- Вечарамi ты будзеш радыё вывучаць, - сказала яна. Конi доўга не адказваў ёй. -Ты ж будзеш? - патрабавальна запыталася яна.

- Ну, вядома. Як толькi на ногi стану. Крыху зараблю.

Ружа Сарона прыўзнялася на локцi.

- Ты раздумаў?

- Н-не... не... вядома, не. Толькi я... я не ведаў, што прыйдзецца жыць у такiх месцах, як гэтае.

Пагляд у Ружы Сарона зрабiўся суровы.

- Значыць, так трэба, - прамовiла яна спакойна.

- Вядома, вядома. Сам разумею. Толькi перш на ногi стану. Зараблю трохi. А ўсё ж, вiдаць, лепш было б дома застацца, я вывучыўся б на трактарыста. Iм плацяць па тры даляры ў дзень, ды яшчэ прырабiць можна. - Ружа Сарона скiравала на яго пiльны позiрк, i, калi вочы iх сустрэлiся, Конi зразумеў, што яна ўзважвае, вызначае яго вартасць. - А вучыцца я буду. Толькi спачатку трэба на ногi стаць.

Ружа Сарона рашуча, з выклiкам сказала:

- Мы павiнны дамок набыць, перш чым дзiця народзiцца. У палатцы раджаць не хачу i не буду.

- Ну зразумела, - сказаў Конi. - Але мне спачатку трэба стаць на ногi. Ён выйшаў з-пад навеса i паглядзеў на мацi - яна нахiлiлася над агнём, у якiм гарэла сухое ламачча. Ружа Сарона лягла на спiну i ўтаропiла позiрк у брызент над галавой. Потым заткнула вялiкiм пальцам рот, як кляпам, i цiха заплакала.

Мацi ўкленчыла перад вогнiшчам i ламала голле, падтрымлiваючы агонь пад кацялком, у якiм тушылася мяса. Языкi полымя то ўзнiмалiся ўгору, то ападалi, то ўзнiмалiся, то ападалi. Дзецi, iх было пятнаццаць, моўчкi стаялi вакол вогнiшча i не зводзiлi з яго вачэй. I калi да iх дайшоў пах тушанага мяса, насы ў iх крышачку зморшчылiся. Сонца паблiсквала на iх пабурэлых ад пылу жоўтых валасах. Дзецi адчувалi, што няёмка так стаяць i пазiраць, але прэч не iшлi. Мацi цiха гаварыла з дзяўчынкай, што стаяла ў самым цэнтры гэтага гурту дзяцей, якiя з прагнасцю глядзелi на кацялок. Дзяўчынка была крыху старэйшая за астатнiх дзяцей. Яна стаяла на адной назе, гладзячы лытку пад'ёмам голай ступнi. Рукi яна сашчапiла за спiнай. Маленькiя шэрыя вочы спакойна глядзелi на мацi. Яна прапанавала:

- Дайце наламаю вам сучча, мэм.

Мацi падняла галаву ад кацялка:

- Вiдаць, хочаш есцi папрасiць?

- Так, мэм, - спакойна адказала дзяўчынка.

Мацi падсунула сучча пад кацялок, i агонь цiха загудзеў.

- Ты сёння не снедала?

- Не, мэм. Тут нiякай работы няма. Та хоча прадаць што-небудзь з пажыткаў, купiць бензiну i паехаць далей.

Мацi зноў зiрнула на яе:

- Астатнiя таксама не снедалi?

Дзецi бянтэжлiва пераступiлi з нагi на нагу i адвялi вочы ад кацялка, ад якога iшла пара. Адзiн маленькi хлопчык пахвалiўся:

- Я снедаў... i брацiк мой таксама... i вось гэтыя двое, сам бачыў. Мы добра пад'елi. Вечарам паедзем далей на поўдзень.

Мацi ўсмiхнулася:

- Значыць, вы не галодныя. А то на ўсiх не хопiць.

Хлопчык выпнуў нiжнюю губу.

- Мы добра пад'елi, - паўтарыў ён i раптам крута павярнуўся, пабег i нырнуў у сваю палатку. Мацi так доўга глядзела яму ўслед, што дзяўчынка вырашыла напомнiць ёй:

- Агонь зусiм патух, мэм. Я распалю яго, калi хочаце.

Руцi з Уiнфiлдам стаялi сярод дзяцей, стараючыся захаваць спакой i годнасць. Яны трымалiся адчужана i, разам з тым, як гаспадары. Руцi глянула на дзяўчынку халоднымi, злоснымi вачамi, потым прысела каля агню i стала ламаць галiнкi.

Мацi зняла накрыўку з кацялка, памяшала мяса палачкай.

- Вось i добра, што вы не ўсе галодныя. Той маленькi хлопчык напэўна ж не галодны.

Дзяўчынка насмешлiва ўсмiхнулася:

- Хто - ён? Проста выхваляецца. Падумаеш, нос задраў! Калi ў iх на вячэру нiчога няма, ведаеце, што ён выдумляе? Учора вечарам выйшаў з палаткi i кажа: мы курыцу елi. А як жа! Я яшчэ раней зазiрнула да iх у палатку i бачыла, што ў iх было на вячэру: адны аладкi, як i ва ўсiх у нас.

- А-а... - Мацi кiнула позiрк на палатку, у якую шмыгнуў маленькi хлопчык, i запыталася ў дзяўчынкi: - А вы даўно ў Калiфорнii?

- Ну, месяцаў шэсць. Спачатку мы жылi ва ўрадавым лагеры, потым паехалi далей, на поўдзень, а калi вярнулiся, там было ўжо поўна. Во дзе жыць добра, я вам скажу.

- Дзе гэта? - запыталася мацi i, узяўшы з рук Руцi наламаныя галiнкi, паклала iх у агонь. Руцi з нянавiсцю зiрнула на дзяўчынку.

- А там, каля Ўiдпэтча. Там i прыбiральнi добрыя, i душавыя ёсць, бялiзну можна памыць у начоўках, вада блiзка - добрая, пiтная, па вечарах музыка iграе, а ў суботу вечарам танцы. О, вы нiдзе такога не бачылi. I дзецям ёсць пляцоўка, а ў прыбiральнях папера. Пацягнеш ручку ўнiз, вада туды льецца, i палiсмены нiякiя не лезуць у палаткi, а той дзядзька, што начальнiкам там ходзiць, далiкатны такi - зойдзе ў госцi, добра пагаворыць i зусiм не ганарысты. Хацела б я яшчэ там пажыць.

Мацi сказала:

- Першы раз чую пра такi лагер. Я з радасцю памыла б бялiзну ў такой пральнi, далiбог, праўда.

Дзяўчынка з захапленнем гаварыла:

- У iх, а божачкi, гарачая вада iдзе проста па трубах, станеш пад душ, i так цёпленька робiцца i прыемна. Такога лагера нiдзе больш няма.

Мацi запыталася:

- Там цяпер поўна, кажаш?

- Ага. Калi мы апошнi раз заехалi, усё было занята.

- Вялiкiя, пэўна, грошы бяруць, - прамовiла мацi.

- Так. Але калi грошай няма, дазваляюць адпрацоўваць - па дзве гадзiны ў тыдзень: на ўборку пасылаюць, скрынкi для смецця чысцiць. Ну, усякае такое. А вечарам музыка iграе, людзi пагутарыць збiраюцца, а гарачая вада дык проста па трубах бяжыць. Вы такога лагера нiколi не бачылi.

- Хацела б я паехаць туды, - сказала мацi.

Тут Руцi ўжо не стрымалася i са злосцю выпалiла:

- А ў нас бабка памерла проста на грузавiку. - Дзяўчынка здзiўлена паглядзела на яе. - Так, так, проста на грузавiку, i следчы яе забраў. - Руцi моцна сцяла губы i наламала яшчэ невялiкую кучку сухiх сучкоў.

Уiнфiлд заморгаў вачамi, уражаны смелым выпадам Руцi.

- Проста на грузавiку, - паўтарыў ён за ёю. - А следчы запiхнуў яе ў вялiкi кош.

- Сцiхнiце вы абое, - умяшалася мацi, - а то шугану вас адсюль, - i падкiнула ў агонь сучча.

На другiм канцы лагера Эл падышоў паглядзець на прыцiрку клапанаў.

- Бачу, канчаеш ужо, - сказаў ён.

- Яшчэ два засталiся.

- А дзяўчаты тут ёсць?

- У мяне жонка, - адказаў малады чалавек. - На дзяўчат у мяне часу не хапае.

- А ў мяне заўсёды хапае, - сказаў Эл. - На што iншае - няма, а на гэта ёсць.

- А ты пагаладай, тады другое запяеш.

Эл засмяяўся:

- Усё можа быць. А пакуль што ў мяне такi настрой.

- Я тут разгаварыўся з адным. Ён з вамi прыехаў?

- З намi.. Гэта мой брат, Том. Ты з iм глядзi, не надта. Ён чалавека забiў.

- Забiў чалавека? За што?

- Мiж iмi бойка была. Той пырнуў яго нажом. А Том яму па галаве рыдлёўкай.

- Праўда? А суд быў?

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату