вырваў душу, сам жыве i цешыцца з жыцця. Першыя прыступы нянавiсцi ўжо тады пачалi завалодваць iм, але iх душыў роўны смутак i бесперапыннае прыгнечанне душы. Свет быў заслонен перад iм. Як быццам бы ўжо няможна было цешыцца з дрэва за акном i з яснага неба зранку.

Чалавеку не трэба многа для яго ўцехi i шчасця. I тое, што жыве ў чалавечай душы, не мае вечнай меры вялiкага i малога. Ён яшчэ не бачыў тых людзей, да якiх вёў яго Коля, а ўжо страцiў пачуццё таго, што ўсё навакольнае несапраўднае. Прыгнечанне было знята з яго душы. Цi надоўга? Але цяпер, так як i заўсёды, стаяла восенная ноч i так, як заўсёды, можна i трэба было мець з яе вялiкую ўцеху.

Яны прыйшлi ў лясны лагер задоўга да свiтання. Тут ужо Крамарэвiч заўважыў, што Коля пачаў трымацца як гаспадар усяго тут. Перад Крамарэвiчам ён увайшоў у ролю.

- Тут заўважым чалавека, унь, там будзе стаяць, - сказаў ён таемным голасам.

Сапраўды, яны пачалi падыходзiць да цёмнага абрысу чалавечай постацi.

- Гэта я, Коля Сушчэвiч, - пацiху выгукнуў ён, i Крамарэвiч шпарчэй пайшоў за iм. Коля сказаў яму прыгнуць галаву, калючае голле зачапiла за лоб i вушы, i Коля сказаў, што трэба закурыць i класцiся спаць. Коля ўжо распараджаўся. Крамарэвiч сеў на нейкае ламачча. Коля раптам сказаў:

- Гэта я забыўся, нам трэба не ў гэтае месца. Пярэйдзем туды.

- Куды гэта? - сказаў Крамарэвiч сумысле. Ён падумаў, што яму не трэба быць такiм паслухмяным перад гэтым хлапчуком. Ён як мае быць вылечыўся ад свайго душэўнага заняпаду. - Куды ж нам iсцi? - сказаў ён. - Ранiцай пойдзем, а цяпер прыдрамнуць трэба. Гэта шалаш нейкi?

Цвёрды i аўтарытэтны тон яго слоў адразу ўзяў пад уладу Колю.

- Гэты шалаш як на аднаго, гэта я сабе яго зрабiў, - абазваўся Коля тонам малога, якi рад пахвалiцца перад старэйшым. - Тут толькi трэба выцягнуцца, дык i ўдвух льга выспацца.

I праўда, што iм трэба было выцягнуцца, каб удвух паспаць да ранiцы. Яны цесна прыцiснулiся адзiн да аднаго спiнамi i глыбока задрамалi. Але ненадоўга. Неўзабаве Коля пачаў гаварыць i кiдацца. Дрымота яго была неспакойная. Праз сон ён гаварыў з бацькам, а пасля пытаўся ў некага, дзе бацька, i некаму казаў, што калi мацi вiсела на шыбенiцы, вецер трапаў яе валасы. Некалькi разоў ён усхватваўся, а пасля зноў кiдаўся на ранейшае месца i прыцiскаўся да спiны свайго суседа. Крамарэвiч выразна ўбачыў i адчуў, як уражана душа гэтага хлапчука i што ён можа стаць на мяжы душэўнага калецтва. I ў гэты момант уся iстота яго ўздрыганулася ад думкi, што яму трэба шукаць сваiх дзяцей, што, можа, каторае з iх толькi падстрэлена i мучыцца дзе. Можа гэта было хворае ўяўленне таго, у што ён сам не верыў, але гэта зноў узнiмала да вялiкага гарту яго ўзбуджанне. Зноў яму стала цяжка, i ён з радасцю заўважыў, што пачало свiтаць.

Пад самы дзень Коля заснуў спакайней, але дрыжаў з холаду. Шалашык быў малы, i ў iм нават стаць нельга было на ўвесь рост. Сплецены з яловых лап, шалашык толькi ад людскога вока ўкрываў таго, хто ў iм быў. Холад цёк у яго адусюль. 'Як мучыцца гэтае хлапчанё, i я мучуся, i дзецi мае мучылiся. Якое жыццё настала!..' Страшная нянавiсць здушыла Крамарэвiчу грудзi. Ён стаў i чакаў, пакуль Коля прачнецца i ўстане.

Дзень пачаўся ясны, i пад сонцам да паўдня сышоў з травы iней. Коля павесялеў, як толькi скончыўся абавязак спаць уночы. Надвечар ён знайшоў Крамарэвiча i сказаў, што iдзе на ўсю ноч у разведку, а калi прыйдзе невядома. Ён пойдзе ўжо зусiм у iншы бок. Крамарэвiч бачыў: гэты хлапчук быў ужо яму блiзкi i родны. Ён ужо быў патрэбен яму. Гэта было апiрышча яго душы.

Коля не прыходзiў некалькi дзён. Крамарэвiч адзiн спаў у тым малым шалашы, некалькi разоў на ноч курыў i ўжо i заваду не было таго цяжкага, што раней гняздзiлася ў душы яго. Дзень за днём iшлi шпарка, i як чагосьцi вельмi важнага для сябе ён чакаў, калi вернецца Коля. Ён прыйшоў на сёмы дзень i прынёс дзве навiны, адну ўсiм, а другую толькi аднаму Крамарэвiчу. Першая навiна была: па шашы тымi днямi будуць гнаць многа людзей некуды. Iх адусюль зводзяць i зганяюць у цэнтр раёна. Там з'явiлiся нямецкiя салдаты i раскватаравалiся па хатах. Коля Сушчэвiч расказваў пра гэта без якой бы там нi было ўзбуджанасцi. Можна было падумаць, што ён бачыў што-небудзь цiкавае i толькi, а не тое, што зноў зачапiла яго самыя патаемныя думкi.

- Немцаў многа. Ходзяць па мястэчку. Я з iмi гаварыў. Адно слова наша, а другое нямецкае. Я два днi курыў iхнiя папяросы. Я начаваў адну ноч у палiцэйскай канцылярыi. Я iм сказаў, што гэта я шукаю, каб дзе жыць, бо не ведаю, дзе бацькi, i я адзiн астаўся...

У гэтым месцы ён сцiснуў вейкi воч i счырванеўся, але зноў пачаў спакайней гаварыць:

- Яны мне сказалi, гэтыя палiцаi, iсцi куды начаваць, а я сказаў, што вельмi мне балiць жывот i галава i не ведаю, да каго iсцi. Пасядзеў, прылёг на нейкi куфар з пляскатым векам i ляжаў. Мяне да ранiцы не чапалi. А яны ўдвух усю ноч курылi i гаварылi, што людзей, мусiць, па шашы будуць гнаць. Я яшчэ i назаўтра з паўдня каля iх быў, а пасля вельмi есцi захацеў i пайшоў папрасiў у адну хату. А там мяне ведаюць i пачалi распытваць, цi не ведаю я, дзе мой бацька. А я сказаў, што я сам яго шукаю. Яны на мяне паглядзелi i нiчога не сказалi. Я ўбачыў, што яны нешта ведаюць пра майго бацьку, але казаць мне не хочуць. Я пачаў дапытвацца ў iх, а яны мне маўчаць. Я скончыў есцi i пайшоў пад наш дом, нехта падаставаў з яго вокны. Я зазiрнуў усярэдзiну, дык там з канапкi абiўка здзёртая, а на канапцы, дзе я некалi спаў, нейкi шчанюк ляжыць сабе, схаваўшы морду ў лапы. Мне так нядобра стала, што я адразу пайшоў адтуль. Я выйшаў на шашу i ўбачыў, што там нямецкая танкетка iдзе i немцы з яе страляюць наабапал шашы. Гэта яны прачасаць хочуць кусты паўз дарогу. Дык я падумаў, што гэта яны шашу ачышчаюць, каб па ёй гнаць тых людзей. Я яшчэ вярнуўся ў раён i пайшоў прасiць у немцаў есцi i закурыць. Адзiн немец даў мне пяць белых сухароў i цыгару. Я пералiчыў, колькi там на двары салдат, закурыў цыгару i разгаварыўся з адным немцам. Там дзве роты салдат стаяць, на тым тыднi iх прыгналi. У iх ёсць грузавiкi i танкеткi, i гэта яны будуць ачышчаць ад партызан шашу i трымаць па шашы варту, каб дарога была свабодная iм. Тады я пайшоў пад шэсць хат. Дык туды матацыклiсты прыязджалi i зноў паехалi. Я павячэраў у таго чалавека, што хата з сiнiмi акянiцамi. Ён мне сказаў пра бацьку, я не адчапiўся ад яго, пакуль ён не сказаў.

Тут Коля Сушчэвiч перадыхнуў i спынiўся. Гэта была другая навiна, якую ён сказаў толькi аднаму Антону Крамарэвiчу i некалькi разоў прасiў яго маўчаць пра гэта перад усiмi. Ён аж зажаўся, шпарка гаворачы, аж твар яго перасмыкваўся ад празмернай узбуджанасцi:

- Мой бацька ў немцаў служыць.

- А можа гэта няпраўда, - перарваў на паўслове Колю Крамарэвiч, з гэтага моманту чуючы, як пачынае нараджацца ў яго дзiўная думка: гэта была думка ад задавалення i ад пачуцця зларадства. Аляксандр Сушчэвiч пайшоў на службу да немцаў! Гiтлераўцы павесiлi яго жонку, у яго кватэры на канапе спiць шчанюк валачашчы, а хлопец яго мучыцца ў лесе пад кустамi. А ён немцам служыць! Той самы Сушчэвiч, што некалi быў вельмi востры на слова i на справу! Але не гэта ўсё было самае важнае, з чаго Антон Крамарэвiч быў усе тыя днi ў неспакойнай узбуджанасцi. Прычына ўзбуджанасцi была ў вялiкай крыўдзе: у самы цяжкi момант свайго жыцця, калi ён пакiдаў на жончыны рукi няскончаную хату, ён жа добра ведаў, што Аляксандр Сушчэвiч дурань, хвалько i самы большы тут прайдзiсвет. Але толькi цяпер, праз колькi год, ён скiнуў з сябе тое, у што быў адзеты. Якая вялiкая крыўда душыла Антона Крамарэвiча! Ён ужо не слухаў, што i як дагаварваў да канца Коля. Атрутная думка тачыла яго. 'Каб не Аляксандр Сушчэвiч, мой дом даўно ўжо быў бы гатовы! На свеце адным домам было б больш. Я ставiў дом. А ён нiчога не зрабiў добрага. Ён адно не даў мне давесцi да канца будоўлю... Але хто жыў бы цяпер у тым доме? Няма ўжо iх, тых, дзеля каго будаваўся дом. Божа мой, Божа, няма iх!'

Ён аж выгукнуў гэтыя словы. Коля паглядзеў на яго i пакiнуў расказваць аб сваёй разведцы. Позiркi iх спаткалiся.

- А ў маю хату ты там заходзiў? - запытаў Крамарэвiч, прагнучы душой, каб так было, што Коля заходзiў у хату i сказаў яму, што там робiцца.

- Заходзiў, - адказаў Коля. - Я там адну ноч пераспаў на печы.

- Там жа холадна?

- Холадна.

- А певень?

- Сядзеў на той самай жэрдцы.

- I нiхто туды не прыходзiў i не хадзiў паблiзу?

- Не. Цiха было.

- А дзверы ты не забыўся дротам закруцiць?

- Закруцiў як мае быць.

- Ну добра. Дык цяпер, мусiць, на шашу трэба будзе iсцi?

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату