схiлiў галаву набок, каб лепш чуць.

- 'Аддаў Iсусу сэрца, ён мне прытулак даў. Аддаў Iсусу душу, ён да сябе ўзяў'. - А далей пачулася няяснае мармытанне, потым усё сцiхла. Том збег па насыпе, кiруючыся на гэты голас. Праз некалькi крокаў спынiўся i зноў прыслухаўся. Цяпер голас быў зусiм блiзка, ён спяваў, як i раней, цягуча, манатонна: - 'Той ноччу ўжо пры смерцi Мэгi мне адкрыла сэрца i дала свае мне споднiкi чырвоныя з фланелi. Пузыры яны ўжо на каленях мелi...'

Том асцярожна пайшоў наперад. На зямлi ён разгледзеў цёмную постаць, падкраўся да яе i сеў побач. Дзядзька Джон перакулiў бутэльку, i вiскi з булькатам палiлося з рыльца ў рот.

Том спакойна сказаў:

- Стой. А мне?

Дзядзька Джон павярнуўся да яго:

- Ты хто такi?

- Забыўся? Ты ўжо чатыры разы глынуў, а я толькi разок.

- Не, Том. Ты дурня з мяне не строй. Я тут адзiн сядзеў. Цябе не было.

- Але ж цяпер я тут. Можа, усё ж дасi пацягнуць?

Джон зноў паднёс бутэльку да рота, вiскi зноў забулькала. Потым ён патрос бутэльку. Яна была пустая.

- Усё, - сказаў ён. - Так хочацца памерцi. Страшэнна хочацца памерцi. Пацiху памерцi. Так трэба. Як бы заснуць. Пацiху памерцi. Я вельмi стамiўся. Я стамiўся. Заснуць i не прачнуцца. - Ён замурлыкаў: - 'На мне карона будзе... карона залатая'.

Том сказаў:

- Слухай, дзядзька Джон. Мы едзем далей. Пойдзем са мной, ляжаш на паклажу i паспiш.

Джон пакруцiў галавой:

- Не. Iдзi. Я не паеду. Адпачну тут. Што толку вяртацца? Якая з мяне карысць? Валачу за сабой грахi, як брудныя споднiкi сярод добрых людзей. Не, не паеду.

- Хадзем. Без цябе мы не паедзем.

- Едзьце самi. Якi з мяне толк? Нiякага. Валачу толькi свае грахi з сабою, пэцкаю другiх.

- Ты не большы грэшнiк, чым усе iншыя.

Джон схiлiў да яго галаву i хiтравата падмiргнуў. Том ледзь распазнаваў яго твар пры святле зорак.

- Маiх грахоў нiхто не ведае, нiхто, акрамя госпада бога. Вось ён ведае.

Том апусцiўся на каленi, памацаў у дзядзькi Джона лоб - гарачы, сухi. Джон нехлямяжа адштурхнуў яго руку.

- Хадзем, - угаворваў Том. - Ну хадзем, дзядзька Джон.

- Я з вамi не паеду. Стамiўся, i ўсё. Я адпачну. Вось тут.

Том падсунуўся да яго шчыльна. Ён паднёс кулак да дзядзькавага падбародка, прымерыўся, двойчы замахнуўся для пэўнасцi i нарэшце, адвёўшы плячо назад, нанёс удар - нямоцны, але дакладны. Падбародак у Джона задраўся ўгору, i дзядзька павалiўся на спiну. Ён хацеў быў прыўзняцца, але Том, стоячы на каленях, нахiлiўся над iм i, калi Джон абапёрся на локаць, ударыў яшчэ раз. Дзядзька Джон зацiх.

Том устаў, падняў абмяклае цела i ўзвалiў, як мех, сабе на плечы. Ён iшоў, хiстаючыся пад гэтым мяккiм цяжарам. Рукi дзядзькi Джона матлялiся з боку ў бок i ляпалi Тома па спiне, ён часта дыхаў, марудна падымаючыся па насыпе. Праехала машына i асвятлiла фарамi яго i груз, якi ён нёс на плячах, на мiг збавiла скорасць i потым, равучы, памчалася прэч.

Том ледзь пераводзiў дух, калi iшоў да Гувервiля па грунтавой дарозе туды, дзе стаяў грузавiк Джоўдаў. Джон пачаў ачуньваць i слаба вырывацца з рук Тома. Той асцярожна апусцiў яго на зямлю каля машыны.

Да яго вяртання стаянка Джоўдаў была ўжо разабраная. Эл падаваў клункi на грузавiк. Брызент ляжаў побач напагатове - потым iм накрыюць паклажу.

Эл сказаў:

- Хутка ж ён набраўся.

Том прабачлiвым тонам сказаў:

- Давялося лёгенька стукнуць яго, небараку, а то не хацеў iсцi.

- Не нарабiў яму шкоды? - захвалявалася мацi.

- Думаю, не. Вось ужо ачуньвае.

Дзядзьку Джона пачало нудзiць. Яго некалькi разоў званiтавала.

Мацi сказала:

- Твая бульба там у талерцы, Том.

Том хмыкнуў:

- Нешта не хочацца.

Бацька крыкнуў:

- Ну ўсё! Эл, прывязвай брызент!

Грузавiк стаяў, гатовы да ад'езду. Дзядзька Джон заснуў. Том з Элам паднялi яго i ўзвалiлi на самы верх. Схаваўшыся за грузавiк, Уiнфiлд прытварыўся, што яго ванiтуе, а Руцi, стоячы побач, зацiснула рот далонню, каб не вiскнуць ад смеху.

- Гатова, - сказаў бацька.

Том запытаўся:

- Дзе Разашарна?

- Вунь яна, - адказала мацi. - Iдзi сюды, Разашарна. Зараз паедзем.

Але тая сядзела моўчкi, апусцiўшы галаву на грудзi. Том падышоў да сястры.

- Пойдзем, - сказаў ён.

- Я не паеду. - Ружа Сарона падняла галаву.

- Але ж трэба.

- Я хачу разам з Конi.

На дарогу, што вяла з лагера да шашы, выехалi тры машыны - старыя машыны, набiтыя людзьмi i ўсялякiм скарбам. Яны з бразгатам пакiравалi да шашы, асвятляючы цьмянымi фарамi дарогу.

Том сказаў:

- Конi нас знойдзе. Я папрасiў у краме, каб яму сказалi, куды мы паехалi. Ён нас знойдзе.

Мацi падышла i стала побач з iм.

- Хадзем, Разашарна. Хадзем, дачушка, - мякка сказала яна.

- Я пачакаю яго.

- Чакаць нам няма часу. - Мацi нахiлiлася, узяла дачку пад локаць i памагла ёй падняцца.

- Ён нас знойдзе, - паўтарыў Том. - Ты не хвалюйся. Конi знойдзе нас. - Ён разам з мацi павялi Ружу Сарона пад рукi.

- Магчыма, ён кнiжкi пайшоў купляць, - выказала меркаванне Ружа Сарона. Можа, захацеў сюрпрыз нам зрабiць.

- Можа, i так, - сказала мацi.

Ружу Сарона падвялi да грузавiка, памаглi падняцца на самы верх, i, забраўшыся пад брызент, яна нырнула там у цёмны куток.

Барадаты чалавек з крытай травой халупкi нясмела падышоў да машыны. Ён моўчкi таптаўся каля яе, сашчапiўшы рукi за спiнай.

- У вас нiчога такога не засталося, што магло б нам згадзiцца? - нарэшце запытаўся ён.

- Нават не ведаю, што вам сказаць. Не, пакiдаць нам няма чаго.

- А вы хiба не едзеце? - пацiкавiўся Том.

Барадач доўга пазiраў на яго.

- Не, - нарэшце вымавiў ён.

- Дык жа яны тут усё спаляць.

Вочы, у якiх мiгцела нерашучасць, апусцiлiся долу.

- Ведаю. Такое ўжо з намi было.

- Дык якога ж лiха вы не едзеце?

Разгубленыя вочы адарвалiся ад зямлi, потым зноў апусцiлiся, i ў iх на мiг адлюстравалася чырвонае

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату