- Якое дзiкунства! Якое дзiкунства ў вас, грамадзяначка...
I вось... Эх, калi б Бiм быў чалавек! Вось падышла тая самая цётка, 'савецкая жанчына' - тая сплетнiца. Бiм спачатку спалохаўся, але потым натапырыў шэрсць на загрыўку i прыняў абарончую пазiцыю. А цётка затараторыла да ўсiх, хто стаяў паўкругам крыху воддаль:
- Дзiкасць i ёсць дзiкасць! Ён жа мяне ўкусiў. У-ку-сi-ў! - I паказвала ўсiм руку.
- Дзе ўкусiў? - спытаў юнак з партфелем. - Пакажыце.
- Ты мне яшчэ, шчанюк! - Ды i схавала руку.
Усе, акрамя кiрпатага, засмяялiся.
- Выхоўвалi цябе ў iнстытуце, чорта, вось ужо выхавалi, гадзёныша, накiнулася яна на студэнта. - Ты мне, савецкай жанчыне, i не верыш? Ды што ж потым будзе? Да чаго ж мы iдзём, дарагiя грамадзяне? Цi ў нас ужо Савецкае ўлады няма?
Юнак пачырванеў i зазлаваўся:
- Каб вы ведалi, як на вас глядзець людзям збоку, то пазайздросцiлi б гэтаму сабаку. - Ён ступiў да цёткi i крыкнуў: - Хто вам даў права зневажаць?
Хаця Бiм i не зразумеў слоў, але больш не вытрымаў: ён скочыў да цёткi, гаўкнуў на ўсю моц i ўпёрся ўсiмi чатырма лапамi, каб стрымацца (за тое, што потым можа быць, ён не ручаўся). Iнтэлiгент. Ды ўсё-такi сабака.
Цётка закрычала не сваiм голасам:
- Мiлiцыя! Мiлi-i-цыя!
Дзесьцi засвiстаў свiсток, нехта, падыходзячы, крыкнуў:
- Праходзьце, грамадзяне! Праходзьце каму куды трэба! - Гэта быў мiлiцыянер. (Бiм нават чуць павiляў хвастом, хоць i быў устрывожаны.) - Хто крычаў?! Вы? - загаварыў мiлiцыянер да цёткi.
- Яна, - пацвердзiў студэнт.
Умяшаўся Кiрпаты:
- I куды вы гледзiце! Што робiце? - запсiхаваў ён на мiлiцыянера. Сабакi, сабакi на праспекце ў абласным горадзе!
- Сабакi! - крычала цётка.
- I гэтакiя вось яшчэ пiцекантропусы! - крычаў i студэнт.
- Ён мяне збэсцiў! - чуць не плакала цётка.
- Грамадзяне, р-разыдзiцеся! А вы, вы ды i вы, пройдзем да мiлiцыi, сказаў ён да цёткi, юнака i Кiрпатага.
- А сабака? - аж запiшчала цётка. - Чэснага чалавека ў мiлiцыю, а сабаку...
- Не пайду, - адрэзаў юнак.
Падышоў другi мiлiцыянер:
- Што тут?
Чалавек пры гальштуку, пры капелюшы з гонарам i памяркоўна растлумачыў:
- Ды вось, гэты студэнцiк не хоча ў мiлiцыю, не слухаецца. Гэныя вунь, абое, хочуць, а гэны не хочаць. Неслухства? А гэта не дазволена. Вядуць трэба iцiць. Цi мала што... - I ён адвярнуўся ад усiх, закруцiў у сваiм вуху вялiкiм пальцам, быццам каб большая дзiрка стала i лепш чуць было. Гэта быў самы што нi на ёсць жэст уласнай перакананасцi, упэўненасцi ў трываласцi сваiх думак i несумненнай перавагi свае асобы над усiмi, хто тут быў, - нават над мiлiцыянерам.
Абодва мiлiцыянеры зiрнулi адзiн на аднаго, але студэнта ўсё ж павялi з сабою. Следам за iмi патупацеў Кiрпаты i Цётка. Людзi разышлiся i ўжо не зважалi на сабаку, акрамя тае мiлае дзяўчыны. Яна падышла да Бiма i пагладзiла яго, але таксама пайшла за мiлiцыянерамi. Сама пайшла, як бачыў Бiм. Ён паглядзеў ёй услед, патаптаўся на месцы i пабег, дагнаў яе i пайшоў поруч.
Чалавек i сабака iшлi ў мiлiцыю.
- Каго ж ты чакаў, Чорнае вуха? - запытала яна, прыпыняючыся.
Бiм сумна прысеў, апусцiў галаву.
- Падцягло табе жываты, мiлы. Я накармлю цябе, пачакай, накармлю, Чорнае вуха.
Ужо некалькi разоў называлi Бiма 'Чорнае вуха'. I гаспадар некалi гаварыў: 'Эх ты, Чорнае вуха!' Даўно-даўно ён так сказаў, яшчэ ў дзяцiнстве. 'Дзе ж ты, мой сябар?' - думаў Бiм. I ўсё ж зноў пайшоў з дзяўчынаю, сумны i журботны.
У мiлiцыю яны прыйшлi ўсе разам. Там крычала цётка, рыкаў кiрпаты дзядзька, угнуўшы голаў, маўчаў студэнт, а за сталом сядзеў мiлiцыянер, незнаёмы, i непрыязна глядзеў на ўсiх траiх.
Дзяўчына сказала:
- Прывяла вiноўнiка. - I паказала на Бiма. - Сiмпатычнейшае стварэнне. Я ўсё чула i бачыла там з самага пачатку. Гэты хлопец, - яна кiўнула на студэнта, - нi ў чым не павiнен.
Расказвала яна спакойна, то паказваючы на Бiма, то на каго-небудзь з траiх. Ёй спрабавалi перабiць гаворку, але мiлiцыянер строга спыняў i Цётку, i Кiрпатага. Ён, было вiдаць, давяраў дзяўчыне. Пад канец яна жартам спыталася:
- Правiльна я гавару, Чорнае вуха? - I да мiлiцыянера яшчэ дадала: - Я Даша. - Потым да Бiма: - Я Даша. Зразумеў?
Уся Бiмава iстота паказвала, што ён яе паважае.
- А ну, iдзi да мяне, Чорнае вуха. Да мяне! - паклiкаў мiлiцыянер. О, Бiм ведаў гэты загад 'да мяне'. Добра ведаў. I падышоў. Той ласкава палапаў па шыi, узяўся за аброжак, паглядзеў нумарок i нешта запiсаў. А Бiму загадаў:
- Ляжаць!
Бiм лёг так, як i трэба: заднiя ногi пад сябе, пярэднiя выцягнуты ўперад, галава - вочы ў вочы з субяседнiкам i чуць набачок.
Цяпер мiлiцыянер пытаўся ў тэлефонную трубку:
- Таварыства паляўнiчых?
'Паляванне!' - здрыгануўся Бiм. 'Паляванне!' Што гэта абазначае тут?
- Таварыства паляўнiчых? З мiлiцыi. Нумар дваццаць чатыры паглядзiце. Сетэр... Як гэта няма? Быць не можа. Сабака харошы, вывучаны... У гарсавет? Добра. - Паклаў трубку i яшчэ раз узяў, нешта пытаўся i пачаў запiсваць, паўтараючы ўслых: - Сетэр, са знешнiмi дэфектамi, пасведчання на радаслоўную няма, гаспадар Iван Iванавiч Iваноў, вулiца Праезджая, сорак адзiн. Дзякую. Цяпер ён загаварыў да дзяўчыны: - Вы, Даша, маладзец. Найшоўся гаспадар.
Бiм затанцаваў, ткнуў носам у калена мiлiцыянеру, лiзнуў руку Дашы i глядзеў у вочы, проста ў вочы, так, як умеюць глядзець толькi разумныя i ласкавыя, даверлiвыя сабакi. Ён жа ўсё зразумеў, што гаварылi пра Iвана Iванавiча, пра яго сябра, пра яго брата, пра яго бога, як на гэта сказаў бы чалавек. I аж уздрыгваў ад хвалявання.
Мiлiцыянер строга буркнуў да Цёткi i Кiрпатага:
- Iдзiце. Усяго добрага.
Дзядзька ўзяўся пiлаваць дзяжурнага:
- I гэта - усё? Якi ж у нас пасля ўсяго будзе парадак? Распусцiлi!
- Iдзiце, iдзiце, дзед. Усяго добрага. Да пабачэння. Адпачывайце.
- Знайшоў мне 'дзеда'! Я табе бацька, баця. Нават як ветлiва гаварыць забылiся, с-сукiны сыны. А хочаце вось такiх, - кiўнуў на студэнта, выхоўваць, па галоўцы гладзiць, па галоўцы. А ён вас - пачакайце! - гаў! I з'есць. - Гаўкнуў i сапраўды, якраз як сабака.
Бiм, вядома, таксама гаўкнуў.
Дзяжурны засмяяўся:
- Глядзiце, папаша, а сабака ж вас разумее, спачувае.
А Цётка, здрыгануўшыся ад падвойнага брэху - чалавечага i сабачага, плiшчылася ад Бiма да дзвярэй i крычала:
- Гэта ён на мяне, на мяне! I ў мiлiцыi нiякае абароны савецкай жанчыне!
Яны пайшлi ўсё-такi.
- А мяне што - затрымаеце? - насуплена спытаў студэнт.
- Слухацца трэба, мiлы. Запрашаюць - павiнен iсцi. Так трэба.
- Трэба? Адкуль такое, каб цвярозага чалавека весцi ў мiлiцыю, як злодзея? Цётцы гэтай трэба было