Том спынiў машыну.

- Тут?

- Ага. Цяпер няхай твае разгружаюцца, а ты iдзi са мной, я запiшу вас. I кладзiцеся спаць. Ранiцай да вас прыйдзе лагерная камiсiя i ўсё вам растлумачыць.

Том апусцiў вочы долу.

- Фараоны? - запытаўся ён.

Вартаўнiк засмяяўся:

- Палiсменаў тут няма. У нас свая ахова. Людзi самi выбiраюць. Хадзем.

Эл саскочыў з грузавiка i падышоў да iх.

- Тут застаёмся?

- Застаёмся, - адказаў Том. - Вы з бацькам разгружайцеся, а я пайду ў кантору.

- Толькi цiшэй, - папярэдзiў вартаўнiк. - Шмат хто ўжо спiць.

Том пакрочыў услед за вартаўнiком па цёмным лагеры i падняўся па прыступках у маленечкi пакойчык, дзе стаялi стары пiсьмовы стол i крэсла. Вартаўнiк сеў да стала i дастаў з шуфляды чысты бланк.

- Зваць як?

- Том Джоўд.

- Стары - гэта твой бацька?

- Ага.

- Як яго зваць?

- Таксама Том Джоўд.

Пытаннi сыпалiся адно за адным. Адкуль прыехалi, колькi ўжо часу ў гэтым штаце, дзе працавалi. Вартаўнiк падняў галаву i глянуў на Тома:

- Я не з цiкаўнасцi. У нас так заведзена.

- Зразумела, - сказаў Том.

- Ну, а грошы ёсць?

- Трохi ёсць.

- Можа, вы зусiм без сродкаў?

- Не, трохi ёсць. А што?

- А тое, што стаянка каштуе даляр на тыдзень, але можна адпрацоўваць вываз смецця, прыбiранне лагера... ну рознае такое.

- Мы адпрацуем.

- Заўтра да вас прыйдзе камiсiя. Раскажуць вам, як тут усiм карыстацца, i растлумачаць правiлы, якiя тут у нас заведзены.

Том сказаў:

- Слухай, а што гэта такое? Што за камiсiя такая?

Вартаўнiк адкiнуўся на спiнку крэсла:

- Яна добра працуе. У лагеры пяць санiтарных аддзяленняў. З кожнага выбiраюць сваiх прадстаўнiкоў у цэнтральную камiсiю. Яна тут усiм распараджаецца. Яе слова - закон.

- А калi хто з iх вельмi крута загне?

- Ну што ж, адклiкаць яго можна таксама лёгка, як i абраць. Ды не, усе добра працуюць. Нядаўна ў нас вось што было. Ведаеш гэтых прапаведнiкаў з секты трасуноў? Ледзь дзе збярэцца народ, яны тут як тут - пропаведзi чытаюць i бляшанку па крузе пускаюць. Ну, наважылiся яны i сюды пранiкнуць. Шмат хто са старэйшых захацеў iх паслухаць. Слова за цэнтральнай камiсiяй. Склiкалi сход i вырашылi так: 'Прапаведаваць у лагеры дазваляецца ўсiм. Збiраць ахвяраваннi не дазваляецца нiкому'. Старыя нашы зажурылiся, бо з таго дня нiводзiн прапаведнiк тут больш носа не паказвае.

Том засмяяўся i спытаў:

- Значыць, тыя, што запраўляюць лагерам, тут i жывуць?

- Ну так. I гэта толькi на карысць справе.

- А яшчэ ты гаварыў пра палiсменаў...

- Цэнтральная камiсiя сочыць, каб быў парадак, i ўводзiць правiлы. А яшчэ ёсць жаночая камiсiя. Заўтра яны зойдуць да тваёй мацi. Яны за дзецьмi наглядаюць i сочаць за чысцiнёй у санiтарных блоках. Калi мацi твая куды-небудзь на працу не пойдзе, ёй даручаць дзяцей, чые бацькi ходзяць на працу, а калi яна сама дзе ўладкуецца, што ж, на яе месца знойдуцца iншыя. Жанчыны i шыццём займаюцца, тут да нас медыцынская сястра прыходзiць, вучыць iх. Заняткi ёсць розныя.

- Дык што, у вас зусiм фараонаў няма?

- Няма, сэр. Без ордэра на арышт палiсмен сюды не паткнецца.

- Ну, а калi хто наскандалiць цi нап'ецца i кулакi ў ход пусцiць, што тады?

Вартаўнiк праткнуў алоўкам прамакатку:

- Пасля першага разу цэнтральная камiсiя папярэджвае яго. Пасля другога яму даюць строгае папярэджанне. А пасля трэцяга - выганяюць з лагера.

- Госпадзi, проста не верыцца! Сёння пад ноч шэрыфскiя памагатыя i гэтыя малойчыкi ў форменных фуражках цэлы лагер каля рэчкi спалiлi.

- Да нас яны не ходзяць, - сказаў вартаўнiк. - Iншы раз вечарам нашы хлопцы выстаўляюць дазоры ўздоўж агароджы, асаблiва калi ў нас тут танцы вечарам у суботу.

- Кожную суботу танцы? Божачка лiтасцiвы!

- Ва ўсёй акрузе лепшых вечарынак не бывае.

- Вось яно як! Чаму нiдзе больш такiх лагераў няма?

Вартаўнiк насупiўся:

- Давядзецца табе самому дадумацца. Iдзi паспi трохi.

- Добрай ночы, - сказаў Том. - Мацi маёй тут вельмi спадабаецца. З ёю даўно ўжо па-чалавечы не абыходзiлiся.

- Добрай ночы, - адказаў вартаўнiк. - Кладзiся спаць. У нас тут рана ўстаюць.

Том iшоў па праходзе мiж двума радамi палатак. Вочы яго ўжо прывыклi бачыць пры святле зорак. Ён заўважыў, што рады палатак усе прамыя i што смецця каля iх няма. Зямля мiж iмi падмецена i апырскана вадой. З палатак чулася роўнае храпенне. Увесь лагер спаў. Том iшоў не спяшаючыся. Ён падышоў да санiтарнага блока нумар чатыры i з цiкавасцю агледзеў яго: непафарбаваны будынак, нiзенькi i груба скiданы, пад паветкай - некалькi радоў балеяў мыць бялiзну. Непадалёк ён убачыў свой грузавiк i цiхенька падышоў да яго. Брызент быў ужо нацягнуты, пад iм не чулася нi гуку. Падышоўшы блiжэй, ён убачыў, як з ценю, што падаў ад грузавiка, аддзялiлася нечая постаць i пасунулася ў яго бок. Гэта была мацi. Яна цiха запыталася:

- Гэта ты, Том?

- Я.

- Ш-ш!.. - прашаптала яна. - Усе спяць. Вельмi знясiлелi.

- Табе таксама не шкодзiла б паспаць.

- Я цябе чакала. Усё добра?

- Парадак, - адказаў Том. - Але нiчога расказваць не буду. Ранiцай сама пра ўсё даведаешся. Табе тут падабаецца?

Мацi зноў прашаптала:

- Кажуць, у iх тут гарачая вада ёсць.

- Ага, ёсць. А цяпер спаць кладзiся. Я ўжо не прыпомню, калi ты апошнi раз спала.

Але мацi дапытвалася:

- А што ты такое не хочаш мне расказаць?

- Ды нiчога. Iдзi спаць.

I тут яна сказала тонам капрызнай дзяўчынкi:

- А як я засну, калi ўвесь час толькi i думаць буду, чаму ён расказваць не хоча.

- А ты не думай, - сказаў Том. - Ранiцай, як устанеш, надзень свежую сукенку i... тады сама пра ўсё даведаешся.

- Не, я з такiмi думкамi заснуць не змагу.

- А трэба. - Том весела хмыкнуў. - Трэба паспаць.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату