Агата нагiналася, каб выкiнуць iх. Тады мацней пахла верасеньская зямля.
Даўно схаваўся ў лагчыне за ўзгоркам Фэлька з возам, i яна iшла адна сярод жоўтай задумёнасцi.
'Фэлька раней прыедзе дадому, пачакае яе ссыпаць бульбу з воза, два мяшкi зверху, пэўна, скiне адзiн - здаровы, прыгожы, трохi пануры. I няўжо ён сапраўды стараецца збыць мяне з хаты! Цi не з Алiмпаю гэта зладзiў ён, а тая ж ведзьмаватая трохi, дарма што нядаўна каровы яшчэ пасвiла. А за Фэльку яна маладзейшая гадоў на дзесяць, калi не больш. А можа i не яна гэта, можа iншая. Але ж ходзяць разам вечарамi, Фэлька прападаць у яе падоўгу стаў. I Асташонак нечага там трэцца ўсё. Але дзе ён не трэцца, куды ён не ўлезе. Нiдзе спакою не дасць. Нiякай сталасцi не мае i, мабыць, нiколi чалавекам не будзе. Што за карысць, што малады i прыгожы, калi кручаны i невядома калi пасталее. Яшчэ гатоў i Фэльку напсаваць як-небудзь; i чаго Фэлька не патурыць яго, гада - ходзiць ды хвалiцца, што абармотам стаў за тры рублi. Вiсус, пошкудзь гэтая... Няхай бы Фэлька браў сабе Алiмпу, што яму, маладому, жыць так. I ў хаце ладней было б... Цябе Зыгмусь, кажа, будзе на руках насiць. Зыгмусь хоць стары чалавек, усё ў яго ў парадку, i нiкому ён прыкрасцi не зробiць, i пальцамi на яго людзi не паказваюць... I кахае мяне. I па-суседску з Фэлькам будзе жыць - усё будзе душа ў душу. Добра ўсё будзе... Бо i праўда - дарэмна я часам на Фэльку сярдую, ён па-брацку ўсё хоча, каб як найлепей. I што я нагавару яму, дык ён усё змоўчыць. Хiба ён кепскi брат? Нiчога сабе каторы ўжо год не спраўляе, а мне колькi гарнiтураў накупляў. Добры ён, добры. А я крыўджу яго часам, сама не ведаючы, за што. Ён жа сапраўды - калi мяне з хаты збываў? Здаецца ўсё мне. З Зыгмусем з малых дзён дружыць. А каб Зыгмусь быў кепскi, дык хiба ён дружыў бы з iм... А Асташонак... Што там Асташонак!..'.
Аднак вострым сумам на момант сцiснулася сэрца. I зноў цiхi прастор палявой восенi агарнуў спакоем душу.
Плыў водар павольнага канання травы i кветак. Верасень чула драмаў на ржышчы, уздыхаў радасным шэптам кустоў.
V
Моцна стукалi аб зямлю яблыкi. Пахлi загарэлыя вiнёўкi i недаспелыя бэры. Каля платоў расцвiтала бабiна лета. Куры склёўвалi садовую макрыцу, у двары каля студнi плюхалiся качкi. Каля прыгрэбкi Стасюк адкусваў па дробцы ад хлебнай скарынкi i кiдаў курам. Куры хваталi ежу i з зайздрасцю дзяўблi адна адну ў галаву. Тут жа старалiся пажывiцца вераб'i. Кiдаючы крошкi, Стасюк гукаў, каму кiдае. 'Гэта табе, Тадора', - заяўляў ён старой, валяватай i кашлатай курыцы. 'А ты, Рыжы Яначка, не хватай, калi табе не кiдаюць', - злаваў ён на шчуплага, абскубленага ў бойцы, маладога пеўнiка. 'Чаму Чарнявы Рыгор не крадзе чужога?' Але Чарнявы Рыгор у гэты час падскочыў Стасюку пад ногi, каб адабраць у Тадоры крошку. Тадора ўцякла, а якраз папаўся Рыжы Яначка. Дык Чарнявы Рыгор i дзеўбануў Рыжага Яначку ў галаву, аж у таго замакрэў ад крывi грэбень. Стасюк кiнуўся ў плач:
- Цёця Агата, чаму Чарнявы Рыгор, каб ён выдах, Рыжага Яначку чуць не забiў!
Агата паволi iшла па садзе да Стасюка, жмурачыся ад сонца i смеючыся.
- Якога гэта Рыжага Яначку? - пытаўся Фэлька, высунуўшыся з сянец з квартаю недапiтага квасу.
- Певень гэта ў яго завецца.
Фэлька паставiў квас на лаўку каля дзвярэй, падышоў да Стасюка з свежым тварам пасля святочнага дзённага сну, у новых галiфэ, босы яшчэ. Прыгарнуў Стасюка да сябе, смеючыся сказаў:
- Эх ты, сынку... Байбас ты свавольны.
Пагладзiў па галаве, пайшоў у хату адзявацца, радасны i спакойны. Агата падхапiла Стасюка на рукi, жартаўлiва панесла ў сад, цалуючы яго ў бялявыя валасы. Стасюк трапятаў нагамi, вырываўся, весела рагатаў.
- Ах ты, свавольнiк. Буслянё ты цыбатае. Малы, смешны ты, Стасюк.... свавольнiк.
Выцалавала яго ў твар, у галаву. Пасадзiла на траву, гладзячы па галаве.
- Цёця Агата, яшчэ.
- Чаго?
- На рукi.
- Бачыш ты, пястун. Цяжкi ты.
- А-ай!
Зноў песцiла яго, аж пакуль яму надакучыла. Тады пусцiла яго гуляць на вулiцу. Перасадзiла цераз нiзкi паркан i глядзела, як пабег ён на той бок вулiцы i пылiў па зямлi босымi пятамi. Доўга глядзела на яго. I пайшла па садзе, сумуючы па сваiм, няведаным, дзiцяцi. Здавалася - усе думкi былi б аб iм i апраўданы сталi б усе трывогi i буры яе нездаволеных шуканняў. Жаданнi сталi б выразнымi i даўгавечнымi.
I зноў патрэбна стала песцiць Стасюка.
- Стасюк, сюды бяжы.
- Не.
- Бяжы, сыночак... Хадзi.
Выйшла на вулiцу, узяла на рукi. Там жа ў садзе гладзiла яго па галаве, цалавала ўсяго. Трохi здзiўлены Стасюк заплюшчыў вочы, пакiнуў смяяцца. Маўчала i яна, тулячы да сябе малога. Пасля павяла ў камору, кармiла павiдлам i ўсё думала, чым бы яго, малога, узрадаваць.
Фэлька глядзеў з сянец у камору i рад быў гэткай ласкавасцi сястры да яго сына:
- Нашто ты яго распешчваеш гэтак?
- А хто ж яго, сiрату, папесцiць.
Фэлька аб нечым думаў пасля, гледзячы цераз паркан у сад. Потым увайшоў у хату, выправiў Стасюка гуляць i нясмела пачаў гаварыць. Смуглявы твар яго быў нервовым, як нiколi раней, голас - цiхiм, немагушчым нейкiм. Гаворачы, глядзеў ён на каляровую, вытканую Агатаю посцiлку, што паслана была каля стала на падлозе. У вочы ж Агаце ён нi разу не глянуў.
- ...Што ж, Стасюк, добра ты кажаш, сiрата... Памерлага з магiлы не паднiмеш... Як я яе нi кахаў, а нiчога парадзiць нiхто не можа... Як гляну на Стасюка, дык i стаiць яна ўваччу ў мяне, дагэтуль забыць не магу... Астаўся малы, небарак, сiратою.
Патроху дагаворваўся да самага важнага:
- Ты ж ведаеш... дагадваешся даўно... Алiмпа за мяне замуж iдзе.
Тады Агата крыўду цi знявагу да брата пачула ў яго ж словах:
- А чаму ёй не iсцi за цябе? Ты гаворыш гэтак, як бы яна робiць табе ласку, што iдзе за цябе.
- Не, не.
- Што ж ты... Няхай дзе лепшага знойдзе. Якi з цябе ўдавец! Ты сам не ведаеш сябе...
Радасны Фэлька разгаварыўся, але быў вельмi далiкатным з сястрою, нават сказаў, што з Алiмпаю яны павiнны ладзiць, бо Алiмпа надзвычайна ласкавая i добрая; што ўся сям'я ў iх вельмi паважная, i Алiмпа iнакшаю быць не можа...
Доўга гаварыў узбуджаны Фэлька, а яна стаяла каля акна, напроцi печы, за няшчыльнаю перагародкаю з пабеленых цалёвак i думала, што брат нечага не выказвае цi не можа выказаць. Можа i сапраўды гэта будзе лепш i для яе, i для яго - што нiбыта такi намерылася яна iсцi за Зыгмуся Чухрэвiча. I яна будзе мець дзiцё, i яе будзе кахаць i шкадаваць... Зыгмусь Чухрэвiч.
На момант нешта кальнула сэрца. Пасля ўспомнiла, як вельмi шмат сваталася да яе, вельмi шмат уздыхалi па ёй, але нiхто не падабаўся, а без кахання замуж iсцi не хацела. Так i прайшла першая дзявочая маладосць. I другая на сконе... цяпер жа яна ўсiм падабаецца, але ўсе на шмат маладзейшыя за яе хлопцы: старэйшыя ж усе пажанiлiся.
Старалася яна перамагчы ўсе вялiкiя трывогi свае i заспакоiць неспакойнае сзрца.
Неўспадзеўкi думка адна зноў кальнула яе: 'Дзiцянё можна мець i не iдучы за Зыгмуся Чухрэвiча. Я ж сама сабе тут у брата гаспадар. Палавiна ўсяго - маё ж тут. Дый Фэлька - слаўны брат, наўздзiў добры i памяркоўны'...
Але ўсё сплывала пад цвёрдым поступам жыццёвых устанаўленняў. I замест бунтоўных думак прыйшоў спакой душы i сэрца.
Фэлька зваў прайсцi разам па вулiцы. Падхарошыўшыся перад люстэркам, пакiнулi яны Стасюка гуляць з дзецьмi ў зачыненым садзе i пайшлi цiхаю i люднаю па-святочнаму вулiцаю. Пайшлi да Алiмпы i з ёю, каля яе хаты, на вулiцы, селi ўтраiх.
VI
Уночы быў вецер i дождж i шмат атраслося недаспелых антонавак, вiнёвак i бэраў. А назаўтра, у нядзелю, з самага ранку расчысцiлася неба i сонца пачало прасушваць зямлю. Атрэсеныя яблыкi i грушы насыпаны былi ў сенцах каля сцен i пахлi на ўсе сенцы i хату. У хаце ад гэтага здавалася яшчэ шумней i цясней. Гасцей было цэлае застолле. Фэлька пазваў Алiмпу з бацькам i маткаю i Зыгмуся з братам i яго жонкаю. Было падобна на заручыны дзвюх пар. Гаспадарыла каля