- Я таксама зараз пайду, - ажывiлася мацi. - Толькi вось прыбяру тут. Ты мне пакажаш як.
- Я кожны дзень буду мыцца, - не змаўкала Ружа Сарона. - А жанчына гэтая... яна паглядзела на мяне, убачыла мой жывот... i ведаеш, што сказала? Сказала, што сюды кожны тыдзень медыцынская сястра прыходзiць. I што мне абавязкова трэба да яе схадзiць, i яна раскажа мне, што рабiць, каб дзiця было здаровае. Усе жанчыны, кажа, ходзяць да яе. I я таксама пайду. - Яна проста захлiпалася ад узрушэння. - I ведаеш яшчэ што? На мiнулым тыднi тут адна нарадзiла, i ўвесь лагер урачыста адзначаў гэта, нанеслi дзiцяцi бялiзны i розных падарункаў... нават калыску... такую плеценую. Не зусiм новую, але яе пафарбавалi ў ружовы колер, i яна стала як новенькая. I далi маленькаму iмя, торт спяклi. О госпадзi! - Уздыхнуўшы на поўныя лёгкiя, яна змоўкла.
Мацi сказала:
- Хвала богу, нарэшце мы зажылi сярод сваiх людзей. Зараз пайду прыму душ.
- О, там цудоўна, - сказала Ружа Сарона.
Мацi выцiрала алавяныя талеркi, ставiла iх адна на адну i гаварыла:
- Мы Джоўды. Нiкому ў вочы не зазiраем. Дзед нашага дзеда змагаўся ў рэвалюцыю. Мы былi фермеры, пакуль не запазычылiся банку. I тыя... тыя людзi... яны нядобрае рабiлi з намi. Кожны раз, як хто з iх прыходзiў, мне здавалася, быццам плёткай мяне б'юць... i нас усiх. А ў Нiдлсе той палiсмен?.. Ён нiбы што зрабiў са мною, я азлобiлася. Мяне самую сорам узяў. А цяпер мне няма чаго саромецца. Народ гэты - наш народ... наш. А адмiнiстратар... прыйшоў, пасядзеў, выпiў кавы... i ўвесь час кажа: 'Мiсiс Джоўд тое, мiсiс Джоўд гэтае' i 'Як вашы справы, мiсiс Джоўд?' - Мацi змоўкла i ўздыхнула. - Я сябе зноў чалавекам адчула. - Яна паставiла на горку талерак апошнюю, пайшла пад брызент i там, пакапаўшыся ў скрынi, дастала з яе свае туфлi i чыстую сукенку. Потым знайшла ў той жа скрынi папяровы пакецiк з завушнiцамi. Выйшаўшы з-пад брызенту, яна сказала Ружы Сарона: - Як прыйдуць жанчыны, скажы, я хутка вярнуся, - i знiкла за вуглом санiтарнага блока.
Ружа Сарона цяжка апусцiлася на скрыню i глянула на свае вясельныя туфлi лакiраваныя лодачкi з чорнымi банцiкамi з матэрыi. Яна працерла наскi лодачак пальцам i выцерла яго аб спод падола. Нагiнаючыся, яна адчула свой жывот, а калi выпрасталася, памацала яго i слаба ўсмiхнулася.
Па дарозе да пральнi iшла высокая поўная жанчына са скрынкай з-пад яблыкаў - у ёй ляжала нямытая бялiзна. Твар у жанчыны быў цёмны ад моцнага загару, вочы чорныя, пiльныя, дапытлiвыя. Паверх паласатай баваўнянай сукенкi на ёй быў прасторны фартух з мешкавiны, на нагах мужчынскiя паўчаравiкi са скуры двух колераў. Яна прыкмецiла, як Ружа Сарона пагладзiла сабе жывот, убачыла слабую ўсмешку на яе вуснах.
- Ну! - крыкнула жанчына i весела засмяялася. - Хто, ты думаеш, будзе?
Ружа Сарона зачырванелася i апусцiла вочы долу, потым глянула на жанчыну спадылба i злавiла на сабе позiрк яе блiскучых чорных вочак.
- Не ведаю, - прамармытала Ружа Сарона.
Жанчына шлёпнула скрынку на зямлю.
- Жывая пухлiна, - засмяялася яна, заквактала, як квактуха. - Каго б ты лепш хацела? - дапытвалася яна.
- Сама не ведаю... можа, хлопчыка... Ага, хлопчыка.
- Вы нядаўна прыехалi, га?
- Ноччу... позна ноччу.
- Застаяцеся тут?
- Не ведаю. Калi знойдзем працу, напэўна, застанемся.
Па твары жанчыны прабег цень, i яе маленькiя чорныя вочкi налiлiся злосцю.
- Калi знойдзецца праца... Так мы ўсе кажам.
- Брат мой сёння раненька ўжо ўладкаваўся.
- Ужо, га? Ну, магчыма, вам i пашчасцiла. Толькi будзь асцеражней са шчасцем. Яму нельга давяраць. - Жанчына падышла да Ружы Сарона амаль ушчыльную. - Шчасця толькi ў адным шукай. Другога табе не трэба. Паводзь сябе прыстойна, - з нейкiм шаленствам сказала яна. - I бездакорна. Учынiш грэх, глядзi, каб з дзiцем чаго не здарылася. - Жанчына прысела на кукiшкi перад Ружай Сарона. - Ганебныя справы творацца ў нашым лагеры, - прамовiла яна злавесна. - Кожную суботу вечарамi ў нас тут танцы бываюць, i не толькi кадрылю тут скачуць. Некаторыя ў абнiмку, у прыцiск. Сама бачыла.
Ружа Сарона асцярожна сказала:
- Я люблю танцы... кадрылю. - I цнатлiва дадала: - А iначай нiколi не танцую.
Жанчына роспачна пакруцiла галавой:
- А вось некаторыя танцуюць. Але гасподзь гэтага не даруе, не. I не думай, не даруе.
- Ага, мэм, - цiха падтакнула Ружа Сарона.
Жанчына паклала загарэлую маршчынiстую руку ёй на калена, i Ружа Сарона здрыганулася ад яе дотыку.
- А цяпер я хачу цябе папярэдзiць. Хто ў Хрысце жыве, такiх цяпер мала засталося. Кожны вечар у суботу ў нас пачынае гэты iхнi струнны аркестр iграць, i, замест таго каб псалмы спяваць, усе пад яго скачуць, вiхляюцца... так, так, любачка, вiхляюцца. На свае вочы бачыла. Блiзка я туды не падыходжу, нi сама, нi сваiм не дазваляю. Танцуюць у абнiмку, упрытык, так, упрытык. Жанчына адкiнулася назад i нахiлiла галаву набок, каб паглядзець, як Ружа Сарона прарэагуе на такi абуральны факт.
- Акторы? - пацiкавiлася тая трапятлiва.
- Не, любачка! Не акторы - тыя даўно ўжо богам праклятыя. Свае ж людзi, з лагера. I дзетак малых, яшчэ неразумных, уцягнулi ў гэта, прымусiлi iх прыкiдвацца, строiць з сябе немаведама каго. Я туды i блiзка не падыходзiла. Але чула ўсё, што яны там гавораць. Сам д'ябал тады гуляе па лагеры.
Ружа Сарона слухала, раскрыўшы рот, шырока расплюшчыўшы вочы.
- У нас у школе аднойчы паказвалi спектакль пра Хрыста-дзiцятка... на Каляды.
- Ну, я не кажу, добра гэта цi дрэнна. Многiя прыстойныя людзi лiчаць, што пра Хрыста-дзiцятка можна. Толькi... толькi я так прама сказаць не бяруся. Але ў нас тут Хрыста-дзiцяткi не было. Тут грэх быў, падман i д'ябальскае насланнё. Так фанабэрыста расхаджваюць, манернiчаюць, гавораць чужымi галасамi. I танцуюць у абнiмку, упрытык.
Ружа Сарона ўздыхнула.
- I такiх не адна-дзве парачкi, а шмат, - не змаўкала жанчына. - А чыстых, як ягня, добрапрыстойных можна на пальцах пералiчыць. Толькi не думай, што гэтым грэшнiкам так усё бог i даруе, нi ў якiм разе. Не, любачка! Ён iхнiя грахi запiсвае на дошку - грэх за грахом, потым падводзiць рысу i складае грэх за грахом. Гасподзь бог наш за ўсiмi сочыць, i я таксама сачу. Дзвюх ён ужо з iх пакараў.
Ружа Сарона, ледзь не задыхнуўшыся, вымавiла:
- Пакараў?
Жанчына загаварыла з яшчэ большым жарам:
- Сама бачыла. Была тут адна маладзенькая такая, дзiця насiла, ну якраз, як ты. У п'есе iграла. I яшчэ скакала ў абнiмку. I раптам... - голас жанчыны загучаў сурова i злавесна, - яна пачала худнець, сохнуць - скура ды косцi... i выкiнула дзiця, мёртвае.
- Ой, што вы! - Ружа Сарона збялела.
- Мёртвае i ў крывi. З ёю пасля гэтага нiхто гаварыць не хацеў. Давялося ёй з'ехаць адсюль. Бо даткнешся да граху i сама яго набярэшся, вось так, любачка. I яшчэ адна была, гэтаксама сябе паводзiла. Высахла - скура ды косцi, а пасля, ведаеш, што было? Вечарам раптам прапала i няма. Праз два днi паяўляецца. У госцi, кажа, ездзiла. А жывата як не было. I ведаеш, што я думаю? Яе, напэўна, адмiнiстратар наш завёз куды-небудзь, там яна i збавiлася ад дзiцяцi. Ён грахоў не прызнае. Сама ад яго чула. Грэх, кажа, - гэта калi людзi ў голадзе жывуць. Грэх, кажа, - гэта калi людзi ў холадзе жывуць. I яшчэ кажа, - паверыш, сам мне сказаў, - у гэтым ён не бачыць боскай рукi. Гэтыя дзве дзяўчыны, кажа, таму так высахлi, што есцi iм не было чаго. Ну i прабрала ж я яго! - Жанчына паднялася i адступiла на крок назад. Вочы ў яе гарэлi. Яна тыцнула напятым указальным пальцам ледзь не ў самы твар Ружы Сарона. - Я кажу яму: 'Адыдзi!' Кажу: 'Я ведала, што ў нас тут у лагеры д'ябал лютуе. А цяпер ведаю, хто ён, гэты д'ябал. Адыдзi, сатана!' - кажу. I Хрыстом-богам прысягаю, ён адступiў! Закалацiўся ўвесь, пачаў выдыгацца. Кажа: 'Калi ласка!' Кажа: 'Прашу вас, не прычыняйце людзям няшчасця'. А я яму: 'Няшчасця? А як наконт душы iхняй? А што вы скажаце пра мёртвых дзiцянятак, пра тых дзвюх няшчасных грэшнiц, што пагубiлi сябе праз вашыя тэатры?'