- Аман.

I астатнiя прамармыталi хорам:

- Аман.

Бацька ўзяў рыдлёўку, набраў паўштыха зямлi i асцярожна скiнуў у чорную яму. Тады перадаў рыдлёўку дзядзьку Джону, i той кiнуў зямлi поўны штых. Рыдлёўка пераходзiла з рук у рукi, пакуль не абышла ўсiх мужчын. Калi ўсе яны выканалi свой абавязак i зрабiлi тое, што iм належала зрабiць па праву, бацька накiнуўся на кучу зямлi, што ляжала з краю, i пачаў таропка засыпаць магiлу. Жанчыны адышлi да вогнiшча гатаваць вячэру. Руцi i Ўiнфiлд, як зачараваныя, стаялi каля магiлы. Руцi ўрачыста прамовiла:

- Цяпер дзед там, унiзе, ляжыць.

Уiнфiлд спалохана вытрашчыў на яе вочы i пабег да вогнiшча, там сеў на зямлю i заплакаў.

Бацька засыпаў магiлу да паловы i спынiўся, цяжка пераводзячы дух, а рэшту зямлi скiнуў дзядзька Джон. Калi Джон пачаў рабiць насып, Том затрымаў яго руку.

- Паслухай, - сказаў ён. - Калi магiлка будзе з насыпам, яе як бачыш знойдуць. Трэба, каб не было прыкметна. Зраўняй з зямлёй, а зверху мы накiдаем травы. Што зробiш, iнакш нельга.

Бацька сказаў:

- Я пра гэта i не падумаў. Але без насыпу няможна.

- Нiчога не зробiш, - сказаў Том. - Яго адразу адкапаюць, i нас абвiнавацяць у парушэннi закону. Ты ведаеш, што мне будзе, калi я пераступлю закон.

- Правiльна, - пагадзiўся бацька. - Я зусiм забыўся. - Ён узяў у Джона рыдлёўку i зраўняў магiлу. - Ледзь зiма, i правалiцца, - сказаў ён.

- Нiчога не зробiш, - сказаў Том. - Да зiмы мы будзем далёка. Утапчы добра, а зверху мы чаго-небудзь накiдаем.

Калi свiнiна i бульба зварылiся, абедзве сям'i селi вячэраць вакол вогнiшча. Усе елi моўчкi, пазiраючы на агонь. Уiлсан запусцiў зубы ў кавалак мяса i задаволена ўздыхнуў.

- Цудоўная свiнiна, - сказаў ён.

- У нас былi дзве свiнкi, - паяснiў бацька, - i мы вырашылi iх з'есцi. За iх нiчога не давалi. Вось крыху асвоiмся з дарогай, мацi спячэ хлеба, тады адно задавальненне - едзеш сабе, пазiраеш па баках, а ў грузавiку ў цябе яшчэ i дзве бачуркi свiнiны. Колькi часу вы ўжо ў дарозе?

Уiлсан прачысцiў языком зубы i глынуў.

- Нам не пашчасцiла, - адказаў ён. - Трэцi ўжо тыдзень, як мы паехалi з дому.

- Божа лiтасцiвы! А мы мяркуем за дзесяць дзён дабрацца да Калiфорнii, а то i хутчэй.

У гутарку ўмяшаўся Эл:

- Не, та, наўрад цi. З такiм грузам мы, можа, i нiколi не дабяромся. Асаблiва калi давядзецца ехаць праз горы.

Вакол вогнiшча запанавала цiшыня. Галовы ва ўсiх апусцiлiся, i агонь асвятляў iм толькi валасы i лоб. Над невысокiм купалам святла скупа паблiсквалi летнiя зоркi, дзённая спёка памалу спадала. На сваiм матрацы, убаку ад вогнiшча, цiха захныкала бабка, нiбы шчанюк заскавытаў. Твары ўсiх павярнулiся ў той бок.

Мацi сказала:

- Разашарна, будзь разумненькай, iдзi паляжы з бабкай. Яе цяпер нельга пакiдаць адну. Яна ўжо ўсё зразумела.

Ружа Сарона паднялася на ногi, пайшла да матраца i лягла побач са старой, i да вогнiшча данеслiся няясныя гукi iх галасоў. Ружа Сарона i бабка перашэптвалiся, лежачы на матрацы.

Ной сказаў:

- Дзiўна неяк - дзеда няма, а быццам нiчога не здарылася. Смутку мне не прыбавiлася.

- Гэта ўсё адно, - сказаў Кейсi. - Зямля ваша i дзед - адно непадзельнае.

Эл сказаў:

- Вельмi крыўдна за яго. Памятаеце, ён гаварыў, што там будзе рабiць, як ён вiнаградныя гронкi аб галаву будзе расцiскаць, каб усю бараду сокам залiло, i ўсякае такое.

Кейсi сказаў:

- Гэта ён так, дурыўся. Думаю, ён усё разумеў. Дзед ваш памёр не сёння. Ён памёр, як толькi вы яго з месца знялi.

- Ты гэта напэўна ведаеш? - усклiкнуў бацька.

- Ну, не зусiм так. Дыхаць ён дыхаў, але жыцця ў iм ужо не было. Дзед i зямля ваша - адно цэлае, i ён гэта разумеў.

Дзядзька Джон запытаўся:

- А ты ведаў, што ён памiрае?

- Так, - адказаў Кейсi. - Ведаў.

Джон утаропiўся на прапаведнiка, i ў вачах у яго рос жах.

- I нiкому не сказаў?

- А якая карысць?

- Мы... мы зрабiлi б што-небудзь.

- Што?

- Ну што-небудзь, але...

- Не, - сказаў Кейсi, - зрабiць вы не змаглi б нiчога. Ваш шлях быў вызначаны, а дзеду з вамi было не па дарозе. Ён i не мучыўся. Хiба, можа, толькi ранiцай, у першыя хвiлiны. Ён астаўся з зямлёй. Не мог яе кiнуць.

Дзядзька Джон глыбока ўздыхнуў.

Уiлсан сказаў:

- А нам прыйшлося майго брата кiнуць. - Усе павярнулiся да яго. - У нас з iм былi ўчасткi-саракоўкi побач. Ён старэйшы за мяне. Машыны нiхто з нас нiколi не вадзiў. I вось мы прадалi ўсё, што ў нас было. Уiл купiў сабе машыну, i да яго прыставiлi нейкага падлетка - вучыць кiраваць. За дзень перад ад'ездам Уiл з цёткай Мiнi паехалi папрактыкавацца. Раптам перад Уiлам калдобiна, ён як гаркне: 'Тпру!' - i як дасць заднi ход. Урэзаўся ў агароджу. Зноў крыкнуў: 'Тпру, каб на цябе!' - тупнуў нагой па педалi газу i перакулiўся ў канаву. I застаўся ён нi з чым: нi на продаж нiчога, нi машыны. Але ж, дзякуй богу, сам вiнаваты. I так узлаваўся, з сябе аж выходзiць, з намi ехаць не захацеў - сядзiць, лаецца апошнiмi словамi.

- Што ж ён будзе рабiць?

- Каб я ведаў. Чалавек зусiм крануўся ад злосцi. А нам чакаць няможна. У нас толькi восемдзесят даляраў на ўсю дарогу. Не сядзець жа нам i чакаць, пакуль i тыя разыдуцца. Але дарога ўжо амаль усе iх з'ела. Не праехалi i сотнi мiль, зуб у заднiм мосце паляцеў, а рамонт абышоўся трыццаць даляраў. А там спатрэбiлася пакрышка, i запальная свечка трэснула, а яшчэ Сэйры занядужала. Давялося прыпынiцца, вось ужо дзесяць дзён стаiм. А цяпер машына, няхай яна спрахне, зноў паламалася, а грошай ужо - кот наплакаў. Проста не ведаю, калi мы дабяромся да гэтай Калiфорнii. Трэба рамантаваць, а я ў гэтым нiчога не кемлю.

Эл дзелавiта запытаўся:

- Што з машынай?

- Ды проста iсцi не хоча. Завядзецца, чхне разок - i заглухне. Праз момант зноў завядзецца, i перш чым паспееш тармазы адпусцiць, зноў як мёртвая.

- Матор працуе хвiлiну i глухне?

- Ага, так. Прыбаўлю газу, усё роўна не iдзе. Чым далей, тым усё горш, а вось цяпер зусiм ужо не запускаецца.

Выгляд у Эла зрабiўся горды, па-даросламу салiдны.

- Вiдаць, у яе бензаправод забiўся, - прамовiў ён. - Я прадзьму яго.

I бацька таксама заганарыўся:

- Эл у гэтых справах разбiраецца.

- Вось за дапамогу я скажу вам дзякуй. Вялiкi дзякуй. Не ўмееш паправiць, проста дзiцём сябе адчуваеш. Калi дабяромся да Калiфорнii, куплю добрую машыну. Яна, можа, псавацца не будзе.

Бацька сказаў:

- Калi дабяромся... Не так i лёгка дабрацца туды.

- Затое Калiфорнiя! - сказаў Уiлсан. - Я бачыў лiсткi - там патрэбны людзi на збор фруктаў, i заробкi

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату