Черный Кузьма
Млечны Шлях (на белорусском языке)
Кузьма Чорны
Млечны Шлях
Раман
Рыжы бык адбiўся ад вялiкай чарады, якую нямецкiя салдаты гналi кудысьцi на станцыю, i рынуўся з дарогi ў поле. Па iм стралялi, але яму пашанцавала ўцячы i вырабiцца з бяды. Гэта было вясною. Да добрай восенi ён бадзяўся па лесе i полi i стаў порсткi i ўскiдзiсты на рух. Ён зусiм адзiчэў, але не схуднеў. Травы яму хапала. Яшчэ i цяпер пад кустамi было зяленiва, хоць i пачарнелае ад халадоў. Стаяла восень. Але яшчэ часам дзень зiхацеў сонцам, i тады птушкi не зважалi на прымаразак. Iх было многа. Яны пырхалi крыллем у вяршалiнах дрэў i спявалi, малыя i вёрткiя. Часамi бык рыкаў, але ў гэтых мясцiнах, дзе ён бадзяўся, яго можа i не чуў нiхто. Тут льга было прайсцi вялiкую прастору i не напаткаць чалавека i яго аселiшча. Вельмi многа тут чарнелася печышчаў i асмалкаў, i ў сухiя днi вецер круцiў i ўзнiмаў сухi попел. Многа лётала варання, i брахалi валачашчыя сабакi. Часамi было падобна, што пройдзе струмень трупнага духу. Вельмi магло быць, што дзе-небудзь гнiў хто непахаваны. Спачатку тут прайшлi былi нямецкiя танкi, а пасля не раз праходзiлi нямецкiя карнiкi. Жыццё стулiлася ў лясы i цiхiя закуткi, далей ад язджалых дарог. Гэтакае спустошанне цяглося кiламетраў можа на трыццаць. Якраз тут i знайшоў сабе бадзячую аселасць адзiчэлы бык. У адным кутку тут, дзе на месцы спаленага сяла печышчы паспелi ўжо абрасцi блёкатам i драсном, шэсць вялiкiх вязаў узнiмалiся ў неба пышнымi сваiмi вярхамi. Дзе-нiдзе счарнелае лiсце на iх так i аставалася на зiму. Густы зараснiк крушыны i шыпшыннiку стаяў пад iмi. Гэта было крокаў за тысячу ад вялiкага пажарышча i не больш як за чвэртку кiламетра ад лесу. Тут быў узгорак, i навокал далёка вiдно было ў поле. Як начамi пачала мерзнуць зямля, рыжы бык пачаў худнець. Шэрсць на iм падаўжэла i паднялася. Аднойчы ён убiўся пад шэсць вязаў у зараснiк, нюхаў кару на дрэвах i кустах, укруцiў хвост у шыпшыннiк, стаў iрвацца, яшчэ мацней ублытаўся, паабдзiраўся аб сукi i калючкi i, не могучы адарвацца, астаўся так стаяць. Ён аслабеў без яды i ад трывогi i пасля доўгай ночы i ранiцы зарыкаў на высокiм тоне. Блiзкiм лесам прайшло рэха. А пасля i яшчэ. Многа разоў. Раз-поразу. Жывёлiна прасiла ратунку. Рэха iшло па лесе.
Лес той быў густы i стары. Хвоя выносiлася стромка ў неба. Дуб расцiскаў голлем сабе прастору. Пракiдаўся граб. Пад навiссю дрэва каляiнiстыя дарогi расплылiся пад дажджамi i так асталiся. Па iх тут цяпер нiхто не ездзiў. Крокаў за трыста ад гэтакай дарогi, на струхлелым ствале паваленай дупляватай асiны сядзеў малады чалавек. Льга было здагадацца, што ён малады, каб хто бачыў яго ў гэтыя моманты: занадта нешта порстка i жвава ён ускiнуў галаву, як толькi пачуў бычынае рыканне. Здавалася, што ён чуе гэта радасную вестку, у кожным разе роўную доўгачаканаму ратунку. Вочы яго ажылi, рысы твару набылi рухавасць. Маладосць жыла на яго твары, нават i з-пад неахайнага шчацiння. Ён даўно не галiўся i можа нават не мыўся. Пячаць таго, што яму не было больш як трыццаць год, ляжала на iм. Рухавасць i бляск вачэй, жывая ўзбуджанасць, як толькi пачуў ён рыканне жывёлiны. Ён устрапянуўся адразу, прыўзняўся з трухлiны i застыў, прыслухоўваючыся. Вочы яго ўсё так жа свяцiлiся надзеяй i чаканнем.
Бровы ў яго сыходзiлiся дугамi i тонкiя губы сцiскалiся, калi ўвага яго да якога-небудзь шоргату лiстка аб мерзлую кару даходзiла да поўнага напружання. Гледзячы на гэты твар, можа хто-небудзь знайшоў бы тут упартасць натуры. Можа i так. Але аднак жа сцiснутыя губы ўздрыгвалi. Магло гэта быць ад холаду, а можа ад прычын, што каранiлiся ў душы гэтага чалавека? Як бы там нi было, заўважалася ў iм яшчэ i шпаркае шуканне чагосьцi вачыма. Вочы, вялiкiя i шэрыя, не мелi спакою ўвесь час. Каля вачэй збiралiся густа рысы ўважлiвасцi i да ўсяго навакольнага, i да таго, што рабiлася ў самiм чалавеку. Нейк заўважалася, што пад брудам, шчацiннем i куродымам твар белы i з рэдкiмi вяснушкамi. I валасы павiнны быць у чалавека светлыя. Але ў якой неахайнасцi i запушчанасцi быў ён увесь! Здавалася, што яго спасцiгнуў такi злы лёс, прага ратунку, ад якога забiла ўсё iншае, што калiсьцi жыло ў чалавеку. Да самых воч на галаве насунута была нейкая дзiўная шапка, i здаецца, жаночая, звязапая з шэрай воўны. Вядома, што ён дзесьцi выпадкова дастаў яе. Або знайшоў на дарозе, або адабраў у каго. Магло быць i гэтак. Быў холад. Хоць i не была мерзлая зямля, але дзе ляжала вiльготнае лiсце, там белая намаразь толькi апаўднi, як пачало паднiмацца сонца, замакрэла. А чалавек быў у летнiм пiнжаку, i пад iм адна толькi кашуля, i то мусiць чужая, бо занадта шырокая ў каўняры, якi звiсаў на пiнжаку на самае плячо. Кашуля была з саматканага палатна i зашпiлена на шыi вялiкiм чорным гузiкам. Боты на iм былi нямецкiя, салдацкiя, з нiзкiмi халявамi i цвiкамi ў тоўстай падэшве. А нагавiцы - ватовыя, але з вырваным каленам у адной калошыне. Усё гэта вывалена ў зямлi i выквацана ў некалькi колераў, як быццам сюды сумысля збiралася ўсё, што толькi дзе напаткаць льга было. Нi тое што адчай, а востры смутак час ад часу клаў сваю пячаць на твар гэтага чалавека i пасля сыходзiў. Рух адбываўся i не зацiхаў у яго душы.
Хмурнасць дня сплывала. З'явiлася сонца. Бялявае святло яго цiха лягло на дрэвы i лiсцвяныя накiды. Намаразь замакрэла, з-пад яе выйшла зяленiва на зямлi. Дробная птушка пырхнула ўгары i заспявала. Быццам супакоены, чалавек зноў сеў на трухлiну. Птушкi больш пачалi абзывацца. I раптам зноў зарыкаў бык. Чалавек усхапiўся з месца з раптоўнай рашучасцю. Быццам ён хацеў крыкнуць: 'Пара, час настаў!' Бычынае [рыканне] iшло лесам раз-поразу. Жывёлiна забiралася ў самыя высокiя ноты. Жывы голас клiкаў на дапамогу. Чалавек азiрнуўся наўкола, шукаючы кiрунку, адкуль iшоў голас. Ён шпарка рушыў з месца i пакiнуў за сабою трухлявае бервяно, на якое адразу насела многа дробных птушак. Дзень яснеў, i ў паветры цяплела. Бык рыкаў бесперастанку. Чалавек стараўся шпарка перабегчы полем ад лесу да магутных вязаў, з-пад якiх чулася жывёлiна. Пакуль дабегчы да дрэваў, чалавек некалькi разоў азiрнуўся. Ён сцярогся чагосьцi. Можа яму ўвесь свет быў страшан. Бо як толькi ён дабег да першага дрэва, адразу дапаў да яго ўсёй постаццю сваею. Быка ён яшчэ не бачыў. Стаяў, прыцiснуўшыся да дрэва, i выглядаў з-за яго. Птушкi i тут пырхалi ў голлi. Бык рыкаў няспынна. Вось ён! Чалавек убачыў яго. Жывёлiна стаяла ў такой хмызнячнай гушчарнi, што толькi рыжая масць яе дзе-нiдзе прасвечвалася праз крушыннiк. Бык рыкаў, чмыхаў i рваўся. Чалавек выткнуўся з-за дрэва зусiм, нават адышоўся ад яго на крок i застыў у одуме i з выглядам такiм, што ён дапаў да свае чаканай прынаднасцi. Была хвiлiна як бы нерашучасцi: што ж далей рабiць? Ён пiльна разглядаў жывёлiну. Пастава яго ператварылася ў нарыхтаванасць да таго, каб кiнуцца на быка. Ён абышоў вакол крушыннiку i ўбачыў. Задам бык упiраўся ў густы шыпшыннiк, i хвост яго па самыя сцёгны ўцуркаваўся ў калючы зараснiк. Чым больш iрваўся i тузаўся бык, тым мацней ублытваў хвост. Некалькi парасткаў ён раскалываў, а выцягнуць з зямлi i адарваць ад карэння не мог. На абадраных аб калючкi i сукi сцёгнах закарэла кроў. I хвост быў у сухой крывi. Бакi запалi ў ямы. Рэбры хадзiлi пад скурай, пахвiны выцягнулiся, i ён стаў, як дошка. Убачыўшы чалавека, бык выцягнуў шыю i рыкнуў спакайней i цiшэй. Чалавек заўважыў, як спакайнела жывёлiна, i ўзрадаваўся. Ён стаў у позу, падняў крысо ў пiнжаку i выцягнуў аднекуль з-пад свае адзежы нейкую зброю, падобную да вялiкага фiнскага нажа. Трымаючы зброю ў руцэ, ён яшчэ не зрабiў анiякага руху, як раптам твар яго перасмыкнуўся i вочы жахнулiся. Бадай-што ў такой самай паставе, як i ён, з другога боку ад жывёлiны i з шырокiм штыком ад вiнтоўкi ў руках стаяў тут другi ахвотнiк да бычыны. Чалавека ў летнiм пiнжаку ўразiла да жудасцi тое, што гэты, стоячы ў зусiм гатовай паставе, глядзеў не на быка, а на яго.
Гэты другi меў такi выгляд, што не ўгадаць было б, колькi яму год. Можа ён быў стары, а можа зусiм малады. Ён баяўся холаду, ён грэўся. Шыя яго была абкручана ручнiком. Расейскi салдацкi кажух да кален быў на iм. На нагах салдацкiя чаравiкi без абмотак. Сялянскiя нагавiцы з рудога саматканага сукна, на яго вельмi вузкiя i, дзiўна, нават кароткiя. Бо сам ён быў даволi-такi малога росту, i паводле якога мог здавацца таўстуном. Твар быў круглы i зноў-такi няголены, шчацiнаваты i кiрпаты. Вочы застылыя, i нейкiм дзiўным парадкам у iх нiчога не адлюстроўвалася. Але ўвага i насцярожанасць вельмi востра былi напiсаны на яго твары. Цяжка было зразумець, цi гэта на быка, цi на чалавека ён нарыхтаваўся кiнуцца. Ён здаваўся здаровым i дужым, толькi празмеру змораным. Барада яго хавалася ў ручнiк, вушы закрывалiся бiнтам, шырокiм i ў лапiнах сухой крывi. Бiнт абкручваў лоб, скiвiцы з вушамi, хаваў пад сабою бровы i сядзеў гузамi на патылiцы. Вусы стрыжаныя, пакiненыя двума пукамi пад носам, былi ўжо нейкiм чорным гузам, з якога тырчэў дробны недакурак з папяросы; цi ён там умёрз, цi прылiп, але ён астаўся там i напэўна не заўважаўся тым, хто яго курыў.
Бык выцягнуў шыю i зарыкаў. Незалежна ад сваiх думак, гэтыя два зрабiлi рух, момантны i больш iнстынктыўны як абдуманы. Каб хто сачыў за iмi збоку, той падумаў бы, што гэта яны толькi i чакалi таго моманту, калi зарыкае бык, каб тады кiнуцца на яго i замест ратунку, аб якiм ён так рыкаў, зрабiць яму смерць. Тым часам бык як бы ў знямозе паставiў мысу ўнiз, мусiць да наступнага рыкання. Гэтыя два адразу як бы забылiся на жывёлiну, i вось пачала на iх твары лажыцца пячаць найпiльнейшай увагi аднаго да другога. Увага гэтая межавалася з заядлым узбуджаннем i нянавiсцю, хоць нiводзiн з iх нават i здагадвацца не мог, каго ён бачыць перад сабою. Пачуццё прыкрасцi i смутку адлюстроўвалася на iх тварах. Ужо на адзiн