- Не хвалюйся, - супакоiў Том мацi. - Мы вас знойдзем. Калiфорнiя ж не на ўвесь свет.

- На карце яна страшэнна вялiкая.

Бацька вырашыў параiцца з братам:

- Ну як, Джон, ёсць сэнс гэтак рабiць, га?

- Ёсць, - адказаў Джон.

- Мiстэр Уiлсан, машына ваша. Вы нiчога не маеце супраць таго, каб мой сын адрамантаваў тут яе, а потым прыгнаў вам?

- Не маю нiчога, - адказаў Уiлсан. - Вы ўжо зрабiлi нам шмат добрага. Я вашаму сыну цалкам давяраю.

- Калi мы вас i не так хутка дагонiм, што ж, вы паспееце ўжо дзе-небудзь на працу прыстроiцца i грошай крыху ў кiшэню пакласцi, - сказаў Том. - А што будзе, калi ўсе мы тут засядзем? Вады паблiзу няма, машыну гэту з месца не скранеш. А вось, дапусцiм, усе вы даедзеце i на работу ўладкуецеся. Грошы ў вас завядуцца, дамок нават, можа, якi сабе купiце. Кейсi, ты як? Застаешся са мной, паможаш?

- Як вам, людзi, лепш, так я i зраблю, - адказаў Кейсi. - Вы мяне пасадзiлi ў машыну, везлi. Я што заўгодна зраблю.

- Глядзi, застанешся - будзеш валяцца на спiне пад машынай, твар увесь маслам перамажаш, - папярэдзiў Том.

- Не страшна.

Бацька сказаў:

- Ну, раз цяпер усё ясна, давайце ў дарогу. Да начлегу можна яшчэ сотню мiль выцiснуць.

Мацi ступiла крок i стала перад iм:

- Я не еду.

- Як гэта - не едзеш? Што гэта значыць? Якраз табе i трэба ехаць. Уся сям'я на табе. - Бацька не чакаў такога бунту.

Мацi падышла да легкавой машыны, прасунула руку ў дзверцы, памацала пад заднiм сядзеннем, выцягнула адтуль рычаг ад дамкрата i лёгенька ўзважыла яго ў руцэ.

- Я не еду, - паўтарыла яна.

- Кажу ж табе, трэба ехаць. Так вырашана.

Губы ў мацi моцна сцялiся, i яна спакойна сказала:

- Мяне толькi сiлай адсюль павязеш. - Яна зноў крыху павяла жалезным стрыжнем. - Глядзi, бацька, сораму не абярэшся. Бiць сябе я не дазволю, плакаць i лiтасцi прасiць не буду. Я табе так засвячу! Цi ты справiшся са мной? А калi наб'еш, дык, бог сведка, я свайго часу дачакаюся - павернешся да мяне спiнай цi на кукiшкi дзе прысядзеш, я цябе ззаду вядром! Госпадам богам прысягаю, так будзе.

Бацька бездапаможна абвёў вачамi прысутных.

- Во расхрабрылася! - сказаў ён. - Нiколi яе такой яшчэ не бачыў.

Жалезны стрыжань злавесна пагойдваўся ў руцэ ў мацi.

- Давай падыходзь! - сказала мацi. - Ты ж ужо вырашыў. Падыходзь, бi. Ну, паспрабуй, што атрымаецца. Толькi я не паеду, а калi сiлай пацягнеш, дык ты нiколi ўжо ўначы вока не звядзеш, бо я буду цярплiва чакаць, доўга чакаць, i як толькi сон стулiць табе павекi, я паленам - трах!

- Гэта ж трэба, якая баявая, - прабурчаў бацька. - Здаецца, i не маладая ўжо.

Астатнiя моўчкi сачылi за гэтым бунтам. Пазiралi на бацьку, чакаючы, што ён вось-вось увойдзе ў злосць. Яны сачылi за яго рукамi, якiя раптоўна маглi сцiснуцца ў кулакi. Але бацька не даў волi гневу, рукi яго спакойна вiселi па баках. I неўзабаве ўсе зразумелi, што мацi перамагла. I сама яна зразумела гэта.

Том сказаў:

- Якая цябе, ма, муха ўкусiла? Навошта ты ўсё гэта распачала? Што з табой такое? Табе боязна за нас стала?

Твар у мацi крыху палагаднеў, але ў вачах у яе яшчэ быў суровы бляск. Яна сказала:

- Вы вырашылi, а як след не падумалi. Што ў нас на свеце засталося? Нiчога, толькi мы самi. Толькi сям'я i засталася, больш нiчога. Ледзь з месца зрушылi, i дзед лёг у зямлю. А цяпер вось вы самi сям'ю разбiваеце.

Том усклiкнуў:

- Мы ж вас дагонiм, ма! Мы тут нядоўга затрымаемся.

Мацi павяла рычагом ад дамкрата.

- Дапусцiм, мы зробiм прывал, а вы мiма праедзеце, што тады? Дапусцiм, прыехаўшы туды, мы не знойдзем, дзе вам вестку пакiнуць, дык адкуль вы будзеце ведаць, дзе нас шукаць? - Памаўчаўшы, мацi дадала: - Горкая нас чакае дарога. Бабка зусiм хворая. Ляжыць там наверсе, на грузавiку, чаго добрага, за дзедам пойдзе. Сiлы яе пакiдаюць. Доўгая, горкая нас чакае дарога.

Умяшаўся дзядзька Джон:

- Але ж там можна грошай зарабiць. Паспелi б крыху нават i сабраць, пакуль астатнiя пад'едуць.

Позiркi ўсiх зноў скiравалiся на мацi. Цяпер яна была галоўная. Стырно ўлады перайшло да яе.

- Адны тыя грошы, што мы заробiм, нам мала шчасця прынясуць. Самае дарагое, што ў нас ёсць, гэта сям'я. Калi ваўкi нападаюць на статак, каровы трымаюцца кучкай, цiснуцца адна да адной. Мне нiчога не страшна, пакуль мы ўсе разам, - усе, хто жывы яшчэ, i разбiваць сям'ю я не дазволю. З намi Ўiлсан, з намi прапаведнiк. Калi яны захочуць ехаць, што я iм скажу? Але калi дзецi мае пачнуць адбiвацца ад сям'i, дык мяне не ўтрымаеш, пушчу ў ход вось гэту жалезiну. - У голасе яе гучалi жорсткасць i рашучасць.

Том супакойлiва сказаў:

- Тут нам, ма, усiм нельга заставацца. Вады няма. I нават ценю мала. А бабку ж трэба ў цянi пакласцi.

- Ну што ж, добра, - сказала мацi, - паедзем далей. Спынiмся там, дзе будзе цень i вада. Грузавiк вернецца i павязе цябе ў горад. Купiш там тое, што трэба, i на грузавiку прыедзеш назад. Не тупаць жа пеша ў такую спёку. I наогул аднаго цябе я не адпушчу - раптам арыштуюць, а заступiцца не будзе каму.

Том падцiснуў губы i гучна цмокнуў. Бездапаможна развёў рукамi i ляпнуў сябе па бёдрах.

- Та, - сказаў ён, - калi б ты падхапiў яе з аднаго боку, а я з другога, а астатнiя навалiлся б на яе ўсёй кучай ды яшчэ бабка скочыла б на яе зверху, тады мы, можа, i справiлiся б з ёю, перш чым яна ўлажыла б гэтай жалязякай, ну там двух цi трох з нас, не больш. Але ж табе, зразумела, не хочацца дзiрку ў галаве атрымаць, а мама, глянь, як кiпiць. Ого, на што здольны адзiн, але рашучы чалавек - цэлы натоўп раскiдае. Перамога за табой, ма. Толькi штучку гэтую кiнь, пакуль каго-небудзь не пакалечыла.

Мацi са здзiўленнем глянула на жалезны рычаг у руцэ, пальцы яе ўздрыгнулi, i яна кiнула сваю зброю на зямлю. Том з падкрэсленай асцярогай падняў рычаг ад дамкрата i паклаў на ранейшае месца.

- Ты, тата, выпусцi пару, ты, Эл, саджай усiх на грузавiк, знайдзi месца для прывалу, дапамажы i вяртайся сюды. А мы з прапаведнiкам знiмем паддон. Пабачым, як работа пойдзе, можа, яшчэ дацямна зганяем у Санта-Росу i дастанем там шатунны падшыпнiк. Магчыма, i ўдасца - яшчэ ж субота. Толькi давай не марудзь, каб нам паспець. Прынясi з грузавiка развадны ключ i пласкагубцы. Том прасунуў руку пад нiз машыны i памацаў замаслены паддон. - I яшчэ дай мне сюды бляшанку якую цi вядро - я масла спушчу. Яго трэба берагчы. - Эл прынёс вядро, Том падставiў яго пад машыну i пласкагубцамi аслабiў каўпачок. Пакуль ён адкручваў яго пальцамi, чорнае масла залiвала яму руку, а потым бясшумным струменем хлынула ў вядро. Да таго часу, як налiлася палова вядра, Эл паспеў ужо ўсiх пасадзiць на грузавiк. Запэцканы маслам Томаў твар вызiрнуў мiж двух колаў легкавой машыны. - Хутчэй вяртайся! - крыкнуў Том i пачаў адкручваць балты паддона. Грузавiк тым часам асцярожна пераехаў неглыбокi кювет i пайшоў па шашы. Балты Том адкручваў па чарзе толькi на адзiн абарот, каб не папсаваць пракладкi. Прапаведнiк апусцiўся каля колаў на каленi.

- А мне што рабiць?

- Пакуль што нiчога. Сцячэ масла, я выкручу балты, i ты паможаш мне апусцiць паддон. - Том зусiм запоўз пад машыну, аслабляючы балты развадным ключом i выкручваючы iх пальцамi. Бакавыя балты ён адкруцiў не да канца, каб паддон не звалiўся. - Зямля тут, пад машынай, яшчэ гарачая, - зазначыў Том i запытаўся: - Што гэта ты, Кейсi, апошнiя днi такi маўклiвы стаў? Чаму? Калi мы з табой першы раз стрэлiся, ты ледзь не кожныя паўгадзiны прамовы гаварыў. А за гэтыя два днi i дзесяцi слоў не вымавiў. Што з табой - занудзiўся?

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×