страцiў зямлю, маёй зямлёй авалодаў трактар. Я адзiн i не ведаю, што рабiць. Адна сям'я спыняецца на начлег каля прыдарожнай канавы, ставiць палатку; да яе пад'язджае яшчэ адна сям'я i таксама ставiць палатку. Двое мужчын прысаджваюцца на кукiшкi, а жанчыны з дзецьмi стаяць каля iх i слухаюць. Гэта i ёсць завязка, разумееце, вы - тыя, хто ненавiдзiць перамены i баiцца рэвалюцыi? Раз'яднайце гэтых двух мужчын, пасейце ў iх сэрцах нянавiсць, боязь адзiн аднаго, недавер адзiн да аднаго. Бо гэта зачатак таго, што наганяе на вас страх. Зародак. Таму што ў выказванне: 'Я страцiў зямлю' ўносiцца папраўка: 'Мы страцiлi нашу зямлю'. Вось дзе тоiцца небяспека для вас, бо два чалавекi ўжо не такiя адзiнокiя i разгубленыя, як адзiн. А з гэтага 'мы' ўзнiкае нешта яшчэ больш небяспечнае: 'У мяне ёсць крыху ежы' плюс 'У мяне зусiм нiчога няма'. I калi ў суме атрымлiваецца: 'У нас ёсць крыху ежы', значыць, усё ўвайшло ў сваю каляiну i рух набыў накiраванасць. Цяпер засталося зрабiць нескладанае памнажэнне, i зямля гэтая, гэты трактар - нашы. Двое мужчын сядзяць на кукiшках у дрэнажнай канаве, маленькае вогнiшча, у кацялку варыцца мяса, маўклiвыя жанчыны з застылым позiркам, ззаду - дзецi прагна ўслухоўваюцца ў незразумелую гутарку. Наблiжаецца ноч. У малога прастуда. Вось, вазьмiце коўдру. Яна шарсцяная - яшчэ ад мацi засталася. Вазьмiце, накрыйце дзiця. Вось што iм трэба бамбiць. Бо тут пачынаецца пераход ад 'я' да 'мы'.
Калi б вам, тым, хто залодае ўсiм, што патрэбна людзям, удалося зразумець гэта, вы змаглi б утрымацца на паверхнi. Калi б вам удалося аддзялiць прычыны ад вынiкаў, зразумець, што Пэйн, Маркс, Джэферсан, Ленiн былi вынiкам, а не прычынай, вы ўцалелi б. Але дзе вам зразумець: уласнiцтва, як марозам, скоўвае ваша 'я' i назаўсёды адгароджвае яго ад 'мы'.
Заходнiя штаты ў трывозе - наблiжаюцца перамены. Патрэба нараджае iдэю, iдэя - дзеянне. Паўмiльёна людзей рухаюцца па дарогах; яшчэ адзiн мiльён, больш упартых, таксама гатовы ў любую хвiлiну зняцца з месца; дзесяць мiльёнаў яшчэ толькi пачынаюць нервавацца.
А трактары праводзяць баразну за баразной па абязлюдзелай зямлi.
РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ
Уздоўж шашы No 66 стаяць прыдарожныя бары: 'Дом Эла i Сузi', 'Снеданне ў Карла', 'Джо i Мiнi', 'Закусачная Ўiла'. Халупкi з лямцавай пракладкай мiж дошак. Дзве бензiнавыя калонкi каля ўвахода, дзверы з драцяной сеткай, доўгая стойка, высокiя табурэты, рэйка для ног. Каля дзвярэй тры гульнёвыя аўтаматы, праз шкло вiдаць, якое багацце ў пяцiцэнтавых манетах можна выйграць за тры жэтоны. А побач з iмi патэфон, якi iграе за пяцiцэнтавiк, i наваленыя горкай, як блiны, пласцiнкi, гатовыя ў любы момант слiзгануць на дыск, i тады загучыць танцавальная музыка - факстроты 'Цi-пi-цi-пi-цiн', 'Дзякуй за памяць', шлягеры Бiнга Кросбi, джаз Бенi Гудмэна. На адным канцы стойкi пад шкляным каўпаком дражэ ад кашлю, серна-кафеiнавыя таблеткi пад назвай 'Бяссонныя', 'Не драмаць'; цукеркi, цыгарэты, лёзы для брытваў, аспiрын, белыя шарыкi 'Брома-Сельтэр' i 'Алька-Сельтэр' для шыпучкi. На сценах плакаты: купальшчыцы - пышнагрудыя, вузкабёдрыя бландзiнкi з васковымi тварамi, у белых купальнiках, з бутэлькай кока-колы ў руках, усмiхаюцца: вось што абяцае вам кока-кола. Стойка доўгая, на ёй сальнiцы, перачнiцы, гарчычнiцы i папяровыя сурвэткi. За стойкай пiўныя краны, а каля самай сцяны блiскучыя, ахутаныя парай кававаркi з зашклёнымi акенцамi, якiя паказваюць узровень вады. Тарты пад драцянымi накрыўкамi, апельсiны пiрамiдамi па чатыры штукi. Невысокiя слупкi кардонак з крэкерамi i кукурузнымi шматкамi - раскладзены ўзорам.
Надпiсы на картках меню з вялiкiмi блiскучымi лiтарамi са слюды: 'Такiя пiрагi пякла твая мама'. 'Крэдыт вядзе да сваркi, лепш застанемся сябрамi'. 'Дамам можна курыць, толькi акуркi глядзiце, куды кладзяце'. 'Абедайце ў нас, шкадуйце сваю жоначку'.
На другiм канцы стойкi - сталовы посуд, бляхi з запечаным мясам, бульбай, тушаным мясам, смажанай ялавiчынай, шэрай бужанiнай - засталося толькi скрылiкамi нарэзаць.
Мiнi, цi Сузi, цi Мэй старыцца за стойкай - валасы завiтыя, на спацелым твары пудра i румяны. Бярэ заказы, размаўляе з клiентам цiха, мякка, повару заказы паўтарае скрыпучым, як у паўлiна, голасам. Выцiрае стойку анучай кругамi, начышчае вялiкiя блiскучыя кававаркi. Повару - Джо, цi Карлу, цi Элу - горача ў белым кiцелi i фартуху: на белым iлбе пад белым каўпаком пацеркi поту; ён пахмурны, гаворыць мала, мяльком паглядае на новых наведнiкаў. Нацiрае патэльню, шлёпае на яе катлету ў цесце. Цiха паўтарае за Мэй заказы, скрабе патэльню, працiрае джутавай анучкай. Пануры, маўклiвы.
Мэй ажыццяўляе сувязь з наведнiкамi, усмiхаецца iм, а сама ледзь стрымлiвае раздражненне; усмiхаецца, а вочы глядзяць мiма, калi госць не вадзiцель грузавiка. Шафёры - касцяк усяго. Там, дзе спыняюцца шафёры, там клiенты. Iх не абдурыш, яны разбiраюцца, што да чаго. Шафёры - гэта заказы. Яшчэ ого як разбiраюцца! Паспрабуйце падаць iм спiтую каву, i больш нагi iхняй у вас не будзе. А абслужыце як след, яны зноў наведаюцца. Вадзiцеляў грузавiкоў Мэй сустракае шырокай усмешкай. Крыху выгнуўшы стан, папраўляе на патылiцы валасы, i ўслед за рукамi крыху падымаюцца пад сукенкай угору i грудзi; ветла вiтае гасцей, быццам абяцаючы вясёлае баўленне часу, вясёлую гутарку, вясёлыя досцiпы. Эл нiколi нi з кiм з наведнiкаў не загаворвае. Не кантактуе з iмi. Бывае, адкажа ўсмешкай на анекдот, а смяяцца, не, не смяецца. Часам гляне на Мэй, пачуўшы гуллiвыя ноткi ў яе голасе, i зноў скрабе патэльню лапаткай, перакладзе застылы тлушч у латочак каля плiты. Ён прыцiскае лапаткай катлету, яна шыпiць. Кладзе на патэльню разрэзаную напалам булачку, падаграе, падсмажвае. Зграбае з патэльнi колцы цыбулi, кладзе на фарш, прыцiскае лапаткай, накрывае паловай булачкi, другую палову змазвае растопленым маслам i вострай прыправай. Прытрымлiваючы пакладзеную на катлету паўбулачкi, падчэплiвае лапаткай тонкую катлетку, пераварочвае яе, накрывае другой паловай i скiдае на маленькую талерку. Туды ж кладзе чвэртку марынаванага агурка i дзве чорныя маслiны. Пускае талерку па стойцы, як кiдальнае кальцо. Тады зноў скрабе патэльню i панура пазiрае на жароўню з тушаным мясам.
Легкавыя машыны iмклiва праносяцца па шашы No 66. Нумарныя знакi з Масачусетса, з Тэнесi, Род- Айленда, з Нью-Ёрка, Верманта, Агаё. Кiруюць на захад. Шыкоўныя машыны, хуткасць - шэсцьдзесят пяць мiль у гадзiну.
Вунь 'корд' iдзе. Труна на колах.
Але ж, глянь, якi ход! Бачыш 'ласаль'? Мне б такую. Я не з ганарлiвых. Узяў бы i 'ласаль'.
Калi ты ўжо так разышоўся, дык чаму б не 'кадзiлак'? Ён трохi большы i хутчэйшы.
А сабе я выбраў бы 'зефiр'. Не такi ўжо i шык, затое клас, хуткасць! Мне дай 'зефiр'.
I ўсё ж, сэр, можаце смяяцца, толькi я стаю за 'б'юiк-п'юiк'. Даволi добрая машына.
Дык яна ж, халера, цаной, як 'зефiр', а цягне слабавата.
Ну i няхай. Мне ад гэтага Генры Форда нiчога не трэба. Не люблю я Форда. Нiколi не любiў. У мяне брат працаваў у яго на заводзе. Ты б толькi паслухаў, што ён расказваў.
I ўсё-такi 'зефiр' - сiла!
На шашы вялiкiя легкавыя аўтамашыны. Стомлена-пяшчотныя, разамлелыя ад гарачынi дамы, вакол iх, як вакол цэнтра прыцяжэння, круцiцца безлiч аб'ектаў: крэмы, ласьёны, бутэлечкi з фарбамi - чорнай, ружовай, чырвонай, белай, зялёнай, сярэбранай, з iх дапамогай мяняецца колер валасоў, вачэй, губ, пазногцяў, броваў, веек, павек. Рознае семя, алеi, пiлюлi - каб добра працаваў страўнiк. Сумка з бутэлечкамi, спрынцоўкамi, таблеткамi, прысыпкамi, растворамi, мазямi - каб унiкнуць усякай рызыкi пры iнтымных зносiнах, зняць пахi, засцерагчыся ад нежаданых вынiкаў. А яшчэ адзенне... Адна марока!
Маршчынкi стомы вакол вачэй, складкi раздражнення па кутках рота, грузныя грудзi ў цесных ячэйках бюстгальтараў, тугiя жываты i клубы пад гумавымi гарсэтамi. Цяжка ловяць спякотнае паветра раты, у пахмурных вачах нялюбасць да сонца, ветру, да зямлi, агiда да ежы, злосць на знямогу, нянавiсць да самога часу, якi рэдка калi маладзiць, а старыць - заўсёды.
Побач з жанчынамi кароткiя пузатыя мужчыны ў светлых касцюмах i панамах чысценькiя ружовыя мужчыны з неспакойнымi, разгубленымi вачамi, поўнымi трывогi. Iм неспакойна таму, што не працуюць прывычныя формулы: яны прагнуць бяспекi, але адчуваюць, што яна знiкае з твару зямлi. На лацканах пiнжакоў у iх значкi розных суполак i клубаў - тых месцаў, куды можна пайсцi i ў натоўпе такiх жа занепакоеных чалавечкаў пераканаць сябе, што камерцыя - занятак высакародны, а не асвячонае рытуалам зладзейства; што яны шчодрыя i дабрачынныя, часта нават сабе ў шкоду, насуперак прынцыпам камерцыi; што жыццё ў iх паўнацэннае, а не ўбогая i стомная руцiна; i што блiзкi ўжо той час, калi нiчога iм не будзе страшна.
Гэта сямейная пара таксама едзе ў Калiфорнiю; там, у холе галiвудскага гатэля 'Беверлi Ўiлтмар' яны з зайздрасцю будуць глядзець на людзей, будуць пазiраць на горы - вы разумееце, на горы! - i на высокiя дрэвы, ён з ранейшым неспакоем у вачах, а яна - з апаскай, каб сонца не апалiла скуру. Будуць пазiраць на Цiхi акiян, i стаўлю сто тысяч супраць нiчога, што ён скажа: 'Я думаў, ён большы'. А яна будзе кiдаць