- Трэба ж чыгуны ўзяць, - сказаў старэйшы.

- Па чыгуны пойдзем разам, - абазваўся той, што мёрз у летнiм пiнжаку. I гэта было вострае выяўленне таго, што чалавек не верыць нiкому з людзей. Не трэба спускаць другога з вока. Тоўсты ўскiнуў наапашкi кажух, якi ляжаў пры сцяне на зямлi, i ўсе пайшлi ў хату. Першы iшоў старэйшы. Ён пачынаў рабiцца вельмi дзейны. У сенцах той ужо канчаў труну. Яму свяцiла самаробная свяцiльня: у чарапку плаваў у чымсьцi чорным i гарэў кнот. Усе, i трунны майстар следам, увайшлi ў хату.

Перш за ўсё было штосьцi падобнае да кухнi ў сялянскiм дамку. Цеснаваты пакой з глiняным токам замест падлогi, пабеленыя сцены, варыстая печ i свечка на лаве. Яна i асвятляла ўсё. Але самае першае, што кiнулася ў вочы ўсiм чатыром, гэта вось што было. На засланым белым прасцiрадлам тапчане ляжала мёртвая дзяўчына. Гэта быў яшчэ падростак. Сiняя паркалёвая спаднiца абгортвала яе ногi. Роўна ляжалi ступенi яе ног у толькi што пашытых (швы з белых нiтак былi свежыя) пантоплiках з чорнага корту. Твар васковага колеру, худзенькi i дробны, лобiк высокi. Завостраны нос i такiя ж плечы ў рудой кофтачцы, вельмi падобнай (каб толькi не колер iншы!) на тую, што вiсела на двары. Самаробная, звязаная з нiтак. Спушчаныя шчыльна вейкi цёмнага колеру, i было ўражанне, што з-пад iх глядзяць i сочаць за ўсiм вочы. Зусiм яшчэ дзiця была гэтая нябожчыца. Год пятнаццацi цi чатырнаццацi дзяўчына сядзела каля гэтай нябожчыцы ў галавах i глядзела на чатырох, што ўвайшлi ў хату. Позiрк яе быў спакойны i ўраўнаважаны, ён як бы гаварыў: няхай вас увойдзе сюды хоць сто чатыры, нiчога на свеце ад гэтага не зменiцца. Валасы на яе галаве былi густыя i цемнаватыя, лоб высокi, выпраўка бадзёрая, i ў вачах веданне нейкага вялiкага сэнсу. I гэтая была ў сiняй паркалёвай спаднiцы i ў самаробным кафтанiку з ваўняных нiтак, толькi ўжо вiшнёвага колеру. Твар у гэтай быў як вытачаны, з пэўнымi цвёрдымi рысамi, i ў сцiснутых губах вызначалася адлюстраванне таго, што хутка ўжо тут усталюецца натура. Адна рыса iшла цераз увесь твар i перакрывала сабою ўсё: як бы ўсё гэтай дзяўчынцы здавалася звыклым i нiчога дзiўнага нiдзе. На свеце няма з чаго дзiвiцца, бо ўсё такое, якое яно ёсць.

З другога канца тапчана стаяў на каленях на зямлi той, з адкiнутымi назад валасамi, i, схiлiўшы галаву, трымаў лоб на канцы тапчана, каля ног мёртвай дзяўчынкi. Тое, што ўвайшлi ў хату i стукалi нагамi, не падняло яго з калень. Ён i не зварухнуўся. Не зварухнулася i дзяўчынка, што сядзела ў галавах нябожчыцы. Той, што рабiў у сенцах труну, на пальчыках падышоў да ўкленчанага чалавека i далiкатна паклаў яму руку на галаву. Ён як бы гладзiў яго па галаве. Цiха ён сказаў:

- Труна гатова.

Чалавек падняўся з калень i ўтрапёным позiркам азiрнуўся. Невядомыя прышэльцы стаялi ля парога i маўчалi. Тоўсты, у кажуху, першы абазваўся:

- Мы прыйшлi па чыгуны.

Чалавек перасмыкнуў сцiснутымi губамi i сказаў да дзяўчыны:

- Ганна, дай людзям чыгуны.

Пакуль Ганна даставала з-пад печы два вялiкiя чыгуны, ён паглядзеў у твар кожнаму i роўным тонам сказаў да ўсiх:

- Калi вы, або каторы з вас напроцi ночы не пойдзе ў дарогу або яшчэ i заўтра будзе тут адпачываць цi як там яму выйдзе, то можа хто з вас, браткi, памог бы мне пахаваць яе. Выкапаць яму трэба, занесцi i зрабiць што трэба.

- Вы ж тут удвух, - абазваўся тоўсты.

Як толькi ён так сказаў, той, што рабiў труну, зiрнуў на яго з маўклiвым дакорам, i ён, з выглядам абвiнавачанага, спусцiў доле вочы. Вельмi ж вiдно было ў гэты момант, якая гэта добрая, мяккая, лагодная натура. Выгляд у яго стаў адразу такi, што яму ўжо як бы i не патрэбна стала чужая дапамога. Ён маўчаў i беспарадна як бы чагосьцi шукаў вачыма ў пустых кутох.

Тады абазваўся ў чырвонаармейскай зношанай адзежы. Ён сказаў:

- Я памагу, толькi раней каб мяса прычакаць i хоць колькi разоў укусiць. Я не вытрымаю з голаду. Мае зубы могуць цяпер раструшчыць камень.

Ледзьве ён паспеў сказаць палову гэтай фразы, як шпарка выткнуўся паперад той самы старэйшы, у якога халодная абыякавасць i безнадзейнасць, здавалася, навекi асталявалiся на твары. Ён паволi перасмыкнуў губамi i нейкай адной рысай у сябе памiж вачэй i з жудасным акцэнтам сказаў шпарка, быццам баючыся, што яго не захочуць слухаць:

- Я пайду памагаць.

I ў той жа момант плечы яго страсянулiся, i ён хапiўся за твар рукамi. Ён плакаў. Што такое здарылася? Адкуль гэта ў такi час, калi спарахнелыя ў зямлi лацiняне нiколi яшчэ не мелi такога блiскучага апраўдання сваёй прымаўцы: 'чалавек чалавеку воўк'. I нiхто гэтаму не здзiвiўся i як бы не заўважыў нават гэтага здарэння. Толькi таўсматы нездаволена зiрнуў на слабавольнага плаксуна, i нават як бы пагрозай зварухнулiся яго вочы.

- I я памагу, - сказаў той, што быў у летнiм пiнжаку.

- Зварым мяса, паямо, бо ўмiраем з голаду, i паможам усе. У момант усё зробiм, - сказаў таўсматы. - Дзе чыгуны?

I ўсе яны выйшлi з чыгунамi i сталi валтузiцца з мясам. Вады набралi з студнi i напоўнiлi ею i мясам чыгуны, але мяса не мылi. Нiхто пра гэта i не падумаў. Прайшло можа тры хвiлiны, не больш, як два чыгуны стаялi па каменнях i пад iмi гарэў агонь. Раптам з хаты шпарка выйшаў той, што рабiў труну. Ён здаваўся вельмi ўстрывожаны. Шпарка ён прагаварыў:

- Сцямнела. Агонь здалёку вiдаць.

Таўсматы, як бы раптам адумаўшыся, залiў вадою з чыгуноў агнi i сказаў:

- Варыць трэба ў печы.

I ўсе, з выглядам выратаваных з бяды, панеслi ў хату чыгуны з мясам.

- Гануся, - сказаў чалавек з адкiнутымi назад валасамi, - запалi ў печы. Я яшчэ пазаўчора туды наклаў дроў.

Гануся сышла з свайго месца i ўзялася за работу. Рукi яе былi малыя i рухавыя. Далiкатнае хараство было ў яе руках. Бадай што напалову яна сама ўлезла ў печ i, лежачы на чаране, падпалiла дровы. Людзi самi прыставiлi свае чыгуны да агню. Вiдно стала ўсiм, якое дзiця яшчэ гэтая Гануся. Тоненькая, з рухавымi плечыкамi, але з вачыма спакойнымi. Качаргой яна пачала падгортаць агонь блiжэй да чыгуноў. Здавалася, што ёй вельмi патрэбна, каб хутчэй усё гэта скончылася. Час пацягнуўся так марудна i так нядобра! Усе ўчатырох сядзелi поплеч на лаве, апанаваныя прыкрым чаканнем. Гануся варыла мяса. Чалавек з адкiнутымi назад валасамi стаяў нерухома над нябожчыцай. Той, што рабiў труну, стаяў у самым парозе i таксама не варушыўся. Штосьцi было ў яго паставе такое, што быццам гэта ён сумысля заняў сваю пазiцыю ў самых дзвярах, каб быць блiжэй да выхаду з хаты. Самы ж маладзейшы з чатырох i таўсматы некалькi разоў, як згаварыўшыся, выходзiлi на двор. Калi паднiмецца iсцi таўсматы, iдзе малады за iм, тонкi, як травiна, перад тым. Вышмарганае чырвонаармейскае адзенне на iм сядзела вельмi шчыгульна. Калi ён паднiмаўся iсцi, за iм спяшаўся i таўсматы. Вельмi было падобна да таго, што яны не хочуць спусцiць адзiн другога з вока. Кожны раз, як толькi яны выходзiлi на двор, абодва пiльна прыглядалiся да цёмных абрысаў вечара навакол i прыслухоўвалiся да той вялiкай цiшынi, што бытавала тут. Магло б здавацца, што памiж гэтымi двума жыве вялiкая згода i аднадумнасць. У хвiлiны гэтага прыслухоўвання яны можа i сапраўды рабiлiся роўнымi iмклiўцамi да аднаго. Iм жа важна было на гэты хоць вечар усцерагчыся ад таго, хто б уздумаў натрапiць на iх след. З гэтага яны i пачалi рабiць першыя спробы пазнаць адзiн аднаго. Кожнаму было ясна, што другi баiцца свету i хоча ўхавацца ад людскога вока. За час гэтых выхадаў з хаты яны не сказалi адзiн аднаму нi слова, але гэта магло б быць лiшнiм. Яны ўжо, на гэты вечар, пачалi разумець, што аднаму важна тое, без чаго не можа абысцiся другi. Настаў нарэшце момант, што калi тоўсты паварушыўся, каб iсцi, малады сказаў вельмi цiха:

- Iзноў хiба выйдзем?

- Ну, як там, цiха? Нiчога падазронага? - абазваўся той, што ў летнiм пiнжаку.

- Прыглядайцеся ў бок лесу, - заўважыў самы старэйшы.

I ўсё памiж iмi як бы высветлiлася. Чаго ж iм яшчэ крывiцца адзiн на другога цi ўсiм на аднаго, калi яны разам павiнны сцерагчыся нежаданага прыйсця таго, хто можа iсцi iхнiмi слядамi? Такая атмасфера раптам навiсла ў гэтай хаце. Здаецца, яе адчуў нават i той, што зрабiў труну. Ён паглядзеў на ўсiх чатырох i сам сабе ўздыхнуў: 'Божа мой, Божа'. Як бы там нi было, ён сам выйшаў з хаты i, калi вярнуўся, сказаў:

- Цiха i пуста. Нiкога нiдзе. Месяц узыходзiць.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату