яшчэ i нагой па ёй прыстукнуў.

- Усё, будзь ты праклятая, зямля. Я цябе не марозiў, не буду i калупаць. Брыгада, я пайшоў на волю.

Мы не зразумелi, пра якую гэта ён волю сказаў. А ён зняў рукавiцы, сунуў iх у кiшэню бушлата, узяў сваю торбачку, дзе былi пайка i мiска з лыжкай, зiрнуў на неба, сонца, перахрысцiўся - гэта мы ўбачылi ўпершыню - i пайшоў. Пайшоў па трасе па напрамку горада. Пакуль ён iшоў па дазволенай зоне, мы маўчалi. Але вось ён пераступiў тую мяжу, пераход цераз якую ўжо лiчыцца спробай уцёкаў.

- Сямён Якаўлевiч, - крыкнуў яму брыгадзiр, - куды? Вярнiся!

Той участак гранiцы ахоўваў Ахмет. Яшчэ калi Моцны падыходзiў да мяжы, Ахмет насцярожыўся, стаў у баявую паставу... А калi пераступiў мяжу, Ахмет накiраваў вiнтоўку на яго.

- Куды? Куды вы? Стой! - крыкнуў ён не пагрозлiва.

А Моцны iшоў ужо за мяжою, аддаляўся ад яе.

- Эй, стой! - Ахмет клацнуў затворам. - Стой, гавару, страляць буду!

Моцны iшоў не азiраючыся. Iшоў мерным ходам, спакойна, нiбы ён сапраўды быў ужо на волi. Глыбокiя сляды на снезе-цалiку цягнулiся ўслед яму i былi падобны на ланцуг, якi зэк Моцны размотваў з сябе.

- Эй, страляю зараз, стой! - крычаў Ахмет яму ўжо ўслед i двойчы цi тройчы прыкладваўся да стрэльбы, але не страляў.

Усё гэта бачыў другi ахоўнiк - таўсматы сяржант. Той быў па другi бок трасы i таксама насцярожыўся, ускiнуў вiнтоўку гатовы стрэлiць.

Калi Моцны адышоў ад дазволенай гранiцы ўжо крокаў трыццаць, Ахмет стрэлiў угору. Другi раз, як i належыць па iнструкцыi, павiнен стрэлiць у Моцнага.

- Стой!

Моцны iшоў, падставiўшы стралку спiну i патылiцу.

Тады Ахмет закрычаў ужо брыгадзiру:

- Брыгадзiр, даганяй, затрымай! А то заб'ю яго. Даганяй!

Брыгадзiр, Лёха i я пабеглi ўслед за Моцным. Мы беглi па яго глыбокiх слядах, умiнаючы iх яшчэ глыбей, уперадзе - Лёха, я - за iм, брыгадзiр, старэйшы за нас i з паламанымi рэбрамi, - ззаду. Беглi моўчкi, без крыку, каб не спужаць яго, каб не азiрнуўся i не джгануў ад нас. Лёха першы дагнаў Моцнага, стаў перад iм.

- Ты што, - закрычаў ён, - знарок пад кулю iдзеш? Жыць не хочаш, а на Ахмета хочаш смерць сваю ўзвалiць? - Размахнуўся, але ляпнуў па твары лёгка, хутчэй дэманстратыўна. - Ёўбала ты.

Мы ўзялi Моцнага за рукi i павялi на ўчастак. Ён не супрацiўляўся. Калi праходзiлi мiма Ахмета, то ўбачылi, як у таго дрыжалi губы. I рукi дрыжалi, антабка на вiнтоўцы ляскала.

- Ахмет, - сказаў яму брыгадзiр Iваноўскi, - дзякуй табе. Няхай дзецi твае будуць шчаслiвыя.

Ахмет у адказ усмiхнуўся жаласна i радасна, шчаслiвы ад таго, што вось жа не забiў чалавека, а павiнен быў забiць, не ўзяў на сябе чужую смерць.

Моцны ў той дзень больш працаваць не стаў, i мы яго не прымушалi. Ён сядзеў на зямлi на дошцы ў паставе бога Буды, няўцямны да ўсяго, глядзеў некуды паверх сопак, i што ён думаў у гэты час, бог адзiн ведае.

Старшы ахоўнiк-сяржант далажыў пра спробу Моцнага ўцячы, i яго зноў забралi ў шызо, а адтуль у калонiю з больш строгiм рэжымам. Думаю, што Моцны там не выжыў.

Ну а стралка Ахмета мы сталi яшчэ больш паважаць i хацелi, каб ён застаўся такiм жа нармальным хлопцам, каб не агрубела яго душа на такой службе, не змянiўся характар i не ператварыўся ён у сапраўднага вертухая.

'Госпадзi божа мой, - увесь час успамiнаўся балючы ўскрык Сямёна Якаўлевiча, - навошта ты дазволiў зрабiць такi на зямлi парадак, калi адзiн чалавек можа прычыняць смерць i гора мiльёнам? Навошта?'

САЛДАЦКI ЛIСТ

Мой мiнамётны ўзвод папоўнiўся двума салдатамi - Iванам Дробатам i Яраславам Бычыкам - летам сорак чацвёртага, калi былi вызвалены iх прыгранiчныя з Малдавiяй вёскi. Яраславу яшчэ i васемнаццаць не споўнiлася. А Дробату было ўжо за сорак, i яго, як самага старэйшага ў роце, мы называлi дзядзькам Iванам. Шчыры, непасрэдны Яраслаў адразу ж стаў любiмцам узвода. Па- хлапчукоўску нявопытны, неасцярожны Яраслаў часам паводзiў сябе неабдумана адчайна, што на вайне сярод салдат не ўхвалялася. Каб быў ён пад пастаянным наглядам, я ўзяў Яраслава да сябе ардынарцам.

Гаворка, аднак, пойдзе не пра Яраслава, якi шчаслiва скончыў вайну, а пра Iвана Дробата. Яго марудлiвасць, празмерны спакой - не паспяшаецца, не пабяжыць, дзе трэба, - мяне часам раздражнялi, i прыходзiлася, каб падагнаць, хрысцiць мацюком. Мужчына ён быў дужы, лёгка ўскiдваў сабе за спiну больш чым дваццацiкiлаграмовую плiту ды яшчэ браў пад пахi скрынку з мiнамi. Старанней за ўсiх байцоў узвода капаў яму для агнявых пазiцый мiнамётаў, акопы для схованкi на выпадак бамбёжак i артабстрэлаў.

Раней у армii Дробат не служыў па стану здароўя - быў трохi глухi. Мабiлiзацыя ў армiю ў сорак чацвёртым для яго была нечаканай, думалася, што i на гэты раз яна абмiне яго. На медыцынскiм аглядзе паказаўся зусiм глухiм, але яго назвалi сiмулянтам, у глухату не паверылi i залiчылi ў часць, не даўшы нават забегчы дамоў развiтацца з сям'ёй - жонкай, цешчай, маткай i пяцярыма дзецьмi. Вось так ён i апынуўся ў маiм узводзе трэцiм нумарам мiнамётнага разлiку. На гэтай пасадзе - насiць плiту i падносiць у час стральбы мiны чуйныя вушы не патрэбны.

Сялянская практычнасць Дробата вельмi прыйшлася на карысць узводу. Ён умеў адрамантаваць калёсы, колы, збрую i рабiў гэта з ахвотаю i ўмела. Знаходзiў i далучаў да ротнай гаспадаркi ўсё, што потым аказвалася патрэбным.

Ужо праз якi тыдзень мы ведалi амаль усё пра яго сям'ю, бо ён толькi i гаварыў аб сваiх дзецях, iншых родзiчах. Яго салдацкiя лiсты-трохкутнiкi амаль штодзень выпырхвалi з яго рук i ляцелi вестачкай дамоў. Дробат пiсаў i ўсiм родным адразу, i кожнаму паасобку, у тым лiку i самаму малому шасцiгадоваму Панасiку. Лiсты яго былi кароткiя i неслi, як кажуць, самую неабходную iнфармацыю: жывы, здаровы, рухаемся ўперад, ужо вызваляем мадзьяр, а там на чарзе i Аўстрыя. Пасылаў ён i пасылкi праз кожныя чатыры-пяць дзён. Так часта аднаму не дазвалялася слаць, але Дробат афармляў iх на iмя iншых салдат, якiм не было куды пасылаць. Усё iшло ў тыя пасылкi: адзенне, цацкi, iнструмент, нават посуд. Асаблiва цанiлiся тады iголкi для швейных машын i каменьчыкi для запальнiчак. На радзiме яны мелi вялiкi попыт. Дробату ўдалося раздабыць некалькi карабочкаў гэтай каштоўнасцi. 'Жонка прадасць на рынку iголкi i дзецям нешта купiць', - хвалiўся ён.

Меў Дробат i поўны сiдар усякiх рэчаў, таксама прыпасеных для сям'i, спадзяваўся прывезцi яго дамоў пасля вайны.

Як ужо гаварылася, лiсты Дробат слаў часта, а калi пайшлi пасылкi, стаў пiсаць яшчэ часцей - паведамляў, у якую пасылку ён што паклаў i што трэба зрабiць з кожнай рэччу. Лiсты пiсаў на любой паперы, якая траплялася пад рукi: на аркушах з вучнёўскiх сшыткаў, на чыстых вырваных з кнiг аркушах, на розных бланках, нават на нямецкiх загадах, сарваных са сцен дамоў. А аднойчы напiсаў на нямецкай лiстоўцы, з чаго i пачалася гэта непрыемная для роты i драматычная для Дробата гiсторыя.

Лiстоўкамi закiдвалi як немцы нас, так i мы немцаў. У апошнiя месяцы вайны нямецкiя лiстоўкi скiдвалiся на нашы пазiцыi радзей i менш. А нашы тысячы белых аркушаў амаль кожны дзень падалi з неба на галовы немцаў, заклiкаючы iх здавацца ў палон, бо вайна для iх прайграна. Ну гэтак жа сама, як у сорак першым - сорак другiм гадах заклiкалi ў сваiх лiстоўках нас: расейцы, саветам капут, пераходзьце да нас... Кожная фашысцкая лiстоўка тады лiчылася пропускам для здачы ў палон, таму сурова караўся той, хто падняў лiстоўку i трымаў у сябе. Камiсары, палiтрукi асабiсты-смершнiкi адразу, як толькi лiстоўкi асыпалiся на зямлю, выдзялялi людзей для iх збору i знiшчэння. Часта i, вядома, знянацку рабiлiся праверкi кiшэняў у байцоў - цi не хавае хто лiстоўку. А калi ў каго знаходзiлi, то лiчылi, што баец сабраўся перайсцi да немцаў, яго забiралi ў асобы аддзел i арыштоўвалi за намер здрадзiць Радзiме. Той кляўся, што не збiраўся перабягаць да немцаў, а ўзяў на курыва, каб скручваць з яе цыгаркi. Яму, канечне, не верылi.

Не помню дакладна, здаецца, у канцы сорак другога, Пленум Вярхоўнага суда СССР вымушаны быў растлумачыць, што баец, у якога знайшлi лiстоўку, не абавязкова злачынец, ён мог яе ўзяць для нейкай патрэбы. Вярхоўныя ўлады пайшлi на гэта тлумачэнне, бо вельмi ўжо багата аказалася такiх 'здраднiкаў'.

Нiколi не забуду паказны суд i расстрэл аднаго лейтэнанта, камандзiра сапёрнай роты, глыбокай

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату