- Каб напiцца, сямi даляраў мнагавата. Ты што, шампанскую вадзiцу жлукцiць будзеш?

Дзядзька Джон падаў яму сваю пяцiдаляравую паперку.

- Вось вазьмi, а мне два даляры дай. Я i з двух сп'янею. Не хачу браць яшчэ адзiн грэх на душу - марнатраўства. Што ёсць, тое i патрачу. Заўсёды так раблю.

Бацька ўзяў брудную паперку i даў яму два сярэбраныя даляры.

- На, бяры. Раз чалавеку трэба, значыць, трэба. Нi ў кога няма столькi розуму, каб вучыць другога.

Дзядзька Джон узяў абедзве манеты.

- Ты не зазлуеш? Ты разумееш, што мне гэта трэба?

- Ну што ты, далiбог, - сказаў бацька. - Ты сам ведаеш, што табе трэба рабiць.

- Iначай я нiяк не перабуду ночы, - сказаў дзядзька Джон i павярнуўся да мацi. - Ты не пакрыўдзiшся на мяне?

Мацi не падняла галавы.

- Не, - мякка адказала яна. - Не. Iдзi ж.

Дзядзька Джон падняўся на ногi i як сам не свой пайшоў ад палаткi i знiк у прыцемку. Ён падняўся на шашу i перайшоў яе каля бакалейнай крамы. Перад сеткаватымi дзвярамi ён зняў з галавы капялюш, шпурнуў яго ў пыл i прытаптаў абцасам у знак самаасуджэння. Так i пакiнуўшы скамечаны, брудны капялюш на зямлi, ён увайшоў у краму i адразу пакiраваў да палiц, на якiх за драцяной сеткай стаялi бутэлькi вiскi.

Бацька, мацi i дзецi глядзелi ўслед дзядзьку Джону, пакуль ён не знiк з вачэй. Ружа Сарона ў знак абурэння не падымала вачэй ад бульбы.

- Небарака Джон, - сказала мацi. - Можа, лепш было... ды не... думаю, што не. Нiколi не бачыла, каб чалавек так гараваў.

Руцi перавалiлася на бок, блiжэй да Ўiнфiлда, прыцягнула яго да сябе за вуха i прашаптала:

- Я зараз буду п'яная.

Уiнфiлд пырхнуў i зацiснуў рот далонню. Стрымлiваючы дыханне, каб не рагатнуць, дзецi хуценька адпаўзлi з пабарвавелымi ад натугi тварамi. Апынуўшыся за палаткай, яны ўскочылi i з вiскам пусцiлiся да вербаў. Схаваўшыся там, яны зайшлiся ад смеху. Руцi скасiла вочы, расслабiла цела, высунула язык i пачала пахаджаць, пахiстваючыся з боку на бок i аступаючыся.

- Я п'яная, - сказала яна.

- Глядзi! - закрычаў Уiнфiлд. - Глядзi на мяне, я дзядзька Джон! - Ён замахаў рукамi, надзьмуў шчокi i вярцеўся ваўчком, пакуль у яго не закружылася галава.

- Не, - сказала Руцi. - Вось як трэба. Вось як. Я - дзядзька Джон. Я зусiм сп'янела.

Эл з Томам цiха iшлi праз вербалоз у лагер i раптам убачылi дзяцей, якiя, вiхляючыся, насiлiся сярод кустоў як апантаныя. У згусцелым змроку Том, спынiўшыся, пачаў узiрацца.

- Цi не Руцi гэта з Уiнфiлдам? Што з iмi такое?

Браты падышлi блiжэй.

- Вы што, адурэлi? - здзiўлена запытаўся Том.

Дзецi спынiлiся, захопленыя знянацку.

- Мы... гуляем, - адказала Руцi.

- Нейкая дурная гульня, - прабурчаў Эл.

Руцi дзёрзка выпалiла:

- Не дурнейшая за што iншае.

Калi браты пайшлi далей, Эл сказаў Тому:

- Руцi заробiць у мяне на арэхi. Яна даўно ўжо дабiваецца. Самая пара ёй усыпаць.

У яго за спiнай Руцi зрабiла грымасу, расцягнула рот пальцамi, высунула ўслед Элу слiнявы язык, здзекуючыся з яго ўсiмi вядомымi ёй спосабамi, але Эл не азiраўся. Яна павярнулася да Ўiнфiлда, позiркам запрашаючы зноў распачаць гульню, толькi ўсё ўжо было сапсавана, i яны абое ведалi гэта.

- Давай пойдзем на рэчку i акунёмся з галавой, - прапанаваў Уiнфiлд, i дзецi пайшлi праз кустоўе да берага, моцна злуючы на Эла.

А браты не спяшаючыся iшлi далей у змроку. Том сказаў:

- Дарэмна Кейсi так зрабiў. Але ад яго можна было гэтага чакаць. Усё гаварыў, што ад яго нам нiякай карысцi. Дзiўны ён нейкi, Эл. Адно толькi думае i думае.

- Гэта таму, што ён прапаведнiк. У iх ва ўсiх гармiдар у галаве.

- Як ты думаеш, куды Конi пайшоў?

- Вiдаць, да ветру.

- Нешта вельмi далёка падаўся.

Эл з Томам iшлi па лагеры, трымаючыся блiжэй да палатак. Каля Флойдавай палаткi iх спынiў нягучны воклiк. Яны павярнулi да ўвахода ў яе i прыселi на кукiшкi. Флойд крыху падняў брызентавую полку.

- Ну як, едзеце?

Том адказаў:

- Не ведаю. Думаеш, лепш паехаць?

Флойд кiсла ўсмiхнуўся:

- Ты ж чуў, што гэты фараон сказаў. Не паедзеш - выпаляць агнём. Калi думаеш, што гэты малойчык хутка не з'явiцца сюды пасля мардабою, дык галава ў цябе проста качан. Яго грамiлы сёння ж ноччу наляцяць на лагер i ўсё пусцяць з агнём.

- I сапраўды, вiдаць, лепш выбiрацца адсюль, - пагадзiўся Том. - Сам куды едзеш?

- Як i казаў - на поўнач.

- Паслухай, - сказаў Эл, - тут мне адзiн расказваў пра нейкi ўрадавы лагер. Дзе гэта?

- Напэўна, перапоўнены.

- А ўсё ж дзе ён?

- Кiруйце па дзевяноста дзевятай на поўдзень. Мiль дванаццаць чатырнаццаць праедзеце, звернеце на ўсход да Ўiдпэтча. А там ужо рукой падаць. Але, думаю, там паўным-поўна.

- Ён казаў, лагер добры.

- Вельмi добры, нiчога не скажаш. Абыходзяцца з табой як з чалавекам, а не як з сабакам. I фараонаў там няма. Толькi перапоўнены.

- Я аднаго не зразумею, - сказаў Том, - чаго палiсмен гэты так разышоўся? Ён быццам спецыяльна лез у сварку, знарок распаляў людзей.

Флойд сказаў:

- Не ведаю, як тут, а на поўначы я неяк раз пагаварыў з адным з гэтых шэрыфскiх памагатых, чалавекам прыстойным. I ён прызнаўся мне, што iм абавязкова трэба арыштоўваць людзей. На кожнага арыштанта шэрыф атрымлiвае семдзесят пяць цэнтаў у дзень, а на iх пракорм у яго iдзе толькi дваццаць пяць. Няма арыштантаў - няма i прыбытку. I яшчэ ён казаў, што ўжо цэлы тыдзень нiкога не браў, i шэрыф сказаў яму: або прыводзь арыштантаў, або значок здымай. А сённяшнi так i стараўся каго-небудзь згрэбцi.

- Трэба ехаць, - сказаў Том. - Будзь здароў, Флойд.

- Будзь здароў. Можа, яшчэ стрэнемся. Спадзяюся, што так.

- Бывай, - сказаў Эл, i браты пайшлi па цёмна-шэрым лагеры да Джоўдавай палаткi.

Бульба на патэльнi шыпела i пырскала гарачым тукам. Мацi пераварочвала тоўстыя скрылiкi лыжкай. Бацька сядзеў каля вогнiшча, абхапiўшы каленi рукамi. Ружа Сарона была пад брызентам.

- Том iдзе! - усклiкнула мацi. - Дзякуй богу!

Падышоўшы, Том сказаў:

- Трэба адсюль выбiрацца.

- А што здарылася?

- Флойд кажа, ноччу лагер спаляць.

- Гэта яшчэ чаму? - здзiвiўся бацька. - Мы ж нiчога такога не зрабiлi.

- Нiчога такога, толькi фараона збiлi, - адказаў Том.

- Мы яго не бiлi.

- Ён сам гразiўся, што нас пагоняць адсюль.

- Вы Конi нiдзе не сустрэлi? - запыталася Ружа Сарона, выйшаўшы з палаткi.

- Сустрэлi, - адказаў Эл. - Ён пашыбаваў берагам рэчкi, толькi яго i бачылi. На ўсход кiруе.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату