- Здаецца, усё ў парадку, - сказаў ён. - Каб быў у нас лiхтар, мы сёння i паставiлi б.

- Ведаеш, Том, пра што я падумаў? - сказаў Эл. - У нас няма зацiскачкi. I паваждаемся ж мы з кольцамi, асаблiва з нiжнiмi, пакуль поршань уставiм!

Том сказаў:

- Мне неяк раз параiлi абкруцiць кольцы тонкiм латунным дротам, i ён зацiсне.

- А як яго потым зняць?

- Знiмаць не трэба. Сам расплавiцца.

- Тады лепш медны.

- Медзь слабейшая, - сказаў Том i павярнуўся да аднавокага: - У цябе знойдзецца тонкi латунны дрот?

- Хто яго ведае. Здаецца, адна шпуля недзе валяецца. А дзе, па-твойму, можна дастаць такую павязку на вока?

Шпулю яны знайшлi ў павецi, пакапаўшыся ў скрынях. Том уставiў шатун у цiскi i старанна абкруцiў дротам поршневыя кольцы, заганяючы iх глыбей у пазы; там, дзе дрот быў сагнуты, падраўняў яго малатком, потым, паварочваючы поршань, лёгенька пастукваў па ўсёй паверхнi, каб дрот нiдзе не выпiраў. Нарэшце правёў па поршнi пальцам, правяраючы, цi ўсё легла ўпоравень з паверхняй поршня. У павецi хутка цямнела. Аднавокi прынёс кiшэнны лiхтарык i накiраваў прамень святла на цiскi.

- Ну вось, гатова! - сказаў Том. - Паслухай, колькi возьмеш за лiхтарык?

- Ён ужо добра выгараў. За новую батарэйку я заплацiў пятнаццаць цэнтаў. Ну бяры ўсё за... трыццаць пяць.

- Згодзен. А колькi з нас за шатун з поршнем?

- Проста не ведаю, што вам сказаць. Калi б гаспадар тут быў, ён праверыў бы па прэйскуранту, колькi каштуе новая запчастка, i, пакуль ты тут важдаешся, паспеў бы выведаць, цi сур'ёзна ты засеў i колькi ў цябе манеты, i за тое, што па прэйскуранту каштуе восем зялёненькiх, запрасiў бы пяць. Пачнеш таргавацца, да трох збавiць. Вось ты ва ўсiм мяне вiнавацiш, але ж, далiбог, ён сволач. Бачыць, што табе да зарэзу трэба. Бывае, за дыск счаплення здзярэ больш, чым уся машына яму каштавала.

- Во як! Ну, а ўсё-такi, колькi з мяне?

- Каля даляра, думаю.

- Добра. I яшчэ за тарцовы ключ чвэрць даляра дам. З iм удвая лягчэй пойдзе. - Том перадаў аднавокаму грошы. - Дзякуй. А вока сваё чым-небудзь прыкрый.

Том з Элам селi ў машыну. Было ўжо зусiм цёмна. Эл запусцiў матор i ўключыў фары.

- Ну, бывай, - крыкнуў Том. - Можа, у Калiфорнii ўбачымся. - Грузавiк развярнуўся на шашы i паехаў.

Аднавокi пастаяў, пазiраючы яму ўслед, потым пайшоў цераз павець у сваю халупку. Там было цёмна. Ён вобмацкам прабраўся да матраца на падлозе, лёг i заплакаў, а машыны, што з вiскатам праносiлiся па шашы, толькi шчыльнейшымi рабiлi сцены яго адзiноты.

Том сказаў Элу:

- Калi б ты мне напачатку сказаў, што мы дастанем гэту штуковiну i сёння ж паставiм, я цябе вар'ятам абазваў бы.

- Сёння абавязкова скончым, - сказаў Эл. - Толькi ты сам усё рабi. Я баюся, зацягну падшыпнiк крыху тужэй, ён расплавiцца, недацягну - стукаць будзе.

- Пастаўлю, - сказаў Том. - Паляцiць дык паляцiць. Што зробiш.

Эл углядаўся ў густы змрок. Святла фар было недастаткова, каб разагнаць яго; спераду, на дарозе, трапiўшы на iмгненне ў прамень рэфлектара, зялёным агнём блiснулi вочы кошкi, што выйшла на начное паляванне.

- А здорава ты яго прапясочыў, - сказаў Эл. - Управiў яму мазгi.

- Сам, дурань, напрасiўся. Усё пад'юджвае сябе, ные, усе свае беды звальвае на вока. Абiбок, неахайнiк. Можа, i возьмецца за розум, калi зразумее, што людзi наскрозь яго бачаць.

- Я, Том, не вiнаваты, што падшыпнiк згарэў.

Хвiлiну памаўчаўшы, Том адказаў:

- У мяне проста рукi свярбяць на цябе, Эл. Заладзiў адно i тое, баiшся, што цябе будуць лiчыць вiнаватым. Але не станавiся ў позу, калi цябе не чапаюць. I ўсё добра будзе.

Эл нiчога не адказаў. Ён глядзеў проста перад сабой. Грузавiк з грукатам i ляскам кацiў па дарозе. Збоку на шашу выбегла кошка, Эл крута павярнуў на яе, але колы пранеслiся мiма, i кошка адскочыла назад у траву.

- Крыху прамахнуўся, - сказаў Эл. - Слухай, Том, ты чуў, як Конi гаварыў, што вечарамi будзе вучыцца? Я падумаў, можа, i мне ўзяцца. Ну радыё там, тэлебачанне альбо дызелi. З гэтым дарога можа адкрыцца.

- Можа, - сказаў Том. - Але перш даведайся, колькi з цябе за навучанне здзяруць. I падумай, цi зможаш ты вучыцца. У нас у Макалестары былi такiя, што вучылiся па пошце. Толькi не прыпомню, каб хто з iх да канца ўсё адолеў. Надакучыць, i кiдаюць.

- Эх, чорт, есцi забылiся купiць.

- Нiчога, ма нам многа прыслала. Усё прапаведнiк не з'есць. Нам пакiне. Колькi яшчэ ехаць у гэту Калiфорнiю?

Яны змоўклi, настала начная цемра, i зоркi на небе загарэлiся яркiм белым святлом.

Кейсi падняўся з задняга сядзення 'доджа' i падышоў да краю дарогi, куды пад'ехаў грузавiк.

- Я вас так хутка не чакаў, - сказаў ён.

Том узяў з кабiны загорнутыя ў мешкавiну часткi.

- Нам пашанцавала, - сказаў ён. - I лiхтар раздабылi. Адразу i адрамантуем.

- Вы ежу забылiся з сабой узяць, - сказаў Кейсi.

- Зробiм усё, тады i падмацуемся. Давай, Эл, з'язджай з дарогi i iдзi пасвяцi мне. - Том падышоў да 'доджа', лёг на спiну i падлез пад машыну. Эл запоўз пад яе на жываце i пачаў свяцiць лiхтарыкам. - Проста ў вочы свецiш, вышэй падымi. - Том уставiў поршань у цылiндр i, пакручваючы яго, пачаў засоўваць глыбей. Драцяная абмотка на кольцах зачапiлася за сценкi цылiндра. Хуткiм рухам рукi Том падштурхнуў поршань, i ўсе кольцы ўвайшлi ў цылiндр. Добра, што зазор ёсць, а то кампрэсiя выпiхвала б яго.

- Толькi каб дрот не заклiнiў кольцаў.

- Таму я малатком яго i расплюшчыў. Нiчога, не з'едзе. А там латунь расплавiцца i, можа, яшчэ i сценкi пакрые.

- А драпiн не застанецца?

Том засмяяўся:

- Сценкам гэтым нiчога ўжо не страшна. Масла прапускае, як рэшата. Адной драпiнай больш, адной менш, якая рознiца. - Ён насадзiў шатун на вал i памацаў яго нiжнюю галоўку. - Трэба пракладак больш. Гэй, Кейсi!

- Га?

- Я зараз замацую падшыпнiк. Вазьмiся за завадную ручку i пакруцiш, калi я табе крыкну. - Ён падцягнуў балты. - Ну, давай. Цiшэй. цiшэй! - Калi каленчаты вал паварочваўся, Том пахiстваў падшыпнiк. - Пракладак мнагавата, - сказаў ён. - Стой, Кейсi! - Том выкруцiў балты, зняў некалькi пракладак i зноў паставiў балты. - Ну, Кейсi, крутнi яшчэ разок. - Ён зноў пахiстаў шатун. - Крышачку ходзiць. А калi яшчэ выняць пракладку, баюся, каб не заела. Зараз паспрабуем. - Том зноў адкруцiў балты i зняў два слаi тонкай фольгi. - Цяпер, Кейсi, давай!

- Здаецца, парадак, - сказаў Эл.

Том крыкнуў:

- Цяжэй стала круцiць, Кейсi?

- Не, па-мойму.

- Ну, здаецца, падагнаў. Дай бог, каб прыцерлася. Без iнструменту бабiт не прышабрыш. А праўда, з тарцовым ключом куды лягчэй працаваць.

Эл сказаў:

- Гаспадар хопiцца - дзе ключ, а яго няма. Во разыдзецца!

- Не наша справа, - сказаў Том. - Мы ключа не кралi. - Ён лёгенька пастукаў па шплiнтах i развёў iх канцы. - Цяпер, думаю, усё ў парадку. Гэй, Кейсi, ты пасвяцi тут, а мы з Элам паддон пасадзiм.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату