палатцы. Камiсiя ў пакаранне прымусiла яго папрацаваць. - Яны iшлi цяпер па краi чорнай ад мазуту дарогi, абсаджанай з аднаго боку арэхавымi дрэвамi. З-за гор вызiрнуў абадок сонца. Том сказаў:

- Дзiўна неяк. Я паснедаў у вас, а як зваць мяне, не сказаў, i вы таксама не назвалiся. Я - Том Джоўд.

Старэйшы глянуў на яго i слаба ўсмiхнуўся:

- Ты, вiдаць, у гэтых краях нядаўна?

- Усяго некалькi дзён.

- Так я i думаў. Проста дзiўна - i хутка ж тут адвыкаеш iмя сваё называць... так шмат народу. Адзiн аднаго тут клiчуць проста 'прыяцель'. Дык вось, сэр, зваць мяне Цiмацi Ўолес, а гэта сын мой - Уiлкi.

- Вельмi прыемна, - сказаў Том. - А вы самi тут даўно?

- Дзесяць месяцаў, - адказаў Уiлкi. - Мы прыбылi сюды ў самым хвасце леташняга патоку бежанцаў. А госпадзi! Ну i часiна была, ну i часiна! Ледзь з голаду не памерлi. - Iх чаравiкi пастуквалi па грунтавой дарозе. Мiма прайшоў грузавiк, поўны людзей, паглыбленых у свае думкi. Яны трымалiся за барты i панура пазiралi на дарогу.

- Гэтыя працуюць на газавую кампанiю, - сказаў Цiмацi. - Добра зарабляюць.

- Я мог бы ўзяць наш грузавiк, - прапанаваў Том.

- Не, не варта. - Цiмацi нахiлiўся i падабраў з зямлi зялёны грэцкi арэх. Калупнуў яго пазногцем i шпурнуў у чорнага дразда, якi сядзеў на драцяной агароджы. Дрозд успырхнуў i, калi арэх праляцеў пад iм, зноў апусцiўся на дрот i пачысцiў дзюбкай блiскучае чорнае пер'е.

Том запытаўся:

- А ў вас машыны няма?

Абодва Ўолесы змоўчалi, i, глянуўшы на iх, Том убачыў збянтэжанасць на iх тварах.

Уiлкi сказаў:

- Туды, дзе мы працуем, недалёка - усяго адна мiля, вось па гэтай дарозе.

Цiмацi сярдзiта загаварыў:

- Не, няма ў нас машыны. Прадалi. Вымушаны былi. Есцi не было чаго, хоць зубы на палiцу кладзi. Працу таксама не маглi знайсцi. А тут кожны тыдзень прыходзяць скупшчыкi. Прыйдзе такi, убачыць, што ты галодны, i бярэцца купiць тваю машыну. I калi ты досыць ужо згаладаўся, ён у цябе яе за бясцэнак купляе. А мы... мы былi ох якiя галодныя. За дзесяць даляраў прадалi. - Цiмацi плюнуў на дарогу.

Уiлкi спакойна сказаў:

- На тым тыднi я ў Бейкерсфiлдзе быў. Бачыў яе... выстаўлена на продаж... стаiць сабе наша машына, а на бiрцы цана - семдзесят даляраў.

- У нас выйсця не было, - зноў загаварыў Цiмацi. - Вырашылi: лепей няхай нас абрабуюць, чым мы iх. Да крадзяжу мы яшчэ не дайшлi, але ох як былi мы блiзка да яго!

Том сказаў:

- А мы, ведаеце, перад ад'ездам чулi, што работы тут да чорта. I яшчэ лiсткi такiя чыталi, у якiх людзей сюды заклiкалi.

- Так, - сказаў Цiмацi, - мы iх таксама чыталi. А работы тут мала. I плата ўвесь час падае. Галава балiць ад думак, як пракармiцца.

- Цяпер жа ў вас праца ёсць, - нагадаў яму Том.

- Ёсць, толькi гэта ненадоўга. Гаспадар у нас добры. Участак у яго невялiкi. Разам з намi працуе. Але ненадоўга ўсё гэта.

Том сказаў:

- Нашто ж вам мяне ўладкоўваць? Утраiх з работай яшчэ хутчэй справiмся. Вы ж самi сабе да горла нож падносiце, чаму так робiце?

Цiмацi пакруцiў галавой:

- Не ведаю. Вiдаць, па дурноце. Мы думалi купiць сабе капелюшы. Толькi наўрад цi ўдасца. Вунь яго ўчастак, направа. Праца выгадная. Трыццаць цэнтаў у гадзiну. I гаспадар добры, з намi па-прыяцельску.

Яны збочылi з дарогi i прайшлi па пасыпанай жвiрам дарожцы цераз невялiкi агародчык; за прысадамi стаялi белы дамок сярод купкi цянiстых дрэў i адрына; за адрынай вiднеўся вiнаграднiк i баваўнянае поле. Калi яны параўнялiся з дамком, сеткаватыя дзверы на ганку грукнулi, i па прыступках спусцiўся загарэлы каржакаваты чалавек у кардонным шлеме. Ён iшоў па двары, падкасваючы на хаду рукавы кашулi. Яго густыя, абсмаленыя сонцам бровы пахмурна ссунулiся. Шчокi былi чырвоныя ад загару.

- Добрага вам ранку, мiстэр Томас, - павiтаўся Цiмацi.

- Добрага, - раздражнёна буркнуў той.

Цiмацi сказаў:

- Гэта Том Джоўд. Можа, вы знойдзеце магчымасць узяць яго на працу?

Гаспадар сярдзiта глянуў на Тома i раптам рагатнуў, але бровы ў яго так i засталiся насупленымi.

- О, вядома, вядома. Я яго вазьму. Я ўсiх, каго хочаце, вазьму. Можа, i цэлую сотню вазьму.

- Мы проста думалi... - прабачлiвым тонам пачаў быў Цiмацi.

Томас перабiў яго:

- Ага, i я таксама думаў. - Ён крута павярнуўся тварам да iх. - Мне трэба з вамi пагаварыць. Я плачу вам трыццаць у гадзiну, так?

- Так, мiстэр Томас... але мы...

- I за трыццаць цэнтаў вы робiце, што мне трэба. - Томас пераплёў пальцы сваiх вялiкiх агрубелых рук.

- Мы стараемся добра працаваць.

- Ну дык вось, хопiць. З сённяшняга дня я плачу вам дваццаць пяць у гадзiну, хочаце - заставайцеся, не хочаце - iдзiце. - Чырвань на яго твары пацямнела ад гневу.

Цiмацi сказаў:

- Мы добра працавалi. Вы самi казалi.

- Казаў. Але цяпер усё так павярнулася, што, здаецца, я не магу наймаць людзей. - Томас глынуў слiну. - Вось слухайце. У мяне шэсцьдзесят пяць акраў зямлi. Пра Асацыяцыю фермераў вы калi-небудзь чулi?

- Ну, вядома, чулi.

- Дык вось, я ў яе ўваходжу. Учора вечарам у нас быў сход. А хто верхаводзiць у Асацыяцыi, ведаеце? Зараз скажу. Заходнi банк. Банку гэтаму належыць ледзь не ўся наша далiна, а што не яго, на тое ён мае вэксалi па пазыках. I ўчора адзiн банкаўскi прадстаўнiк сказаў мне: 'Вы плацiце трыццаць цэнтаў у гадзiну. Давядзецца вам збавiць да дваццацi пяцi'. Я кажу яму: 'У мяне добрыя работнiкi. Такiм не шкада i трыццаць даць'. А ён мне: 'Не ў гэтым справа. Цяпер устаноўлена плата дваццаць пяць цэнтаў. Калi будзеце плацiць трыццаць, узнiкне незадавальненне. I дарэчы, кажа, вам, напэўна ж, зноў спатрэбiцца пазыка ў наступным годзе пад новы ўраджай, цi ж не так?' - Томас замаўчаў. Ён цяжка i хрыпла дыхаў. - Цяпер ясна? Стаўка - дваццаць пяць цэнтаў - i за гэта дзякуй скажыце.

- Мы старанна працавалi, - разгублена прамовiў Цiмацi.

- Да вас яшчэ не дайшло? Пан Банк наймае дзве тысячы чалавек, а я ўсяго толькi вас траiх. У мяне даўгавыя абавязацельствы. Вось i паварушыце мазгамi. Калi знойдзеце выйсце, я, бог сведка, пярэчыць не буду. Яны мяне ў кут загналi.

Цiмацi пакруцiў галавой:

- Не ведаю, што i казаць.

- Хвiлiнку пачакайце. - Томас шпарка падняўся на ганак. За iм з грукатам зачынiлiся дзверы. Праз момант ён вярнуўся з газетай у руцэ. - Вось, бачылi? Я вам прачытаю. 'Грамадзяне, абураныя дзейнасцю чырвоных агiтатараў, спалiлi перасяленчы лагер. Мiнулай ноччу група грамадзян, выведзеная з цярпення агiтацыяй, якая праводзiлася ў мясцовым лагеры перасяленцаў, спалiла датла палаткi i запатрабавала ад агiтатараў пакiнуць нашу акругу'.

Том пачаў быў:

- Ага, я... - i раптам асекся i сцiснуў губы.

Томас акуратна склаў газету i засунуў яе ў кiшэню. Ён ужо авалодаў сабой. Спакойна сказаў:

- Людзей гэтых паслала туды Асацыяцыя. Вось я iх i выдаў. I калi там даведаюцца, што я вам сказаў,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату