- Ён... ён зусiм пайшоў?
- Мы ў яго не пыталiся.
Мацi павярнулася да дачкi:
- Ты, Разашарна, раскажы ўсё толкам, а то цябе не зразумееш. Гаварыў табе Конi што-небудзь?
Ружа Сарона насупiлася:
- Гаварыў, што лепей было б яму дома застацца i на трактарыста вучыцца.
Усе прыцiхлi. Ружа Сарона пазiрала на агонь, i вочы яе паблiсквалi ў святле вогнiшча. Бульба на патэльнi гучна шыпела. Ружа Сарона шмыгнула носам i ўцерлася тыльным бокам далонi.
Бацька сказаў:
- Конi чалавек нiкчэмны. Я ўжо даўно гэта зразумеў. Занадта высока бярэ, а кiшка тонкая.
Ружа Сарона паднялася i вярнулася ў палатку. Лягла на матрац, перавярнулася на жывот i ўткнулася тварам у сплеценыя рукi.
- Яго i даганяць, бадай, не варта, - сказаў Эл.
Бацька сказаў:
- Не, калi ён такi нiкчэмнiк, нам яго не трэба.
Мацi зазiрнула ў палатку, дзе ляжала Ружа Сарона. Сказала бацьку:
- Ш-ш!.. Навошта так гаворыш.
- Але ж ён нiкчэмнiк, - не сунiмаўся той. - Толькi i чулi ад яго - я тое зраблю, я гэтае. А сам лайдачыў. Пры iм не хацеў гаварыць. А цяпер, калi ён даў драла...
- Ш-ш!.. - прашаптала мацi.
- Што ты мне ўсё 'ш-ш' ды 'ш-ш'? Чаму я павiнен маўчаць? Ён уцёк, цi ж не так?
Мацi памяшала бульбу лыжкай, тук зашыпеў i пырснуў ва ўсе бакi. Яна падкiнула голля ў агонь, языкi полымя шуганулi ўгору i асвятлiлi палатку. Мацi сказала:
- У Разашарны народзiцца дзiця, i яно напалову яе, а напалову Конi. Нядобра з маленства i да сталасцi абзываць пры iм яго бацьку нiкчэмнiкам.
- Лепш, чым iлгаць, - буркнуў бацька.
- Не, не лепш, - запярэчыла мацi. - А калi б ён памёр? Цi стаў бы ты гаварыць пра яго дрэнна, пра мёртвага?
У спрэчку ўмяшаўся Том:
- Ды што гэта вы! Адкуль мы ведаем, зусiм ён пайшоў ад нас цi не? У нас часу няма размовамi займацца. Трэба паесцi i выпраўляцца ў дарогу.
- У дарогу? Мы ж толькi што прыехалi! - Мацi стала ўзiрацца ў Тома скрозь разрэджаную вогнiшчам цемру.
Той пачаў яе пераконваць:
- Лагер сёння ноччу падпаляць, ма. Ты ж ведаеш, я спакойна стаяць i глядзець не буду, як пачнуць палiць наша дабро, i бацька таксама, i дзядзька Джон. Палезем з кулакамi, а мне нельга пападацца iм у рукi i даць iм завесцi на мяне новую справу. Я i сёння б улiп, каб не прапаведнiк.
Мацi ўсё пераварочвала i пераварочвала бульбу ў гарачым туку. Нарэшце прыняла рашэнне.
- Усе iдзiце сюды! - паклiкала яна. - Будзем вячэраць. Трэба спяшацца. Яна расставiла на зямлi алавяныя талеркi.
Бацька сказаў:
- Як быць з Джонам?
- А дзе дзядзька Джон? - запытаўся Том.
- Пайшоў выпiць.
- Госпадзi! - усклiкнуў Том. - Выбраў час. Дзе яго шукаць?
- Не ведаю, - адказаў бацька.
Том падняўся з зямлi.
- Добра, - сказаў ён, - вы тут паешце i пагрузiце ўсё на машыну, а я пайду шукаць дзядзьку Джона. Ён, напэўна, у бакалейнай краме, што цераз дарогу.
Том шпарка пакрочыў да шашы. Перад палаткамi i халупкамi гарэлi невялiкiя вогнiшчы, i водблiскi iх падалi на твары мужчын i жанчын у падранай адзежы, на дзяцей, што прыпалi да агню. Праз сценкi некаторых палатак прасвечвала святло газавых лямпаў, i па брызенце варушылiся чалавечыя ценi.
Том выйшаў па пыльнай грунтавой дарозе да бетоннай шашы i перайшоў яе каля бакалейнай крамкi. Ён спынiўся перад сеткаватымi дзвярамi i зазiрнуў усярэдзiну. Бакалейшчык, маленькi сiвы чалавек з вадзянiстымi вачамi i калматымi вусамi, чытаў газету, абапершыся локцямi на прылавак. На iм была падкасаная на худых руках кашуля i доўгi белы фартух. За спiнай у яго ўзвышалiся горкi, пiрамiды i сценкi з кансерваваных прадуктаў. Калi Том увайшоў у краму, гаспадар адарваў галаву ад газеты i прыплюшчыў вочы, быццам цэлячыся з ружжа.
- Добры вечар, - сказаў ён. - Што-небудзь у вас выйшла, скончылася?
- Выйшаў мой дзядзька, - адказаў Том. - Выйшаў i як скончыўся.
Сiвы гаспадар паглядзеў на яго з неўразуменнем i трывогай, дакрануўся ўказальным пальцам да кончыка носа i лёгенька пацерабiў яго, каб прагнаць сверб.
- Вечна вы каго-небудзь губляеце, - сказаў ён. - Дзесяць разоў на днi, а то i больш, заходзяць, i толькi i чуеш: 'Калi ўбачыце чалавека - зваць яго так вось i так, на выгляд такi i такi, скажыце яму, калi ласка, што мы на поўнач паехалi'. I гэта з дня ў дзень.
Том засмяяўся:
- Ну дык вось, калi ўбачыце сапляка па iменi Конi, з выгляду накшталт каёта, скажыце, каб iшоў к чорту. Скажыце, што мы падалiся на поўдзень. Толькi не яго я шукаю. А вось цi не заходзiў да вас сюды выпiць вiскi чалавек гадоў пад шэсцьдзесят, штаны чорныя, валасы з сiвiзной?
Вочы бакалейшчыка пасвятлелi:
- Так, так, заходзiў. У жыццi я нiчога падобнага не бачыў. Падышоў да дзвярэй, шпурнуў капялюш на зямлю i наступiў на яго. Вось ён, капялюш, - у мяне. - Бакалейшчык дастаў з-пад прылаўка запылены, памяты капялюш.
Том узяў яго ў рукi.
- Так i ёсць, ён самы.
- Ну вось, купiў ён дзве пiнты вiскi i, нi слова мне не кажучы, выцягнуў корак з адной бутэлькi i тут жа перакулiў яе ў горла. А я прадаю толькi на вынас. Кажу яму: 'Слухай, чалавеча, тут пiць нельга. Выйдзi за дзверы'. Так, так, сэр! Ён ступiў за парог i, даю галаву на адсячэнне, за чатыры разы выжлукцiў усю пiнту. Потым адкiнуў пустую пляшку i прысланiўся да дзвярэй. Вочы ў яго зрабiлiся цьмяныя. Тады кажа: 'Дзякуй вам, сэр' i пайшоў сваёй дарогай.
- Сваёй дарогай? А куды? Мне яго абавязкова трэба знайсцi.
- Ну, так атрымалася, што я магу сказаць. Мне яшчэ нiколi не даводзiлася бачыць, каб так пiлi, i я за iм пасачыў. Ён пакiраваў вунь туды, на поўнач. Па шашы праехала машына i асвятлiла яго фарамi. Я бачыў, як ён спусцiўся па насыпе. Iдзе, ногi падгiнаюцца. А другая пляшка ў яго ўжо адкаркаваная. Ён недзе тут, недалёка, куды яму такому iсцi?
Том сказаў:
- Дзякуй. Пайду пашукаю.
- А капялюш возьмеш?
- Ага, ага! Ён яму яшчэ згадзiцца. Ну, дзякуй.
- А што з iм такое? Ён пiў без смаку.
- Ды так... часам на яго находзiць. Ну, добрай ночы. А калi ўбачыце гэтага шчанюка Конi, скажыце яму: мы паехалi на поўдзень.
- Мне ўжо столькi ўсялякiх прыкмет нагаварылi i панадавалi даручэнняў, усяго не запомнiш.
- А вы не дужа старайцеся, - сказаў Том i выйшаў з крамы, трымаючы ў руцэ запылены чорны капялюш дзядзькi Джона. Ён перасек шашу i пайшоў па абочыне. Унiзе, у лагчыне, ляжаў Гувервiль; мiгацелi агеньчыкi вогнiшчаў, скрозь брызент палатак прабiвалася святло лiхтароў. Недзе ў лагеры брынкала гiтара, запаволеныя акорды бязладна змянялi адзiн аднаго - вiдаць, гiтарыст практыкаваўся. Том спынiўся, прыслухаўся, потым няспешна пайшоў далей па абочыне. Праз чвэрць мiлi ён раптам пачуў тое, што яму было трэба. Унiзе, пад дарожным насыпам, хрыплы голас напяваў нешта нудна, без выразнага матыву. Том