- Не, - адказаў Роўлi. - Народ тут у нас такi, што пазбавiў мяне неабходнасцi начальстваваць. Падтрымлiваюць чысцiню ў лагеры, глядзяць, каб быў парадак - самi з усiм спраўляюцца. Такiх людзей я зроду не бачыў. У зале, дзе ў нас бываюць сходы, адзежу шыюць, цацкi робяць. Зроду такiх людзей не бачыў.
Мацi паглядзела на сваю нячыстую ўжо сукенку.
- А мы яшчэ ў брудным ходзiм, - сказала яна. - Цяжка сачыць за сабой у дарозе.
- Хiба я не ведаю? - сказаў адмiнiстратар лагера i пацягнуў носам. Скажыце... гэта ў вас кава так смачна пахне?
Мацi ўсмiхнулася:
- Праўда, смачна? На паветры заўсёды ўсё лепш пахне. - I з пачуццём уласнай годнасцi прамовiла: - Мы палiчым за гонар, калi вы паснедаеце з намi.
Ён падышоў да вогнiшча, апусцiўся на кукiшкi i гэтым канчаткова абяззброiў мацi.
- Нам такi госць вялiкая пачэснасць, - сказала яна. - Снеданне ў нас, праўда, не надта каб, але сардэчна запрашаем.
Карантыш усмiхнуўся:
- Я паснедаў ужо, дзякуй. Але ад кубачка кавы не адмоўлюся. Цудоўны пах.
- Ага, ага, калi ласка.
- Вы толькi не ўвiхайцеся так праз мяне.
Мацi налiла ў алавянны кубак кавы з вялiкай кансервавай бляшанкi i сказала:
- Цукру мы яшчэ не дасталi. Сёння, можа, купiм. Калi вы п'яце з цукрам, вам будзе нясмачна.
- З цукрам я не п'ю, - сказаў Джым Роўлi. - Ён толькi смак добрай кавы перабiвае.
- А я люблю крыху з цукрам, - сказала мацi. Яна раптам пiльна паглядзела на яго, каб зразумець, чым ён так лёгка i хутка заваяваў яе прыхiльнасць. Яна шукала разгадкi ў яго на твары i не знаходзiла ў iм нiчога такога, акрамя прыязнасцi. Потым зiрнула на яго белы пiнжак з пасечанымi швамi i зусiм супакоiлася.
Ён папiваў каву з кубка дробнымi глыткамi.
- Жанчыны, напэўна, зойдуць да вас гэтым ранкам.
- Мы яшчэ не прыбралiся, - сказала мацi. - Добра было б, каб яны прыйшлi, калi мы ўжо крышачку спарадкуемся.
- Ну, яны ведаюць, як бывае, - адказаў адмiнiстратар. - Самi так прыехалi. Не, што вы, камiсii ў нас тут добрыя - усё разумеюць. - Ён дапiў каву i падняўся на ногi. - Мне трэба iсцi далей. Калi што вам спатрэбiцца, заходзьце ў кантору. Мяне там заўсёды знойдзеце. Цудоўная кава, дзякуй. - Ён паставiў свой кубак побач з iншымi на скрыню, памахаў рукой i пайшоў уздоўж палатак. Мацi чула, як ён загаворваў з людзьмi, што сустракалiся яму па дарозе. Яна апусцiла галаву, ледзь стрымлiваючы слёзы.
Бацька падышоў да палаткi, ведучы за сабой дзяцей. У вачах у iх яшчэ стаялi слёзыад перанесеных пакут - бацька няшчадна пацёр iм вушы. Яны iшлi прыцiхлыя i чысценькiя. Скура на асмаленым сонцам носе Ўiнфiлда аблупiлася.
- Вось, - сказаў бацька. - Разам з брудам саскроб яшчэ i два пласты скуры. Давялося крышачку патузаць iх - нiяк стаяць спакойна не хацелi.
Мацi акiнула дзяцей крытычным позiркам.
- Цяпер на iх i паглядзець прыемна, - прамовiла яна. - Ешце аладкi з падлiўкай. Трэба паспець яшчэ прыбраць i тут, i ў палатцы.
Бацька паставiў на скрыню талеркi, сабе i дзецям.
- Дзе гэта Том уладкаваўся на працу, хацеў бы я ведаць.
- Не магу сказаць.
- Ну раз ён знайшоў месца, дык i мы знойдзем.
Да палаткi вярнуўся радасна ўзбуджаны Эл.
- Вось гэта лагер! - усклiкнуў ён, узяў аладку i налiў сабе кавы. Ведаеце, чым тут адзiн чалавек займаецца? Прычэп сабе майструе пад жыллё. Вунь там, за тымi палаткамi. У прычэпе ў яго ложкi i печка - усё, што трэба. Жывi сабе ў iм. Вось гэта жыццё! Дзе спынiўся, там i жывi.
Мацi сказала:
- Я хацела б лепш жыць у домiку. Як толькi ў нас будзе на што, адразу купiм домiк.
Бацька сказаў Элу:
- Скончым снедаць, возьмем грузавiк i паедзем шукаць працы - ты, я i дзядзька Джон.
- Ага, - сказаў Эл. - Вось каб устроiцца дзе-небудзь у гаражы, калi б знайшлося свабоднае месца. Нiчога мне больш не трэба. I каб дастаць яшчэ стары ўцэнены 'фордзiк'. Афарбую ў жоўты колер i буду сабе раз'язджаць прыпяваючы. Бачыў тут прыгожанькую дзяўчынку. Перамаргнуўся з ёю. Прыгожанькая, як чорт ведае што.
Бацька строга сказаў:
- Спярша ты на працу ўладкуйся, а потым ужо катом хадзi.
Дзядзька Джон выйшаў з туалета i паволi падыбаў да палаткi. Мацi зiрнула на яго i нахмурылася.
- Ты ж не памыўся... - пачала яна i раптам убачыла, што ён зусiм хворы, слабы, сумны. - Iдзi пад брызент, паляжы там, - сказала яна. - Ты нездаровы.
Дзядзька Джон пакруцiў галавой:
- Не. Я саграшыў, i гэта мне кара. - Ён паныла прысеў каля скрынi, налiў сабе кавы ў кубак.
Мацi зняла з патэльнi апошнiя аладкi i, нiбы мiмаходзь, сказала:
- Прыходзiў адмiнiстратар лагера, пасядзеў трохi, выпiў кавы кубак.
Бацька паволi падняў на яе вочы:
- Прыходзiў? А што было яму трэба?
- Проста так, час прабавiць, - манерна адказала мацi. - Прысеў, выпiў кавы. Сказаў, добрую каву нячаста даводзiцца яму пiць, а ў нашай вельмi смачны пах.
- Што ён хацеў? - дапытваўся бацька.
- А нiчога не хацеў. Прыйшоў глянуць, як мы тут.
- Нешта не верыцца, - буркнуў бацька. - Напэўна, выведвае, вынюхвае ўсё навокал.
- Ды не! - засердавала мацi. - Я адразу разбяру, хто чаго прыходзiць, мяне вучыць не трэба.
Бацька выплюхнуў на зямлю кававую гушчу з кубка.
- Ты пакiнь гэту прывычку, - выгаварыла яму мацi. - Глянь, якая тут чысцiня.
- Тут яшчэ такую чысцiню навядуць, што i жыцця не будзе, - прабурчаў бацька, зачэплены за жывое. - Ну канчай, Эл. Паедзем шукаць працу.
Эл выцер рот далонню.
- Я гатовы, - сказаў ён.
Бацька павярнуўся да дзядзькi Джона:
- Ты з намi едзеш?
- Еду.
- Табе ж нездаровiцца.
- Нездаровiцца, але я паеду.
Эл залез у кабiну.
- Трэба недзе гаручага дастаць, - сказаў ён i завёў матор. Бацька i дзядзька Джон селi побач з iм, i грузавiк пакацiўся па шырокiм праходзе мiж палатак.
Мацi правяла iх позiркам, потым узяла вядро i пайшла з iм да балеяў пад паветкай санiтарнага блока. Там яна налiла ў вядро гарачай вады i панесла да палаткi. I калi Ружа Сарона вярнулася з туалета, мацi ўжо мыла посуд у вядры.
- Вунь тваё снеданне, на талерцы, - сказала мацi i пiльна паглядзела на дачку. Валасы ў Ружы Сарона былi мокрыя i гладка прычасаныя, твар чысты, ружовы. На ёй была сiняя сукенка ў маленькiя белыя кветкi. На нагах - лодачкi, купленыя яшчэ да вяселля. Ад матчынага позiрку яна пачырванела.
- Ты, я бачу, прыняла душ, - сказала мацi.
Ружа Сарона хрыплавата загаварыла:
- Я стаю там, раптам прыходзiць жанчына i пачынае мыцца. Ведаеш, як гэта робiцца? Заходзiш у такую загарадку, ну як стойла ў хляве, паварочваеш ручкi, i на цябе вада льецца - гарачая i халодная, якая хочаш. I я памылася!