вымагала найчысцейшай радасцi i задавалення сабой. I задаваленне прыйшло да яго. I яшчэ адна думка прыйшла да яго на падмогу: ён жа выконвае i яшчэ адну мiсiю: неабходнасць вышэйшай расы ўладаць рэштаю свету. Ён паглыбiўся ў думкi так, што з-пад яго ўвагi пачало знiкаць усё навакольнае. Настаў момант, калi ён загадаў спынiць машыну i выйшаў з яе. Паўз яго iшоў натоўп. Плылi людскiя постацi, мiналi яго, далей i далей. Яшчэ ён убачыў, як чорны жук поўз цераз дарогу, як птушка выпырхнула з травы. 'Цiха, дзiцятка, бо немец пачуе', - пачуўся бадай што ў яго над вухам жаночы голас, бусел праплыў у старане за дарогай. Ён зрабiў тут жа на дарозе свой прыродны iнтэрас, дзеля якога i вылез з машыны, i прыгнуўся, каб зноў сесцi ў машыну. I сапраўды настаў момант. Усё ў яго вачах здрыганулася, у вушах яго ляснула i грунула. Ён пачуў крык многiх галасоў, адчуў пах дыму i пылу, дзiкiмi вачыма кiнуў у дарогу i ўбачыў, як натоўп пачаў разбягацца з дарогi, i тут жа перад iм апынуўся чалавек з распушанымi вусамi i даў кулакамi яму ў твар. Ён упаў, чуючы крык, i святло яснага адвячорка змеркла ў яго вачах.
Гэта Коля Сушчэвiч ляснуў гранату пад машыну гэтага афiцэра. Дзве гранаты яму выдалi ў той жа дзень, калi ён прыйшоў сюды i апынуўся пры Антону Крамарэвiчу, у якога таксама было дзве гранаты. Калi забраныя людзi пад канвоем салдат i палiцаяў з'явiлiся на дарозе, Коля адчуў, як сэрца распiрала яму грудзi. У яго была практыка: кожны раз у такiх выпадках у першы момант яму цяжка было дыхнуць на поўныя грудзi. I цяпер ён пачаў шукаць вачыма патрэбнага яму пункта. Яму добра вiдна была лёгкая машына, крытая зялёным брызентам. 'Там павiнен быць афiцэр, гэта няйначай', - так думаў ён i сцiшыўся. Ён адчуваў толькi адно: як паволi паўзе гэтая машына. 'Каб яна была згарэла', - каб трохi, дык выгукнуў бы ён. Людзi праплывалi паўз яго. I канваiры то з'яўлялiся, то знiкалi далей у дарозе. Ён нават i не прычакаў, каб машына даехала да яго. Ды i чакаць не было як: машына стала. З яе выйшаў афiцэр. Наўскасяк цераз адкос Коля шпурнуў гранату. Што там было далей, ён ужо не бачыў.
- Што ты зрабiў? - з горкiм упiкам крыкнуў яму блiзкi голас. - Трэба было пад салдацкi грузавiк! Унь аўтаматчыкi драла даюць.
Грузавiкi з аўтаматчыкамi мiтусiлiся, стараючыся завярнуцца i даць ход назад. Тады пачалiся гранатныя ўзрывы адзiн за адным. Гэтае месца шашы было ўзарвана, i нiякага ходу па шашы тут ужо быць не магло. Пашчапаныя ў трэскi грузавiкi ляжалi мёртвым плазам разам з косцьмi, галовамi i плячыма, з адарванымi рукамi ў рэштках мундзiрнага нямецкага сукна. Нiводнага чалавека з таго натоўпу ўжо на шашы не было. Чалавек з распушанымi вусамi стаяў за адкосам на паплаўцы, узбуджана азiраўся, i вочы яго блiшчалi. Ён усё гаварыў раз-поразу:
- А браткi мае, от жа ёмка, але ж i далi! От жа ж! - I раптам знiк у паплаўным хмызняку.
Чакалi гэтага моманту восем сутак у засадзе ля шашы, а самая аперацыя закончылася праз некалькi хвiлiн. Коля Сушчэвiч i Антон Крамарэвiч выйшлi на шашу. Нямецкi афiцэр ляжаў нежывы. У гэтым месцы на шашы была толькi адна яма, па той бок машыны, якая бадай што цэлая стаяла над афiцэрам. Колева граната пераляцела паўз машыну па той бок яе i ўпала ў старане ад яе: Коля не разлiчыў размаху сваёй рукi. Вельмi можа быць, што афiцэр сканаў, упаўшы патылiцаю аб каменную дарогу. Коля аглядаў яго з усiх бакоў. У Антона Крамарэвiча пачалiся першыя адзнакi шчасця помстай ачышчаць сваю душу ад смутку i цяжару. Гэтае пачуццё ў хуткiм часе стала яму вельмi знаёмым. Калi праз доўгi час ён успамiнаў гэты момант, то выразна думаў, што адгэтуль i пачалося поўнае знiкненне яго духоўнай прыгнечанасцi. Ён пакiнуў закiдаць думкi назад i забягаць iмi лiшне далёка. Ён ужо жыў тым, чым жыў кожны дзень. Многа людзей з выратаванага натоўпу асталося пры атрадзе.
Якраз у тыя днi пачалiся сталыя халады i нападаў снег. Атрад вярнуўся ў ранейшыя свае мясцiны, але не ў лес, а заняў тыя шэсць хат пры лесе. У няскончаным Крамарэвiчавым доме паклалi падлогу, паставiлi печы, пашклiлi вокны, i неўзабаве над дахам гэтага дома пачаў вiцца дым з комiна. Антон Крамарэвiч аднак жа астаўся ў старой хаце i з iм Коля Сушчэвiч. Сэрцу Антона Крамарэвiча нiчога не гаварылi сцены новага дома.
У тыя днi, пасля справы на шашы, нiводнага немца не асталося ў раённым цэнтры, i гэты пасёлак заняў другi атрад, якi ў часе яшчэ ляснога жыцця суседзiў з цяперашнiм шасцiхатнiм атрадам. Пачалася зiма як мае быць. Па шашы цяпер зусiм не ездзiлi немцы. I па ўсёй тут вялiкай акрузе зусiм не з'яўлялiся. Партызаны ўладалi тут усiм на вялiкую разлегласць.
Пераход на новае месца, новыя справы ў атрадзе, новыя ўражаннi самога Колi Сушчэвiча i шпаркая хада часу ўзялi на сябе ўсю ўвагу гэтага ўражлiвага хлапчука. I ён цяпер ужо не мучыўся думкамi аб бацьку. Быццам бы ён уведаў тую праўду, што яшчэ не тое што гады, а дзесяткi год будуць турбаваць яго ўсялякiя думкi пра бацьку, а цяпер трэба рабiць самае важнае: трымацца за штодзённыя чалавечыя справы i абавязкi, у якiх i сэнс, i радасць. Ён за гэты час i пажвавеў, i папрутчэў.
Але сам Аляксандр Сушчэвiч якраз у гэты час больш, як калi раней, думаў пра Колю, i можа нават думкi пра сына былi цяпер адзiным апiрышчам яго душы, у гэты злы i брыдкi час яго жыцця.
Можна пэўна сказаць: яго згубiў той вялiкi разрыў, што быў у яго памiж розумам i дзейнасцю, якую ён выбраў сабе, i не абы-як, а на ўсё жыццё. Ён лез у кiраўнiкi. I ў гэтым было няшчасце не так таго раёна, дзе ён быў даволi-такi паважнай асобай, як яго самога. Кiраўнiчага таленту ў яго можа хапiла б на тое, каб сядзець у возе, трымацца за лейцы i скiроўваць каня то ўправа, то ўлева. Ён i не падумаў нiколi, што навакол яго людзi. Яму здавалася, што ён нечым кiруе i нешта арганiзоўвае, а было так, што людзi бачылi яго i хтосьцi нават сказаў быў раз:
- Каб замест яго паклаў у яго крэсла палена, то тое самае было б.
Але няхай сабе яго i абсмейвалi. Гэта яшчэ паўбяды. Поўная бяда была з таго, што яго пачыналi ненавiдзець. Антон жа Крамарэвiч не так сабе кiнуў сям'ю i зноў выехаў у свет шукаць спосабу жыць. Выязджаючы, ён раструбiў усiм, што гэта праз Сушчэвiча ён разлучаецца з сям'ёй. Гэтаму Крамарэвiчу i ў галаву не прыйшло, што Сушчэвiч можа тут i сам жахнуўся б, каб яму хто сказаў, што ён i не кiраўнiк, i не работнiк, а самы сапраўдны злачынец перад савецкай дзяржавай. Але ён не толькi гэтага не ведаў i не адчуваў, а думаў, што ён вельмi важны чалавек у сацыялiзме. Ён вельмi быў пакрыўджан тым, што не быў узнагароджан ордэнам. Я нядаўна чуў, як адзiн работнiк так суцяшаў сябе: 'Яшчэ рана думаць, што ўсё скончана. Яшчэ не ўсе загадчыкi аддзелаў атрымалi ордэны'. Як быццам бы ордэн павiнен давацца за загадванне аддзелам, а не за працу i заслугi перад дзяржавай. Аляксандр Сушчэвiч насiў у сабе крыўду i пакрысе варушыўся. Можа б Антон Крамарэвiч i вярнуўся б хутка дадому, i скончыў бы, як сам хацеў, сваю новую хату, але да яго даходзiлi чуткi пра некаторыя справы каля Аляксандра Сушчэвiча, i ён думаў: 'Пачакаю яшчэ крыху, няхай там ацiхне'.
У тым раёне быў памылкова раскулачан адзiн чалавек, якi не быў кулаком. Недагляд гэта быў цi якое- небудзь спагнанне злосцi? А пасля аднаго чалавека выкiнулi з калгаса за тое, што ён сказаў быў раз: 'Якая ж гэта савецкая ўлада, калi тут чалавека раскулачваюць, а не кулака?' Каб на добры розум, дык гэтага чалавека трэба было б падзякаваць i пахвалiць за добрую i справядлiвую думку, а Сушчэвiч прышыў яму абвiнавачанне, што ён падрывае аўтарытэт прадстаўнiкоў улады. Ох, гэты 'аўтарытэт', там, дзе яго няма! Колькi разоў мне даводзiлася выслухваць навучаннi, як працаваць i як жыць, ад людзей, якiя самi не ведаюць, як трэба працаваць i як трэба нам усiм жыць.
Была i яшчэ хiба ў Аляксандра Сушчэвiча. Ён сiлаю-гвалтам укараняў у людское жыццё тое, што было ўласцiва яму самому. Вядома, не кожны мог прыняць гэта як непарушную праўду. Да таго ж, сярод гэтых людзей знаходзiлiся i такiя, што галоў на пяць былi разумнейшыя нават за самога Аляксандра Сушчэвiча. Не прымаючы сушчэвiчаўскiх нормаў i спосабаў, а робячы iнакш, яны былi пад падазронасцю ў яго. Здаралася, што праз колькi год, абсвяжыўшыся якiм-небудзь свежым ветрам, Сушчэвiч даходзiў да новых думак i ў захапленнi сам ад сябе тлумачыў усiм новыя дасягненнi сваёй галавы. Яму гэта была навiна, а многiя ўвесь свой век жылi гэтымi думкамi i спосабамi. Дык некаторыя з яго пасмiхалiся, а некаторыя з пэўнага часу ўзненавiдзелi. Вялiкае няшчасце бывае тады, калi чалавек з мандатам на права навучаць iншых пачынае думаць, што навокал яго ўсе бараны, якiя нiчога самi не ведаюць i не маюць сваiх мазгоў. Вельмi часта з Сушчэвiчам выходзiла тое ж самае. Але ўсё гэта была драбяза пакуль што. Навокал Аляксандра Сушчэвiча жыццё iшло сабе. Расло добра на полi, спела ўвосень садавiна, людзi багацелi сабе i разжывалiся, дзяўчаты iшлi замуж, гадавалiся дзецi, улетку было цёпла, а ўзiмку холадна. Але тут здарылася, што той раскулачаны пачаў дамагацца свайго права. Чалавек ён быў прабiтны i рухавы. Ён ездзiў кудысьцi да вышэйшых кiраўнiчых сфер, браў з сабой сведак i цэлы шмут усялякiх даведак i вярнуўся з высокай рэзалюцыяй па сваёй заяве аб тым, што яму павiнна быць аддадзена ўсё, што ў яго ўзялi ў часе раскулачвання. Тым жа часам паперка аб гэтым пайшла ў раён. Хоць Аляксандр Сушчэвiч i не быў якi-небудзь самы вышэйшы ў раёне кiраўнiчы, аднак жа ён вельмi заеўся. Вядома, кожны мае свой гонар. I бяды нiякай тут няма. А там