зразумее цi не?
Трэцi, старэйшы за ўсiх, аўтарытэтна заявiў:
- Вучаны. Бачыш, таблiчка на шыi.
- I нiякi не вучаны, - запярэчыў худзенькi хлопчык. - Ён не быў бы такi худы i невясёлы.
Бiм i праўда страшна схудаў без гаспадара, i выгляд у яго змарнелы: падвяло жывот, нерасчэсаная шэрсць скудлачылася на баках i пашарэла на некалi блiскучай спiне. Сум i голад не робяць прыгожым i сабаку.
Толiк дакрануўся Бiму да лба, i той паглядзеў на ўсiх з даверам. Пасля гэтага ўсе па чарзе гладзiлi Бiма, i ён не пярэчыў. Адносiны адразу ж наладзiлiся добрыя, а ў атмасферы поўнага ўзаемаразумення заўсёды не так далёка i да шчырага сяброўства. Толiк услых прачытаў напiсанае на латуннай таблiчцы i ўсклiкнуў:
- Ён - Бiм! Адзiн жыве ў кватэры! Хлопцы, ён есцi хоча. А ну па дамах - i - сюды: нясi хто што можа.
Бiм застаўся з Толiкам, а хлопцы разбеглiся. Цяпер Толiк сеў на лаўку, а Бiм лёг у яго ля ног i глыбока ўздыхнуў.
- Дрэнна, вiдаць, табе, Бiм? - спытаўся Толiк, пагладжваючы сабаку па галаве. - А дзе ж твой гаспадар?
Бiм уткнуўся носам у чаравiк i так ляжаў. Скора паказалiся адно за адным дзецi. Тоўсценькi прынёс булачку, Дарослы - кавалак каўбасы, Худзенькi - два блiнчыкi. Усё гэта яны паклалi перад Бiмам, але ён нават i не панюхаў.
- Ён хворы, - сказаў Худзенькi, - можа, нават i заразны. - I падаўся ад Бiма.
Тоўсценькi таксама нечаму выцер руку аб штаны i таксама адышоў. Дарослы пацёр каўбасою нос Бiму i ўпэўнена сказаў:
- Не будзе. Не хоча.
- Мама казала - усе сабакi заразныя, - усё баяўся Тоўсценькi, - а гэты i саўсiм хворы.
- Ну i iдзi, - сярдзiта буркнуў Толiк. - Каб я цябе тут i не бачыў... 'Заразны'... Заразных ловяць жывадзёры, а гэты - вунь з якою таблiчкаю.
Памяркоўны доказ падзейнiчаў: дзецi зноў акружылi Бiма. Толiк пацягнуў за аброжак угару. Бiм сеў. Толiк адхiлiў у яго мяккую губу i ўбачыў шчылiну ў шчэлепах, дзе канчаюцца зубы; адламаў кавалачак каўбасы i ўвапхнуў у гэту шчылiну - Бiм пракаўтнуў. Яшчэ кавалачак - i яшчэ пракаўтнуў. Так i кончылi каўбасу са згоды i адабрэння прысутных. Усе засяроджана назiралi, а Тоўсценькi з кожным глытком таксама каўтаў, хаця ў роце ў яго нiчога i не было: ён быццам дапамагаў Бiму. Кавалачкi булкi нiяк нельга было ўвапхнуць - яна крышылася, тады Бiм урэшце ўзяў булачку сам, лёг на жывот, паклаў булачку на лапы, паглядзеў-паглядзеў на яе i з'еў. Зрабiў ён гэта толькi з павагi да Толiка. У яго такiя ласкавыя рукi i такi мяккi, нават чуць i сумны позiрк, i так ён шкадуе Бiма, што той не вытрываў гэтае душэўнае шчырасцi. Бiм i раней ставiўся да дзяцей iнакш, а цяпер ён зусiм пераканаўся, што маленькiя людзi ўсе добрыя, а вялiкiя бываюць усялякiя, бываюць i дрэнныя. Ён, вядома, не мог ведаць, што маленькiя людзi потым становяцца вялiкiмi i таксама рознымi, але не сабачая гэта работа - разважаць, як i чаму з маленькiх добрых растуць вялiкiя нядобрыя людзi, такiя, як Цётка або Кiрпаты. Ён усяго-наўсяго з'еў булачку з-за Толiка, i ўсё. А ад гэтага яму не стала лягчэй, таму ён не адмовiўся i ад блiнчыкаў. Ды i за цэлы тыдзень Бiм еў толькi другi раз. Першы пасля загаварыў Толiк:
- Паспрабуем уведаць, што ён умее рабiць.
Худзенькi сказаў:
- У цырку, каб скакалi, крычаць 'Ап!'.
Бiм прыўстаў i ўважлiва паглядзеў на хлопчыка, быццам пытаўся: 'Цераз што - ап?!'
Дваiх узялiся за канцы папругi, а Толiк скамандаваў:
- Бiм, ап!
Бiм лёгенька пераскочыў цераз наiўны бар'ер. Усе былi ў захапленнi. Тоўсценькi загадаў выразна:
- Ляжаць!
Бiм лёг (калi ласка, дзеля вас - з задавальненнем!).
- Сядзець, - папрасiў Толiк. (Бiм сеў.) - Падай! - I кiнуў шапку.
Бiм прынёс i шапку. Толiк абняў яго ад захаплення, а Бiм у сваю чаргу не застаўся вiнен i лiзнуў яго проста ў твар, у самую шчаку.
Вядома ж, Бiму зрабiлася куды лягчэй з гэтымi маленькiмi чалавечкамi. Але вось тут-то i падышоў дзядзька, пакручваючы ў руках палачку, падышоў так цiха, што дзецi i не заўважылi яго, пакуль не запытаўся:
- Чый сабака?
На выгляд ён быў важны, пры шэрым вузкаполым капелюшы, пры шэрым банцiку замест гальштука, у шэрым пiнжаку, шэра-белых штанах, з кароткаю шэраю бародкаю, у акулярах. Ён, не зводзячы з Бiма воч, паўтарыў:
- Дык чый жа сабачка, дзецi?
У два галасы адказалi Дарослы хлопчык i Толiк.
- Нiчый, - сказаў наiўна адзiн.
- Мой, - насцярожана адказаў Толiк. - На гэтую часiну мой.
Толiк не раз бачыў Шэрага дзядзьку: ён паважна выгульваўся вакол парку ў адзiночку. Неяк раз вёў з сабою сабаку, якi ўпiраўся i не хацеў iсцi. А аднойчы падышоў да дзяцей i нудзiў iм, што i гуляць яны не ўмеюць так, як некалi, i ветлiвасцi тае няма, i выхоўваюць iх не так, як трэба, не так, як раней, i што за iх людзi ваявалi нават у грамадзянскую вайну, за вось гэтых, такiх, а яны нiчога не паважаюць i нiчога не ўмеюць, i што за ўсё гэта сорамна.
У той далёкi дзень, калi Шэры навучаў iх, Толiку было дзевяць год. Цяпер ужо дванаццаць. Але дзядзька не памятаў пра тое. Цяпер Толiк сядзеў, абняўшы Бiма, i сказаў: 'Мой'.
- Ну дык як жа: нiчый цi яго? - запытаўся дзядзька да ўсiх, паказваючы на Толiка.
- На ёй вунь i таблiчка ёсць, - умяшаўся не ў пару тоўсценькi.
Шэры падышоў да Бiма, палашчыў за вуха i стаў чытаць на аброжку.
Бiм выразна пачуў, зусiм дакладна: Шэры пахне сабакамi, пахне неяк далёка, мнагадзённа, але пахне. Ён паглядзеў яму ў вочы i адразу ж не паверыў - нi голасу, нi позiрку, нават i паху. Не можа тое быць, каб чалавек проста так увабраў у сябе далёкi пах розных сабак. Бiм прыцiснуўся да Толiка, спрабуючы адкаснуцца ад Шэрага, але той не пускаў.
- Нельга хлусiць, хлопчык, - прысарамацiў ён Толiка. - Па таблiчцы - не твой сабака. Сорамна, хлопчык. Што, цябе бацькi так прывучылi, гаварыць няпраўду? Што ж з цябе будзе, як вырасцеш? Эх-хэ-хэ! - Ён выцягнуў з кiшэнi павадок i прышпiлiў да аброжка.
Толiк схапiўся за павадок i крыкнуў:
- Не чапайце! Не аддам!
Шэры адхiлiў яго руку:
- Я абавязан даставiць яго на месца. А можа, давядзецца i протакал скласцi. (Ён так i сказаў 'протакал'.) Магчыма, гаспадара яго алкагаль заеў. (Ён так i вымавiў - 'алкагаль'.) Калi так, то трэба сабаку адабраць. Пасада ў мяне такая - рабiць усё чэсна, па-чалавечы. Вось так-то. Знайду яго кватэру, праверу, цi правiльна.
- А таблiчцы не давяраеце? - з дакорам i амаль скрозь слёзы сказаў Толiк.
- Давяраю, хлопчык, давяраю цалкам. Але... - Ён падняў палец угору i павучальна вымавiў, амаль урачыста: - Давярай, але правярай! - i павёў Бiма.
Бiм упiраўся, азiраўся на Толiка, бачыў, як той пакрыўджана заплакаў, але - што тут зробiш! - потым пайшоў-такi за Шэрым, падцiснуўшы хвост i гледзячы пад ногi, не i падобны сам на сябе. Усiм сваiм выглядам быццам гаварыў ён: 'Такое ўжо наша сабачае жыццё, калi нiдзе няма гаспадара'. Тут-то толькi i работы - цiмануць за сцягняк i даць лататы, але Бiм - сабака iнтэлiгентны: вядзi куды вядзеш.
Iшлi яны па вулiцы, на якой стаялi новыя дамы. Усе новыя. Усе шэрыя i такiя аднолькавыя, што нават Бiм мог бы сярод iх заблудзiць. У адным з дамоў-блiзнят узышлi на трэцi паверх, пры гэтым Бiм заўважыў, што i дзверы ўсе аднолькавыя.
Адчынiла iм жанчына ў шэрай сукенцы:
- Зноў прывёў? А госпадзi ты мой!
- Не гундзi! - строга абарваў Шэры. Ён зняў з Бiма аброжак i паказаў: На, глядзi. - Жанчына чытала,