восенню сорак першага. I суд, i расстрэл былi праведзены ў прысутнасцi ваеннаслужачых палка, канечне ж, для прафiлактыкi на будучае. Хоць судзiлi лейтэнанта, але прысутнiчаў i я, радавы.

Што ж небяспечнага ўчынiў той лейтэнант?

Франтавiкi помняць, колькi тых нямецкiх лiстовак валялася на дарогах. Ну як апалае лiсце з дрэў. А кожны чалавек па натуры сваёй цiкаўны. Як бы нi забаранялася падымаць i чытаць варожыя лiстоўкi, цiкавасць усё ж перамагае. Бралi i чыталi, а прачытаўшы, хто рваў на кавалкi для цыгарак, хто падпальваў запалкай, а хто браў, каб з ёю прысесцi пад куст. I я тых лiстовак прачытаў нямала, нямала i скурыў.

Падняў i прачытаў варожую лiстоўку i той камандзiр сапёрнай роты, лейтэнант. Але прачытаў не сам для сябе, а ўголас перад сваiмi байцамi. Рота была якраз на прывале, байцы сядзелi, перакусвалi. Месца, дзе размясцiлася на прывал рота, i было засыпана лiстоўкамi.

- Ну што там фрыцы пiшуць? - сказаў лейтэнант, беручы каля сябе з зямлi лiстоўку. - Зноў клiчуць у палон здавацца? - I пачаў чытаць уголас са сваiмi каментарыямi. Прачытае, пакруцiць галавой, скажа: - Ну i дурнi ж, якую лухту пiшуць, паслухайце: 'Чырвоная Армiя разбiта, у Маскве панiка, начальства бяжыць за Ўрал...' А хто ж тады з вамi, фрыцы, ваюе? - I чытаў далей: 'Сталiн дамовiўся з амерыканцамi, каб уцячы да iх на самалёце'. - I каменцiруе: - Ёлупнi, Сталiн у Крамлi знаходзiцца.

Вось у такiм парадку i iшла галосная чытка лейтэнантам варожай лiстоўкi. Лiстоўку тую парвалi на цыгаркi, скурылi.

А лейтэнанта абвiнавацiлi ў антысавецкай агiтацыi - галосная чытка варожай лiстоўкi перад байцамi сваёй роты.

Судзiлi лейтэнанта ў лесе на паляне. Замест сталоў i лавак для суда былi пастаўлены снарадныя скрынкi. На такой жа скрынцы сядзеў i лейтэнант. Абвiнавачвалi яго па артыкуле 58 - 10 частка другая - антысавецкая агiтацыя ў час вайны. Падсудны без пятлiц, рэменя, аброслы, як мне здалося, усё яшчэ не верыў, што яму ставяць у вiну такое цяжкае злачынства, за якое пагражае расстрэл. Адказваючы суду на пытаннi, ён спрабаваў кожны раз пераканаць суд, што чытаў ён лiстоўку без нiякай шкоднай мэты, чытаў i лаяў фашыстаў, пра што ўся рота пацвердзiць, i што лiстоўку тую ён адразу ж i парваў. Старшыня суда ваенюрыст першага рангу, нiбы глухар, зусiм не зважаў на лейтэнантавы апраўданнi. Бог ты мой, што за суддзя той быў! За дваццаць гадоў сваёй пасляваеннай службы ў ваенных трыбуналах я пабачыў многа суддзяў, але такога малапiсьменнага тупога ёлупня, як той ваенюрыст першага рангу, не сустракаў. Казалi, што ён i ў грамадзянскую быў старшынёй рэвалюцыйнага ваеннага трыбунала. Вось дзе ён судзiў дык судзiў! Адукацыя ў яго была ну не вышэй трохкласнай прыхадской школы. Ён не мог пiсьменна звязаць у адзiн сказ нават некалькi слоў. Гаварыў: тваё фамiлее, што хацiш сказаць, прыгавор... Калi дапытвалi сведак, то адно яго цiкавiла - чытаў лейтэнант уголас лiстоўку перад байцамi цi не чытаў. Што пры гэтым лейтэнант гаварыў, старшыню суда не цiкавiла. Сведку-сяржанта, калi той, абараняючы падсуднага, пачаў сцвярджаць, што лейтэнант, чытаючы лiстоўку, выкрываў фашысцкую хлусню, а не агiтаваў супраць радзiмы, старшыня суда груба i злосна абарваў: 'Ты тут не фiласофнiчай, хацiш суд у зман увесцi?'

Прыгавор пiсаўся не больш дзесяцi хвiлiн i быў кароткi, як стрэл, лейтэнанта расстраляць.

Не ведаю, як узгаднялi i зацвярджалi тады прыгаворы, але прывялi яго ў выкананне праз гадзiну. Нiколi не забуду твар i вочы смяротнiка лейтэнанта. Далiбог жа, ён да апошнiх хвiлiн усё яшчэ сумняваўся ў рэальнасцi таго, што з iм адбываецца, што гэта ўсё ўсур'ёз, а не разыгрываецца нейкi павучальна- выхаваўчы спектакль. Не верыў, калi пачуў прыгавор, не верыў, i калi падвялi да свежавыкапанай ямы. На судзе я блiзка сядзеў да падсуднага i бачыў, як дрыжалi яго губы пасля пачутага iм прыгавору: 'А як жа сыночак мой, як мама без мяне?'

Страшна было такое бачыць i слухаць. Тады ж я на ўсё жыццё ўпэўнiўся, што такi паказальны суд, якому начальства надавала, канечне ж, вялiкую прафiлактычную ролю ва ўмацаваннi дысцыплiны, наадварот, паслужыў прыкладам бесчалавечнай несправядлiвасцi. Усе прысутныя на судзе, можа, i тыя ж стукачы, што данеслi на лейтэнанта, шкадавалi яго, спачувалi яму, а трыбунальцаў i смяршыстаў ненавiдзелi.

Да ямы лейтэнанта падвялi два сяржанты i старшы лейтэнант з асобага аддзела. Падвялi без шыняля, з завязанымi назад рукамi. Полк пастроiлi вакол ямы ў карэ, каб усiм быў бачны працэс расстрэлу. Выйшаў пракурор, ваенюрыст другога рангу, вiсклiва-напружаным голасам прачытаў прыгавор i даў дазвол для яго выканання. А сам хуценькай падбежкай паспяшаўся ў строй. Старшы лейтэнант - выканаўца прыгавору - нешта пачаў гаварыць сваiм двум сяржантам i гаварыў, як мне здалося, доўга. Няўжо старшы лейтэнант адцягваў гэтыя непрыемныя секунды, у якiя ён павiнен пралiць чужую кроў?

На паляне стаяла такая цiшыня, што здавалася, я аглух - ну хоць бы хто кашлянуў, бразнуў чым-небудзь, ускрыкнуў, усе маўчалi. Асуджаны на смерць стаяў тварам на захад сонца, асветлены яго чырвоным святлом, нiбы ўжо апырсканы сваёй крывёю. Вечар быў цiхi, з чыстым небам i празрыстым асеннiм прымарожаным паветрам. Лес, якi акружаў нас, таксама замёр, не варушылася нiводная галiнка, i дрэвы глядзелi на паляну са страхам, таксама як i людзi. Старшы лейтэнант ступiў да смяротнiка, узяў яго за локаць, падвёў блiжэй да ямы i загадаў стаць на каленi. Той пакорлiва стаў - упаў грузна, усiм цяжарам цела. Чамусьцi пачаў тузаць рукамi, вiдаць, спрабуючы iх вызвалiць ад вяроўкi. Нешта ўскрыкнуў, ускрык той быў як енк, стогн, выцiснуты ўсiм нутром. I ў гэты момант ляснуў сухi стрэл, i асуджаны бокам павалiўся ў яму...

Пачулiся каманды, i роты пачалi разыходзiцца з паляны. У той жа дзень ротным палiтрукам было загадана правесцi гутаркi з байцамi наконт гэтага суда. Але, як я чуў, нiдзе такiя гутаркi не былi праведзены, у тым лiку i ў нашай роце.

Наш ротны расказаў, што ён на такiх паказальных расстрэлах прысутнiчаў ужо двойчы. На папярэднiм расстрэле дэзерцiра - той адсутнiчаў у часцi больш за суткi i сам жа вярнуўся - куля зрыкашэцiла i забiла не толькi асуджанага, але i байца, якi стаяў у страi. Мой памкамўзвода пажадаў: 'Няхай бы i цяпер куля зрыкашэцiла ў старшыню трыбунала'. Камандзiр роты зрабiў выгляд, што не пачуў.

Вось так каралiся ў першыя месяцы вайны тыя, хто чытаў варожыя лiстоўкi. У сорак чацвёртым i тым больш у сорак пятым за гэта ўжо не расстрэльвалi, i я думаў, што i ўвогуле не судзiлi.

Але памыляўся. Дробата нашага асудзiлi i ў сорак пятым. За той лiст, якi ён напiсаў на адваротным чыстым баку нямецкай лiстоўкi i паслаў дамоў. Па сваёй мужыцкай прастаце i абмежаванасцi ён нiяк не мог падумаць, калi пiсаў лiст на лiстоўцы, што ўчыняе злачынства. Папера была добрая, на ёй Дробат i напiсаў дарагой жонцы i дзеткам, што па-ранейшаму жывы i здаровы i што паслаў iм яшчэ адну пасылку. Друкаваны тэкст лiстоўкi ён перакрэслiў, сунуў аркушык у капэрту i аддаў паштальёну. Дайшоў б лiст дамоў, яму б узрадавалiся, прачыталi i выкiнулi б у качарэжнiк на распал печкi.

Але ж была ваенная цэнзура, працавалi там дзяўчаты-цэнзары. I вось нейкая дзяўчына адкрыла капэрту, прачытала лiст i ўбачыла, на якой паперы ён напiсаны, - на лiстоўцы! Ну што б той пiльнай дурнiцы парваць лiст, i ўсё было б добра, цiха. Дык не, яна пабегла да начальнiцы, а пiльная начальнiца здала яго ў асобы аддзел. Там расцанiлi пасылку лiстоўкi як метад антысавецкай агiтацыi - маўляў, спецыяльна паслаў, каб яе чыталi нашы савецкiя людзi ў тыле.

Дробат быў арыштаваны нашым палкавым смяршыстам, калi мы ваявалi ўжо ў Аўстрыi. Мяне i камандзiра роты следчы асобага аддзела дапытваў як сведак: што за Дробат, якая ў яго душа, што гаварыў супраць савецкай улады. Мы сказалi пра Дробата толькi добрае i спадзявалiся, што яго выпусцяць, бо вось- вось вайна павiнна скончыцца.

Вайна скончылася, а Дробат да нас не вярнуўся. У сярэдзiне мая ў полк прыйшла копiя прыгавору на Дробата, асуджанага на сем гадоў.

Паўздыхалi мы, пашкадавалi чалавека, а памагчы яму ўжо не змаглi. Адно зрабiлi - усе рэчы, што ён збiраў, запакавалi ў пасылкi i паслалi сям'i.

Пасля перамогi на ўсход рушылi эшалоны з байцамi-пераможцамi, немцамi-ваеннапалоннымi i вызваленымi з палону нашымi ваеннаслужачымi. Да эшалонаў з палоннымi былi прычэплены i вагоны з асуджанымi. Сярод iх недзе ехаў на Калыму i наш Iван Дробат, трэцi нумар мiнамётнага разлiку.

I ПЛАКАЎ ГЕНЕРАЛ...

Ёсць такое фiласофскае сцвярджэнне: як можа з годнасцю пражытае жыццё напоўнiць сэнсам i цаной смерць, так i сумленная ўзвышаная смерць можа апраўдаць увогуле пустое i не зусiм прыстойнае жыццё.

Не ведаю, як адпавядае гэтаму сцвярджэнню жыццё генерала Рускага-Кавалеўскага, якiм трэба лiчыць яго доўгае, багатае на зломы жыццё i як ацанiць смерць. Паспрабую проста расказаць пра яго самога.

Даўно не магу сабе дараваць, што ў свой час не запiсваў цiкавыя гiсторыi, прозвiшчы людзей, не здымаў копii з цiкавых дакументаў, не захоўваў лiтаратуру, якой цяпер цаны не было б. Цi ж можна было

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату