дык у наступным годзе фермы ў мяне ўжо не будзе.
- Проста розуму не дабяру, што сказаць, - паўтарыў Цiмацi. - Калi там на самай справе былi агiтатары, тады зразумела, чаму ў Асацыяцыi так раз'юшылiся.
Томас сказаў:
- Я даўно да ўсяго гэтага прыглядаюся. Перад кожным знiжэннем платы абавязкова паяўляюцца чырвоныя агiтатары. Абавязкова. Каб на iх чорт, яны завабiлi мяне ў пастку. Дык як, што вы вырашылi? Дваццаць пяць цэнтаў?
Цiмацi апусцiў вочы долу.
- Я згодзен, - вымавiў ён.
- I я, - сказаў Уiлкi.
Том сказаў:
- Ну, здаецца, мне пашанцавала як на першы раз. Канешне, я таксама буду працаваць у вас. Мне адмаўляцца нельга.
Томас выцягнуў з задняй кiшэнi штаноў стракатую шаўковую насоўку i выцер ёю губы i падбародак.
- Проста не ведаю, колькi яшчэ так будзе далей. I як вы толькi ўхiтраецеся сям'ю пракармiць на такiя грошы, не магу зразумець.
- Пакуль працуем - кормiмся, - сказаў Уiлкi. - А вось як работы няма...
Томас глянуў на свой наручны гадзiннiк.
- Ну хадзем, выкапаем канаву. А бог з iм, - раптам сказаў ён рашуча, - так i быць, скажу. Вы жывяце ва ўрадавым лагеры, так?
Цiмацi насцярожыўся.
- Так, сэр.
- I кожны суботнi вечар у вас там танцы?
Уiлкi ўсмiхнуўся:
- А як жа.
- Дык вось што. У наступную суботу будзьце асцярожныя.
Цiмацi раптам ускiнуў галаву i падступiў блiжэй да Томаса.
- Што вы маеце на ўвазе? Я член цэнтральнай камiсii. Я павiнен ведаць.
Томас паглядзеў на яго з асцярогай.
- Нiкому не кажыце, што ад мяне даведалiся.
- А што такое?
- У Асацыяцыi цярпець не могуць гэтых урадавых лагераў. Шэрыфавых падручных туды не пашлеш. Там, я чуў, людзi самi сабе законы пiшуць, i без ордэра нiкога нельга арыштаваць. Дык вось, калi ў вас распачнецца бойка цi там стралянiна, тады да вас заявяцца шэрыфавы падручныя i ачысцяць лагер ад усiх вас.
Цiмацi раптам неяк перамянiўся. Ён расправiў плечы, вочы ў яго сталi халодныя.
- Вы хочаце сказаць, што...
- Толькi нiкому не расказвайце, што ад мяне чулi, - прамовiў Томас з трывогай у голасе. - У суботу вечарам у вашым лагеры выбухне бойка. А шэрыфавы агенты будуць напагатове.
Том недаўменна запытаўся:
- Навошта ўсё гэта? Людзi ж нiкому не перашкаджаюць.
- Я скажу табе навошта, - адказаў Томас. - Людзi ў гэтым лагеры прывыкаюць да чалавечнага абыходжання. А потым трапiць з iх хто ў лагер перасяленцаў, i з iм будзе цяжка справiцца. - Ён зноў сцёр насоўкай пот з твару. - Ну iдзiце, працуйце. Далiбог, дагаварылiся мы з вамi да таго, што я без фермы застануся. Але вы мне як людзi падабаецеся.
Цiмацi павярнуўся да яго i падаў яму сваю худую мазолiстую руку, i Томас пацiснуў яе.
- Нiхто не даведаецца, хто нам сказаў. Дзякуй вам ад нас. Бойкi не будзе.
- Бярыцеся за справу, - сказаў Томас. - I памятайце: дваццаць пяць цэнтаў у гадзiну.
- Папрацуем i за столькi... - сказаў Уiлкi, - на вас.
Томас пакрочыў да дамка.
- Я праз хвiлiнку таксама прыйду, - сказаў ён. - А вы бярыцеся за справу. - Сеткаватыя дзверы зачынiлiся за iм.
Том i Ўолесы мiнулi выбеленую вапнай адрыну i па ўскрайку поля падышлi да доўгай вузкай канавы, уздоўж якой ляжалi секцыi бетоннай трубы.
- Вось тут мы i працуем, - сказаў Уiлкi Тому.
Яго бацька адчынiў адрыну i вынес адтуль дзве кiркi i тры рыдлёўкi. Ён сказаў Тому:
- На, бяры сваю красуню.
Том узважыў кiрку ў руцэ.
- Ого! Якраз мне да пары.
- Пабачым, што ты ў адзiнаццаць гадзiн запяеш, - усмiхнуўся Ўiлкi. Паглядзiм, якая яна табе пара.
Яны падышлi да канца няскончанай канавы. Том зняў пiнжак i кiнуў яго на груду выкапанай зямлi. Ён адсунуў кепку з iлба i ступiў у канаву. Папляваў на далонi. Кiрка ўзляцела ў паветра i апусцiлася, блiснуўшы на сонцы. Том цiха кракнуў. Кiрка ўзвiвалася ўгору i падала, i краканне чулася якраз у той момант, калi лязо ўгрызалася ў зямлю, рассякаючы грунт.
Уiлкi ўсклiкнуў:
- Вось гэта я разумею! Ну i землякоп нам, та, трапiўся! Ён з кiркай, як з роднай.
Том адказаў:
- Я намахаўся ёю, дзе трэба - ух! Так, так, сэр, - ух! Не адзiн год - ух! Прыемна лашчыць далонь - ух! - Пад яго ўдарамi адколвалася глыба за глыбай. Сонца паднялося ўжо над фруктовымi дрэвамi, i вiнаграднае лiсце адлiвала золатам на лозах. Разрыхлiўшы шэсць футаў канавы, Том ступiў убок i выцер з iлба пот. Яго месца заняў Уiлкi. Рыдлёўка падымалася i апускалася, i груда выкiнутай зямлi абапал канавы расла ў даўжыню.
- Я ўжо нешта чуў пра гэту цэнтральную камiсiю, - сказаў Том. - Значыць, вы ўваходзiце ў яе?
- Так точна, сэр! - адказаў Цiмацi. - На нас ляжыць вялiкая адказнасць. На ўсiх нас. Мы стараемся, як можам, i людзi ў лагеры, як могуць, памагаюць нам. Каб толькi буйныя фермеры не так нам дапякалi. А то спакою не даюць.
Том скочыў у канаву, i Ўiлкi стаў з краю. Том загаварыў:
- А што з гэтай бойкай на танцах - ух! пра якую ён казаў? - ух! Што яны задумалi?
Цiмацi iшоў следам за Ўiлкi, i яго рыдлёўка скрэбла i падчышчала дно канавы, рыхтуючы яе пад трубу.
- Вiдаць, хочуць выжыць нас з лагера, - гаварыў ён. - Баяцца, што мы арганiзуемся, думаю. Магчыма, яны маюць рацыю. Лагер наш - гэта i ёсць арганiзацыя. Людзi клапоцяцца самi пра сябе. Струнны аркестр у нас найлепшы ў акрузе. Тым, хто галадае, адкрылi ў краме невялiкi крэдыт. Пяць даляраў - на такую суму можаш узяць харчу, i лагер за цябе ў адказе перад крамнiкам. З уладамi ў нас непрыемнасцей нiякiх не было. Вiдаць, гэта i палохае багатых фермераў. Не могуць засадзiць нас за краты - вось i страшна iм. Яны, пэўна, думаюць: тыя, што могуць самi сабой кiраваць, здольныя i на iншыя справы.
Том адышоўся ад канавы i выцер пот, якi залiваў яму вочы.
- Вы чулi, што напiсана ў газеце пра агiтатараў у лагеры на поўнач ад Бейкерсфiлда?
- Чулi, не глухiя, - адказаў Уiлкi. - Такое ўжо не першы раз.
- Дык вось, я адтуль. Нiякiх агiтатараў там не было. Людзей, якiх яны называюць чырвонымi. I наогул, што гэта за людзi такiя - чырвоныя?
Цiмацi зрэзаў рыдлёўкай невялiкi грудок на дне канавы. Белае шчацiнне ў ягонай барадзе паблiсквала на сонцы.
- Шмат хто цiкавiцца чырвонымi, - усмiхнуўся Цiмацi. - I вось адзiн тут у нас дазнаўся. - Ён прыпляскаў рыдлёўкай насыпаную на край канавы зямлю. - Ёсць тут у нас такi Гайнс. У яго ледзь не трыццаць тысяч акраў зямлi: персiкi i вiнаград - кансервавы завод i вiнаробня. Дык ад яго толькi i чуеш пра чырвоных: 'Гэтыя праклятыя чырвоныя давядуць краiну да пагiбелi' i 'Трэба гнаць адсюль гэтых чырвоных вырадкаў'. А тут адзiн хлапец, навiчок у нас, аднаго дня слухаў, слухаў, пачухаў патылiцу ды кажа: 'Мiстэр Гайнс, я ў гэтых краях нядаўна. Хто яны, тыя праклятыя чырвоныя?' А Гайнс адказвае: 'Чырвоны гэта той сукiн сын, якi