Цьмянае святло фар абмацвала чорную шашу перад машынай.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ

Людзi, што знялiся з месца ў пошуках прыстойнага жыцця, сталi цяпер вандроўнiкамi. Перад сем'ямi, якiя раней мелi невялiкiя ўчасткi зямлi, жылi i памiралi на сваiх сарака акрах, кармiлiся цi галадалi, беручы з гэтых акраў усё, што яны давалi, - перад гэтымi сем'ямi цяпер рассцiлаўся ўвесь Захад. I яны шнарылi ўсюды, шукаючы працы; патокi людзей хлынулi на шашэйныя дарогi, уздоўж прыдарожных канаў бясконцай чарадой цягнулiся людзi. Следам iшлi iншыя. Няспынная людская плынь захлiснула вялiкiя бетонныя дарогi. Раней на Сярэднiм Захадзе i на Паўднёвым Захадзе жыў просты люд - земляробы, i яны зусiм не перамянiлiся з прыходам iндустрыi, яны абраблялi зямлю без машын i не ведалi, якой грознай сiлай рабiлася машына ў руках прыватнiка. Яны жылi, не знаёмыя з парадоксамi iндустрыi. Яны не страцiлi здольнасцi востра адчуваць недарэчнасцi iндустрыяльнага веку.

I раптам машыны сагналi гэтых людзей з месца, i людзi павалiлi на дарогi. Вандроўнае жыццё перамянiла iх; шашэйныя дарогi, прыдарожныя лагеры, страх перад голадам i сам голад iх перамянiлi. Дзецi, якiх не было чым кармiць, перамянiлi iх, няспынны рух перамянiў iх. Яны былi вандроўнiкi. I людская варожасць перамянiла iх, спаяла, з'яднала - тая варожасць, што прымусiла жыхароў маленькiх гарадкоў збiрацца ў групы, брацца за зброю i сустракаць iх як захопнiкаў - атрады, узброеныя ручкамi ад кiрак, канторшчыкi i крамнiкi, узброеныя стрэльбамi, ахоўвалi свой свет ад свайго ж народа.

На Захадзе ўзнялася панiка, калi вандроўнiкi запаланiлi дарогi. Уласнiкi спалохалiся за сваю ўласнасць. Людзi, якiя нiколi не галадалi, убачылi вочы галодных. Людзi, якiя нiколi не ведалi моцных жаданняў, убачылi прагны бляск у вачах вандроўнiкаў. I жыхары гарадкоў, жыхары цiхiх навакольных мясцiн аб'ядналiся для самаабароны; яны пераканалi сябе, што самi яны добрыя грамадзяне, а захопнiкi гэтыя - дрэнныя. Яны гаварылi: гэтыя праклятыя Окi брудныя, цёмныя людзi. Яны дэгенераты, сексуальныя маньякi. Гэтыя праклятыя Окi - зладзеi. Яны крадуць усё, што трапiцца пад руку. У iх няма павагi да ўласнасцi.

I апошняе адпавядала праўдзе, бо адкуль чалавеку немаёмнаму адчуваць сверб уласнiцтва? А абараняючыся, людзi гаварылi: яны разносяць заразу, яны неахайныя. Дзяцей iх нельга пускаць у школы. Яны чужынцы. Цi хацелi б вы, каб сястра ваша гуляла з кiм-небудзь такiм?

Мясцовыя жыхары ўсiмi сiламi распальвалi ў сабе жорсткасць. Яны фармiравалi атрады, часцi i ўзбройвалi iх - дубiнамi, стрэльбамi, газавымi бомбамi. Краiна належыць нам. Мы не дазволiм усякiм Окi выйсцi з-пад улады. Але тыя, каму далi зброю, зямлёй не валодалi, а думалi, што валодаюць. I канторшчыкi, што хадзiлi вечарамi на ваенную муштру, таксама нiчога не мелi, а ў дробных крамнiкаў былi толькi поўныя шуфляды даўгавых распiсак. Але нават доўг - гэта ўжо нешта такое, i пiсарства таксама не дробязь. Канторшчык думаў: я атрымлiваю пятнаццаць даляраў на тыдзень. А што, калi якi-небудзь пракляты Окi пойдзе на тую ж работу за дванаццаць? I дробны крамнiк думаў: хiба магу я раўняцца з чалавекам, у якога няма даўгоў?

А вандроўнiкi сцякалiся з усiх бакоў на вялiкiя дарогi, i ў вачах у iх быў голад, у вачах у iх былi iхнiя патрэбы. Яны не валодалi логiкай доказаў, не мелi сiстэмнага плана дзеянняў, за iмi не было нiчога, акрамя iхняга мноства i iхнiх патрэб. Калi дзе-небудзь паяўлялася работа беднаму чалавеку, за яе ваявалi дзесяць чалавек - ваявалi ў тым сэнсе, што збiвалi плату за працу. Калi гэты намерыўся працаваць за трыццаць цэнтаў, дык я згодзен за дваццаць пяць.

Калi ён згодзен за дваццаць пяць, я пайду за дваццаць.

Не, вазьмiце мяне, я галадаю. Я буду працаваць за пятнаццаць. Буду працаваць за харч. У мяне малыя дзецi. Вы паглядзелi б на iх! Цела ў iх пачало пакрывацца болькамi, яны не могуць бегаць. А дасi iм якога ападу, у iх успушваюцца жываты. Мяне бярыце, мяне. Я буду працаваць хоць за кавалак мяса.

I шмат каму гэта было на руку, бо аплата працы падала, а цэны заставалiся ранейшыя. Буйныя ўласнiкi радавалiся i рассылалi яшчэ больш лiсткоў, заваблiваючы яшчэ больш людзей. I плата падае, а цэны ранейшыя. I ўжо недалёка той час, калi да нас вернецца рабства.

Неўзабаве буйныя ўласнiкi i кампанii вынайшлi новы спосаб. Буйны ўласнiк набываў кансервавы завод. Калi выспявалi персiкi i грушы, ён збiваў цану на фрукты нiжэй сабекошту. I, будучы гаспадаром кансервавага завода, браў сам у сябе фрукты па нiзкай цане, а цану на кансервы ўзнiмаў i на гэтым нажываўся. А дробныя фермеры, у якiх не было кансервавых заводаў, трацiлi свае грошы, i фермы iх пераходзiлi да буйных уласнiкаў i да банкаў i кампанiй, што таксама мелi кансервавыя заводы. З цягам часу дробных фермаў рабiлася ўсё менш i менш. Дробныя фермеры перабiралiся ў гарады i хутка вычэрпвалi свае крэдыты i цярпенне сяброў сваiх i сваякоў. I тады яны таксама выязджалi на шашу. I ўсе дарогi былi забiтыя людзьмi, што прагнулi працы i гатовыя былi пайсцi дзеля яе нават на забойства.

А кампанii i банкi рыхтавалi сабе пагiбель, толькi не ведалi гэтага. На палях абапал дарог вырас добры ўраджай, а па дарогах ехалi галодныя людзi. Клецi былi поўныя, а дзецi беднякоў раслi рахiтыкамi, i на целе ў iх высыпалi пелагрычныя прышчы. Буйныя кампанii не ведалi, што мяжа мiж голадам i гневам вельмi тонкая. I грошы, якiя маглi б пайсцi на аплату працы, iшлi на газы, зброю для iх агентаў i шпегаў, на чорныя спiсы, на муштру. Людзi, як мурашкi, распаўзалiся па дарогах у пошуках працы, хлеба. I гнеў пачаў брадзiць у душах людзей.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГI

Было ўжо зусiм позна, калi Том Джоўд збочыў на грунтавую дарогу, шукаючы лагер Уiдпэтч. Агнi траплялiся рэдка. Толькi зарыва, што палыхала ззаду на небе, паказвала, дзе быў Бейкерсфiлд. Грузавiк iшоў павольна, дробна трасучыся кузавам, перад яго коламi з дарогi ўцякалi кошкi, якiя выйшлi на начное паляванне. Каля скрыжавання дарог стаяла купка белых драўляных дамкоў.

Мацi спала, седзячы памiж Томам i бацькам, а той маўчаў усю дарогу, аддаўшыся сваiм думкам.

Том сказаў:

- Дзе яго шукаць, не ведаю. Можа, пачакаем тут свiтання i спытаемся ў каго-небудзь з тутэйшых жыхароў? - Ён спынiў грузавiк каля дарожнага знака, i ў гэты момант яшчэ адна машына пад'ехала да скрыжавання. Том высунуў галаву з кабiны:

- Гэй, мiстэр, можа, ведаеце, дзе тут вялiкi лагер?

- Трымай прама.

Том пераехаў скрыжаванне i праз некалькi соцень ярдаў спынiўся. Наперадзе вiдаць былi высокая драцяная агароджа i шырокiя вароты, да якiх вяла пад'язная дарога. За варотамi стаяў маленькi дамок з адным асветленым акном. Том павёў машыну да варот. Раптам грузавiк падскочыў i з грукатам асеў на зямлю.

- Бог ты мой! - сказаў Том. - Я i не заўважыў, што тут нейкi насып.

Вартаўнiк падняўся з ганка, падышоў да машыны i прыхiнуўся да борта.

- Паспяшаўся, вось i стукнуўся, - сказаў ён. - Другi раз паберажэшся.

- А што гэта такое, скажы, калi ласка?

Вартаўнiк засмяяўся:

- Тут дзецi цэлы дзень носяцца. Просiм людзей ехаць цiшэй, а яны забываюць. А як стукнецца хто разок, дык ужо павек не забудзе, што тут насып.

- А-а... вунь яно што. Спадзяюся, што абышлося без паломкi. А як тут у вас... месца нам знойдзецца?

- На адну палатку. Колькi вас?

Том пачаў лiчыць па пальцах:

- Я, бацька, мацi, Эл, Разашарна, дзядзька Джон i Руцi з Уiнфiлдам. Апошнiя двое - дзецi.

- Ну што ж, думаю, уладкуем вас. Палатка i ўсё астатняе ёсць?

- Ёсць брызент i матрацы.

Вартаўнiк стаў на падножку.

- Кiруй па гэтым радзе да канца, а там - направа. Прыпiшам вас да санiтарнага блока нумар чатыры.

- А што гэта такое?

- Там туалеты, душавыя i пральня.

Мацi запыталася:

- У вас пральня ёсць... i водаправод?

- А як жа.

- Слава табе, госпадзi! - вырвалася ў мацi.

Том вёў грузавiк у цемры паўз доўгi шэраг палатак. У санiтарным блоку гарэў няяркi агонь.

- Сюды вось кiруй, - сказаў вартаўнiк. - Месца добрае. Адсюль толькi што выехалi.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату