пад прымусам, ленавата:
- Ат я табе, стварэнне! Пайшоў! Пайшоў!
Нiчога з гэтых слоў 'шэф', 'сабакарня', 'ганi', 'мылiць шыю', 'распiнацца', а тым больш 'хуткая дапамога', Бiм не разумеў i нават нiколi чуць не чуў, але словы 'iдзi' i 'пайшоў' адпаведна iнтанацыi i настрою ён зразумеў цудоўна. Тут Бiма не падманеш. Ён крыху адбегся, сеў i глядзеў на дзверы. Каб людзi ведалi, чаго шукае Бiм, яны дапамаглi б яму, хоць гаспадара сюды i не прывозiлi, а адразу ў бальнiцу. Але што рабiць, калi сабакi разумеюць людзей, а людзi не заўсёды разумеюць сабак i нават адзiн аднаго. Дарэчы, Бiму i такiя глыбокiя думкi былi недасяжны; незразумела было i тое, па якому такому праву яго не пускаюць у дзверы, за якiя ён чэсна драпаў i за якiмi, iнакш i быць не магло, яго сябар.
Бiм сядзеў ля бэзавага куста з паблеклым ужо лiсцем да самага вечара. Прыязджалi машыны, з iх вылазiлi людзi ў белых халатах i вялi каго-небудзь пад рукi або iшлi следам; зрэдку выносiлi чалавека на насiлках, тады Бiм падыходзiў блiжэй, нюхаў, - не, не ён. Пад вечар сабаку заўважылi i другiя. Нехта прынёс кавалачак каўбасы, - Бiм не крануў! - нехта паспрабаваў узяцца за аброжак - Бiм адбег; нават той самы дзядзька ў чорным халаце некалькi разоў праходзiў паўз яго, спыняўся i глядзеў на Бiма са спачуваннем i не тупаў нагамi. Бiм сядзеў, як статуэтка, i нiкому нiчога не гаварыў. Ён чакаў.
Прыцемкам ён спахапiўся: а раптам гаспадар дома? I пабег спехам, лёгкiм галопам.
Бег па горадзе прыгожы, з блiскучаю шэрсцю, дагледжаны сабака - белы, з чорным вухам. Любы добры чалавек скажа: 'Ах, якi мiлы паляўнiчы сабака!'
Бiм падрапаў за родныя дзверы, але яны не адчынiлiся. Тады ён лёг ля парога, скруцiўшыся абараначкам. Не хацелася нi есцi нi пiць - нiчога не хацелася. Сум.
На пляцоўку выйшла Сцяпанаўна:
- Прыйшоў, гаротны?
Бiм вiльнуў хвастом толькi адзiн раз ('Прыйшоў').
- Ну вось, а цяпер i павячэрай. - Яна падсунула да яго мiску з ранiшняю кашаю.
Бiм не ўзяўся.
- Я i ведала: сам накармiўся. Разумны. Спi. - I зачынiла за сабою дзверы.
Гэтае ночы Бiм ужо не выў. Але i не адыходзiў ад дзвярэй: чакаць!
А ранiцою зноў захваляваўся. Шукаць, шукаць сябра! Гэта i ёсць сэнс жыцця. I калi Сцяпанаўна выпусцiла яго, ён, перш-наперш, збегаў да людзей у белых халатах. Гэтым разам нейкi тоўсты чалавек крычаў на ўсiх i часта паўтараў слова 'сабака'. У Бiма папускалi каменнем, хаця i знарок мiма, махалi на яго палкамi i, у канцы канцоў, сербанулi балюча дубцом. Бiм адбегся, сеў, пасядзеў чуць i, мабыць, вырашыў, што тут гаспадара не можа быць, а iнакш не праганялi б так нядобра. I пайшоў Бiм, злёгку апусцiўшы галаву.
Па горадзе iшоў адзiнокi, сумны, занiвошта пакрыўджаны сабака.
Выйшаў ён на бурлiвую вулiцу. Людзей была цьма-цьмушчая, i ўсе спяшалiся, толькi зрэдку перакiдалiся словамi, цяклi кудысь i цяклi бясконца. Быць не магло, каб не прыйшла Бiму ў галаву такая думка: 'А цi не пройдзе ён тут?' I без усякае логiкi сеў у цянi, непадалёку ад веснiчак, i пачаў пiльнаваць, не прапускаючы нi аднаго чалавека. Па-першае, Бiм заўважыў, што ўсе людзi, аказваецца, пахнуць аўтамабiльным дымам, а ўжо цераз яго даходзяць другiя пахi рознае сiлы.
Вось iдзе чалавек, худы, высокi, у вялiкiх стаптаных чаравiках, i нясе ў сетцы бульбу, гэтакую ж, як прыносiў дадому i гаспадар. Худы нясе бульбу i пахне тытунём. Крочыць скоранька, спяшае, быццам яго хтосьцi даганяе. Але гэта толькi здалося - даганяюць некага ўсе. I ўсе нешта шукаюць, як на палявых спаборнiцтвах, а iнакш навошта бегчы па вулiцы, забягаць у дзверы, выбягаць i зноў бегчы?
- Прывiтанне, Чорнае вуха! - кiнуў худы на хаду.
'Прывiтанне', - панура адказаў Бiм, варухнуўшы па зямлi хвастом i не губляючы засяроджанасцi, з якою пазiраў на людзей.
А вось за iм iдзе чалавек у камбiнезоне, пахне гэтаксама, як i сцяна, калi яе лiзнуць (мокрая сцяна). Ён амаль увесь шэра-белы. Нясе доўгую белую палку з бародкаю на канцы i цяжкую сумку.
- А ты чаго тут? - папытаўся ён у Бiма, спынiўся. - Усеўся чакаць гаспадара цi згубiўся?
'Ага, чакаць', - адказаў Бiм, патупаўшы пярэднiмi лапамi.
- Тады на вось табе. - Ён выняў з сумкi кулёк, паклаў перад Бiмам цукерку i пацерабiў за вуха. - Еш, еш. (Бiм i не дакрануўся.) Дрэсiрованы. Iнтэлiгент. З чужое талеркi есцi не будзеш. - I пайшоў далей паволi, спакойненька, не так, як усе.
Як каму, а Бiму гэты чалавек добры: ён ведае, што такое 'чакаць', ён зразумеў Бiма.
Таўсцерны-тоўсты, з тоўстаю палкаю ў руцэ, з тоўстымi чорнымi акулярамi на носе, нясе тоўстую папку: усё ў яго тоўстае. Пахне ён паперамi, па якiх гаспадар шаптаў палачкаю, i яшчэ, здаецца, тымi жоўтымi паперкамi, якiя гаспадар клаў у кiшэню. Ён спынiўся каля Бiма i сказаў:
- Фух! Ну i ну! Дажылiся: сабакi на праспекце.
З варот паказаўся дворнiк з мятлою i стаў ля Тоўстага. А той гаварыў да дворнiка, паказваючы пальцам на Бiма:
- Бачыш? На тваёй тэрыторыi нябось?
- Факт, бачу. - I абапёрся на мяцёлку, паставiўшы яе ўверх барадою.
- Бачыш... Нiчога ты не бачыш, - сказаў злосна. - Нават цукерку не есь, заеўся. Як жа далей жыць?! - Ён злаваўся ваўсю.
- А ты не жывi, - сказаў дворнiк i раўнадушна дадаў:- Бач ты, выхудаў, бедалага.
- Зневажаеш! - гыркнуў Тоўсты.
Спынiлiся тры маладыя хлопцы i чамусьцi ўсмiхалiся, гледзячы на Тоўстага i на Бiма.
- А вам чаго смешна? Чаго смешна? Я кажу яму... сабака! Тысячы сабак, па два-тры кiло мяса кожнаму - дзве-тры тоны ў дзень. Кумекаеце, колькi выходзiць?
Адзiн з хлопцаў запярэчыў:
- Тры кiло i вярблюд не з'есць.
Дворнiк спакойна ўдакладнiў:
- Вярблюды не ядуць мяса. - Нечакана ён ухапiўся за мятлу i замахаў ёю па асфальце перад нагамi ў Тоўстага: - Сыдзi, грамадзянiн! Ну? Я што сказаў!
Тоўсты пайшоў, адплёўваючыся. Тыя ўтрох таксама пайшлi сваёй дарогаю, пасмейваючыся. Дворнiк тут жа перастаў месцi. Ён пагладзiў Бiма па спiне, пастаяў крыху i сказаў:
- Сядзi чакай. Прыйдзе. - I пайшоў у варотцы.
З усяе гэтае сваркi Бiм не толькi зразумеў - 'мяса', 'сабака', 'магчыма', 'псiна', але чуў iнтанацыю галасоў i, галоўнае, усё бачыў: а гэтага ўжо хопiць, каб разумнаму сабаку здагадацца: Тоўстаму дрэнна жыць, дворнiку добра; адзiн злосны, другi - добры. Каму ўжо ведаць, калi не Бiму, што нi свет нi зара на вулiцах ёсць толькi дворнiкi i што яны паважаюць сабак. Тое, што дворнiк прагнаў Тоўстага, Бiму нават спадабалася. А ўвогуле ўся гэтая пуставатая гiсторыя толькi забавiла Бiма, хаця, можа, i была ад яе карысць, таму што Бiм пачаў здагадвацца: людзi ўсе розныя, яны могуць быць i добрыя i дрэнныя. I тое карысць, скажам мы збоку. Але пакуль што Бiму гэта было ўсё роўна: ён глядзеў i глядзеў на прахожых.
Некаторыя жанчыны пахлi востра, што аж не вытрываць, ландышамi, пахлi тымi беленькiмi кветачкамi, што забiваюць нюх, i ля якiх Бiм рабiўся бясчутным; у такiм выпадку Бiм адварочваўся i некалькi секунд не дыхаў - яму не падабалася. У большасцi жанчын вусны былi гэткага самага колеру, як сцяжкi на воўчай аблаве; Бiму такi колер таксама не падабаўся, як i ўсiм жывёлам, а сабакам i быкам асаблiва. Амаль усе жанчыны нешта неслi ў руках. Бiм прыкмецiў, што мужчыны з паноскаю трапляюцца радзей, а жанчыны - часта.
...А Iвана Iванавiча ўсё няма i няма. Сябар ты мой! Дзе ж ты?..
Людзi цяклi i цяклi. Журба Бiмава крышку аслабела, рассеялася сярод людзей, i ён яшчэ ўважлiвей пазiраў уперад - цi не iдзе ён. Сёння Бiм будзе чакаць тут. Чакаць!
Каля яго спынiўся чалавек з мясiстымi абвiслымi губамi, глыбока-маршчынiсты, кiрпаты, з вачыма навыкаце i закрычаў:
- Чортведама што! (Людзi сталi прыпыняцца.) Навокал грып, эпiдэмii, рак страўнiка, а тут што? - тыкаў ён усёю далоняю ў Бiма. - Тут, у масе народу, у гушчынi працаўнiкоў, сядзiць жывая зараза!
- Не ўсякi сабака - зараза. Глядзiце, якi мiлы сабака, - запярэчыла дзяўчына.
Кiрпаты паглядзеў на яе зверху ўнiз i знiзу ўверх i адвярнуўся, абураючыся: