- Здаць зараз жа зброю!
- Зброi тут няма.
- А партызаны?
- Няма нiякiх партызан.
- Хто гаспадар?
- Я, - сказаў Сямага.
- А яна?
- Мая дачка.
- А ты хто? - афiцэр паказаў пальцам на студэнта.
Таўсматы раптам заварушыўся i сказаў па-нямецку:
- Расейскi салдат ён, уцякае з Германii, з палону.
Сямага ўздрыгануўся. Студэнт хацеў прыўзняцца.
- Ляжаць! - крыкнуў афiцэр.
- А ты хто? - крыкнуў афiцэр, зiрнуўшы на Эдуарда Новака.
- Чэх! Уцякае з германскай армii, - крыкнуў таўсматы.
Новак пачаў кiдаць па хаце вострым позiркам.
- Не варушыцца! - скамандаваў афiцэр. - Маўчаць i не варушыцца!.. Усiм!.. А ты хто? - павярнуўся ён да таўсматага.
- Я германскi афiцэр. Палкоўнiк. Унь мой салдат. (Ён паказаў на таго, з апухлым тварам.) Разам з iм мы ўцякаем з партызанскага палону.
- Так. Так, - сказаў апухлы i, перамагаючы боль дзесьцi ў целе, стаў роўна па-салдацку. З iм у адзiн момант адбылася вялiкая змена. Твар яго паспакайнеў. Калi ён нядаўна спавядаўся перад Ганусяй, ён увесь быў напоўнен прагай да ратунку. Страшная пячаць гэтай прагi была тады на яго твары. Цяпер можна было падумаць, што свой ратунак ён ужо знайшоў.
- А што за чалавек гаспадар?
- Схiлен быць партызанам, - тонам суддзi сказаў таўсматы. - З кiм маю шчасце гаварыць?
Афiцэр назваўся i сказаў, што з камандай салдат ехаў па шашы ў маёнтак, якiм цяпер уладае яго швагер з Брэслаўля. Яны зблудзiлi, трапiлi не на тую паваротку i ўбачылi, як свяцiлiся вокны гэтай хаты. Таўсматы рвануў у паяснiцы нагавiц нiтку, дастаў з паяснiцы нейкi свой зложаны i згорнуты дакумент i падаў афiцэру. Афiцэр прачытаў i далiкатна скланiўся таўсматаму. Пяць салдат тым часам пiльнавалi, каб нiхто не варушыўся ў гэтай хаце.
- А гэты хто? - афiцэр кiўнуў на таго, што быў у летнiм пiнжаку.
Той раптам хiстануўся назад, як бы не ўстаяў на нагах.
- Хто ты такi?! - крыкнуў таўсматы. - Ты назваў мяне нямецкай свiннёй нядаўна? Чаго маўчыш?!
Тут апухлы падышоў да афiцэра. Хрыпатым голасам ён стараўся штосьцi растлумачыць:
- Партызаны забралi нас у палон. Нам пашанцавала ўцячы.
Ён гаварыў па-нямецку, i Сямага разумеў яго.
- Тут партызаны ёсць? - устрывожыўся афiцэр.
- О, далёка, - збянтэжыўся апухлы i адышоўся.
- Гавары, хто ты! - яшчэ крыкнуў афiцэр, сам устрывожаны i неспакойны.
Той апошнi, што яшчэ нi перад кiм не выспаведаўся i не сказаў, хто ён, угнуўся яшчэ больш у свой лёгкi пiнжак i сказаў голасам як з-пад зямлi:
- Я дзесяць год служыў Германii.
- Хто ты цяпер?!
- Я з фамiльнага свайго маёнтка пад Варшавай.
- Паляк?
- Паляк. Але быў яшчэ i тут маёнтак, куплены за грошы. Бранчычы. Мяне малога бацька прывозiў летам сюды з-пад Варшавы. Кожнае лета. (Слiна капала ў яго на грудзi.) Дзесяць год таму назад памёр мой бацька, а мне было дваццаць год. Я быў патрыёт свае дзяржавы. Я належаў да тых, што дбалi аб вялiкай Польшчы.
- Хто ты цяпер?! Цi няма ў цябе зброi?!
- Але мы бачылi, што ўрадавыя сферы нiчога не робяць, каб наша дзяржава пашырылася на ўсход. Да таго ж мае Бранчычы тут, у якiх я кожным летам у маленстве глядзеў на зоры. Млечны Шлях iшоў над самымi Бранчычамi.
- Зброя ў цябё ёсць?
- Няма.
- Куды iдзеш? Хто ты?
- Але зразумейце маю душу!
- Заўтра я павязу цябе з сабою, тады i раскажаш пра сваю душу.
- Мы дайшлi да думкi, што нам па дарозе з Германiяй. Германiя пачне вайну, i мы заўладаем тады ўсходам. Наша войска тады iшло б з Германiяй. Я паехаў вучыцца ў Германiю. Мы прызналi сваiм генiем Бэка. У першыя днi вайны нас спусцiлi тут з нямецкiх самалётаў. Мы рабiлi, што нам даручылi. Мы рыхтавалi паветра дзеля прыходу немцаў. Цяпер немцы мне далi дробную службу на прадуктовым складзе. Я ж быў дзеяч! Да таго ж здзек! Я дазнаўся, што пад Варшавай павешана мая сястра. У мяне стала цёмна ў вачах. Мяне выгналi з службы. Я бадзяюся i не маю дзе галаву схiлiць.
- Агледзьце яго, - сказаў афiцэр салдатам. Салдаты загадалi яму скiнуць пiнжак, але ён не спяшаўся. Яго пачалi абмацваць. Ён так абвяў, што, здавалася, ён нiчога не цямiць, што робiцца каля яго. Пасля яму загадалi сесцi i маўчаць. I ён сеў на падлогу i прыпёрся плячыма i галавой да сцяны.
- Трыццаць чалавек тут памесцiцца пераспаць да ранiцы? - сказаў афiцэр да Сямагi.
Той нейк як бы ўзрадаваўся, устаў з свайго месца i адказаў, паказваючы на 'халодны пакой':
- Там можна на падлозе. Калi напалiць тут печ, то i там стане цёпла.
- Напалi печ, - сказаў афiцэр i сеў за стол.
- Уставай, - сказаў Сямага да студэнта, - тут яны вячэраць будуць. - I кiнуў яму яго адзежу. - Гануся, хадзем па дровы, напалiм печ.
I ён, i Гануся апранулiся, каб iсцi па дровы. Нешта вельмi многа яны нанасiлi тых дроў. Гануся выцягнула з печы чыгуны з гатовым мясам i ўсё падкiдала i падкiдала дровы. А бацька ўсё насiў iх з двара, i ўсё хадзiў за iм следам салдат. Нарэшце i Гануся зноў пачала насiць з бацькам дровы. Салдаты, чалавек трыццаць, увайшлi ў 'халодны пакой' i ўмошчвалiся спаць на падлозе. 'Халодны пакой' пачынаў рабiцца цёплы. Тут жа, каля печы, ужо не ўстояць было ад гарачынi. Варшавяк сядзеў усё на падлозе i раптам пачаў плакаць. Як малое дзiця, ён цёр кулакамi вочы i пачаў стукаць патылiцай аб сцяну. I нечакана ён сказаў да студэнта, якi сядзеў на падлозе пры другой сцяне, поплеч з Новакам:
- Вазьмi мяне з сабой на Случчыну.
- На якую Случчыну, што ты выдумаў? - трывожна абазваўся Ўладзiмер Ярмалiцкi.
- А ты ж казаў, што iдзеш да маткi i гаспадара хаты возьмеш з сабою.
- Калi я казаў, што ты брэшаш! - злосна абазваўся Ярмалiцкi.
- Вазьмi, прашу цябе! Я ведаю пра Слуцак. У тым баку i Бранчычы. Вазьмi мяне, прашу цябе.
Ён як ашалеў раптам. Губа яго адвiсла, i здавалася, ён у непрытомнасцi.
Афiцэр штосьцi еў за сталом, якi салдаты прынеслi з 'халоднага пакоя'. Афiцэр падняўся, зiрнуў на варшаўскага нешчаслiўца i сказаў салдату вывесцi яго ў сенцы, а з iм разам i Ярмалiцкага з Новакам i там вартаваць iх. Цяпер усё было так: у 'халодным пакоi', у якiм цяпер было ўжо як мае быць цёпла (печ дыхала жарам, а дзверы ў пакой адчынiлi), спалi ўпокат на падлозе салдаты, адзiн пры адным. Тут афiцэр нешта жаваў за сталом i частаваў таўсматага, якi сядзеў з другога канца стала. Апухлы падцягнуў тапчан да печы i сядзеў на iм, кiваючыся ў бакi, i з пячаццю яснай надзеi на твары.
- Мне паехаць у Германiю, лячыцца i правiцца, - раптам сказаў ён.
У сенцах на перавернутай скрынi сядзелi: Ярмалiцкi, Новак i варшавяк i калацiлiся з холаду. Каля iх стаяў вартавы салдат. Мiкалай Сямага з Ганусяй насiлi дровы. Салдат пакiнуў ужо за iмi хадзiць. На двары стаяў на варце салдат, на самым ганку, а другi стаяў далей, пры машынах.
Гэты раз Сямага ўзяў толькi адно палена, цяжкае i з вострымi сукамi, кавалак сырой ялiны. Гануся з бярэмам дроў iшла за iм. Ён нешта замарудзеў каля дзвярэй у сенцах, зачыняючы iх. I рушыў да вартавога