Кейсi апусцiўся на каленi, узяў лiхтарык i накiраваў пучок святла на рукi, якiя асцярожна ставiлi на месца пракладку i ўстаўлялi балты ў гнёзды паддона. Том з Элам паднялi цяжкi паддон, усадзiлi канцы крайнiх балтоў у адтулiны, потым астатнiя, i тады Том патроху, адзiн за адным, пачаў закручваць усе балты i, калi паддон роўна лёг на пракладку, туга зацягнуў iх ключом.

- Ну, як быццам гатова, - сказаў Том. Ён завiнцiў масляны каўпачок, уважлiва агледзеў паддон, потым узяў з рук Кейсi лiхтарык i пасвяцiў вакол сябе. - Вось i ўсё. Цяпер толькi зальём назад масла.

Том з Элам вылезлi з-пад машыны i ўлiлi з вядра масла ў картэр. Том праверыў, цi няма ўцечкi.

- Ну вось, Эл, цяпер запускай, - сказаў ён.

Эл сеў у кабiну i нацiснуў на стартэр. Матор загрукатаў, з выхлапной трубы павалiў сiнi дым.

- Збаў газ! - крыкнуў Том. - Масла будзе гарэць, пакуль дрот не расплавiцца. Во, ужо мякчэй iдзе. - Ён уважлiва ўслухоўваўся ў абароты рухавiка. - Дай ранняе запальванне i збаў абароты. - Том зноў прыслухаўся. Добра, Эл. Думаю, зроблена. Ну, дзе гэтае мяса?

- З цябе механiк што трэба, - зазначыў Эл.

- Дзiва што. Я цэлы год у аўтамайстэрнi працаваў. Першыя сотнi дзве мiль паедзем на малым газе. Няхай прытрэцца.

Пучкамi травы яны выцерлi запэцканыя маслам рукi i абцерлi аб штаны. Потым прагна накiнулiся на вараную свiнiну, запiваючы яе вадой з бутэлькi.

- Я галодны, як воўк, - сказаў Эл. - Што цяпер рабiць будзем - паедзем у лагер?

- Сам не ведаю, - адказаў Том. - З нас там могуць здзерцi яшчэ паўдаляра лiшнiх. Але пад'едзем, пагаворым з нашымi, скажам, што машыну адрамантавалi. А калi з нас запатрабуюць за стаянку, рушым далей. Нашы ж, вядома, хочуць ведаць, як там у нас. А добра, што ма настояла на сваiм. Вазьмi, Эл, пасвяцi навокал. Глянь, нiчога не забылiся? Вунь тарцовы ключ падбяры. Яшчэ спатрэбiцца.

Святлом лiхтарыка Эл пашарыў па зямлi.

- Як быццам нiчога.

- Добра. Я павяду легкавую. Ты, Эл, садзiся ў грузавiк. - Том запусцiў матор. Прапаведнiк сеў да яго. Том вёў 'додж' паволi, на самай малой скорасцi. Эл ехаў следам. Легкавая асцярожна перабралася цераз неглыбокi кювет. Том сказаў: - Гэтыя 'доджы' могуць цэлы дом на малым газе пацягнуць. Гаручае паступае скупа. Нам гэта на руку - памаленьку абкатаем падшыпнiк.

'Додж' паволi iшоў па шашы. Дванаццацiвольтавыя фары кiдалi на палатно дарогi блiкi жаўтаватага святла.

Кейсi павярнуўся да Тома:

- Проста дзiву даюся, як вы, хлопцы, умела паправiлi машыну. Пасвяцiў лiхтарыкам - i гатова. Я хоць i бачыў, як вы рамантавалi, але i цяпер нiзашто б сам гэтага не зрабiў.

- Да машын трэба з маленства прывыкаць, - сказаў Том. - Справа не толькi ва ўмельстве. Тут патрэбна нешта большае. Цяпер хлапчукi жартам разбiраюць машыну да шрубкi.

У святло фар трапiў заяц. Ён iмклiва i лёгка нёсся наперад, i яго доўгiя вушы ўзляталi ўгору пры кожным скачку. Раз-пораз ён рабiў спробу збочыць з дарогi, але сцяна цемры нiбы адштурхоўвала яго назад. Далёка наперадзе ярка засвяцiлiся аўтамабiльныя фары, i неўзабаве сноп святла ўпаў на iх машыну. Заяц у нерашучасцi спынiўся, потым павярнуўся i адскочыў да менш яркiх фар 'доджа'. Колы прайшлi па iм, мякка падкiнуўшы машыну. Сустрэчны аўтамабiль са свiстам пранёсся мiма.

- Раздушыла, - зазначыў Кейсi.

Том сказаў:

- Некаторыя любяць iх душыць. А ў мяне кожны раз мароз па скуры. На слых матор працуе добра. Дрот на кольцах, вiдаць, расплавiўся. Не так дымiць.

- Вы здорава ўсё зрабiлi, - сказаў Кейсi.

У цэнтры лагера стаяў невялiкi драўляны дамок, на яго ганку з шыпеннем гарэў бензiнавы лiхтар, якi адкiдваў шырокi круг белага святла. Непадалёк ад дамка былi разбiты з паўтузiна палатак, каля iх стаялi машыны. Вячэра ўжо была згатаваная, але на вогнiшчах каля стаянак усё яшчэ тлела вуголле. Каля ганка, дзе гарэў лiхтар, сабралася невялiкая купка мужчын; у яркiм белым святле твары iх здавалiся грубымi i жылiстымi, i ад таго, што лбы i вочы iх хавалiся ў густым цянi ад капелюшоў, падбародкi рэзка выдавалiся наперад. Хто сядзеў на прыступках, хто стаяў каля ганка, абапiраючыся локцямi на яго насцiл. На ганку, адкiнуўшыся да сцяны на нахiленым крэсле, сядзеў гаспадар, барабанячы пальцамi па калене. У пакоi гарэла газавая лямпа, але яе кволы агеньчык прападаў у яркiм святле лiхтара, што шыпеў на ганку. Гаспадар быў цэнтрам усёй групы.

Том падвёў 'додж' да краю дарогi i выключыў запальванне. Эл праехаў на грузавiку ў вароты.

- Заязджаць не буду, - сказаў Том, вылез з машыны i пайшоў праз вароты на яркае святло лiхтара.

Гаспадар апусцiў пярэднiя ножкi крэсла на дошкi ганка i нахiлiўся наперад.

- Хочаце ў нас стаць на прывал?

- Не, - адказаў Том. - Мае тут спынiлся. Гэй, та!

Бацька, якi сядзеў на нiжняй прыступцы, сказаў:

- Я думаў, вы там на тыдзень засядзеце. Адрамантавалi?

- Нам моцна пашанцавала, - адказаў Том. - Яшчэ засветла дасталi што трэба. Як развiднее, адразу i рушым.

- Вось i добра, - сказаў бацька. - Мацi непакоiцца - у бабкi ў нашай зусiм розум памуцiўся.

- Мне Эл ужо казаў. Ёй не лепш?

- Заснула, i то добра.

Гаспадар сказаў:

- Калi заедзеце i спынiцеся, плацiце пяць манет. Атрымаеце месца, ваду i галлё на вогнiшча. I нiхто вас не патрывожыць.

- На чорта нам гэта, - сказаў Том. - Праспiм ноч у кювеце бясплатна.

Гаспадар забарабанiў пальцамi па калене.

- Начамi тут шэрыфаў памагаты ходзiць. Можа прыдрацца. У нашым штаце начаваць пад адкрытым небам законам забаронена. I супраць бадзяжнiцтва таксама ёсць закон.

- А калi я вам заплачу пяцьдзесят цэнтаў, дык я ўжо не бадзяга, так?

- Правiльна.

Вочы ў Тома загарэлiся злосцю:

- Шэрыфскi памагаты выпадкам вам не швагер?

Гаспадар падаўся наперад:

- Не, не швагер. I не настаў яшчэ той час, калi ўсякiя бадзягi няшчасныя вучыць нас тут будуць.

- Браць па паўдаляра вы i самi ўмееце, гэтаму вучыць вас не трэба. Але з якой пары мы папалi ў бадзягi? Нiхто ў вас тут нiчога не просiць. Значыць, усе мы бадзягi? Мы ж не клянчым у вас грошай i не просiмся на начлег.

Людзi на ганку i каля яго замерлi ў напружаным маўчаннi. На iх тварах не адбiвалася нiчога, але вочы, зацененыя палямi капелюшоў, крадком пазiралi ўгору, на гаспадара.

Бацька буркнуў:

- Перастань, Том.

- Добра, перастану.

Мужчыны, што сядзелi на прыступках i стаялi вакол высокага ганка, маўчалi. Вочы iх паблiсквалi, адбiваючы святло бензiнавага лiхтара. У яго яркiх промнях рысы iх твараў былi рэзка акрэсленыя. Людзi застылi ў нерухомасцi, толькi позiркi iх пераходзiлi то на гаспадара, то на Тома, але твары iх былi непранiкальныя i абыякавыя. Начны матылёк наляцеў на лiхтар, разбiўся i ўпаў у цемру.

У адной палатцы жаласна заплакала дзiця, i мяккi жаночы голас пачаў супакойваць яго, потым цiха зацягнуў калыханку: 'Цябе любiць наш гасподзь уначы. Спi, заснi. Беражэ цябе гасподзь уначы, спi, заснi'.

Лiхтар на ганку шыпеў. Гаспадар запусцiў руку ў выраз кашулi i пачухаў зарослыя сiвымi валасамi грудзi. Ён увесь насцярожыўся ў прадчуваннi сваркi. Прыглядаўся да людзей, што яго абкружалi, узiраўся ў iхнiя твары. Але людзi застылi ў нерухомасцi.

Том доўга маўчаў. Потым паволi падняў свае цёмныя вочы на гаспадара.

- Скандалiць я не збiраюся, - сказаў ён. - Калi цябе абзываюць бадзягам, цяжка сцярпець. Я не баюся, - дадаў ён цiха. - Кулакоў не пашкадую нi на вас, нi на шэрыфскага памагатага - пабачым яшчэ, хто каго.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату