вiнаватага за атручаных ядахiмiкатамi птушак у стэпавых i лесастэпавых раёнах. Ратуючы лес i поле, мы нiшчылi птушак, а знiшчаючы iх... глумiлi лясы. Няўжо аказалася вiнаватаю сiвая варона, спрадвечны санiтар i спадарожнiк чалавечага грамадства?

Спiхай усё на сiвую варону! - самае пэўнае, элементарнае апраўданне тым, хто вiнаваты за смерць птушак.

Доўгiя эксперыменты са смерцю - жахлiва. Паўстаюць ужо супроць гэтага справядлiвыя вучоныя-бiёлагi i паляўнiчыя, ужо барацьба за ахову лесу i птушак iдзе ў мiжнародным маштабе.

Цi падняў я ў свой час голас супроць эксперыментаў са смерцю? Не. I гэта дакор i майму сумленню. Як блекла i немачна прагучаў бы мой голас зараз, каб сказаў я, адумаўшыся, такое:

'Ратуйце шэрую варону - выдатнага санiтара людскога месцажыхарства, ратуйце яе ад вынiшчэння, бо яна дапамагае ачышчаць мясцовасць вакол нас так, як сатырык ачышчае грамадства ад духоўнае нечыстаты, ратуйце шэрую варону за гэта самае; хай яна крышку i зладзейка птушыных яек, але на тое яна i шэрая варона, каб птушкi ўмелi будаваць свае гнёзды; ратуйце гэту насмешнiцу, адзiную птушку, якая мае наiўнае нахабства, што нават у вочы чалавеку можа ляпнуць з дрэва: 'Ка-ар-р!' (Пайшоў вон, дурань!) А вось адышлiся вы, зляцiць долу, насмешлiва каркаючы, возьмецца зноў аплятаць смярдзючы кавалак мяса, якi нiводзiн сабака не возьме ў рот; ратуйце шэрую варону - сатырыка ў птушыным свеце! Не бойцеся яе. Паглядзiце, як маленькiя ластавачкi дружна клююць яе i гоняць адтуль, дзе чыста, а яна ляцiць ад iх, здзеклiва пакаркваючы, туды, дзе пахне прытухлым. Ратуйце шэрую варону!'

Сапраўды, выйшла б i немачна i бяздоказна. Тады няхай i застаецца ў гэтым сшытку пра Бiма. Зараз вось так проста i напiшу на вокладцы: 'Бiм'. Тут усё будзе толькi самому сабе. I запiскi ж гэтыя я пачаў, каб выратаваць гонар Бiма, вiнаватага сваiм нараджэннем, але яны ўсё разрастаюцца, i ўжо пра ўсё тое, што звязана не толькi з Бiмам, але i са мною. Нiхто, вiдаць, iх не надрукуе, ды i каму ахвота чытаць пра сабаку i пра сябе? Нiкому. Так i хочацца напiсаць словы Кальцова:

Пишу не для мгновенной славы:

Для развлеченья, для забавы,

Для милых искренних друзей,

Для памяти минувших дней.

...А Бiм ляжыць i ўдзень - нарабiўся, прыяцель, нахапаўся гаючых пахаў жоўтага лесу.

Ах, жоўты лес, жоўты лес! Вось вам i асколачак шчасця, вось табе i месца, дзе падумаць. У асеннiм сонечным лесе чалавек робiцца лепшы.

Раздзел 5

НА АБЛАВЕ Ў ВОЎЧЫМ ЯРЫ

Аднаго асенняга дня да Iвана Iванавiча зайшоў чалавек, ад якога пахла стрэльбаю i сабакам. Хоць ён i не быў у паляўнiчых рэгалiях i апрануты быў звычайна, як усе малацiкавыя людзi, але Бiм адчуў ад яго i тонкi пах лесу, i след ад стрэльбы на далонях, i духмяны дух асенняга лiсту ад чаравiк. Вядома ж, пра ўсё гэта Бiм сказаў, абнюхваючы госця, пазiраючы на гаспадара i энергiчна пакручваючы хвастом. Бачыў ён яго першы раз, але ж адразу прызнаў за сябра без усякiх сумненняў i нерашучасцi.

Госць ведаў сабачую мову, таму i сказаў ласкава:

- Прызнаў, прызнаў. Маладзец, добра, добра. - Пагладзiў па галаве i сказаў упэўнена i ясна: - Сядзець!

Бiм выканаў загад - сеў i нецярплiва перабiраў лапамi. I слухаў, i глядзеў не спускаючы вачэй.

Госць i гаспадар пацiснулi адзiн аднаму рукi, сустрэлiся добрымi-добрымi вачыма.

'Выдатна!' - сказаў Бiм, вiскнуў.

- Разумны сабака, - сказаў госць, кiнуўшы вокам на Бiма.

- Добры Бiм, лепшага не трэба! - пацвердзiў Iван Iванавiч.

Вось так яны крыху пагаварылi ўтрох, i госць-паляўнiчы дастаў з кiшэнi паперку, паклаў яе на стол, пачаў вадзiць па ёй пальцам i гаварыў:

- Вось тут... тут, у самай гушчэчы Воўчага яра. Сам падвываў. Пяцёра адгукнулася: трое прыбылых, два мацёрыя. Аднаго пабачыў. Ну i ваўчыла!

Бiм ведаў словы гаспадара, калi шукаў: 'Тут-тут, тут-тут'. I насцеражыўся. Але калi было сказана слова 'ваўчыла!', вочы яго расшырылiся: гэта быў жудасны пах ляснога сабакi, пах, якога напалохаўся Бiм, пах, пра якi гаспадар тады, пужаючы, сказаў, паказваючы на след: 'Воўк! Гэта воўк, Бiм'. Вось цяпер i паляўнiчы сказаў гэтаксама: 'Ну i во-оўк!'

Госць пайшоў, развiтаўшыся з Бiмам.

Iван Iванавiч сеў набiваць набоi, закладваючы буйныя гарошыны свiнцу i перасыпаючы iх бульбянаю мукою.

Ноччу Бiм спаў неспакойна.

А задоўга да свiтання яны выйшлi са стрэльбаю на вулiцу i сталi ля вугла. Скора пад'ехаў вялiкi аўтамабiль з паляўнiчымi. Яны сядзелi i ў накрытым кузаве на лаўках, сядзелi цiха i ўрачыста. Iван Iванавiч спачатку пасадзiў Бiма, потым i сам улез у кузаў. Учарашнi паляўнiчы сказаў Iвану Iванавiчу:

- Э-э, не! Нашто ж Бiм з табою!

- Сабак не павiнна быць на аблаве. Зняць! - строга сказаў хтосьцi. Падасць голас - прапала аблава.

- Бiм не падасць голасу, - быццам апраўдваўся Iван Iванавiч. - Не ганчак жа ён.

Яму пярэчылi адразу ў некалькi галасоў, але кончылася на тым, што ўчарашнi госць сказаў:

- Дарма. З Бiмам пастаўлю на запасную! Ёсць месца, Iван Iванавiч: было так, што воўк вырываўся там са сцяжкоў, па пратоцы.

Бiм здагадаўся, што яго не хочуць браць. Ён таксама ўгаворваў суседзяў, але ў цемнаце яго нiхто не зразумеў. I ўсё ж аўтамабiль рушыў.

Ужо сонца ўзышло, калi спынiлiся ля леснiчоўкi знаёмага леснiка. Выйшлi ўсе цiха, без адзiнага слова, як i Бiм. Потым доўга iшлi ланцужком паўз узлесак. Нiхто не курыў, не кашляў, не стукнуў нават ботам аб бот, ступаючы па-сабачы: тут кожны ведаў - куды, хто i нашто. Не ведаў толькi Бiм, але ён таксама ценем iшоў услед за гаспадаром. Той на хаду крануў Бiма за вуха: добра, маўляў, маладзец Бiм.

Паперадзе, за галоўнага, iшоў учарашнi госць-паляўнiчы. I вось ён падняў руку - усе спынiлiся. Трое пярэднiх пайшлi ў лес яшчэ асцярожней, па-кашачы, i скора вярнулiся. Цяпер Галоўны падняў над галавою фуражку, махнуў ёю ўперад. Па гэтым знаку палавiна паляўнiчых пайшла за iм, сярод iх апошнi i Iван Iванавiч з Бiмам. Так што Бiм iшоў апошнi: цiшэй за яго нiхто не мог iсцi, але, нягледзячы на гэта, Iван Iванавiч узяў яго на павадок.

Па маўклiвай камандзе Галоўнага першы, хто iшоў за iм, стаў за куст i замёр. Скора гэтаксама зацiх ля дубняку i другi, потым трэцi, i так па аднаму ўсе сталi на свае нумары. Засталiся ля Галоўнага толькi Iван Iванавiч i Бiм. Яны iшлi асцярожней, чым раней. Цяпер Бiм бачыў, што паўз iхнюю дарогу нацягнуты шнур, а на iм нерухома вiселi кавалкi мацеры, падобнае на агонь. Але нарэшце Галоўны паставiў iх i сам пайшоў назад.

Бiм чуйным вухам чуў усё-такi яго крокi, хаця людзям i здавалася, што нiхто iх не чуе. Бiм учуў яшчэ, што Галоўны правёў i астатнiх паляўнiчых, але так далёка, што нават i Бiм ужо не чуў шамацення.

I настала цiшыня. Насцярожаная, трывожная лесавая цiшыня. Бiм адчуваў гэта i па тым, як зацiх гаспадар, як здрыганулася яго нага ў калене, як нячутна адчынiў ён стрэльбу i паклаў у ствалы набоi, зачынiў i зноў насцярожана застыў.

Яны стаялi, захiнутыя кустом арэшнiку, збоч прамыiны, якая зарасла густым цярноўнiкам. А вакол быў магутны дубовы лес, суровы ў гэтую пару, маўклiвы. Кожнае дрэва - волат! А пад iм густы падлесак яшчэ мацней адцяняў незвычайную сiлу адвечнага лесу.

Бiм ператварыўся ў камячок з самое пiльнасцi; сядзеў нерухома i лавiў пахi, але пакуль што нiчога адметнага не прыкмячаў, бо паветра было нерухомае, i ад гэтага Бiму было неспакойна. Калi ёсць хоць маленькi ветрык, ён заўсёды ведаў, што там наперадзе, ён чытаў струменьчыкi паветра, як радкi, а без ветру, ды яшчэ ў такiм лесе, - паспрабуй быць спакойны, калi да ўсяго гэтага i яго добры сябар стаiць побач i таксама хвалюецца.

I раптам пачалося.

Сiгнальны стрэл распароў цiшыню на вялiкiя кавалкi: рэха прагрымела то там, то тут, то дзесьцi ўдалечынi. А следам, быццам у тон лясному грому, далёка-далёка голас Галоўнага:

- Пайшо-о-оў! Ого-го-го-го-го-о-о!

Iван Iванавiч нахiлiўся да Бiма i ледзь чутна прашаптаў:

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату