аўчарка. Падкурчыўшы вялы хвост, нiзка звесiла галаву i высунула язык, з якога капала слiна. Яна гучна, задышлiва сапла. Джоўд свiснуў, але аўчарка яшчэ нiжэй апусцiла галаву i пабегла трушком да толькi ёй адной вядомай мэты.

- Вось бяжыць кудысьцi, - сказаў крыху закрануты за жывое Джоўд. - Пэўна, дадому.

Прапаведнiка нiчым нельга было адцягнуць ад яго думак.

- Кудысьцi бяжыць, - паўтарыў ён. - Правiльна - кудысьцi кiруе. А я вось... куды кiравацца, не ведаю. У мяне на маленнях людзi, бывала, так наскачуцца, налямантуюцца, нагарланяцца на славу боскую, што як нежывыя падаюць на дол. Некаторых, каб прывесцi ў прытомнасць, даводзiлася акунаць у канаву. А пасля, ведаеш, што я рабiў? Пацягну якую-небудзь дзеўку ў густую траву i лягу з ёю. I так кожны раз пасля малення. А потым каяцца пачынаю. Малюся-малюся, а карысцi нiякай. Другi раз зноў усе боскiм духам прасякнемся, i я зноў за сваё. Нарэшце зразумеў: дайшоў я да краю - крыўлю душой перад богам. Хоць сам таго не жадаю.

Джоўд усмiхнуўся i, прасунуўшы кончык языка мiж доўгiх зубоў, аблiзнуў губы.

- Пасля такiх набажэнстваў самы раз у кусты iх цягнуць, - зазначыў ён. Па сабе ведаю.

Кейсi ўсхвалявана падаўся наперад.

- Вось бачыш! - усклiкнуў ён. - Я нарэшце зразумеў гэта i задумаўся. - Ён мерна махаў сваёй кашчавай рукой з вузлаватымi пальцамi ў такт словам. - Вось як пачаў я разважаць: я прасякся ласкай боскай, i паства мая так прасяклася ёю - аж скача i нема крычыць. А тут кажуць, што вадзiцца з жанчынай - сатанiнскае насланнё. Але ж чым больш у жанчыне богам дараванай ласкi, тым мацней яе цягне ў кусты. Дык вось я i падумаў: як жа гэта так, чорт вазьмi... ох, прабач мне... як жа сатана падбярэцца да жанчыны, калi дух святы так i бруiцца з яе? Ужо ж тут, здаецца, сатане, як нi хiтруй, нi з якага боку не падступiцца. А на справе выходзiць зусiм iншае. - Вочы ў Кейсi блiшчалi ад хвалявання. Ён паварушыў шчокамi i губамi i плюнуў. Плявок пакацiўся па зямлi, абвалокся пылам i ператварыўся ў шэры, цвёрды з выгляду шарык. Прапаведнiк выставiў наперад руку, уставiў вочы на далонь, быццам на разгорнутую кнiгу. - Вось я якi... - цiха прамовiў ён. - Вось якi я: у мяне ў руках чалавечыя душы, я адказваю за iх i адчуваю, якая вялiкая ляжыць на мне адказнасць, а сам кожны раз пасля малення кладуся з жанчынай. - Ён глянуў на Джоўда. На твары ў яго была разгубленасць. У вачах - заклiк аб дапамозе.

Джоўд старанна вывеў галiнкай у пыле жаночы торс - грудзi, клубы, таз.

- Прапаведнiкам я нiколi не быў, - сказаў ён, - таму не зяваў, калi што ў рукi плыло. I рознымi думкамi галаву сабе не забiваў - падвернецца што дзе калi, i я сам не свой ад радасцi.

- Ну ясна, ты ж не прапаведнiк, - упiраўся Кейсi. - Табе дзеўка - проста дзеўка. Што табе да яе. А мне жанчына - сасуд свяшчэнны. Я ратаваў iхнiя душы. I вось, узяўшы на сябе такую адказнасць, я спачатку ўсяляў у iх дух святы, а потым цягаў iх у кусты.

- Можа, i мне не пашкодзiла б зрабiцца прапаведнiкам, - уголас падумаў Джоўд. Ён дастаў з кiшэнi тытунь i паперу, скруцiў цыгарку. Запалiў яе i скрозь дым пакасiўся на субяседнiка. - Даўно ўжо я без жанчыны. Давядзецца наганяць.

Кейсi гаварыў далей:

- Я давёў сябе да таго, што начамi не спаў. Iдзеш на пропаведзь i зарок сабе даеш: 'Сёння, далiбог, не буду'. Але яшчэ не дагаварыўшы, ужо ведаю буду.

- Ажанiцца табе трэба, - сказаў Джоўд. - У нас жыў адзiн прапаведнiк з жонкай. Егавiсты. Наверсе ў нас спалi. На маленне народ прыходзiў да iх у гумно. А мы, дзецi, падслухоўвалi, як жонцы ад яго даставалася пасля кожнага вячэрняга малення.

- Добра, што ты мне гэта сказаў, - ажывiўся Кейсi. - А то я думаў, што я адзiн быў такi... Нарэшце не вытрымаў, кiнуў усё i пайшоў. З тае пары ў мяне толькi адно ў галаве. - Ён падцягнуў каленi да падбародка i пачаў выкалупваць гразь мiж пальцаў ног. - I вось спытаўся я ў самога сябе: 'Што цябе мучыць? Юрлiвы сверб?' I сам адказваю: 'Не, не сверб, а тое, што ўсё гэта грэх'. I зноў пытаюся: 'Як жа гэта так? Чалавек, поўны вялiкай павагi да бога, павiнен, здавалася б, як мул, упiрацца, каб не ступiць на грэшны шлях, дык жа ж не яму карцiць хутчэй штаны расшпiлiць'. - Ён мерна паляпаў двума пальцамi па далонi, быццам акуратна кладучы на яе словы радком. - Кажу я сабе: 'Можа, ва ўсiм гэтым няма нiякага грэху? Можа, людзi i павiнны быць такiмi? Можа, дарэмна мы мардуем сябе, выганяючы д'ябла?' I згадаў я, як некаторыя сёстры сцябаюць сябе метровымi абрыўкамi правадоў. I падумаў: можа, iм гэта прыемна, можа, i мне прыемна сябе мучыць? Я ляжаў тады пад дрэвам, думаў, думаў ды заснуў. Прачынаюся, гляджу - ноч, апраметная цемра. Недзе паблiзу скуголiць каёт. I раптам само сабой так голасна ў мяне вырвалася: 'К чорту ўсё! Нiякага грэху на свеце няма, няма i праведнасцi. Ёсць толькi тое, што людзi робяць. Адно без другога не iснуе. У людзей некаторыя справы добрыя, некаторыя нядобрыя, вось i ўсё, i то з якога яшчэ боку на гэта паглядзець'. - Кейсi змоўк i адарваў вочы ад далонi, на якой ён нiбы раскладаў словы.

Джоўд слухаў прапаведнiка з усмешкай, але позiрк яго быў востры i ўважлiвы.

- Ты сваю веру ўсю ператрос, - сказаў ён. - З усiх бакоў абсмактаў.

Кейсi зноў загаварыў, i ў голасе яго гучалi боль i разгубленасць.

- Я пытаюся ў сябе: 'Што такое боскi дух i парыванне?' I адказваю: 'Гэта любоў. Я так люблю людзей, што, бывае, сэрца крывёю аблiваецца'. Зноў пытаюся: 'А Iсуса ты хiба не любiш?' Думаю, думаю i нарэшце кажу: 'Не, я нiкога з такiм iмем не ведаю. Гiсторый розных пра яго чуў шмат, але люблю я толькi жывых людзей. Сэрца разрываецца ад любовi да iх, i хочацца мне зрабiць усiх iх шчаслiвымi, i таму прапаведую iм тое, што можа прывесцi iх да шчасця'. А потым... Ну i нагаварыў я табе чортаву прорву ўсяго. Табе, можа, дзiўна, што я такiя брыдкiя словы ўжываю? Нiякiх тут брыдкiх слоў, на мой погляд, няма. Так усе гавораць, усе людзi, i нiчога дрэннага яны гэтымi словамi сказаць не хочуць. Ну, добра, хай. А цяпер я скажу табе яшчэ нешта, да чаго я сваiм розумам дайшоў, толькi прапаведнiку казаць такое - кашчунства, i таму я не маю права быць прапаведнiкам, бо ўвесь час думаю пра гэта i веру ў гэта.

- Пра што ты? - спытаўся Джоўд.

Кейсi хiтравата глянуў на яго.

- Калi твой слых разане, не крыўдуй, га?

- Я крыўдую, толькi калi мне нос расквасяць, - сказаў Джоўд. - Ну, што ты там такое надумаў?

- Разважаў я пра духа святога i пра Iсуса: 'Чаго гэта мы ўсё горнемся да бога i да Iсуса? Можа, - думаў я, - мы проста людзей любiм - мужчын i жанчын? Можа, дух святы - гэта i ёсць душа чалавечая, вось i ўсё. Можа, усе людзi разам i ўтвараюць адну вялiкую душу i часцiнку яе знойдзеш у кожным чалавеку?' Доўга сядзеў я так, думаў, думаў i раптам усё зразумеў, усiм нутром, i так ува мне гэта i засталося.

Джоўд апусцiў вочы, быццам яму было не пад сiлу вытрываць шчыры позiрк прапаведнiка.

- З такiмi думкамi нi ў якай царкве не ўтрымаешся, - сказаў ён. - За такiя думкi цябе прагоняць з нашых краёў. Што людзям трэба? Паскакаць i павыць. Гэта iм самая вялiкая ўцеха. Бабка наша, бывала, як пачне лямантаваць, рады ёй даць было нельга. Аднаго разу здаравеннага псаломшчыка кулаком з ног звалiла.

Кейсi задуменна пазiраў на Джоўда.

- Вось я хачу спытацца ў цябе пра нешта, - сказаў ён. - Душу мне гэта кроiць.

- Што ж, пытайся. Часам i я ў чым-небудзь разбiраюся.

- Вось што... - нерашуча пачаў прапаведнiк. - Я хрысцiў цябе найлепшым чынам у той дзень, калi боскае ззянне сышло на мяне. З вуснаў маiх словы Хрыстовы лiлiся. Ты, пэўна, нiчога не памятаеш, бо ўвесь час коску тую цягаў.

- Чаму ж не, памятаю, - адказаў Джоўд. - Гэта была Сюзi Лiтл. Праз год яна мне ледзь палец не адарвала.

- Дык вось... Пайшло табе на карысць тое хрышчэнне? Лепш табе зрабiлася ад таго?

Джоўд, падумаўшы, адказаў:

- Н-не, я нават нiчога не адчуў.

- Так... А шкоду табе гэта зрабiла? Толькi падумай.

Джоўд падняў з зямлi бутэльку i адпiў.

- Нiчога я не адчуў - нi добрага, нi дрэннага. Мне тады проста весела было, больш нiчога. - Ён падаў бутэльку прапаведнiку.

Кейсi ўздыхнуў, прыгубiў бутэльку, потым паглядзеў, колькi ў ёй на дне засталося, i зрабiў яшчэ адзiн маленькi глыток.

- Вось i добра, - сказаў ён. - А то я ўсё мучыўся - цi не нарабiў я сваiм умяшаннем якой-небудзь шкоды

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату