беларускiя людзi, як бiблейскi Iоў (вобраз якога ён згадваў у адным з раманаў), поўняцца велiзарнай цярплiвасцю, мужна прымаюць свой лёс, застаючыся ў экстрэмальных умовах самi сабою, вернымi чалавечай прыродзе.
У творах Чорнага ваенных гадоў на ўсю моц загучалi гуманiстычныя iдэi, занядбаныя ў часы сталiншчыны. Ствараючы вобразы сялян i iнтэлiгентаў, вясковых мудрацоў, самабытных фiлосафаў, дзiвакоў, праўдашукальнiкаў (а менавiта на iх трымаецца цiкаўнасць чытача нават незавершаных твораў, фрагментаў i ўрыўкаў), празаiк думаў пра тое адвечнае i сапраўднае, чым жыў i жыве народ. Гэта быў унiкальны ў нашай лiтаратуры выпадак, калi пiсьменнiк iшоў паралельна, а то i апярэджваў у мастацкiм асэнсаваннi ХХ ст. сваiх замежных калег, пра многiх з якiх ён нiчога не чуў i не ведаў (А.Камю, Т.Ман, I.Андрыч). Асобныя старонкi чорнаўскай прозы, вобразы, малюнкi, думкi ўспрымаюцца як мастацкае адкрыццё, як 'успамiн пра будучыню'.
Усведамленне асабiстай адказнасцi за лёс жыцця на Зямлi вызначае пачуццi i думкi герояў рамана 'Пошукi будучынi'. Аўтар называе iх, жыхароў мястэчка Сумлiчы, сумлiчанамi - ад слова 'сумленне'. Гэта людзi 'з праўдай у сэрцы i розумам у галаве'. Вясёлы, гаваркi, чулы да жыцця Фельчар не мае нават iмя: доктар, лекар, ён знаецца на спосабах ратунку i ад фiзiчных траўмаў, i ад душэўнага болю. Ён бязмежна верыць у светлы пачатак у чалавеку, у тое, што зробленае дабро вяртаецца стакроць больш моцным, адгукаючыся ў будучынi. Чорны бачыць сваiх герояў на шырокiм фоне беларускай i сусветнай гiсторыi, разумеючы, што за ваенным подзвiгам 'цiхага чалавека' стаiць усё яго ранейшае жыццё. У першай частцы рамана апавядаецца пра Вялiкага Злодзея, якi прымушае згадваць творы Ф.Дастаеўскага, аднаго з самых любiмых чорнаўскiх пiсьменнiкаў: сусветны мiлiтарызм, грамадства, пабудаванае на нянавiсцi, развязалi вайну i 'ўкралi' ў бацькоў маленства iх дзяцей. Асiрацелi Кастусь Лукашэвiч, 'выгнанец з-пад Вiльнi', i Волечка Нявада, якая чакае не дачакаецца звароту бацькi з вайны. Вайна прымусiла гэтых герояў стаць дарослымi раней часу, а бязлiтасная неабходнасць вымушае разам шукаць паратунак, стаць 'вялiкiмi змоўшчыкамi'. 'Дзецi прыроды', яны выклiкаюць замiлаванне сваiм даверам, жаданнем рабiць дабро, ахвяраваць апошнiм, абы ў свеце надышло замiрэнне, настаў лад. Разам з iншымi сумлiчанамi, 'быццам ратуючы ўвесь свет не менш як ад касмiчнай катастрофы', Кастусь i Волечка ратуюць немца Шрэдэра: дабро павiнна адгукацца дабром. Так шукаюць i выбiраюць беларускiя дзецi, 'трэцяе пакаленне', будучыню. Якою яна стала, пра гэта апавядаецца ў другой частцы рамана.
У рамане 'Вялiкi дзень' Чорны разгортвае панараму глабальнага сутыкнення Дабра i Зла. Дзея адбываецца ў Беларусi, якая ўспрымаецца аўтарам як гiстарычная арэна, на якой сутыкаюцца супрацьлеглыя сiлы. У першай частцы 'Пошукi роднай зямлi' ставiцца праблема, што адвеку хвалявала беларусаў. Бацькаўшчына, родная зямля, свой кут - пытанне пытанняў для беларусаў, боль iх душы, незагойная рана. Адны ('кулак' Блецька, пан Гальвас, 'тэарэтык' расiзму Тоўхарт) лiчылi 'роднай' толькi тую зямлю, якая з'яўляецца iх уласнасцю, другiя (сяляне-земляробы Максiм Астаповiч, Уладзiмiр Вялiчка) перакананыя: Радзiма - паняцце не толькi фiзiчнае, але i духоўнае, яно ўключае ў сябе замiлаванне да прыроды, любоў да працы на сваёй зямлi, чуласць да блiжняга, каханне да любай жанчыны, адданасць звычаям продкаў i родным магiлам. Другая частка 'Спусташэнне' ўпершыню ў беларускай лiтаратуры ўзнаўляе трагедыю народа: масавае знiшчэнне мiрнага насельнiцтва, карнiцкiя акцыi фашыстаў, генацыд i этнацыд. Максiм Астаповiч паўтарае ў сваiм лёсе перажытае беларусамi на працягу ХХ ст.: здольны 'змянiць аблiчча ўсёй мясцовасцi', ён адвеку працуе на iншых, будуе сабе дом, але вайна руйнуе гэты дом, i гэтак паўтараецца тройчы. Яго вера ў будучыню грунтуецца на ведах, што слушнасць мае толькi сумленная праца, праўда, дабро, хараство. Чорны не шкадуе сваiм героям (Максiму Астаповiчу, Уладзiмiру Вялiчку, Антону Цвiрку) самых высокiх ацэнак: 'усеабдымная чалавечая асоба', 'вялiкая душа, што змяшчала ў сабе ўвесь свет'. Глыбокае замiлаванне да Радзiмы натуральна перарастае ў такой жа сiлы нянавiсць да акупантаў i iх памагатых (Гальвас, Тоўхарт, Блецька), якiмi кiруе халодны разлiк, бяздушны эгаiзм, пагарда да людзей, прапаведнiкаў нацысцкага 'сiмвалу веры', 'новых прынцыпаў', iдэi 'звышчалавека'. Вобраз Генрыха Тоўхарта, якi спавядае 'новае евангелле' i марыць паставiць 'жалезны п'едэстал над усiм светам', з'яўляецца наватарскiм адкрыццём Кузьмы Чорнага, зробленым iм задоўга да Нюрнберга.
Творчая задума рамана 'Млечны шлях' (1944) сфармулявана пiсьменнiкам: 'беларускi чалавек сярод сваiх эўрапейскiх суседзяў'. З першых старонак гэтага невялiкага па аб'ёме, але ёмiстага па змесце твора малюецца панарама спаленай, знявечанай Беларусi. На папялiшчы некалi квiтнеючай краiны сутыкаюцца 'апошнiя з людзей': чырвонаармеец Уладзiмiр Ярмалiцкi, якi ўцёк з нямецкага палону, каб дапасцi нарэшце да сваёй любай Случчыны, чэх Эдвард Новак, дэзерцiр, паляк Люцыян Акаловiч, якi марыць аб 'вялiкай Польшчы', немцы - 'таўсматы' i 'стары', беларусы Мiкалай Сямага, навуковец, яго дачка Гануся. Недавер, варожасць, стоеная нянавiсць, якiя запанавалi ў свеце, дзе бушуе вайна, вярнулi гэтых людзей да першабытнага стану, 'распрануўшы' iх духоўна, вывернуўшы 'на левы бок' iх душы. Пасля перанесеных пакут, голаду, страху яны, аднак, маюць патрэбу паспавядацца перад дзяўчом-падлеткам, маленькай беларускай Мадоннай, якую героi бачаць у Ганусi. Па выглядзе, па манеры гаварыць, па паводзiнах чытач лёгка здагадваецца, хто ёсць хто, якую 'фiласофiю жыцця' спавядае. Але душа, патаемныя лятункi выяўляюцца ў адкрытых маналогах гэтых герояў.
У цэнтры аўтарскай увагi - вобраз Уладзiмiра Ярмалiцкага, уражлiвага юнака, iнтэлiгента, якi нiяк не можа вызвалiцца ад убачанага ў канцлагеры, бо гэта, у яго вачах, увасабленне магчымай будучынi ўсяго чалавецтва. Яго душэўная чуласць, высокая духоўнасць знаходзяцца ў прамой залежнасцi ад лёсу ягонага народа, якi мацней, чым хто з эўрапейскiх суседзяў, адчуў цень апакалiпсiса: 'Я ўжо думаў, што буду навекi без роду i без радзiмы, без волi i без сваiх жаданняў. Я думаў, што ўсё яны ўдушаць, абязвечаць i вырвуць з душы'. Нацыянальная прыналежнасць героя выяўляецца ў яго адносiнах да блiжняга: ён, бадай, адзiны ў кампанii, хто чула рэагуе на ўсякую маральную нечысцiню, зло, варожасць, недалiкацтва. Але наймацней яго душа выказвае сябе ў бурным i працяглым маналогу-споведзi, з якiм Ярмалiцкi звяртаецца да Ганусi. Ён згадвае свой жахлiвы сон-фантасмагорыю, антыутопiю, дзе выявiўся глыбокi сэнс падзей ХХ стагоддзя. Жыццёвая логiка вядзе яго, па натуры цiхага, спакойнага сумленнiка, думаннiка да высновы, якой ён працiвiцца: сiле трэба супрацьставiць сiлу, акупанта трэба гнаць з роднай зямлi з дапамогай зброi. Сваю 'фiласофiю дзеяння' Ярмалiцкi выказвае ў словах: 'Няхай жыве ўсясветная дбайнасць аб кожным чалавеку, якi толькi хоць дзе на зямлi радзiўся на свет. I чорнае пракляцце таму, хто палiць i разбурае!'. Раман завяршаецца стрэлам з вiнтоўкi ў ворага, якiм уяўляецца герою нямецкi акупант.
К.Чорны ў гады вайны выношваў маштабныя творчыя задумы. Разумеючы, што здзейснiць iх ён ужо не можа, пiсьменнiк канспектыўна абазначыў свае iдэi ў 'Дзённiку', у незавершаных творах, планах, накiдах. У аповесцi 'Заўтрашнi дзень' (1944) ён адкрыта гаворыць пра дачыненнi памiж людзьмi ў перадваенны час, калi ў краiне ўсталявалася сталiнская дыктатура i яе апарат нагляду i здзеку. Гэта, бадай, адзiны выпадак мужнага выяўлення гуманiстычнай пазiцыi пiсьменнiка на ўвесь былы Савецкi Саюз. Пiсьменнiк, не баючыся помсты з боку карных органаў, сказаў усё, што думаў пра злачынны рэжым 'дурняў i брахуноў', даносчыкаў, вiжоў, карнiкаў, якi нiшчыў нацыянальную культуру, растаптаў мiльёны чалавечых надзей, светлых дум, лепшых лятункаў. Кузьма Чорны ў сваiх творчых памкненнях i развагах знаходзiўся на сучасным яму эўрапейскiм узроўнi i адпавядаў самым высокiм патрабаванням эпохi. Цi не пра гэты сусветны мастацкi ўзровень марыў ён некалi ў пачатку сваёй творчасцi, марыў разам з сябрамi-аднадумцамi 'ўзвышаўцамi'!
Уласнай творчасцю Чорны засведчыў, што на самай справе iснуе беларуская лiтаратура, беларускi стыль, беларуская жанравасць, багатая лiтаратурная мова, на якой льга выказаць тое, што яшчэ не выказалi пiсьменнiкi-гуманiсты на iншых мовах свету. Выдатны майстар слова падрыхтаваў глебу для прыходу i плённай працы таго самага 'трэцяга пакалення', пра якое так шмат думаў i дбаў.
* * *
Кожны сапраўдны пiсьменнiк марыць пра сваю Галоўную Кнiгу, у якой змог бы выказацца напоўнiцу. Кузьма Чорны знаходзiўся на падыходзе да гэтай кнiгi. Бо што такое для празаiка, тым больш эпiчнага таленту, 44 пражытых гады жыцця? Мiж тым менавiта ў гэтым узросце Леў Талстой завяршыў эпапею 'Вайна i мiр', а Джэймс Джойс апублiкаваў раман 'Улiс'. Рукапiсы апошнiх гадоў жыцця Чорнага выразна сведчаць, больш таго, крыкам крычаць пра тое, што празаiк стаяў на парозе самых вялiкiх сваiх мастацкiх i фiласофскiх адкрыццяў.
Вядома, Чорны застаўся б Чорным, класiкам нацыянальнай лiтаратуры i тады, калi б лiчыўся аўтарам толькi рамана 'Зямля' альбо 'Бацькаўшчына'. Тым не менш i ў яго ёсць мастацкiя творы, у якiх талент пiсьменнiка выявiўся асаблiва ўражлiва i глыбока, выявiўся ў сваёй 'рэальнай шматграннасцi i фiласофскiм адзiнстве', калi карыстацца ў дадзеным выпадку словамi самога Чорнага. З усяго невычэрпнага багацця