добрыя. Толькi падумаць! Фрукты збiраеш у цянi дрэў, прыхваткамi ў рот пакладзеш што-небудзь. Ды там, чорт вазьмi, столькi гэтага дабра - хоць аб'ядайся, нiхто табе слова не скажа. А плацiць будуць добра, купiм невялiкi ўчастак i яшчэ падрабляць будзем на старане. Я ў заклад, чорт вазьмi, iду, што i двух гадоў не мiне, як мы прыдбаем свой участак.
Бацька сказаў:
- Мы бачылi гэтыя лiсткi. У мяне адзiн нават з сабой ёсць. - Ён выняў кашалёк i дастаў з яго складзены папалам аранжавы рэкламны лiсток. Чорныя лiтары гаварылi: 'У Калiфорнii Патрабуюцца Зборшчыкi Гароху. Добрая Плата Круглы Год. Патрэбна 800 Чалавек'.
Уiлсан з цiкавасцю паглядзеў на лiсток.
- Ага, ага! Я бачыў такi самы. Акурат як той. А як вы думаеце... васемсот чалавек ужо, можа, набралася?
Бацька сказаў:
- Гэта ж толькi ў адной невялiкай частцы Калiфорнii. А Калiфорнiя ў нас другi па велiчынi штат. Дапусцiм, у адным месцы васемсот чалавек i набралася. А там шмат такiх месцаў. Мне ўсё роўна дзе фрукты збiраць. Вы ж самi сказалi, працаваць будзем у цянi дрэў. На такую работу i малыя з ахвотай пойдуць.
Раптам Эл падняўся i падышоў да легкавой машыны.
- Сёння ўжо не адрамантуеш, - сказаў Уiлсан.
- Вядома. Заўтра з ранiцы вазьмуся.
Том ва ўпор паглядзеў на свайго малодшага брата.
- Я таксама пра гэта падумаў, - сказаў ён.
- Пра што вы там, хлопцы? - запытаўся Ной.
Том з Элам маўчалi, чакаючы, што скажа другi.
- Кажы ты, - нарэшце прамовiў Эл.
- Ну, можа, з гэтага нiчога не выйдзе, можа, Эл зусiм пра iншае думае. А справа вось якая. У нас перагрузка, а мiстэр i мiсiс Уiлсан едуць без цяжкага грузу. Калi хто-небудзь з нашых перасядзе да iх, а iхнiя лягчэйшыя рэчы мы перакладзём на грузавiк, тады ў нас i рысоры будуць цэлыя, i пад'ёмы нам не страшныя. Машынай мы з Элам абодва ўмеем кiраваць, значыць, хто-небудзь з нас павядзе легкавую. На дарозе будзем разам трымацца, i ад гэтага нам усiм лепш будзе.
Уiлсан ускочыў на ногi.
- Вядома, вядома! Мы будзем толькi радыя. Так i зробiм. Ты чула, Сэйры?
- Проста цудоўна, - адказала Сэйры. - А мы не наробiм вам лiшнiх турбот?
- Ну што вы, далiбог! - сказаў бацька. - Якiя турботы? Наадварот, вы нас выручыце.
Уiлсан зноў сеў на зямлю, крыху сумеўшыся.
- Не ведаю, як быць.
- Што, раздумалi?
- Разумееце... У мяне ўсяго даляраў трыццаць засталося, i я не хацеў бы быць вам цяжарам.
Мацi сказала:
- Вы i не будзеце нам цяжарам. Будзем дапамагаць адзiн аднаму, i разам даедзем да Калiфорнii. Сэйры Ўiлсан дапамагла мне прыбраць дзеда... - яна раптам змоўкла. Сувязь памiж тым i другiм была ўсiм зразумелая.
Загаварыў Эл:
- У легкавую свабодна сядзе шэсць чалавек. Скажам, так: я за рулём, мiсiс i мiстэр Уiлсаны, Разашарна з Конi i бабка. Вялiкiя рэчы, лягчэйшыя, перакладзём на грузавiк. У дарозе будзем мяняцца месцамi. - Ён гаварыў голасна, радуючыся, што з плячэй звалiўся такi клопат.
Астатнiя бянтэжлiва ўсмiхалiся, апусцiўшы вочы долу. Бацька правёў кончыкамi пальцаў па пыле. Сказаў:
- Мацi наша марыць пра беленькi домiк сярод апельсiнавых дрэў. Яна бачыла вялiкi такi малюнак у календары.
Сэйры сказала:
- Калi я зноў расхварэюся, вы нас не чакайце, едзьце адны. Мы не хочам быць вам цяжарам.
Мацi пiльна паглядзела на яе i быццам упершыню ўбачыла яе пакутнiцкiя вочы i змарнелы, змучаны болем твар. I сказала:
- Нiчога, даедзеце, мы пра вас паклапоцiмся. Вы ж самi сказалi: ад дапамогi нельга адмаўляцца.
Сэйры глянула на свае маршчынiстыя рукi, асветленыя агнём вогнiшча.
- Трэба класцiся спаць. - Яна ўстала.
- А дзед... як быццам ужо год, як ён памёр, - прамовiла мацi.
Абедзве сям'i няспешна разышлiся класцiся спаць, смачна пазяхаючы. Мацi спаласнула талеркi i сцерла з iх тлушч мяшком з-пад мукi. Агонь у вогнiшчы патух, зоркi нiбы апусцiлiся нiжэй. Легкавыя аўтамашыны толькi зрэдку прабягалi цяпер па шашы, але грузавiкi час ад часу з грукатам праносiлiся мiма, ажно дрыжэла зямля. Абедзве машыны, якiя стаялi ў лагчынцы каля дарогi, ледзь вiднелiся пры святле зорак. Каля заправачнай станцыi выў прывязаны нанач сабака. Людзi ўгаманiлiся i цiха спалi, i асмялелыя палявыя мышы снавалi каля матрацаў. Адна Сэйры Ўiлсан не спала. Яна глядзела ў неба i стойка змагалася з болем.
РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ
Заходнюю тэрыторыю апанаваў неспакой - наблiжаюцца перамены. Заходнiя штаты затрывожылiся, як конi перад навальнiцай. Буйныя ўласнiкi занепакоiлiся, чуюць: будуць перамены, толькi не ведаюць - якiя. Буйныя ўласнiкi б'юць па непасрэднай пагрозе: па пашыраным складзе ўрада, па ўсё мацнейшым адзiнстве рабочага руху; б'юць па новых падатках, па новых эканамiчных планах - не разумеюць, што ўсё гэта вынiкi, а не прычыны. Вынiкi, а не прычыны. Не прычыны, а вынiкi. А прычыны караняцца глыбока, хоць яны i зусiм простыя. Прычыны - гэта фiзiчны голад, памножаны ў мiльён разоў; гэта духоўны голад iмкненне да шчасця, да пачуцця ўпэўненасцi ў заўтрашнiм днi, памножанае ў мiльён разоў; гэта iмкненне мускулаў i мозгу да росту, да працы, да творчасцi, памножанае ў мiльён разоў. Канчатковая, ясная функцыя чалавека - працаваць сваiмi мускуламi, ствараць сваiм мозгам, i не толькi на карысць аднаму сабе гэта i ёсць чалавек. Пабудаваць сцяну, пабудаваць дом, пабудаваць плацiну, укласцi часцiнку свайго чалавечага 'я' ў гэту сцяну, у гэты дом, у гэту плацiну i ўзяць i сабе што-небудзь ад iх - ад гэтай сцяны, ад гэтага дома, ад гэтай плацiны; умацаваць мускулы цяжкай працай, прылучыцца да яснасцi лiнiй i форм сваiх здзейсненых задум. Бо чалавек - адзiнае стварэнне ва ўсiм арганiчным i неарганiчным жыццi прыроды, адзiны аб'ект у сусвеце, якi перасягае створанае iм, узнiмаецца па прыступках сваiх задум, вырываецца наперад, пакiдаючы ззаду ўжо дасягнутае. I вось што трэба сказаць пра чалавека: калi тэорыi мяняюцца цi рушацца, калi фiласофскiя школы i вучэннi, вузкiя завулкi думкi - нацыянальныя, рэлiгiйныя, эканамiчныя - узнiкаюць, а потым рассыпаюцца прахам, чалавек, хоць i спатыкаючыся, атрымлiваючы жорсткiя ўдары, памыляючыся, iдзе наперад i нечага дасягае. Зрабiўшы крок наперад, ён можа адступiць, але толькi на паўкроку i нiколi не зробiць поўнага кроку назад. Вось што можна сказаць, i гэта трэба добра разумець. Гэта трэба разумець, калi з чорных самалётаў падаюць бомбы на людныя рынкi, калi палонных забiваюць, як свiней, калi скалечаныя целы сплываюць крывёю ў гразi i пыле. I вось яшчэ што: калi спынiцца, калi б памерла вострае да болю жаданне iсцi наперад, што б там нi было, бомбы не падалi б, глоткi не рэзалi б. Пакуль будуць жывыя ўладальнiкi бомбаў, гэты смертаносны груз будзе падаць на моцных духам, i бойся таго часу, калi дух гэты памрэ; пакуль жывуць буйныя ўласнiкi, удары будуць сыпацца на тых, хто робiць крок наперад - бойся таго часу, калi памрэ iмкненне iсцi наперад. Бойся таго часу, калi чалавечае 'я' не будзе гатова iсцi на пакуты i смерць за iдэю, бо гатоўнасць гэтая - асновы чалавечага 'я', адзiнае, што робiць чалавека чалавекам.
Заходнiя штаты апанаваў неспакой - блiзяцца нейкiя перамены. Тэхас i Аклахома, Канзас i Арканзас, Нью-Мексiка, Арызона, Калiфорнiя... Вось адна сям'я пакiдае свой участак. Некалi бацька ўзяў пазыку ў банку, i цяпер банк наважыў авалодаць яго зямлёй. Зямельная кампанiя, гэта значыць банк, якi валодае зямлёй, хоча, каб на гэтай зямлi працавалi трактары, а не людзi. А хiба трактар - дрэнна? Хiба ў сiле, якая праразае доўгiя барозны ў зямлi, ёсць што-небудзь нядобрае? Калi б гэты трактар належаў нам, тады было б добра - не мне, а нам. Калi б нашы трактары праводзiлi доўгiя барозны па нашай зямлi, тады было б добра. Не па маёй зямлi, а па нашай. Мы любiлi б гэты трактар, як любiлi гэту зямлю, калi яна была наша. Але трактар робiць адразу дзве справы: узорвае зямлю i выворвае з яе нас. Памiж трактарам i танкам рознiцы мала. I той, i другi гоняць перад сабой людзей, апанаваных страхам i роспаччу. Тут ёсць над чым задумацца.
З зямлi сагналi аднаго чалавека, адну сям'ю - вось яго ржавая машына паўзе па шашы на Захад. Я