напаказ непiсьменнасць. I амаль заўсёды iмкнуцца накiраваць следства на няправiльны шлях. Можа, на гэты раз мы маем справу з былымi прафесiйнымi дэтэктывамi? Хто ведае.
Была там i прыпiска:
'Майце на ўвазе, што сёй-той купiць яе нават у тым выпадку, калi мы з ёю пакончым'.
Запiска дачкi была надрапана няроўным почыркам на такой самай паперы i, вiдавочна, тым самым алоўкам:
Татачка!
Прашу цябе, зрабi ўсё, чаго яны патрабуюць! Мне вельмi страшна.
Одры.
Дзверы ў другiм канцы пакоя адчынiлiся, i ў iх з'явiлася галава.
- О'Гар! Тоўд! Толькi што тэлефанаваў Гейтвуд. Неадкладна iдзiце ў яго кантору.
Мы ўчацвярых выскачылi з будынка суда i кiнулiся да машыны. Калi, з цяжкасцю расштурхаўшы натоўп нахлебнiкаў, мы дабралiся да Гейтвуда, ён бегаў па кабiнеце як апараны. На твары, барвовым ад узбуджэння, гарэлi шалёныя вочы.
- Яна толькi што тэлефанавала! - закрычаў ён, убачыўшы нас. Некалькi хвiлiн пайшло на тое, каб прымусiць яго расказаць усё па парадку.
- Яна патэлефанавала мне. Сказала: 'Татачка! Зрабi што-небудзь! Я больш не магу... Яны мяне заб'юць!' Я спытаў: 'Дзе ты?' Яна адказала: 'Не ведаю, але з акна вiдаць Туiн-Пiкс. Iх чацвёра - трое мужчын i жанчына, i...' Тут я пачуў, як хтосьцi вылаяўся, i мне здалося, што яе стукнулi, i нас абарвалi. Я спрабаваў даведацца на цэнтральнай станцыi, адкуль тэлефанавалi, але яны, бачыце, не ведаюць! Хiба можа так працаваць тэлефонная сетка! Мала мы iм плацiм? А за што?!
О'Гар падрапаў патылiцу i адвярнуўся.
- З акна вiдаць Туiн-Пiкс. Але ж ён вiдаць з сотняў дамоў!
Тым часам Гейтвуд скончыў лаяць тэлефонную службу i, каб звярнуць на сябе нашу ўвагу, застукаў па стале прэс-пап'е.
- А вы хоць што-кольвек даведалiся? - спытаў ён.
- А вы падрыхтавалi грошы? - адказаў я пытаннем на пытанне.
- Не, - адказаў ён. - Рабаваць сябе я нiкому не дам!
Але сказаў ён гэта па iнерцыi, без ранейшай упэўненасцi: пасля размовы з дачкой упартасцi ў яго паменела. Вiдаць, цяпер яму час ад часу пачалi ў галаву прыходзiць думкi i пра бяспеку дачкi.
Тут мы як след на яго нацiснулi, i праз некалькi хвiлiн ён паслаў клерка па грошы.
Потым мы дамовiлiся, што будзем рабiць далей. Тоўд павiнен быў узяць некалькiх палiцэйскiх з упраўлення i прачасаць раён Туiн-Пiкс, хоць, зрэшты, асаблiвай надзеi на поспех у нас не было - надта ж вялiкая тэрыторыя.
Ласку i О'Гару трэба было асцярожна пазначыць дастаўленыя з банка купюры i пасля, стараючыся не прыцягваць да сябе ўвагi, быць як можна блiжэй да Гейтвуда. Мне выпала дзяжурыць у гейтвудскiм асабняку.
Выкрадальнiкi далi зразумець Гейтвуду, што грошы яны хочуць атрымаць па першым патрабаваннi, таму часу на роздум i выпрацоўку контрпланаў у яго не будзе.
Акрамя таго, мы вырашылi, што Гейтвуду трэба звязацца з газетамi i перадаць iм тую iнфармацыю, якая ў яго была, а заадно i аб'яву пра ўзнагароду - дзесяць тысяч даляраў, якую ён прапаноўвае таму, хто паможа злавiць выкрадальнiкаў; усё гэта пойдзе ў друк адразу ж пасля таго, як дачка будзе на волi, - так мы зможам больш аператыўна выкарыстаць прэсу, не падводзячы палоннiцу пад небяспеку.
Пра гэта выкраданне была папярэджана палiцыя ўсiх суседнiх гарадоў: гэта мы зрабiлi яшчэ да таго, як патэлефанавала дачка Гейтвуда i стала вiдавочна, што яе хаваюць у Сан-Францыска.
Вечарам у доме Гейтвуда нiчога выключнага не адбылося. Гаспадар вярнуўся дадому рана; пасля вячэры ён бегаў туды-сюды па сваiм кабiнеце, пiў вiскi i час ад часу пытаўся, цi ўмеем мы, дэтэктывы, рабiць што-небудзь акрамя таго, што сядзець, як iдалы. О'Гар, Ласк i Тоўд дзяжурылi на вулiцы, назiраючы за домам i прылеглым раёнам.
Апоўначы Харвi Гейтвуд пайшоў спаць. Я адмовiўся ад зручнага ложка i ўладкаваўся ў кабiнеце на канапе, побач з тэлефонам - паралельны апарат быў у спальнi Гейтвуда.
А палове трэцяй ранiцы тэлефон зазванiў. Гейтвуд зняў слухаўку. Я слухаў затаiўшы дыханне.
Невядомы гаварыў уладна i груба:
- Гэта Гейтвуд?
- Так.
- Грошы пры табе?
- Так.
Гейтвуд адказваў хрыплым, прыдушаным голасам - я ўяўляў, як усё ў яго сярэдзiне клекатала.
- Малайчына, - пахвалiў яго субяседнiк. - Загарнi iх у паперу i зараз жа выходзь з дому! Пойдзеш да цэнтра па сваiм баку Клей-стрыт. Не бяжы як ашалелы, але i не прыпыняйся. Калi ўсё будзе iсцi нармальна i за табой не з'явiцца хваста, дык яшчэ да набярэжнай да цябе падыдуць. Чалавек падыме да твару насоўку, а потым упусцiць яе на зямлю. Пасля гэтага адразу кладзi скрутак з грашыма на тратуар, паварочвайся i пры дадому. Калi грошы не пазначаныя i ты будзеш цаца, праз гадзiну-другую атрымаеш сваю неацэнную дачку. Ну, а калi пачнеш фокусы, дык... карацей, прачытай яшчэ раз наш лiст. Дайшло?
Гейтвуд прахрыпеў штосьцi сцвярджальнае, i на гэтым размова скончылася.
Я не стаў трацiць час, каб высветлiць, адкуль тэлефанавалi, - напэўна, з тэлефоннай будкi, - i паiмчаўся, пераскокваючы прыступкi, да Гейтвуда.
- Рабiце так, як вам сказалi, i без глупства!
Потым пабег на вулiцу шукаць у перадранiшняй iмгле палiцэйскiх дэтэктываў i iнспектара.
Да iх прыбыло падмацаванне - двое агентаў у цывiльным, напагатове стаялi дзве машыны. Я коратка далажыў сутнасць справы, i мы хутка прыкiнулi план дзеяння.
О'Гар паедзе ў адной машыне па Сакрамента-стрыт, а Тоўд у другой - па Вашынгтон-стрыт. Гэтыя вулiцы iдуць з двух бакоў паралельна Клей-стрыт. Паедуць яны паволi, не абганяючы Гейтвуда i спыняючыся на кожным скрыжаваннi.
Калi праз патрэбны час Гейтвуд не з'явiцца на якiм-небудзь скрыжаваннi, дык яны выедуць на Клей- стрыт i будуць дзейнiчаць па абставiнах.
Ласк мусiў iсцi паперадзе Гейтвуда на адзiн-два кварталы па другiм баку вулiцы i прыкiдвацца п'яным.
Я пайду на адлегласцi за Гейтвудам па тым жа баку вулiцы, што i ён, а за мной на значнай далечынi пойдзе агент, якога далi нам у дапамогу. Другi агент павiнен патэлефанаваць у палiцэйскае ўпраўленне i выклiкаць усiх вольных людзей у раён Клей-стрыт. Яны, вядома, прыедуць толькi на шапачны разбор i, мажлiва, не адразу знойдуць нас, але да ранку яшчэ ўсялякае можа здарыцца.
Наш план не вылучаўся асаблiвай хiтрасцю, бо за час, якi быў у нас, лепшага i не прыдумаеш; галоўнае, не спалохаць таго, хто прыйдзе па грошы. З тэлефоннай размовы дачкi з бацькам вынiкала, што выкрадальнiкi людзi адчайна смелыя, i, пакуль яна заставалася ў iх, нам нельга рызыкаваць, ганяючыся за iмi адкрыта.
Ледзь мы паспелi дамовiцца, як Гейтвуд выйшаў з дому i, засунуўшы рукi ў кiшэнi палiто, пайшоў па вулiцы.
Наперадзе, ледзь бачны, iшоў, пахiстваючыся i мармычучы нешта сабе пад нос, Ласк. Больш на вулiцы нiкога не было. Давялося адпусцiць Гейтвуда на некалькi кварталаў наперад: iнакш я рызыкаваў сутыкнуцца нос у нос з тым, хто прыйдзе па грошы. Адзiн палiцэйскi iшоў следам за мной па другiм баку вулiцы, адстаўшы на паўквартала.
Праз два кварталы мы сустрэлi дзябёлага чалавека ў кацялку. Ён мiнуў Гейтвуда, мяне i знiк за рогам вулiцы.
Прайшлi яшчэ тры кварталы.
Вялiкi чорны аўтамабiль з апушчанымi шторкамi абагнуў нас i паiмчаўся прэч. Магчыма, выкрадальнiкi прынюхвалiся. Не вымаючы рук з кiшэняў плашча, я надрапаў яго нумар у блакноце.
Яшчэ тры кварталы засталiся ззаду.
Нам сустрэўся палiцэйскi, якi, вiдавочна, i не падазраваў, што робiцца ў яго пад носам, а пасля праехала таксi з адным пасажырам. Нумар таксi я запiсаў таксама. На ўсякi выпадак.
Яшчэ чатыры кварталы перада мной маячыў толькi Гейтвуд - Ласка я ўжо не бачыў.