калываўся немец з апухлым тварам, сказаў, горача i як бы тонам важнага паведамлення:
- Калi Марына памерла, мне цяжка было на цэлы той дзень астацца пры маёй надзеi на мой зварот на бацькаўшчыну. Я хачу сёння саснiць Марыну, а табе жадаю саснiць тваю мацi ў родным доме.
- А я ўжо снiла Марыну, - абазвалася нечакана Гануся, i на яе голас азiрнулiся ўсе. А яна абвяла кожнага з iх вачыма, i выраз яе твару быў такi, быццам яна хацела сказаць: 'Якое было б шчасце, каб вы ведалi, як мне цяжка жыць! А калi i лепш стане, то нiводная ж з нябожчыц з мёртвых не ўстане'. Пячаць вялiкага смутку ляжала на яе твары. Выраз яе твару быццам прыгнятаў увесь свет.
- Як густа зоры ў небе сталi! Усё неба ў зорах! - раптам сказаў студэнт i прыўзняўся на локцi. Вочы яго кiравалiся ў акно, за якiм была зорная ноч i сiлуэт вялiкага дрэва.
- Млечны Шлях! - моцна сказала Гануся, павярнуўшыся да акна. - За дзень да вайны, калi мы яшчэ i не думалi, што яна будзе, мы з Марынай цэлую ноч прастаялi на балконе i глядзелi на Млечны Шлях. Гэтая зорная дарога так вабiла кудысьцi нас! Мы тады з Марынай маўчалi-маўчалi...
- Нашто мне зоры, калi iх не бачыць Марына! - бурна сказаў Мiкалай Сямага i сцiснуў зубамi нiжнюю губу.
- Божа, якое зорнае неба бывае ў Чэхii, - не менш бурна сказаў Эдуард Новак i застыў перад акном. Студэнт, як уражаны доўгачаканай радасцю, не адрываючыся, глядзеў у зоры. Ён перарваў маўчанне ўзбуджаным шэптам:
- Уночы пасля дажджу, калi мокрая кара шасцi вязаў пахла на ўвесь свет, заўсёды ясныя былi зоры.
- Калi я быў малы, над Бранчыцкiм маёнткам заўсёды ясны быў Млечны Шлях, - сказаў той, што так перамёрз быў у летнiм пiнжаку.
Пачалося маўчанне. Усе як ёсць маўчалi i кiравалiся тварам i вачыма ў неабдымны свет прасторы, сярод якога стаяла гэтая хата. Адзiн толькi немец з апухлым тварам нешта ўсё шморгаў нагамi аб печ. Калi Гануся зiрнула на яго, то ўбачыла, што ён стараецца злезцi з печы. Нарэшце ён нейк няспрытна саскочыў з яе i, прыклыбаўшы да акна, прыпаў iлбом да халоднай шыбы. З тым сваiм ранейшым жудасным акцэнтам, ломячы расейскiя словы, ён прагаварыў:
- У мяне дома ёсць пятнаццацiгодняя Гертруда. Яна любiць глядзець на зоры.
I раптам адбылося нечаканае. Гануся аж уздрыганулася. Апухлы свой твар ён наблiзiў да Ганусiных вачэй i пачаў гаварыць. Чамусьцi гэта было падобна, што ён хоча сваiм страшным хрыпатым голасам праспяваць тое, што хацеў сказаць.
- Дзяўчына, галубка!.. ('Галубка' ён выгаворваў 'калюбка'.) Калюбка, паслухай мяне. Я чую свой канец. Я не вытрымаю да канца. Усё ўжо скончана, Божа, ратуй мяне. Калюбка! Ты маладая, ты яшчэ малая. Мне здаецца, што я даўно ведаў, што ты ёсць на свеце. (Яна сядзела збянтэжаная.) Каб ты ведала мой смутак, калюбка! Мая Гертруда паўстае перада мной, калi я гляджу на цябе. Яна ў тваiх гадах. (Ён раптам змянiў тон просьбы на апавяданне.) Гертрудзе цяпер пятнаццаць год. Яна радзiлася, калi я чуў ужо блiзасць старасцi. Гэта ад другое мае жонкi. (Зноў тон яго змянiўся. Гэта быў смутак страшны сваей пячаццю на яго апухлым твары.) Калюбка! У цябе маладая душа. Думай пра сваю мацi, бо гэта самае дарагое, што ёсць у чалавека. Думай пра яе i пашкадуй мяне. Прасi бацьку свайго i сама будзь такая, каб з ласкай абысцiся са мною. Каб я быў тут як з сваiмi, гэта здыме з мяне хваробу. Я ўвесь калачуся ад слабасцi. Голад парваў у мяне ўсё ўсярэдзiне, i холад прайшоў навылёт праз мяне. Можа каб былi пры мне блiзкiя людзi, можа мне яшчэ i не суджана памерцi. I яшчэ можа доўга мне жыць суджана. Я яшчэ не стары. Я на чужой зямлi i сам не ведаю дзе. Наша часць уся лягла касцьмi, i я ратаваўся ў тыл. Я думаў, што дабрыду да Германii. Тое, што мяне палiчылi б дэзерцiрам i судзiлi б, здавалася мне глупствам перад тым, што я ўбачу Гертруду. Я баяўся людзей. Я галодны i ў холадзе бадзяўся, як няшчаснае стварэнне. I цяпер бачу, што нiкуды я не дайду, а ўпаду на дарозе i кончуся. Калi праз якi-небудзь цуд я дабрыду яшчэ да Германii, Гертруда напiша табе, а ты напiшы ёй. Вы будзеце сёстрамi навекi. Калюбка! Я ледзьве жыву. Запытаешся ў сваёй мацi, i яна пахвалiць цябе, калi ты будзеш Гертрудзе сястра, а мне выратавальнiца.
Уражаная i збянтэжаная, Гануся ўстала i адступiла два крокi.
- Як жа я скажу ўсё гэта сваей мацi, калi яе немцы спалiлi ў Менску! крыкнула Гануся, i голас яе перарваўся.
- Гэта не немцы зрабiлi, - абазваўся адразу з печы таўсматы. - Гэта Гiтлер, Гiтлер вiнават.
- У Марыны адабраў жыццё не Гiтлер, а той лётчык, якога Гiтлер паслаў. Нешта занадта шчыра гэты лётчык стараўся! - панура i як бы з развагаю сказаў Мiкалай Сямага.
Гануся лягла на лаве, паклала галаву на бацькавы каленi i ўздрыганулася: яна душыла свой плач.
- Нам трэба пакiнуць гэтае месца, - цiха сказаў ёй бацька. - Я што-небудзь прыдумаю. Тут можна не вытрымаць.
- Пойдзем на Случчыну, да мае мацi. Там можа няма такой адзiноты. Там такi прытульны ў нас дом.
- Я яшчэ паспрабую шукаць Веру, сваю сястру.
Таўсматы дзiка азiрнуўся па хаце i сеў, звесiўшы з печы ногi. Ён як бы выглядаў чаго цi высочваў што. Той, з апухлым тварам, нейкi час глядзеў на яго i, як бы перамогшы сваю ранейшую ўстрывожанасць, зноў падышоў да Ганусi.
- Мне трэба вылежаць маю хваробу. Я сам ад сваiх хаваюся. Я сваю часць пакiнуў. Я галаву хачу ратаваць... Я быў на вашай зямлi ў тую вайну. Мы канчалi вайну пацалункам. Я быў тады малады. Тры гады я гнiў у акопах. Вашы салдаты выбеглi з сваiх акопаў. Мы выбеглi з сваiх акопаў. Мы абнялiся i сказалi адзiн аднаму 'брат'. Я прыйшоў быў з вайны дадому. Я быў малады. Я гуляў сваё вяселле. У мяне было няшчасце. У мяне памерла жонка. Я другi раз ажанiўся. Гертруда мая ад другое жонкi. Над маiм домам у Германii гэты самы стаiць Млечны Шлях, што i над вашым домам. (Раптам ён узвысiў голас.) Вы ў сваiм доме. Не пакiньце мяне! Дайце мне стаць ад хваробы i змучанасцi на ногi. Я тады сам знайду сваю дарогу. Калюбка!
Нiхто не абзываўся, i панавала цiшыня. Немец выварочваў сваю душу далей:
- Падыходзiць мая старасць. Мяне мабiлiзавалi не спачатку вайны. Тры месяцы таму назад дывiзiя наша была разбiта да канца. Мы беглi хто як мог. Пагiбель гналася за намi. Мы пайшлi па два, па тры, каб нас не баялiся людзi. Дык тады сяляне пачалi паляваць нас нават не зброяй, а вiламi i каламi. Мы ўдвух выйшлi ў такую мясцовасць, дзе ўсё было папалена. Мы цяглiся ў пустынi. Другi, што быў са мной, - гэта камандзiр майго палка. Мы начавалi ў ямах пад дажджамi, i я кожную ноч плакаў аб сваiм доме. Мы елi траву. Камандзiр палка маладзейшы, а я ледзьве цягнуўся. Мы згаварылiся iсцi па адным. Мы бачылi, што нас i свае расстраляюць, як дызерцiраў, i сяляне заб'юць. А над адным можа якая добрая душа злiтуецца. Мы яшчэ некалькi дзён бадзялiся ў адзiноце. Усюды пажарышчы i пустыня. Цi мы дзе поблiзу адзiн ля аднаго брадзiлi, цi далёка разышлiся, я не ведаў. Я быў адзiн. Маё цела за гэтыя месяцы вымерзла навылёт. Я прыцiснуўся лбом да дрэва ў чыстым полi i шаптаў iмя Гертруды. I раптам пачуў бычыны голас. Я ведаў, што не саўладаю з iм адзiн. Але мяне павяло ў той бок. На паўдарозе я ўбачыў яго. (Ён падняў твар у бок студэнта.) I ён iшоў туды. I ён ледзьве ногi цягнуў. Калi мы падышлi да быка, там я ўбачыў майго палкавога камандзiра. Вось гэты. (Ён паказаў на таўсматага.) Калюбка. Цi чуеш ты аб маiх пакутах?
- Так, так, цi чуеш ты аб нашых пакутах? - як бы механiчна абазваўся таўсматы.
- Вы цяпер выстаўляеце напаказ свае пакуты?! - абазваўся студэнт. Чаму ж вы ў палон на полi бою не пайшлi, а на захад павалаклiся?
- Нямецкiя свiннi! - гукнуў той, што быў у летнiм пiнжаку.
Таўсматы раптам абвяў, i новая рыса з'явiлася на яго твары. Гэтай рысай ён стаў падобны да таго, з апухлым тварам, што нядаўна выспавядаўся перад Ганусяй. Здавалася, што i гэты зараз стане ў паставу просьбы i споведзi. Ён схiлiўся перад Мiкалаем Сямагам i сказаў:
- Дазволiце запалiць у печы i зварыць мяса? Голад мучыць, i мяса сапсуецца.
Мiкалай Сямага кiўнуў галавой. Той жа, што ў летнiм пiнжаку, адразу рынуўся з хаты i прынёс бярэмя дроў. Як вiдаць, ён даўно ўжо думаў аб вараным мясе. Неўзабаве ў печы запалаў агонь, i рухавы водсвет яго лiнуўся ў вокны. Вада ў чыгунах пачынала ўжо кiпець, як на двары выбухнуў раптам траскучы стук грузавiкоў. Дух маўклiвай трывогi як бы прайшоў па хаце. Можа прайшло яшчэ тры хвiлiны, як загрукалi ў дзверы. Сямага пайшоў адчыняць сенцы i ўвёў у хату шасцярых немцаў. Сярэднiх чыноў афiцэр увайшоў самы заднi.
- Хто тут жыве? - сказаў ён па-расейску.
- Людзi, - адказаў Сямага.