- Хоць бы знайшоўся ў iх 'додж' дваццаць пятага года.
У глыбiнi павецi бразнулi дзверы. Са змроку выйшаў чалавек, падобны на прывiд. Кашчавы, брудны, з запэцканым маслам жылiстым тварам, туга абцягнутым скурай. Аднаго вока ў яго не было, а калi ён паводзiў другiм, здаровым, мускулы пустой вачнiцы паторгвалiся. Джынсы i кашуля на iм iльснiлiся ад засохлага масла; рукi былi ўсе ў ранках i рубцах; тоўстая нiжняя губа злавесна выступала наперад.
Том запытаўся:
- Вы гаспадар?
Адзiнае вока блiснула ў яго бок.
- Я працую на гаспадара, - буркнуў ён у адказ. - А што трэба?
- Якi-небудзь разбiты 'додж' дваццаць пятага ў вас ёсць? Нам патрэбен шатун.
- Не ведаю. Каб быў гаспадар, ён сказаў бы. Але яго цяпер няма. Дадому паехаў.
- А самiм можна глянуць?
Чалавек смаркнуў у далонь i абцёр яе аб штаны.
- Вы з гэтых краёў?
- Не, з Усходу. На Захад едзем.
- Ну пашукайце. Хоць двор увесь спалiце, мне што.
- Ты, я бачу, не вельмi гаспадара свайго любiш.
Валочачы ногi, чалавек падышоў блiжэй i зноў блiснуў сваiм адзiным вокам.
- Цярпець яго не магу, - вымавiў ён цiха. - Цярпець не магу гэту сволач! Цяпер во дамоў падаўся. Паехаў сабе дадому. - Словы вывальвалiся з яго вуснаў, налятаючы адно на адно. - Такую прывычку сабе завёў... такую прывычку чапляцца i дражнiцца. Ён... ён сволач! Дачка ў яго, дзевятнаццаць гадоў, прыгожанькая з твару. Дык ён пытаецца: 'Як ты наконт таго, каб ажанiцца з ёю?' Гэта ён у мяне пытаецца! А сёння кажа: 'Вечарам танцы будуць. Ну як, пойдзеш?' Гэта ён мне кажа - мне! - На вачах у яго выступiлi слёзы, пакацiлiся з пустой чырвонай вачнiцы па шчацэ. - Далiбог, калi-небудзь вазьму i схаваю трубны ключ у кiшэнi. Такое мне гаворыць i на маё выбiтае вока зырыцца. Я... я гэтым ключом галаву яму адкручу... накiну i проста з шыi скручу, гэтак лёгенька буду паварочваць. - Ён задыхаўся ад шаленства. - Лёгенька паварочваць буду i з шыi скручу.
Сонца схавалася за горы. Эл паглядзеў на двор, завалены разбiтымi машынамi.
- Вунь, Том, глянь! Здаецца, 'додж' дваццаць пятага цi дваццаць шостага.
Том павярнуўся да аднавокага:
- Зiрнуць можна?
- Чорт з вамi, бярыце што трэба.
Прабiраючыся мiж мёртвых аўтамабiляў, Том з Элам накiравалiся да закрытай iржавай машыны, што стаяла на спушчаных шынах.
- Так i ёсць, дваццаць пятага! - усклiкнуў Эл. - Зняць паддон можна, мiстэр?
Том апусцiўся на каленi i зазiрнуў пад машыну.
- Ужо зняты. Аднаго шатуна няма. Ага, ужо няма. - Ён запоўз пад машыну. Эл, вазьмi ручку i пакруцi. - Ён пахiстаў шатун на валу. - Усё застылым маслам залеплена. - Эл пацiху паварочваў завадную ручку. - Цiшэй! - крыкнуў Том. Ён падабраў з зямлi трэску i саскроб з падшыпнiка i балтоў засохлае масла.
- Моцна расхiстаўся? - запытаўся Эл.
- Не, толькi крышачку, не страшна.
- Вельмi зношаны?
- Пракладкi ёсць, амаль усе. Ага, парадак. Яшчэ крышачку крутнi. Зараз апусцiцца, цiшэй! Ага, вось, хопiць. Цяпер збегай да грузавiка, ключ прынясi.
Аднавокi сказаў:
- Я дам вам скрынку з iнструментам. - Ён зашкандыбаў памiж iржавых машын да павецi i неўзабаве вярнуўся з бляшанай скрынкай. Том узяў з яе тарцовы ключ i перадаў Элу.
- Адкручвай. Толькi пракладак не згубi, не пазрывай балтоў, са шплiнтамi асцеражней. Не марудзь, хутка зусiм сцямнее.
Эл падлез пад машыну.
- Абавязкова трэба абзавесцiся тарцовымi ключамi, - пачуўся голас знiзу. З развадным нi да чога не дабярэшся.
- Паклiч, калi адзiн не справiшся.
Аднавокi з бездапаможным выглядам стаяў каля машыны.
- Я падмагу, калi трэба, - сказаў ён. - А ведаеце, што гэты сукiн сын яшчэ прыдумаў? Прыходзiць раз у белых штанах i кажа мне: 'Хадзем пакатаемся на маёй яхце'. Далiбог, я трахну яго калi-небудзь. - Ён цяжка дыхаў. - З тае пары, як я вока страцiў, у мяне не было нiводнай жанчыны. А ён мне такое гаворыць! - I буйныя слёзы пацяклi з яго вачэй, прамываючы баразёнкi на брудным твары каля носа.
Том з раздражненнем сказаў:
- Дык чаму ж ты тут тырчыш? Цябе ж пад вартай нiхто не трымае.
- Табе лёгка казаць. Не так проста работу знайсцi, ды яшчэ калi ў цябе аднаго вока няма.
Том крута павярнуўся да яго:
- Слухай, дружа. Ты хоць гэтым сваiм адным вокам на сябе паглядзi. Ты брудны ўвесь, ад цябе смярдзiць. Сам нарываешся на непрыемнасцi. Табе так хочацца. А потым сам сябе шкадуеш. Дзе табе, сляпому, думаць пра жанчын. Хоць павязку начапi, твар памый. Выкiнь з галавы - нiякiм ты ключом нiкога не заб'еш.
- Пажыў бы ты сам з адным вокам. I бачыш не так, як усе, i адлегласць правiльна не вызначыш - не можаш. Усё плоскiм здаецца.
Том сказаў:
- Галава ты яловая! Я вось шлюху ведаў адну без нагi. Дык, думаеш, яна па дзяшоўцы давала? Ого! Дзе там! Ёй яшчэ звыш паўдаляра прыплочвалi. Яна казала: 'Цi шмат табе разоў даводзiлася з аднаногай спаць? Нi разу! Ну вось, кажа, атрымаеш асаблiвае задавальненне, а каштаваць табе гэта будзе ўсяго на паўдаляра больш'. I плацiлi, далiбог, праўда, i нават лiчылi яшчэ, што iм пашанцавала. Запэўнiвалi, што гэта ўдачу прыносiць. А яшчэ гарбуна ведаў... у адным месцы. Зарабляў сабе на жыццё тым, што даваў пакратаць свой горб за грошы. Гэта таксама нiбыта ўдачу прыносiла. А ў цябе ж, госпадзi, аднаго толькi вока няма.
Аднавокi, запiнаючыся, сказаў:
- Дык жа ж усе цябе староняцца, нехаця такiм станеш.
- А ты завяжы чым-небудзь вока. А то выстаўляеш усiм напаказ, як карова заднiцу. Вельмi любiш шкадаваць самога сябе. А з табой нiчога ж такога. Штаны сабе белыя купi. Ты, вiдаць, найболей п'яны ў ложку валяешся i плачаш. Эл, табе памагчы?
- Не, - пачуўся адказ. - Падшыпнiк я ўжо зняў. Хачу поршань ссадзiць.
- Галавой не стукнiся.
Аднавокi цiха прамовiў:
- Думаеш... я магу яшчэ... каму-небудзь спадабацца?
- Абавязкова, - адказаў Том. - Кажы ўсiм, што пасля таго, як ты страцiў вока, у цябе нешта iншае добра адрасло.
- Куды вы, хлопцы, едзеце?
- У Калiфорнiю. Усёй сям'ёй. Думаем на працу там прыстроiцца.
- А як па-твойму, такому, як я, работа там знойдзецца? У мяне ж будзе чорная павязка.
- Чаму не? Ты ж не калека.
- Дык... можа, вы падвезяце мяне?
- О не! Мы самi так напакавалiся, што ледзь валачомся. Знайдзi нейкi iншы спосаб. Прывядзi да ладу якую-небудзь з гэтых развалiн i едзь.
- Што ж, магчыма, так i зраблю, далiбог.
Пад машынай нешта бразнула.
- Гатова, - пачуўся голас Эла.
- Дык вылазь, паглядзiм.
Эл падаў Тому поршань з нiжняй галоўкай падшыпнiка. Том працёр бабiтавую паверхню i ўважлiва агледзеў падшыпнiк.