маглi сабрацца да дваццацi сем'яў, дваццацi машын.
Дзiўныя рэчы здаралiся вечарамi: дваццаць сем'яў рабiлiся адной сям'ёй, дзецi - агульнымi дзецьмi. Страта роднага кута рабiлася агульнай стратай, шчаслiвае жыццё там, на Захадзе, - агульнай марай. I бывала так, што хвароба аднаго дзiцяцi ўводзiла ў роспач дваццаць сем'яў, сто чалавек. I сто чалавек усю ноч захоўвалi поўную цiшыню, ахопленыя набожным страхам, калi ў адной з палатак раджала жанчына, а ранiцай сто чалавек радавалiся нараджэнню дзiцяцi. Сям'я, якая, можа, яшчэ толькi папярэдняй ноччу пакутавала ў адзiноце i страху, цяпер капалася ў сваiм скарбе, шукаючы, што падарыць нованароджанаму. Вечарам каля вогнiшча дваццаць сем'яў злiвалiся ў адну. I гэтая аб'яднаная сям'я была бiвачнай адзiнкай, якая iснавала адзiн вечар, адну ноч. Даставалася загорнутая ў коўдру гiтара, яе настройвалi, i ўначы гучалi песнi - песнi аб народзе. Мужчыны спявалi iх словамi, а жанчыны з закрытымi ратамi цягнулi мелодыю.
Штоноч стваралiся маленькiя сукупнасцi людзей - мiнiяцюрныя грамадствы, i ў такiм 'грамадстве', у такiм свеце было ўсё - i дружба, i варожасць; у iм былi выхвалякi i баязлiўцы i былi цiхiя, сцiплыя, добрыя людзi. Кожную ноч мiж iмi завязвалiся адносiны, без якiх не iснуе чалавечае грамадства, i кожную ранiцу яны разам знiмалiся з месца, як вандроўны цырк.
Напачатку ў гэтых грамадствах, што ўзнiкалi i рушылiся, людзi паводзiлi сябе нерашуча, нясмела, але паступова стварэнне iх рабiлася прывычнай справай. Наперад выступалi важакi, узнiкалi правiлы, нараджалiся законы. I чым далей на захад забiралiся гэтыя грамадствы, тым больш дасканалымi i добраўпарадкаванымi яны рабiлiся, бо стваральнiкi iх усё больш набiралiся вопыту.
Сем'i даведвалiся, якiя правы павiнны захоўвацца: права пабыць у адзiноце ў сваёй палатцы; права схаваць у сэрцы памяць аб горкiм мiнулым; права ўдзельнiчаць у гутарцы цi толькi слухаць; права адхiлiць альбо прыняць дапамогу; права прапанаваць дапамогу альбо адмовiць у ёй; права сына пазаляцацца да дзяўчыны i права дачкi прыняць заляцанне; права галоднага быць накормленым i пераважныя правы цяжарных i хворых перад усiмi iншымi правамi.
Сем'i таксама даведвалiся, хоць нiхто iх гэтаму не вучыў, якiя правы тояць у сабе зло i падлягаюць вынiшчэнню: права парушаць чыю-небудзь адзiноту, узнiмаць шум, калi лагер спiць, права спакусiць дзяўчыну, гвалцiць, права на пралюбадзейства, крадзеж i забойства. Гэтыя правы няшчадна душылiся, бо калi iх не выкаранiць, гэтыя маленькiя грамадствы i ночы адной не праiснавалi б.
I па меры таго як грамадствы гэтыя ўсё далей пасоўвалiся на захад, правiлы самi сабой атрымлiвалi сiлу законаў. Незаконна пэцкаць каля лагера; незаконна брудзiць пiтную ваду; незаконна сытна i смачна есцi на вачах у галоднага i не падзялiцца з iм ежай.
А з узнiкненнем законаў узнiкалi i кары - кары ўсяго двух вiдаў: кароткае, але жорсткае збiванне цi выгнанне; выгнанне было больш суровай карай. Бо калi хто пераступаў закон, iмя яго i твар заўсёды былi з iм, i не было яму месца нi ў якiм з гэтых грамадстваў, дзе б яно нi стваралася.
Маральныя асновы ў такiх грамадствах былi цвёрда акрэсленыя i строгiя: мужчына абавязкова павiнен быў паздароўкацца пры сустрэчы, мужчына мог жыць з жанчынай, калi начаваў разам з ёю ў палатцы, калi стаў бацькам i абаронцам яе дзяцей. Але ён не мог спаць сёння з адной, а заўтра з другой, бо гэта пагражала бядой грамадству.
Сем'i ўсё далей забiралiся на Захад, спосабы стварэння гэтых грамадстваў усё больш удасканальвалiся, i людзi адчувалi сябе ў бяспецы, бо нормы супольнага жыцця былi цвёрдыя i непарушныя, i сям'я, якая выконвала ўсе правiлы, магла нiчога не баяцца.
Самi сабой паяўлялiся органы ўлады, з важакамi, са старэйшынамi; дурны не мог прапанаваць сваю дурноту грамадству. Гэтае начное жыццё было нечым накшталт страхоўкi. Чалавек, у якога была ежа, кармiў галоднага i тым страхаваў ад голаду самога сябе. А калi памiрала малое, каля ўвахода ў палатку вырастала кучка сярэбраных манет, бо дзiця трэба было хоць пахаваць па-чалавечы, раз яно не ўзяло ад жыцця нiчога iншага. На могiлках для беднякоў i бадзяг можна пахаваць якога-небудзь старога, толькi не немаўля.
Для стварэння такiх грамадстваў патрэбны былi пэўныя матэрыяльныя ўмовы, асаблiва вада - рэчка, ручай, крынiца цi хоць бы водаправодны кран, пакiнуты без нагляду. I яшчэ каб участак быў роўны - для палатак, крыху сухога галля цi дроў на вогнiшча. А калi паблiзу яшчэ i звалка была, дык зусiм добра: там можна знайсцi вельмi патрэбныя да ўжытку рэчы - пячную трубу, пагнутае аўтамабiльнае крыло, каб загарадзiць iм агонь ад ветру, бляшанкi з-пад кансерваў, каб у iх згатаваць ежу i есцi з iх.
Грамадствы ўтваралiся вечарамi. Людзi збочвалi з шашы i аддавалi што ў каго было - палаткi, сэрцы, мозг.
Ранiцай палаткi разбiралi, брызент згортвалi, жэрдкi прывязвалi да падножак, матрацы клалi ў машыну на сваё месца, посуд - на сваё. I, едучы ўсё далей на Захад, сем'i мала-памалу асвойвалi тэхнiку пабудовы жытла ўвечары i яго разбурэння на золку. I з цягам часу кожны член сям'i звыкаўся са сваiм месцам, са сваiмi абавязкамi, i стары i малы ведаў, дзе яму сядзець у машыне, а стомнымi, душнымi вечарамi, калi пад'язджалi да стаянкi, кожны ведаў свае абавязкi i выконваў iх, не чакаючы нiчыiх указанняў, - дзецi збiралi ламачча на вогнiшча, прыносiлi ваду; мужчыны ставiлi палаткi, раскладалi матрацы; жанчыны гатавалi вячэру, кармiлi сям'ю. I ўсё гэта рабiлася без пануквання. У сем'яў, жыццё якiх раней было абмежавана ўначы сценамi дома, а ўдзень - сваёй фермай, цяпер паявiлiся новыя межы. I доўгiмi спякотнымi днямi яны моўчкi сядзелi ў машынах, што паволi пасоўвалiся на Захад, а начамi злiвалiся з групай людзей, з якiмi iм выпала стаць на прывал.
Яны перамянiлi сваё жыццё так, як яго можа перамянiць толькi чалавек. Яны ўжо былi не фермеры, а вандроўнiкi. I думы, разлiкi, засяроджанае маўчанне, якiя раней прызначалiся палям, цяпер прызначалiся дарозе, адлегласцi, Захаду. Чалавек, думкi якога раней былi скiраваны на акры, цяпер лiчыў мiлi вузкай стужкi бетону. I ў думках яго, у яго клопатах не было ўжо месца дажджу, ветру, пылу i палявым усходам. Вочы пiльна сачылi за шынамi, вушы ўслухоўвалiся ў стукат матора, галава пухла ад думак пра масла, бензiн, пра станчэлы слой гумы памiж паветрам у камеры i бетонам шашы. Зламаная шасцярня была трагедыяй. Самае моцнае жаданне вечарамi- вада. I кацялок з вячэрай над вогнiшчам. Здароўе - залог iмкнення ехаць далей, здольнасцi ехаць далей i волi ехаць да канца. Жаданнi рвалiся на Захад, абганяючы людзей, а былыя страхi перад засухай цi паводкай цяпер уступiлi месца страху перад усiм, што магло спынiць iх марудны рух на Захад.
Месцы прывалаў цяпер ужо былi пастаянныя - ад аднаго да другога адзiн дзень шляху.
У дарозе некаторыя сем'i паддавалiся панiцы i ехалi дзень i ноч, спалi ў машынах - спяшалiся на Захад, iмкнулiся хутчэй уцячы ад дарогi, ад самога руху. Iм карцела як мага хутчэй дзе-небудзь асесцi, i яны, утаропiўшы вочы на захад, гналi i гналi туды свае бразгатлiвыя машыны.
Але большасць сем'яў хутка прыстасавалася i ўвайшла ў рытм новага жыцця. I на захадзе сонца...
Пара ўжо месца для прывалу пашукаць.
Вунь, наперадзе, палаткi.
Машына з'язджала з шашы, спынялася, i з тае прычыны, што не яны сталi там першыя, трэба было не забываць пра далiкацтва.
У вас тут можна стаць на начлег?
Калi ласка, нам гэта вялiкi гонар.
З якога вы штата?
З самага Арканзаса.
Вунь, у чацвёртай палатцы, таксама арканзасцы.
Праўда? I самае галоўнае пытанне: як з вадой?
Яе тут колькi хочаш, толькi на смак не вельмi.
Дзякуй вам.
Няма за што.
Без далiкацтва не абысцiся. Машына з грукатам пад'язджала да крайняй палаткi i спынялася. Стомленыя пасажыры вылазiлi з яе, распраўлялi замлелае цела. Вырастала яшчэ адна палатка; малыя беглi з вёдрамi па ваду, старэйшыя дзецi секлi голле, збiралi ламачча. Успыхвала вогнiшча, гатавалася вячэра варылася цi смажылася. Падыходзiлi тыя, што прыехалi раней, усе дазнавалiся адзiн у аднаго, хто з якога штата, знаходзiлiся агульныя знаёмыя, а бывала, i сваякi.
Аклахома? Якая акруга?
Чэрокi.
Гэ! У мяне там радня. Эленаў ведаеце? Iх там, у Чэрокi, дзе толькi няма. А Ўiлiсаў?
А як жа, ведаю.