Мацi раптам зразумела, што ўсё гэта адны мары. Яна зноў перавяла позiрк на дарогу, села вальней, але слабая ўсмешка ў вачах згасла не адразу.

- Каб хоць ведаць, як бабка сябе адчувае, - праз нейкi час сказала яна.

Эл мацней абхапiў абаранак руля - у маторы пачуўся слабы стук. Ён даў большую скорасць, i стук зрабiўся гучнейшы. Тады ён перавёў запальванне на больш позняе, прыслухаўся, зноў прыбавiў скорасць i зноў прыслухаўся.

Стук перайшоў у металiчны ляскат. Эл нацiснуў на сiгнал i з'ехаў на край шашы. Грузавiк наперадзе спынiўся i паволi даў заднi ход. Паўз iх на захад прамчалiся тры легкавыя машыны, i кожная пасiгналiла, а вадзiцель апошняй крыкнуў, высунуўшыся з акенца:

- Дзе ты стаў, чорт!

Том падвёў грузавiк зусiм блiзка, вылез i пайшоў да машыны Эла. Усе, хто сядзеў на паклажы ззаду грузавiка, павярнуўшы галовы, пазiралi ўнiз. Эл зноў пераставiў запальванне i прыслухаўся да матора, якi працаваў на халастых абаротах.

- Ну што там у цябе? - запытаўся Том.

Эл прыбавiў абароты.

- Вось паслухай.

Заляскатала яшчэ мацней. Том прыслухаўся.

- Дай ранняе запальванне i збаў абароты, - сказаў ён, падняў капот i ўсунуў пад яго галаву. - Цяпер дай газу. - Ён зноў прыслухаўся i апусцiў капот. - Так, здаецца, твая праўда, Эл.

- Шатунны падшыпнiк?

- Па гуку падобна на тое, - адказаў Том.

- Я масла не шкадаваў, - недаўменна прамовiў Эл.

- Значыць, яно не даходзiць. Перасохла ўсё к чорту! Нiчога не зробiш, трэба мяняць. Я праеду крыху наперад, знайду роўнае месца для стаянкi. А ты цiшэй едзь. Не ганi, а то зусiм кардан сапсуеш.

Уiлсан запытаўся:

- Кепскiя справы?

- Радасцi мала, - адказаў Том, вярнуўся да грузавiка i паволi паехаў наперад.

Эл не мог супакоiцца:

- Розуму не дабяру, чаму такое здарылася. Масла я падаваў удосталь. - Але ён ведаў, што вiнаваты. Сам адчуваў, што даў маху.

Мацi сказала:

- Вiна не твая. Ты ўсё рабiў як след. - I нясмела папыталася: Што-небудзь сур'ёзнае?

- Туды цяжка дабрацца, i трэба дастаць недзе новы падшыпнiк цi гэты залiць бабiтам. - Ён глыбока ўздыхнуў. - Добра, што Том тут. Я падшыпнiкаў яшчэ нiколi не рамантаваў. Адна надзея на Тома.

Наперадзе збоч дарогi стаяў вялiзны чырвоны рэкламны шчыт, ад якога падаў на зямлю шырокi доўгi цень. Том звярнуў машыну з шашы, пераехаў неглыбокi кювет i спынiў грузавiк у цянi. Потым вылез з кабiны i стаў чакаць Эла.

- Цiшэй, цiшэй! - крыкнуў яму Том. - Не ганi, вядзi асцярожна, а то яшчэ i рысору зламаеш.

Эл пачырванеў ад злосцi i заглушыў матор.

- Iдзi ты к чорту! - крыкнуў ён. - Я падшыпнiка не расплаўляў. А ты яшчэ кажаш - 'i рысору зламаеш'!

Том ашчэрыўся ўсмешкай:

- Во завёўся. Я нiчога такога сказаць не хацеў. Проста каб ты цераз кювет цiшэй ехаў.

Асцярожна ведучы машыну па схiлах кювета, Эл бурчаў:

- Яшчэ каму-небудзь у галаву ўваб'еш, што па маёй вiне падшыпнiк паляцеў. - Стук у маторы перайшоў ужо ў грукат. Эл накiраваў машыну ў цень i выключыў запальванне.

Том падняў капот i замацаваў яго.

- Пакуль не астыне, пачынаць нельга, - сказаў ён.

Усе пасажыры павылазiлi з машын i збiлiся ў кучку каля легкавушкi.

Бацька запытаўся:

- Вельмi сур'ёзна? - i прысеў на кукiшкi.

Том павярнуўся да Эла:

- Калi-небудзь шатунныя падшыпнiкi мяняў?

- Не, - адказаў Эл. - Нiколi не даводзiлася. Але паддон знiмаў.

Том сказаў:

- Трэба зняць паддон, потым шатун, раздабыць новы падшыпнiк, падкласцi пракладкi i падагнаць. Працы на цэлы дзень. Па падшыпнiк давядзецца з'ездзiць назад у Санта-Росу. Да Альбукерка мiль семдзесят пяць, не меней... А чорт, заўтра ж нядзеля! Нiдзе нiчога заўтра не купiш. - Усе маўчалi. Руцi працiснулася да самай машыны i пiльна ўзiралася пад адкiнуты капот, стараючыся ўбачыць зламаную дэталь. Том цiха гаварыў: - Заўтра нядзеля. У панядзелак купiм, а рамонт скончым, вiдаць, не раней як у аўторак. Без патрэбнага iнструменту цяжка давядзецца. Работка яшчэ тая.

Па зямлi праплыў цень сарыча, i ўсе задралi ўгору галовы, пазiраючы на чорную птушку, што лунала ў паветры.

Бацька сказаў:

- Чаго я больш за ўсё баюся, дык гэта застацца пасярод дарогi без грошай. I есцi ўсiм трэба, i бензiн, i масла купляць. Калi грошы кончацца, проста не ведаю, што рабiць будзем.

Уiлсан сказаў:

- Бадай, я тут вiнаваты. Няшчасная гэта развалiна ўсю дарогу мне жыць не давала. Вы i так шмат добрага нам зрабiлi. Перакладзiце свае рэчы на грузавiк i едзьце далей. Мы з Сэйры тут застанемся, што- небудзь прыдумаем. Не хочам, каб вы праз нас пацярпелi, хоць адзiн з вас.

Бацька няспешна прагаварыў:

- Не, гэтак рабiць не будзем. Мы амаль параднiлiся з вамi. Дзед у вашай палатцы памёр.

Сэйры стомлена прамовiла:

- Вам з намi адны турботы, адны турботы...

Том павольна скруцiў цыгарку, агледзеў яе з усiх бакоў i запалiў. Зняў з галавы памятую кепку i выцер ёю лоб.

- Вось што я надумаў, - сказаў ён. - Можа, вам i не спадабаецца, але справа такая: чым хутчэй усе вы даберацеся да Калiфорнii, тым хутчэй грошы да вас пойдуць. Ход у легкавой машыны разы ў два хутчэйшы, чым у грузавiка. I вось я што прапаную: здымiце частку рэчаў з грузавiка, тады вы ўсе ў iм размесцiцеся без мяне i прапаведнiка, i - наперад. А мы з Кейсi застанемся тут, адрамантуем машыну i таксама паедзем. Ехаць будзем дзень i ноч i дагонiм вас, а калi не дагонiм, што ж, затое вы ўжо пры рабоце будзеце. Калi ж якая паломка ў дарозе ў вас здарыцца, не страшна, стаўце каля шашы палаткi i нас чакайце. Як добра ўсё абыдзецца, вы даедзеце да месца, працу знойдзеце, i грошы пойдуць. Кейсi мне з рамонтам дапаможа, мы ўсё зробiм i да вас прыкацiм.

Члены аб'яднанай сям'i задумалiся. Дзядзька Джон апусцiўся на кукiшкi побач з братам.

Эл запытаўся:

- А мая дапамога пры рамонце не патрэбна?

- Ты ж сам казаў, што нiколi шатунных падшыпнiкаў не мяняў.

- Правiльна, - пагадзiўся Эл. - Тут трэба моцную спiну мець. А прапаведнiк, можа, i не захоча застацца з табою.

- Ну дык хто-небудзь iншы, мне ўсё адно, - сказаў Том.

Бацька паскроб указальным пальцам сухую зямлю.

- На маё разуменне, Том правiльна кажа, -сказаў ён. - Усiм тут заставацца нiякай карысцi. А дацямна можна яшчэ мiль пяцьдзесят зрабiць, а то i сто.

Мацi з трывогай запыталася:

- А як вы знойдзеце нас?

- Шаша ж тут адна, - адказаў Том. - Шэсцьдзесят шостая - да самага канца. А там Бейкерсфiлд. Я па карце глядзеў. Проста туды i прыедзеце.

- А калi ўжо ў Калiфорнii мы з яе дзе-небудзь збочым?

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×