самы найкарацейшы момант яны не спускалi адзiн аднаго з вока. Кожны з iх, здаецца, нават дыхнуць баяўся. Бык некалькi разоў выцягваў шыю i рыкаў, а яны можа нават i не заўважалi гэтага. У кожным разе нiводзiн з iх нават i вачыма не кiнуў у той бок, дзе чатырохногi бадзяга прасiў дапамогi. Праходзiлi хвiлiна за хвiлiнай, i павялiчвалася трывожная ўвага iх у аднаго да другога. Поўная нянавiсць ужо ўладала iмi. Калi каторы з iх рабiў хоць абы-якi рух, другi ўскiдаў руку са зброяй, каб хаця той не зрабiў гэтага раней за яго. Як бы нейкiмi ланцугамi яны былi прыкуты да гэтага агiднага iм самiм занятку. Iх прыгнечвала гэтая злая неабходнасць. У кожным разе, як бы там нi было, памiж усяго iншага, i рыса пакуты была на iхнiх тварах. Напружанне iх даходзiла да найвышэйшага пункта. I раптам чалавечыя галасы, цiхiя i стрыманыя, прыглушаныя iмкненнем быць пачутым толькi тым, да каго гаворыцца, пачулiся недзе зусiм блiзка, вось тут, можа спамiж самых блiжэйшых кустоў. Бадай-што шэптам хтосьцi казаў:

- Я табе кажу, што гэтая жывёлiна рыкае недзе тут.

- А па-мойму, дык у лесе, - адказаў так жа цiха i асцярожна другi нехта.

Хвiлiн колькi цяглося маўчанне. Чутно было, як чыркнула запалка. Мусiць яны закурылi. Значыцца, зусiм блiзка яны былi. З гэтымi двума адбылася змена. Iх увага ўжо накiравалася туды. Хоць яны яшчэ i не паспелi пазнаёмiцца адзiн з адным, але як быццам бы ўжо былi добра знаёмыя. Ужо яны станавiлiся падобныя да змоўшчыкаў, якiя разам, плячо з плячом, павiнны баранiцца ад нейкiх невядомцаў, што выявiлiся так блiзка тут. Так спаткалiся iх позiркi на адзiн момант у такiм сваiм пераломе i з'iначаннi, пасля чаго ўжо спакайней яны глядзелi адзiн на аднаго. Кожны з iх ужо бачыў у другiм свайго аднадумца, i рысы чалавечнасцi i сяброўства зганялi з iх твараў рысы звярынага страху. А як жа! У iх жа цяпер ёсць адна справа, i можа слаўнае i такое жаданае сяброўства запануе памiж iмi. Той, што ў кажуху, тоўсты i нiзкi, нават зрабiў паўкрока да таго, што мерзнуў у летнiм пiнжаку. Бык зноў зарыкаў, i зноў на высокай ноце, з адчаем i як бы з болем.

- А што? Тут! - пачуўся з кустоў радасны голас, ужо не такi стрыманы. I адразу яны ўдвух апынулiся тут.

Што гэта была за пара такая! Адзiн з iх быў зусiм малады. Калi таму, што мёрз у летнiм пiнжаку было год трыццаць, то гэтаму бадай-што не магло быць больш як дваццаць шэсць. Сляды перажытага ляжалi на яго твары. Нi тое што гэта маршчыны старасцi ўразiлi маладосць. Але такая пячаць бывае на твары толькi ў таго, хто вытрымаў нясцерпныя пакуты i пазнаў тую праўду, што ўсё звыклае чалавеку i нецiкавае, нават апрыкралае, можа стаць яму раптам вялiкiм шчасцем i радасцю. Нейкая як бы паглыбленасць у самога сябе была ў iм. Яна не была закаранелая i застарэлая, i можа гэта былi толькi першыя адзнакi яе. Калi так, то яна магла i не пакiнуць сваiх слядоў у чалавечай натуры. Была i яшчэ адна рыса ў гэтага чалавека. Гэта як бы лёгкая здзiўленасць. Здавалася, што яшчэ ўсё не можа апамятацца ад нейкага нечаканага шчасця i яшчэ ўсё перажывае радасць, якая з'явiлася перад iм як дар чалавеку ад усяго свету. I такiм парадкам свет паказаўся перад iм невядомымi яму раней гранямi: свет не толькi бязлiтасны i жорсткi. Ён яшчэ ласкавы i ясны. I сваю радасць чалавек можа знайсцi ў кожнай травiне. Штосьцi такое было ў чалавеку. Ён быў у чырвонаармейскiм адзеннi, у летнiм. Без шыняля i на галаве зусiм без шапкi. Нiзка абстрыжаны. У гiмнасцёрцы i нагавiцах з той крамнiны, з якое робяцца плашчы-палаткi. Пояса не было. А на босых нагах, без ануч, лапцi з лыка. Усё адзенне на iм было такое старое, такое зношанае, такое ўжо бескаляровае, што, здавалася, яно даўно ўжо сатлела i на чалавеку ледзьве лiпiць, i павiнна неўзабаве спрахнуць пылам на няма нiшто. Твар у гэтага зусiм маладога чзлавека быў як вытачаны, лоб высокi i вочы цiхiя. Праўда, вочы маглi быць такiя не толькi ад прыроды натуры, але i ад нейкага ўражання, успрынятага чалавекам.

Другi, што з'явiўся тут разам з iм, быў немалады. Гэты нават быў не так сярэднiх, як пад старасць блiзкiх год. Выглядам сваiм ён быў такi ж як i ўсе тыя, што былi тут. I гэты быў нечым уражаны i кiнуты ў нязвыклы стан. Але калi ўсе тыя мелi на сабе, у каго слабей, а ў каго мацней, пячаць iмкнення i прагi, то ў гэтага толькi адна рыса панавала над усiм. Гэта - абыякавасць. Холадам павявала ад яго вачэй i нерухомых губ i сабранага ў нерухомыя маршчыны лба. Але холад не пераходзiў у абсалютны спакой i нават не межаваўся з iм. Абыякавасць, нерухомасць, зморанасць, расчараванне. Аднак жа i ў яго тлела нейкае адчуванне, нейкая пакута. Можа гэта голад, можа холад, можа боль якi цi прыдушаны смутак. I паняверка. Без усялякай веры быў чалавек. I гэтае бязвер'е i было яго тым жарам, што дзесьцi яшчэ тлеў у яго душы. Пакута ад таго, што няма веры. Можа яму яшчэ i суджана было стаць на шлях да пошукаў веры. Калi так, то холад яго твару мог быць толькi з'явай гэтай гадзiны цi гэтых дзён i нiяк не вызначаў яго натуры. Ён раптам глянуў на таго таўсматага i невысокага ростам, што быў у кажуху да кален, i момантны бляск, не тое што радасцi, а як бы ажыўлення, перасмыкнуў яго твар. Але толькi на момант. Так ужо ўкаранiлася ў iм безнадзейнасць, што адразу зноў абыякавая ўнуранасць заўладала iм. А хто ведае, цi не быў гэты ў кажуху якi-небудзь яго блiзкi друг, калi iскра ўзбуджанасцi на момант прабiла холад яго твару, як толькi ён яго ўбачыў.

Панавала цiшыня i напружанасць. Усе чакалi. Той малады ў лёгкiм пiнжаку тросся з холаду, сцiскаючы ў кулаку тронак вялiкага фiнскага нажа. Тоўсты ў кажуху да кален кiдаў вачыма па ўсiх, як бы стараючыся дасачыць, хто першы памкнецца зрабiць яму зло. Самы маладзейшы, зусiм малады хлопец у сатлелым чырвонаармейскiм адзеннi таксама абводзiў вачыма ўсiх, як бы шукаючы таго, каму ён мог бы паверыць. Што ж да самага старэйшага, з холадам на твары, то гэты, здавалася, яшчэ больш апанаваўся пакорай да нейкага свайго лёсу. Стаяў сабе i трымаў позiрк на абкарэлым крывёй бычыным хвасце, скручаным у абаранак вакол шыпшынавай папруцiны i безнадзейна ўблытаным разбэрсаным пукам валос у гушчырню калючых зараснiкаў.

- Дык што ж, - сказаў раптам шпаркiм тэмпам таўсматы, i вочы яго як бы мiргнулi, - нашто так доўга стаяць, трэба рэзаць быка.

Хто яго ведае, чаго больш было ў тоне яго слоў - гаспадарлiвай практычнасцi цi нейкай затоенай за гэтымi словамi думкi.

Ацвярдзелым позiркам ён шпарка кiнуў на ўсе бакi. Усе маўчалi i чакалi. Трэба думаць, што ён рабiў на ўсiх нейкае адно ўражанне, i ён сам мусiць разумеў гэта. Гаварыў ён па-расейску. Спрактыкаванае вуха магло б злавiць у яго ледзь заўважны нямецкi акцэнт. Такi слабы, што яго можна было i на ўвагу не браць. I мова яго пайшла б за чыстую расейскую, не жывую, а лiтаратурную. Бадай што адразу за першай фразай ён кiнуў i другую:

- Мяса будзем пячы на агнi... Я ўмiраю з голаду.

- I я ўмiраю з голаду, - з нотамi радаснай надзеi абазваўся малады ў летнiм пiнжаку. Ён калацiўся з холаду.

- Памру, - прастагнаў самы старэйшы, у якога на твары была пячаць абыякавасцi. - Я дзiўлюся сам, як я яшчэ жыву.

I цi то гэта ён меў на ўвазе толькi свой голад, цi яшчэ i iншыя прычыны, хто яго ведае. У яго такi жудасны быў нямецкi акцэнт i вымова, што ён як быццам бы хвалiўся: 'Я немец'. Проста-такi ён i зусiм не ўмеў гаварыць па-расейску i толькi трапляў абы-як, цераз дзесятае ў пятае. Хоць паасобныя словы ён выгаварваў добра.

- Я чацвёртыя суткi не ем, - цiха, як бы сам сабе, прагаварыў самы маладзейшы ў зношаным чырвонаармейскiм адзеннi.

I ён зрабiў нейкi раптоўны рух. Было падобна, што ён хацеў штосьцi дастаць з-пад свае гiмнасцёркi. I ён калацiўся з холаду. Рух яго застыў на месцы, ён быццам адумаўся, што схаванае ў адзежы няхай там i будзе. Шпарка спусцiў ён руку ўнiз i правёў вачыма па ўсiх.

Як быццам бы ўсе яны разумелi адзiн аднаго як не трэба лепш. Згода была памiж iмi i яднанне. На iх насядаў голад. Ратунак! Вось гэта было iх сяброўствам. Тоўсты ў кажуху па-гаспадарску агледзеў быка i падышоў да яго. Малады ў летнiм пiнжаку нарыхтаваў свой фiнскi нож. Самы маладзейшы дастаў з-пад гiмнасцёркi кiнжальчык з медным тронкам i ў раменным чахле. Ён стаяў блiжэй за ўсiх да быка. Тоўсты працягнуў руку, каб узяць гэты кiнжальчык. Вельмi можа быць, а напэўна так i было, што ён сам хацеў гэтым кiнжальчыкам закалоць быка. Малады чалавек з недавер'ем адмахнуў руку назад i адступiў на крок. I гэта было як бы сiгналам да таго, каб усiм iм нават i перад тварам адзiнага свайго ратунку зачынiць наглуха адзiн перад адным свае душы. Усе стаялi ў маўклiвай нерухомасцi. Раптам малады ў летнiм пiнжаку не вытрымаў.

- Ага! - крыкнуў ён, i вочы яго пачырванелi, i твар уздрыгануўся. Ён кiнуўся да быка i хапiў яго аберуч за рогi.

- Завярнi яму галаву набок! - крыкнуў тоўсты i памог яму. Бык апошнi раз зарыкаў. Ён такi дачакаўся свайго ратунку. У кожным разе яго хоць могуць ужо адарваць ад калючай папруцiны. Бык стаяў з паднятай

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату