патрабуе трыццаць цэнтаў у гадзiну, калi мы плацiм дваццаць пяць'. Хлопец падумаў, падумаў, зноў паскроб патылiцу i кажа: 'Але ж, мiстэр Гайнс, я не сукiн сын, а калi чырвоныя вось такiя... дык я таксама хачу атрымлiваць трыццаць цэнтаў у гадзiну. Кожны хацеў бы. Мы, мiстэр Гайнс, усе чырвоныя, каб на яго лiха'. - Цiмацi падраўнаваў рыдлёўкай дно канавы, i цвёрдая зямля заблiшчала на зрэзе.

Том засмяяўся:

- I я б не ад таго. - Яго кiрка высока ўзляцела i апусцiлася, i грунт даў трэшчыну. Пот залiваў яму лоб, сцякаў каля носа i паблiскваў кроплямi на шыi. - А, чорт, - сказаў ён, - кiрка - добрая рэч - ух! калi ты з ёю ў ладах - ух! А прыладзiшся - ух! - i разам з ёю праца спорыцца - ух!

Яны iшлi адзiн за адным, i канава паступова расла ў даўжыню, а сонца, усё вышэй падымаючыся ў ранiшнiм небе, абдавала iх спёкай.

Калi Том пайшоў, Руцi яшчэ крыху паглядзела праз адчыненыя дзверы ў санiтарны блок. Без Уiнфiлда, перад якiм можна было павыхваляцца, храбрасць яе звяла. Яна ступiла босай нагой на цэментавую падлогу, але праз момант адхапiла нагу назад. З палаткi ў далёкiм канцы праходу выйшла жанчына i пачала распальваць паходную жалезную печку. Руцi зрабiла некалькi крокаў да яе, але свая палатка пацягнула яе назад. Яна цiхенька падкралася да яе i зазiрнула пад брызент. Збоку, проста на зямлi, ляжаў дзядзька Джон, рот у яго быў адкрыты, з горла вырываўся булькатлiвы, захлёбiсты храп. Мацi i бацька спалi, укрытыя коўдрай з галавой, - ад святла. Эл ляжаў у процiлеглым ад дзядзькi Джона баку палаткi, прыкрыўшы вочы сагнутай у локцi рукой. Каля пярэдняй сценкi палаткi ляжалi Ружа Сарона i Ўiнфiлд, а месца побач з Уiнфiлдам было пустое - месца Руцi. Яна прысела на кукiшкi i пачала ўзiрацца. Позiрк яе спынiўся на кудзелiстай галоўцы Ўiнфiлда, i, адчуўшы яго, хлопчык расплюшчыў павекi i глянуў на сястру сур'ёзнымi вачамi. Руцi прыклала палец да вуснаў i паманiла яго рукой. Уiнфiлд пакасiўся на Ружу Сарона. Яе расчырванелы твар быў зусiм побач, яна дыхала, крыху растулiўшы губы. Уiнфiлд асцярожна прыўзняў коўдру i вышмыгнуў з-пад яе. Потым цiхенька вылез з палаткi да Руцi.

- Ты даўно ўстала? - шэптам запытаўся ён.

Руцi бясшумна, з асцярогай азiраючыся, павяла яго ад палаткi i, калi адышлiся на бяспечную адлегласць, сказала:

- Я i не клалася. Усю ноч на нагах.

- Няпраўда, - сказаў Уiнфiлд. - Ты манюка.

- Няхай так, - адказала Руцi. - Толькi калi я манюка, дык нiчога табе не раскажу. Аднаго дзядзьку нажом зарэзалi, а потым прытупаў мядзведзь i звалок дзiцяня. А я табе пра гэта не раскажу.

- Нiякага мядзведзя не было, - няўпэўнена запярэчыў Уiнфiлд. Ён прыгладзiў валасы пальцамi i адцягнуў штаны ў кроку.

- Добра, няхай не было, - з'едлiва сказала Руцi. - I тых белых гаршчочкаў з таго самага, з чаго пасуду робяць, - памятаеш, у каталогах бачылi?

Уiнфiлд вылупiў на сястру вочы. Ён паказаў рукой на санiтарны блок i запытаўся:

- Там?

- Я ж манюка. Ты ўсё роўна не паверыш, дык я i расказваць не буду.

- Пойдзем паглядзiм.

- Я там ужо была. Пасядзела на iх. Нават папiкала туды.

- А вось i не, - сказаў Уiнфiлд.

Дзецi пайшлi да будынiны, у якой быў санiтарны вузел, i Руцi цяпер ужо нiчога не баялася. Яна смела ўвайшла туды першая. Уздоўж адной сцяны прасторнага памяшкання былi туалеты - адсекi з дзвярамi спераду. Белы фаянс у iх ззяў чысцiнёй. Уздоўж процiлеглай сцяны выстраiлiся ўмывальныя ракавiны з кранамi, а насупраць увахода былi чатыры душавыя кабiнкi.

- Вось, глядзi, - сказала Руцi. - Гэта ўнiтазы - як у каталогу. - Дзецi падышлi да аднаго туалета. Руцi з паказной храбрасцю задрала спаднiчку i села на ўнiтаз. - Казала ж табе, я тут была, - сказала Руцi, i ва ўнiтазе пачулася цурчанне.

Уiнфiлд адчуў няёмкасць. Рука яго нацiснула на спускны рычажок, i раптам равучы палiлася вада. Руцi спалохана падскочыла i шарахнулася ўбок. Яны стаялi пасярод памяшкання i пазiралi на ўнiтаз. Вада ў iм усё яшчэ булькатала.

- Гэта ты ўсё, - сказала Руцi. - Падышоў i зламаў. Я бачыла.

- Не, я не ламаў. Далiбог, гэта не я.

- Я ж сама бачыла. Да добрых рэчаў цябе i блiзка падпускаць нельга.

Уiнфiлд паныла апусцiў галаву. Потым глянуў на Руцi, i вочы ў яго налiлiся слязьмi, падбародак задрыжаў. I Руцi пашкадавала яго.

- Ну нiчога, - сказала яна. - Я не паскарджуся на цябе. Мы скажам - так i было. Скажам, мы сюды i не заходзiлi нават. - Дзецi пайшлi з памяшкання.

Сонца ўжо ледзь дакраналася да краю гор i свяцiла на жалезныя рыфленыя дахi пяцi санiтарных блокаў, на шэрыя палаткi i на чыста падмеценыя дарожкi мiж iмi. Лагер прачнуўся. У паходных печках гарэў агонь, у печках, зробленых з газавых бiтонаў i лiставога жалеза. У паветры цягнула дымком. Полкi палатак былi адкiнутыя, i людзi расхаджвалi па лагеры. Перад Джоўдавай палаткай, паглядаючы па баках, стаяла мацi. Убачыўшы дзяцей, пайшла iм насустрач.

- Я ўжо не ведала, што i падумаць, - сказала яна. - Не ведала, дзе вас шукаць.

- А мы проста так хадзiлi, глядзелi, - адказала Руцi.

- А Том дзе? Вы яго не бачылi?

Руцi напусцiла на сябе важны выгляд.

- Так, мэм, бачылi. Ён пабудзiў мяне i сказаў, што перадаць. - Дзяўчынка замаўчала, каб падкрэслiць сваю значнасць.

- Ну, што? - нецярплiва запыталася мацi.

- Ён прасiў перадаць табе... - Руцi зноў замаўчала i глянула на Ўiнфiлда, цi бачыць ён, якая ў яе важная роля.

Мацi падняла руку, нiбы замахваючыся:

- Ну што?

- Ён работу атрымаў, - выпалiла Руцi. - Пайшоў працаваць. - Яна з апаскай паглядзела на паднятую руку мацi. Рука апусцiлася, потым пацягнулася да дзяўчынкi. Мацi абняла Руцi за плечы, парывiста прыцiснула да сябе i адпусцiла.

Руцi ў замяшаннi ўставiлася ў зямлю i загаварыла пра iншае:

- У iх там унiтазы. Беленькiя.

- А ты ўжо збегала туды, - занепакоiлася мацi.

- Мы з Уiнфiлдам пабылi там, - адказала Руцi i адразу ж учынiла вераломства: - Уiнфiлд сапсаваў прыбiральню.

Хлопчык пачырванеў. Ён блiснуў вачамi на Руцi.

- А яна туды папiкала, - сказаў ён помслiва.

Мацi захвалявалася:

- Што вы там нарабiлi? Пакажыце. - Яна сiлай павяла малых да дзвярэй санiтарнага вузла i ўштурхнула ўсярэдзiну. - Дык што вы тут натварылi?

Руцi паказала на ўнiтаз:

- Тут як засвiшча, зашыпiць, потым як забулькоча! Цяпер сцiхла.

- Пакажыце, што вы зрабiлi, - патрабавала мацi.

Уiнфiлд нехаця падышоў да ўнiтаза.

- Я толькi слабенька так нацiснуў на вось гэта, - сказаў ён. - Проста ўзяўся рукой вось так, i... - Зноў зашумела вада, i хлопчык адскочыў.

Мацi закiнула галаву назад i засмяялася; Руцi i Ўiнфiлд пакрыўджана пазiралi на яе.

- Так яно i павiнна быць, - сказала мацi. - Я некалi бачыла такiя. Калi скончыш, трэба нацiснуць.

Дзецi адчулi вялiкi сорам за сваю недасведчанасць. Яны выйшлi за парог i пайшлi праходам памiж палатак - падзiвiцца на шматлiкую сям'ю, што сядзела за снеданнем.

Мацi праводзiла дзяцей позiркам. Потым агледзела памяшканне. Падышла да душавой кабiнкi i зазiрнула ў яе. Падышла да ўмывальных ракавiн i правяла далонню па белым фаянсе. Крыху адкруцiла кран, падставiла пад струмень палец i паспешлiва адхапiла руку, калi пайшла гарачая вада. З хвiлiнку разглядала ракавiну, потым уторкнула затычку i напусцiла ў ракавiну вады, крыху з гарачага крана i крыху з халоднага.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату