рэдка стаў пацяшаць барак i брыгаду, хоць зэкi штовечар прасiлi яго нешта паказаць iм.

З дому яму iшлi лiсты. Бацькi старалiся як можна больш расказаць пра сяброў, iх справы, вучобу i гэтым самым хлопца толькi засмучалi, а не суцяшалi. Прачытаўшы, што яго сябры Коля i Эма вучацца ўжо ў тэатральнай студыi - паступiлi туды ажно з трэцяга заходу, - Адуванчык зусiм упаў духам, i я некалькi разоў бачыў, як ён плакаў. Ён зайздросцiў сябрам i нiяк не мог змiрыцца са сваёй доляй.

- Слухай, - сказаў аднойчы мне Адуванчык, - давай уцячом.

- I дакуль мы дойдзем? Без прадуктаў, грошай, дакументаў?

- А мы пажывём у тайзе. Там жа ягады, грыбы, рыбу будзем лавiць. I iсцi, iсцi.

Калi на зэка нападае адчай, ён рашаецца на адно з двух: цi ўцякае, цi накладвае на сябе рукi. Самагубства - гэта ўжо апошняя ступень адчаю. У Адуванчыка, значыць, апошняя яшчэ не паспела. А намыслiўшы ўцячы, ён па сваёй наiўнасцi не мог уявiць усю безвынiковасць уцёкаў. Не такiх вопытных зэкаў лавiлi, прыводзiлi назад або стралялi на месцы, каб не важдацца з iмi, не весцi ў зону.

Некалькi заяў-скаргаў пiсаў Адуванчык Вярхоўнаму суду, у пракуратуру, Сталiну, прасiў скасцiць яму тэрмiн або вызвалiць зусiм. Адказаў на заявы не атрымоўваў.

Скончылася лета з яго невыноснай заеддзю - ад камароў i мошак не было нiдзе паратунку, не ратавалi нi дым, нi накамарнiкi.

Адуванчык кожны вечар аб'яўляў, колькi яму засталося часу да волi. Нейкiм агрызкам алоўка пiсаў на стойцы нар, колькi дзён яму яшчэ трэба адбыць. I чым менш заставалася Адуванчыку да волi, тым больш маркоцiўся, замыкаўся, заставаўся сам-насам, i мы ўжо амаль не чулi ад яго нi дасцiпнай частушкi, нi якога расказiка. Перастаў хiлiцца да Алексiя, адчужыўся ад мяне i брыгадзiра. Пасля работы як залезе на нары, дык i не злезе да пад'ёму - вечарам цi спаў, цi таiўся, што спiць. Ён як бы нiкога i не заўважаў побач з сабою. Свет для яго здаўся абязлюдзелым, нiбы не iснавала на iм нi добрых людзей, нi ўвогуле нiчога добрага, апроч гэтага лагера, бяспраўных зэкаў, не было i будучынi, а цяперашняя рэальнасць iм не прымалася.

Неяк ён мне сказаў:

- Скажы, навошта чалавек жыве? Ён жа ведае, што ўсё адно памрэ. Дык навошта пакутаваць чалавеку, калi ён можа скончыць гэтыя пакуты?

- Як скончыць?

- Памерцi, i не будзеш пакутаваць.

- Дурань, - засмяяўся я, - памерцi заўсёды паспееш. Ты паспрабуй доўга пражыць.

Я не звярнуў тады сур'ёзна ўвагi на сказанае Адуванчыкам, мала чаго гаворыць чалавек пры паганым настроi, i нiкому, нават Алексiю, не сказаў пра гэта.

Але Алексiй сам заўважыў, што з хлопцам нешта робiцца. Ён спрабаваў выклiкаць яго на шчырасць, вярнуць да ранейшых паводзiн, настрою, вывесцi з прыгнечанага стану. Алексiй ведаў, што ў такiм стане людзi i робяць адчайныя ўчынкi. Я чуў, як Алексiй гаварыў Адуванчыку:

- Ведаеш, дзiця маё, жыццё - не рака, яно як вада ў кубку, яе можна выпiць у адзiн момант. Але ж зноў гэты кубак ужо нiколi не напоўнiцца. Трэба жыць, цярпець, i - сатрэцца сляза з вачэй тваiх.

У чарговым лiсце Адуванчыку бацькi паведамiлi, што на iх скаргу прыйшоў адказ ад пракурора аб адмове перагляду справы. Напiсалi таксама i навiны пра сяброў: Пеця ажанiўся, Эма i Коля ўжо знялiся ў фiльме, праўда ў эпiзадычнай ролi. Былi i яшчэ нейкiя навiны. I лепш бы не пiсалi i лiста таго не прысылалi. Адуванчыку ён быў як соль на рану. Гэта тое ж самае, як галоднаму расказваць пра смачную ежу, так i зняволенаму - пiсаць пра волю i шчасце вольных людзей.

Над Адуванчыкам усё больш i больш брала ўладу чорная туга, яго адолеў псiхiчны зрух, якi псiхiятры называюць, здаецца, манiяй сваёй нiкчэмнасцi. З гэтай манiяй ён i жыў апошнiя тыднi. Яна, манiя, i штурхнула ў рэшце рэшт на самы адчайны ўчынак.

У выхадны дзень, адразу ж пасля снядання Адуванчык аддаў мне сваю недаедзеную пайку хлеба. Я не здзiвiўся такой шчодрасцi, хлеб узяў. Я падумаў, што Адуванчык дастаў сабе нейкiя дадатковыя харчы. Аддаўшы мне хлеб, ён пайшоў з барака. Каля дзвярэй азiрнуўся на мяне таропка i неяк палахлiва. Я хацеў у яго нешта спытаць, але ён зачынiў дзверы.

Паўдня Адуванчыка нiдзе не было вiдаць. Не з'явiўся ён i ў абед. А пасля абеду прывезлi пошту. У барак зайшоў зэк-канторшчык i, махаючы над галавой тэлеграмай, закрычаў:

- Эй, Адуванчык, скачы на галаве! Табе воля! Воля табе!

Тэлеграму тую канторшчык уголас i прачытаў:

'Дарагi сынок. Вярхоўны суд табе скарацiў тэрмiн да трох гадоў. Папера аб вызваленнi прыйдзе пасля. Чакаем сустрэчы. Шчаслiвыя тата i мама'.

Пачалi шукаць Адуванчыка, заглянулi ў iншыя баракi, сталовую, у КВЧ нiдзе яго не было.

Толькi пад вечар нехта ўбег у барак i сказаў, што Адуванчык- у пятлi, у недабудаваным бараку.

Я, брыгадзiр i Алексiй паспяшалiся туды. На бэльцы ў пятлi з электрычнага провада вiсеў наш Адуванчык. Каля ног ляжала паваленая калода, на якую ён станавiўся, каб улезцi ў пятлю.

Брыгадзiр выняў Адуванчыка з пятлi, паклаў на падлогу, твар з высалапленым языком прыкрыў насоўкай.

Быў ён без шапкi. Сонечныя промнi падалi на галаву i валасы, што паспелi адрасцi пасля стрыжкi i здавалiся яшчэ больш залацiстымi i пушыстымi i сапраўды былi падобны на кветку адуванчыка.

Забiў усё-такi сябе хлопец, спынiў пакуты, абарваў даўжэзны ланцуг радаслоўнай, што цягнулася тысячагоддзi, i канцом яе стаў ён, Адуванчык, iмя i прозвiшча якога я забыў.

Ну што б табе, хлопец, пачакаць паўдня! Да гэтай тэлеграмы. Можа, i стаў бы ты знакамiтым артыстам, i я радаваўся б, убачыўшы цябе на экране цi на сцэне. Талент у цябе ўсё-такi быў.

КАНДЫДАТ НАВУК I СТРАЛОК АХМЕТ

Была вясна, пачатак сакавiка, але снег, як ляжаў на сопках, на дрэвах, так нiколечкi i не ўбавiўся, не змянiўся нi колерам, нi пахам, - пах гэтак жа як i ў сцюжу, - зiмою. Можа, толькi крыху пацяжэў i пагрубеў, бо ўсё-такi шлях сонца па небе падоўжыўся i яно мацней прыгравала. Апоўднi, у самы сонечны час, снег запальваўся ад промняў такiм бляскам, што доўга на яго не паглядзiш, аслепнуць можна.

Наша калонiя, як i ўсе калонii Нiжне-Амурскага лагера, будавала чыгунку на Саўгавань. Уздоўж усёй трасы - ад Амура да Ахоцкага мора - была ўжо прабiта для машын i пешаходных этапаў дарога, паралельна якой i будавалася чыгунка. У адных месцах палатно насыпалi, у другiх - наадварот, зямлю для пуцi зразалi, углыблялi. Уздоўж трасы стаялi калонii з тысячамi зэкаў. Траса прыкавала iх да сябе, як прыкоўвалi да аднаго доўгага ланцуга катаржнiкаў i палонных.

Калонiя, у якой я дабiваў свой тэрмiн, знаходзiлася амаль на пачатку трасы, блiзка да Камсамольска- на-Амуры. Брыгада наша, як i ўсе брыгады калонii, рабiла выемку для пуцi, даўжыня якой была з кiламетр. Механiзацыя мускульная: дзяўблi мёрзлы грунт ламамi, кiркамi, грузiлi на тачкi i вывозiлi з выемкi ў адвалы. Мёрзлы грунт адтайвалi вогнiшчамi, якiя палалi папераменна то ў адным канцы брыгаднага ўчастка, то ў другiм.

Дахадзяг у брыгадзе не было, норму мы выконвалi i атрымоўвалi поўны паёк. Нейкi час брыгада нават уваходзiла ў лiк ударных. У ёй былi сабраны здаровыя працавiтыя людзi, ў большасцi калгаснiкi, амаль усе 'контрыкi'. Мантулiў кожны без туфты, нароўнi з усiмi, фiлонiць не стараўся. Падбор у брыгаду рабiў брыгадзiр, таксама контрык, былы падпалкоўнiк, камандзiр артылерыйскага палка Iваноўскi, чалавек рашучы i моцны фiзiчна, аўтарытэтны не толькi ў брыгадзе, але i ў калонii. Нават адпетыя блацюкi з iм лiчылiся, не задзiралiся. Iваноўскi неяк пра сябе пажартаваў: 'Раней я камандаваў палком, а цяпер пайшоў на павышэнне, стаў брыгадай камандаваць'.

Сказаць праўду, то норму сваю па-сапраўднаму мы рэдка калi выконвалi. Паднявольная праца - яна i ёсць рабская, якую рабы заўсёды не любiлi. Брыгадзiр меў дружбу з дзесятнiкам, таксама былым вайскоўцам, iнжынер-маёрам, i той павышаў нам цвёрдасць грунту, круцiзну пад'ёму i адлегласць, на якую нам трэба ганяць тачкi ў адвал. Прыпiсваў нам i колькасць вывезенага грунту.

На працу i назад у зону нас вадзiлi пад канвоем. На ўчастку былi абазначаны гранiцы, за якiя зэкi не маглi пераступаць. Стралкi-ахоўнiкi мелi права ў парушальнiкаў гранiцы страляць без папярэджання.

Дзве брыгады - нашу i яшчэ адну - ахоўвалi месяцы тры запар два стралкi. Адзiн таўсматы саракагадовы сяржант прыехаў сюды з Украiны, дзе служыў наглядчыкам у турме. У гэты край прыехаў, вiдаць, з-за большага заробку цi, можа, яшчэ па якой прычыне. Гэты сяржант (нi iмя, нi прозвiшча яго не захавалiся ў памяцi) двойчы на дзень - перад выхадам з зоны i калi збiралiся iсцi з работы назад - папярэджваў: 'Крок управа, крок улева лiчыцца спробай уцячы, прымяняецца зброя'. Аб'яўляў гучна, як дзе-небудзь на пляцы

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату