забрала са стала ключы, усё гэта перадалося i Бiму, i ён быў у трывожным чаканнi.

Скора ён пачуў: ключ уставiлi ў замок, ён пстрыкнуў, дзверы адчынiлiся, у прыхожым пакоi загаварылi, потым зайшла Сцяпанаўна, а за ёю трое чужых у белых халатах - дзве жанчыны i адзiн мужчына. Ад iх пахла не так, як ад усiх людзей, а мацней, чым тою скрыначкаю, што вiсiць на сцяне, якую гаспадар адчыняў толькi тады, калi гаварыў: 'Блага мне, Бiм, блага, дрэнна'.

Мужчына рашуча ступiў да ложка, але...

Бiм кiнуўся на яго, як звер, упёрся лапамi ў грудзi i два разы гаўкнуў на ўсю сiлу.

'Вон! Вон!' - закрычаў Бiм.

Мужчына адхiснуўся, адапхнуў Бiма, жанчыны выскачылi ў прыхожы пакой, а Бiм сеў ля ложка, увесь дрыжаў i, вiдаць, гатовы быў аддаць жыццё, але не даць падступiцца незнаёмым людзям да гаспадара ў такую цяжкую для яго часiну.

Доктар, стоячы ў дзвярах, сказаў:

- Ну i сабака! Што ж рабiць?

Тады Iван Iванавiч кiўком паклiкаў Бiма да сябе, пагладзiў па галаве, чуць павярнуўся да яго. А Бiм прытулiўся да сябра плечуком i лiзаў яго ў твар, у шыю, у рукi...

- Iдзiце сюды, - цiха прамовiў Iван Iванавiч, гледзячы на доктара.

Той падышоў.

- Дайце мне руку.

Той падаў.

- Дзень добры.

- Дзень добры, - сказаў доктар.

Бiм ткнуўся носам у руку доктара, што абазначала на яго сабачай мове: 'Што тут зробiш! Хай так i будзе: сябар майго таварыша - i мне сябар'.

Прынеслi насiлкi. Паклалi на iх Iвана Iванавiча. Ён цiха сказаў:

- Сцяпанаўна... паглядзiце Бiма, дарагая. Ранiцаю выпускайце. Ён сам прыходзiць скора... Бiм будзе чакаць мяне. - I да Бiма: - Чакаць... Чакаць.

Бiм ведаў слова 'чакаць': ля магазiна - 'Сядзець, чакаць', ля рукзака на паляваннi - 'Сядзець, чакаць'. Цяпер ён вiскнуў, павiляў хвастом, што азначала: 'О, мой верны сябар вернецца да мяне! Ён iдзе, але скора вернецца'.

Зразумеў яго толькi адзiн Iван Iванавiч, астатнiя не зразумелi - гэта ён убачыў па iхнiх вачах. Бiм сеў ля насiлак i паклаў на iх лапу. Iван Iванавiч пацiснуў яе.

- Чакаць, хлопчык. Чакаць.

Вось такога Бiм нiколi не бачыў у свайго сябра, каб вось так, як гарошыны, пакацiлася з вачэй вада.

Калi насiлкi вынеслi i пстрыкнуў замок, ён лёг ля дзвярэй, выцягнуў пярэднiя лапы, а галаву паклаў на падлогу, вывернуўшы яе набок: так кладуцца сабакi, калi iм балiць або сумна; яны i памiраюць часцей за ўсё ў такой позе.

Але Бiм не памёр ад суму, як той сабака-павадыр, якi пражыў са сляпым многа-многа год. Той лёг ля магiлы гаспадара, не ўзяў есцi, хоць i прыносiлi добрыя людзi, а на пяты дзень, калi ўзышло сонца, ён памёр. I гэта была не выдумка. Ведаючы пра незвычайную сабачую любоў i адданасць, рэдка якi паляўнiчы скажа пра сабаку: 'здох', ён заўсёды скажа: 'памёр'.

Не, Бiм не памёр, Бiму сказана ясна: 'Чакаць'. Ён верыць - прыйдзе сябар. Да гэтага ж колькi разоў было: скажа 'чакаць' - i абавязкова прыйдзе.

Чакаць! Вось цяпер сутнасць Бiмавага жыцця.

Але так цяжка было аднаму тае ночы, так балюча! Нешта робiцца не так, як звычайна... Ад халатаў пахне бядою. I Бiм занудзiў.

Апоўначы, калi ўзышоў месяц, стала нясцерпна. I пры гаспадары ён заўсёды турбаваў Бiма, гэты месяц: у яго ёсць вочы, ён глядзiць гэтымi мёртвымi вачыма, свецiць мёртвым, халодным святлом, i Бiм уцякаў ад яго ў цёмны куток. А цяпер аж дрыжыкi бяруць ад яго позiрку, а гаспадара няма. I вось позняе ночы ён завыў, з падвывам, завыў, як перад нашэсцем бяды. Ён верыў, што нехта пачуе, а можа, i сам гаспадар пачуе.

Прыйшла Сцяпанаўна.

- Ну што ты, Бiм? Што? Iвана Iванавiча няма... Ой-ой-ой, дрэнна.

Бiм не адказаў нi позiркам, нi хвастом. Ён толькi глядзеў на дзверы. Сцяпанаўна запалiла святло i пайшла. Са святлом стала лягчэй - месяц адплыў далей i стаў меншы. Бiм прымасцiўся пад самаю лямпачкаю, плячыма да месяца, але скора зноў лёг ля дзвярэй - чакаць.

Ранiцою Сцяпанаўна прынесла кашу, паклала яе Бiму ў мiсачку, але ён нават i не ўстаў. Так рабiў i сабака-павадыр - ён не падымаўся i тады, калi прыносiлi ежу.

- Ты бачыш, якi мiласэрны, га? Гэта ж у голаў не ўзяць. Ну, iдзi пагуляй, Бiм. - Яна адчынiла дзверы. - Iдзi пагуляй.

Бiм падняў галаву, уважлiва паглядзеў на старую. Слова 'гуляць' яму знаёма, яно тое, што i воля, а 'iдзi гуляць, iдзi' - поўная воля. О, Бiм ведаў, што такое воля: рабi ўсё, што дазволiць гаспадар. Ну вось, яго няма, а гавораць: 'Iдзi пагуляй'. Дзе ж тая воля?

Сцяпанаўна не ўмела ладзiць з сабакамi, не ведала, што такiя, як Бiм, разумеюць чалавека i без слоў, а тыя словы, якiя iм вядомы, абазначаюць многае i адпаведны кожнаму выпадку. Ад дабраты свае яна сказала:

- Не хочаш кашы, пайдзi пашукай чаго-небудзь. Ты ж i траўку любiш. На сметнiку, мабыць, нешта выбераш (не ведала яна, што Бiм пра памыйкi i не ведаў). Iдзi пашукай.

Бiм устаў, нават страпянуўся. Што такое 'шукай'? Чаго шукаць? 'Шукаць' абазначае: шукай схаваны кавалачак сыру, шукай дзiчыну, шукай згубленую або схаваную рэч. 'Шукай' - гэта загад, што шукаць - Бiм здагадваецца ў кожным выпадку. Што ж шукаць цяпер?

Усё гэта ён сказаў Сцяпанаўне вачыма, хвастом, пераборам лап па падлозе, але яна нiчагусенькi не зразумела, а паўтарыла:

- Iдзi гуляць. Шукай!

I Бiм кiнуўся ў дзверы. Як маланка пранёсся па прыступках з другога паверха, выскачыў на двор. Шукаць, шукаць гаспадара! Вось што шукаць - больш няма чаго: так ён зразумеў. Вось тут стаялi насiлкi. Так, стаялi. Тут ужо ледзь-ледзь пахнуць сляды людзей у белых халатах. След аўтамабiля. Бiм зрабiў круг, увайшоў у яго (так зрабiў бы самы бесталковы сабака), але зноў той самы след. Ён павёў па iм, выйшаў на вулiцу i адразу ж згубiў яго каля вугла: там уся дарога пахла гэтакаю ж самаю гумаю. Чалавечых слядоў ёсць многа i розных, а машынныя злiлiся ў адзiн i ўсе аднолькавыя. Але той, патрэбны яму след, пайшоў з двара туды, за вугал, значыць, i трэба - туды.

Бiм прабег па адной вулiцы, па другой, вярнуўся да дома, аббегаў мясцiны, дзе яны гулялi з гаспадаром, - няма i знаку нiдзе i нiякага... Аднаго разу ён убачыў шапку ў клеткi, дагнаў таго чалавека - не, не ён. Прыгледзеўшыся ўважлiвей, прыкмецiў, што ў клетчатых шапках iдзе многа людзей. Адкуль было ведаць, што тае восенi прадавалi шапкi толькi ў клетачку i яны падабалiся ўсiм. Дагэтуль ён такога не прыкмячаў, таму што сабакi заўсёды глядзяць i запамiнаюць нiз чалавечага адзення. Гэта ў iх яшчэ воўчае, ад прыроды, ад многiх стагоддзяў. Вось так i лiса, калi паляўнiчы стаў за густы куст, якi закрывае яго толькi да пояса, не заўважае чалавека, калi той не паварушыцца або вецер не нанясе паху. Так што Бiм зразумеў гэта як нейкую iсцiну: паверсе няма чаго шукаць, бо галовы могуць быць аднолькавыя, падабраныя колерам адна да аднае, падобныя.

Дзень выпаў ясны. На некаторых вулiцах лiсце ляжала суцэльным покрывам, на некаторых - мясцiнамi, так што, каб трапiўся хоць знак гаспадаровага следу, Бiм улавiў бы яго. Але - нiдзе нiчога.

Апаўдня Бiм адчаiўся. I раптам на адным двары ён наткнуўся на след насiлак: тут яны стаялi. А потым струмень гэтакага ж самага паху пацёк збоку. Бiм пайшоў на яго, як па ўтоптанай сцяжынцы. Парогi пахлi людзьмi ў белых халатах. Бiм падрапаў у дзверы. Адчынiла яму дзяўчына ў белым халаце i спужана адступiлася. Але Бiм прывiтаў яе як толькi мог, пытаўся: 'Цi няма тут гаспадара?'

- Iдзi, iдзi! - закрычала яна i зачынiла дзверы. Потым прыадчынiла i крыкнула: - Пятроў, праганi сабаку, а то мне шэф намылiць шыю, пачне распiнацца: 'Сабакарня, а не 'хуткая дапамога'! Ганi!

Ад гаража падышоў чалавек у чорным халаце, затупаў на Бiма нагамi i зусiм нязлосна закрычаў, быццам

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату