, i тры востраканечныя зернеткi ткнулiся ў зямлю. Чарапаха папаўзла з насыпу i сваiм нiжнiм шчытком прысыпала iх пяском. Потым выбралася на палявую дарогу i, паторгваючыся, пасунулася па ён, выворваючы панцырам плыткi хвалiсты равок у пыле. Старэчыя насмешлiвыя вочы глядзелi проста наперад, арагавелая дзюба трохi разявiлася, лапы з жоўтымi кiпцямi раз-пораз слiзгалi па пыле.

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ

Калi Джоўд пачуў, што грузавiк зрушыў з месца i паехаў, набiраючы хуткасць, а дарога перарывiста загула пад напорам гумавых шын, ён спынiўся, павярнуўся i глядзеў яму ўслед, пакуль машына не знiкла з вачэй. Ён так i застаўся стаяць, узiраючыся ў мiгатлiвае блакiтнае марыва. У задуменнi выняў з кiшэнi сваю пляшку, адкруцiў металiчны каўпачок, асцярожна пацягнуў з рыльца, правёў у iм языком i аблiзаў губы, каб да канца адчуць смак вiскi.

Ён паспрабаваў прыгадаць: 'Там нам стрэўся афрыканец...', але далей нiяк не iшло. Тады ён адвярнуўся ад шашы i паглядзеў на дарогу, што пад прамым вуглом iшла ў поле. Шчодра прыпякала сонца, аселы пыл ляжаў, не патрывожаны ветрам. Каляiны на дарозе да краёў засыпала пылам. Джоўд зрабiў некалькi крокаў, i лёгкi, як мука, пыл заклубiўся перад яго новымi жоўтымi чаравiкамi, зацерушыў iх i зрабiў шэрымi.

Ён нахiлiўся, развязаў шнуркi i адзiн за другiм зняў абодва чаравiкi. З асалодай размяў потныя ногi, пераступаючы iмi ў гарачым пыле i прасейваючы яго струменьчыкамi мiж пальцаў, пакуль скура на ступнях, падсохшы, не сцялася. Тады зняў пiнжак, закруцiў у яго чаравiкi i засунуў скрутак пад паху. Нарэшце ён пакрочыў па дарозе, узнiмаючы перад сабой пыл, якi потым слаўся нiзкiм воблачкам за яго спiнай.

З правага боку дарогi цягнулася агароджа - дзве нiткi калючага дроту на вярбовых калах. Слупкi былi крывыя, няроўна абрэзаныя. Калi развiлiна была на належнай вышынi, дрот ляжаў на ёй, калi не - яго трымаў абвязаны вакол слупка ржавы абрывак пакавальнага дроту. За агароджай, паваленая ветрам, спёкай i сухменню, ляжала кукуруза, i лiсцевыя пазухi на сцёблах былi даверху забiтыя пылам.

Джоўд iшоў дарогай, i воблачка пылу цягнулася па яго слядах. Крыху наперадзе ён убачыў выпуклы панцыр чарапахi, якая марудна паўзла па пыле, неяк рыўкамi перастаўляючы няўклюдныя ногi. Джоўд спынiўся - захацеў паглядзець на чарапаху, i цень яго ўпаў на яе. Галава i ногi iмгненна схавалiся, кароткi тоўсты хвост шуснуў убок, пад панцыр. Джоўд падняў чарапаху i перавярнуў дагары нагамi. Спiна ў яе была шаравата-карычневая, пад колер пылу, а нiжнi шчыток крэмава-жоўты, чысты i гладкi. Джоўд вышэй падсунуў пад паху свой скрутак i правёў пальцам па брушным шчытку, потым нацiснуў на яго. Ён быў мякчэйшы за верхнi. Чарапаха высунула лускаватую галаву - намагалася зiрнуць уверх, на палец Джоўда, сутаргава торгаючы нагамi. Яна намачыла Джоўду на далонь, не перастаючы бездапаможна бiцца ў яго ў

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату