выехаў на вялiкi заходнi шлях - шашу No 66, да палатна якой апускалася сонца. Ветравое шкло зацерушылася пылам. Том насунуў кепку яшчэ нiжэй на вочы, i цяпер яму даводзiлася задзiраць галаву назад, каб бачыць дарогу. Бабка так i не прачыналася, хоць сонца бiла ёй проста ў заплюшчаныя павекi; жылы на скронях былi блакiтныя, а тонкiя прожылкi на шчоках чырвоныя, як вiно, застарэлыя карычневыя плямы на твары яшчэ больш пацямнелi.
Том сказаў:
- Па гэтай дарозе так да канца i паедзем.
Мацi доўга маўчала i нарэшце сказала:
- Можа, пашукаем зручнага месца для прыпынку, пакуль сонца яшчэ не зайшло. Трэба свiнiны зварыць i хлеба спячы. На гэта пойдзе час.
- Ата, - пагадзiўся Том. - Адным махам такую адлегласць не адолееш. Разварушыцца таксама не шкодзiць.
Ад Аклахома-Сiцi да Бэтанi - чатырнаццаць мiль.
Том сказаў:
- I праўда, пакуль не зайшло сонца, трэба зрабiць прывал. Эл абяцаў паставiць тую штуку наверсе. А то яны там зусiм спякуцца.
Мацi зноў задрамала, але раптам ускiнула галаву, сказала:
- Трэба вячэру прыгатаваць. - I дадала: - Том, бацька казаў, што табе нельга пераступаць мяжу штата.
Ён доўга не адказваў ёй.
- Праўда? Ну i што ж, ма? - нарэшце сказаў ён.
- Я баюся за цябе. Выходзiць, ты ўцякаеш. Цябе могуць злавiць.
Том засланiў далонню вочы ад сонца, якое апускалася ўсё нiжэй.
- Ты не хвалюйся, - сказаў ён. - Я ўсё абдумаў. Адпушчаных па падпiсцы шмат, а ў турму садзяцца яшчэ больш. Калi там, на Захадзе, я за што-небудзь пападуся, тады запатрабуюць з Вашынгтона мой здымак i адбiткi пальцаў. Зноў запратораць у турму. А калi за мной нiякiх правiнак не будзе, дык iм на мяне напляваць.
- I ўсё ж я баюся. Бывае, што-небудзь такое зробiш i нават не ведаеш, што гэта караецца законам. Можа, у Калiфорнii многае такое лiчыцца злачынствам, а мы нават не ведаем. Ну вось ты хочаш што-небудзь зрабiць, думаеш, усё законна, а ў Калiфорнii за гэта караюць.
- Тады ўсё роўна, што з падпiскай, што без, - сказаў Том. - Праўда, такiм, як я, больш перападае, чым каму. Але кiнь непакоiцца. У нас i без таго клопату па вушы, навошта прыдумляць лiшнi.
- А як магу я быць спакойнай? Перайшоў мяжу - вось табе i злачынства.
- Усё ж лепш, чым бадзяцца вакол Салiса i з голаду здыхаць, - сказаў Том. - Давай пашукаем месца для прывалу.
Праехалi Бэтанi з канца ў канец. За горадам, у тым месцы, дзе пад насыпам праходзiла маставая труба, стаяла старая легкавая машына, а каля яе была раскiнута палатка, над якой з комiна, прасунутага праз брызент, вiўся дымок. Том паказаў на палатку.
- Вунь нехта спынiўся. Бадай што, нядрэннае месца.
Ён збавiў газ i затармазiў на абочыне. Капот старэнькай легкавушкi быў падняты, чалавек сярэдняга веку разглядаў матор. На iм былi таннае саламянае самбрэра, сiняя кашуля, чорная, у крапiнку, камiзэлька i зашмальцаваныя, злубянелыя джынсы. Глыбокiя i доўгiя маршчыны на худых шчоках рабiлi больш кiдкiмi яго вострыя скулы i падбародак. Ён падняў галаву i паглядзеў на грузавiк Джоўдаў, i ў яго позiрку адлюстравалiся заклапочанасць i раздражненне.
Том высунуўся з акенца:
- Тут спыняцца нанач не забаронена?
Дагэтуль чалавек бачыў толькi грузавiк. Цяпер яго позiрк перабег на Тома.
- Не ведаю, - адказаў ён. - Мы спынiлiся тут толькi таму, што далей ехаць не можам.
- А вада тут паблiзу ёсць?
Чалавек паказаў на хiбарку заправачнай, што вiднелася мо за чвэрць мiлi наперадзе.
- Вада вунь дзе - вядро налiць дадуць.
Том быў у нерашучасцi.
- А нiчога, калi мы таксама тут спынiмся?
Хударлявы чалавек крыху замяшаўся.
- Я тут не гаспадар, - адказаў ён. - Мы толькi таму тут сталi, што вось гэтая старая скрыня далей ехаць не захацела.
Том не здаваўся:
- Усё ж такi вы ўжо тут, а мы толькi прыехалi. Ваша права вырашаць перашкодзяць вам суседзi цi не.
Заклiк да гасцiннасцi падзейнiчаў iмгненна.
- Ну як жа, вядома, з'язджайце з дарогi. Вельмi будзем радыя. - I паклiкаў: - Сэйры, тут людзi спынiцца каля нас хочуць. Выйдзi паздароўкайся. Сэйры ў мяне хварэе, - паведамiў ён Тому.
Полкi палаткi расхiнулiся, i з яе выйшла худая, ссохлая жанчына. Твар у яе быў зморшчаны, як завялы лiст, i на iм гарэлi вочы - чорныя вочы, у глыбiнi якiх затаiўся страх. Маленькую жанчыну калацiла. Яна трымалася за адкiнутую полку палаткi, i рука яе нагадвала руку шкiлета, абцягнутую сухой скурай.
Яна загаварыла нiзкiм, прыгожым, мяккiм пявучым голасам, у якiм прабiвалiся звiнючыя ноткi.
- Скажы iм: з добрым прыбыццём, - прамовiла яна. - Скажы: сардэчна запрашаем.
Том з'ехаў з шашы i паставiў машыну ў полi побач з легкавой. Пасажыры выплюхнулiся з грузавiка, як кiпень з гаршка. Руцi i Ўiнфiлд так паспешлiва саскочылi, што ў iх ледзь не падкасiлiся замлелыя ногi, i ўзнялi вiск, калi ў лытках пачало паколваць, як iголкамi. Мацi адразу ўзялася за справу. Адвязала вялiкае вядро, што было прывязана ззаду грузавiка, i падышла з iм да дзяцей, якiя ўсё яшчэ вiшчалi.
- Iдзiце па ваду - вунь туды. Папрасiце далiкатна. Скажыце: 'Будзьце ласкавыя, цi нельга нам налiць вядро вады?' I не забудзьцеся, скажыце: 'Вялiкi дзякуй'. Назад панесяце ўдваiх, толькi не расплюхайце па дарозе. А трапiцца на вочы сухое голле, захапiце з сабой - касцёр распалiм.
Дзецi патупалi да хацiны.
А каля палаткi адбылася маленькая замiнка, гутарка завязалася не адразу. Першы пачаў бацька:
- Вы не з Аклахомы?
Эл, якi стаяў каля легкавушкi, паглядзеў на нумарны знак.
- Канзас, - сказаў ён.
Хударлявы чалавек растлумачыў:
- Мы з Галены, з яе наваколля. Уiлсан, Айвi Ўiлсан.
- А мы Джоўды. З-пад самага Салiса.
- Што ж, мы вельмi радыя пазнаёмiцца, - сказаў Айвi Ўiлсан. - Сэйры, гэта Джоўды.
- Я адразу здагадаўся, што вы не аклахомцы. У вас гаворка нейкая дзiўная, я гэта не ў крыўду вам, разумееце.
- Гавораць усе па-рознаму, - сказаў Айвi. - Арканзасцы па-свойму, аклахомцы па-свойму. А неяк раз нам стрэлася жанчына з Масачусетса, дык яна ўжо зусiм дзiўна гаварыла. Ледзь разумелi яе.
Ной, дзядзька Джон i прапаведнiк узялiся разгружаць машыну. Спачатку памаглi дзеду злезцi i пасадзiлi яго на траву. Стары сядзеў млявы, уставiўшы вочы проста перад сабой.
- Табе што, дзед, нядобра? - запытаўся Ной.
- Вельмi, - слабым голасам адказаў стары. - Страх як дрэнна.
Паволi i асцярожна ступаючы, да яго падышла Сэйры Ўiлсан.
- Можа, вам лепш зайсцi ў палатку? - запыталася яна. - Паляжыце там на матрацы, адпачнiце.
Пачуўшы яе мяккi голас, дзед падняў галаву.
- Хадзем, - сказала Сэйры. - Вам трэба адпачыць. Мы вас давядзём.
Стары раптам расплакаўся. Падбародак у яго дрыжэў, губы шчыльна сцялiся, ён хрыпла ўсхлiпваў. Мацi кiнулася да яго i абняла за плечы. Памагла яму падняцца, напружыўшы сваю шырокую спiну, i павяла, пацягнула яго ў палатку.
Дзядзька Джон сказаў: