спектакля. Каля стала стаяў настаўнiк у ролi рэжысёра, махаў рукою i нешта расказваў. Дзяўчына ў чырвонай хустачцы няўмела прысядала, стараючыся зрабiць рэверанс. Ад гэтага ўсе рагаталi, а настаўнiк злаваў.

За плотам па двары, фантастычна-смешны ў змроку, кацiў поп па няроўнай зямлi пустую бочку...

I вакол кусты слухалi шэпты i былi маўклiвымi сведкамi некаторых спраў.

Стары Гiрш спаў сабе спакойна, а я, не могшы апанаваць разважаннямi, напоўнiўся раптам злосцю да Досi... Прыйшлося пайсцi ў чытальню i выказаць мае некаторыя тэатральныя веды...

Слаўныя вечары!

Гэта восень дыхае вясною.

Падморгвалi зоры зямлi, i зямля маўчала - як бы адчувала яна дзяцiнства ў маладосцi i маладосць у старасцi.

VI

Каржакаватыя хвоi, чырвона-агнявыя асiны i жоўтыя бярозы, i пад iмi шумяць кусты.

Шумяць... Шумяць!..

I ядлоўцам пахне над полем.

Густа паўсходзiла жыта, i ўсё таксама смяюцца яму ясныя днi.

Праляцелi ўжо гусi i жураўлi, чорныя дзiкiя птушкi клююць сакаўную рабiну, i журацца днi над свежай раллёю i над балотнай сухой асакою...

Мы выбiраем познюю бульбу.

З пахучых зямной вiльгаццю загонаў мне вiдно, як за шыпшынавымi межамi клапоцiцца дзядзька Язэп - нешта там камандуе моцна, а бабы са смехам сыплюць кашамi на воз бульбу... У мяне не падмазаны калёсы, i яны заскрыпелi так, што пачуў i азiрнуўся дзядзька Язэп.

- Пачакай! - крычыць ён мне.

Я чакаю i гляджу, як ён грузна i шырока ступае вялiзнымi ботамi i тузае лейцы. Пхае плячом у аглабiну, нейкая дзяўчына выводзiць каня на дарогу, другая паганяе пугаю, i дзядзька Язэп весела камандуе:

- Па хвасце, па хвасце!..

Там паднiмаецца рогат, а дзядзька Язэп выкiроўвас воз на дарогу...

I вось мы поплеч iдзем каля вазоў па вузенькай, каляiнiстай дарозе. Дзядзька Язэп пагаварыў трохi аб восенi i жураўлях, пасля расказаў, як некаторага года адбiўся быў ад сваёй чарады малады бусел, не ведаў, куды ляцець, i зазiмаваў адзiн на мёрзлых паплавах. I як пасля кончыўся з холаду за гумнамi.

- Ты думаеш, ён не сумаваў, гэты бусел?

I, сказаўшы гэта, дзядзька Язэп змоўк, а я стаў думаць:

'Што ў яго цяпер у галаве i на душы?'

Твар яго стаў раптам каменна-спакойным, як бы гэта ён сперш доўга раздумваў, для чаго i нашто ўсё на свеце, а пасля дадумаўся: 'Дык гэта ж я сам усё ўстанавiў...'

Дома мы ссыпалi бульбу - сперш яму, пасля мне.

Аднекуль з'явiлася Дося, i, як бацька пайшоў у сенцы, яна сказала мне:

- Хадзем, я памагу табе.

Я паглядзеў на сваю палатаную сарочку i сказаў:

- Ды ў мяне там няма чаго рабiць.

- Дзе ты сёння вечарам будзеш? - запытала тады яна.

У мяне зноў, як i тады, застукала ў галаве кроў... Я ж ёй раней гаварыў... Яна не думала аб гэтым, а гэта або ў яе ад мяне застукала кроў, або ад таго практыканта пакiнула стукаць. Тады якая тут мая роля?

Гэта былi разважаннi, i з'явiлiся яны трохi пасля, тады ж я сказаў:

- Вечарам я буду сядзець каля твае хаты.

- Якi ты слаўны i дагадлiвы...

I яна пабегла ў сенцы.

'Слаўна жыць на свеце, - думаў я, едучы на поле. - Няхай усё плыве, куды хоча, няхай рушыцца, падае, раскiдаецца, а мне на нейкi час адкiнуць усё гэтае, разам з усякiмi разважаннямi...'

Так я адчуваў i вечарам.

Чорненькая, маленькая i гарачая сядзела Дося, прыцiснуўшыся рукой да мяне. Мы не гаварылi, i я не думаў нiчога... Дзядзька Язэп выйшаў на вулiцу, пыхнуў папяросаю i хацеў сесцi на прызбу, пасля ўбачыў нас, пазнаў i запытаў мяне:

- Бацька твой дома?

- Дома.

- Пайду да яго, пакуру.

I пайшоў. А я падумаў:

'Стары Гiрш спiць недзе ў сваёй саламянай будцы - нудная i дрэнная работа. Страшна мець сiвую бараду i думаць толькi аб яблыках ды аб саламянай будцы...'

Дзядзька Язэп бараду голiць i саламяных будак не любiць. Курыць, соўваючыся па двары вечарам...

'Мiхал, братка мой дарагi, Мiхал!'

Зоры свецяць, залатыя асiны шумяць, зямля вее размахам i воляй. Недзе людзi спяваюць, недзе зыкi бягуць...

'Братка Мiхал, родны мой!'

Мне хацелася плакаць i расказаць аб гэтым усiм - i далёкiм, i блiзкiм.

I я з страшэнным смуткам адчуў, што Дося мяне не зразумее...

Дзядзька Язэп, з блiзкiх маiх, адзiн можа слухаць мяне...

VII

Назаўтра, як у тумане, хадзiў я цэлы дзень. Я прыпомнiў, як тады, вечарам, два разы праходзiў мiма нас той практыкант, я адчуваў у змроку на сабе яго калючыя вочы. Ён нiчога не гаварыў i праходзiў. Сягоння ж, як змеркла, выйшаў я на вулiцу i ўбачыў: Дося i практыкант iшлi, цесна прыцiснуўшыся адно к аднаму. Я залажыў рукi ў кiшэнi, свiснуў, настроiўся на гумарыстычны лад i заспяваў:

Не хадзiла, не гуляла,

Рана спаць лажылася!

I тут жа раптам падышоў да сябе з грозным загадам: адкуль ты дастаў сабе права корпацца ў душы другога чапавека?

'Ну, а што? - сказала маё другое 'я', - пытанне гэтае трэба пусцiць па дзвюх лiнiях. Тут магло быць так: яна магла за што-небудзь зазлаваць на свайго практыканта i, каб укалоць яго, пасядзець вечарам з табою, тады ты, значыцца, зброя барацьбы, стаў машынаю, будучы чалавекам. То чаго ж ты так катуеш сябе за тое, што паспяваў трохi? Паспявай яшчэ. Залажы рукi ў кiшэнi ды пасвiшчы...'

А другая лiнiя?

Другая лiнiя магла быць такая: 'Дно ў чалавека заўсёды вiдаць. I рух увесь яго як на далонi. I загэтым вось i вядома, што там нi з чым непараўнаная тонкасць i бясконцы рух - як бы гэта свет знайшоў для сябе вечнае i адзiнае люстэрка...'

I маленькая, смуглявая Дося тады шчыра кахала мяне, таксама, як сягоння таго практыканта.

Тады напоўнiся вялiкай пашанай, панясi яе i агарнi ёю людзей. Знiшчы свае гразныя капыты i насi ў сабе толькi вастрату хараства...

Позна я сядзеў у тую ноч у хаце з дзядзькам Язэпам. Мы так, як нiколi раней, гаварылi аб Мiхале. Ён стаў раптам нейкiм сагнутым, сухiм i малым. Нагнуўся i заплакаў цiха. Пасля абцёр слёзы i сказаў:

- Чалавек яшчэ не пэвен, пакуль многага яшчэ не зробiць...

Тады я падумаў:

'Чалавек, значыцца, аба многiм павiнен даведацца...'

Дзядзька Язэп курыў пацiху; зноў вырас постаццю сваёю i сядзеў так доўга.

I я раптам адчуў у сабе i вакол сiлу дзейнасцi i размах чалавека на нязначным атаме свету - зямлi...

VIII

Вясною сястра мая сеяла кветкi, цяпер перад вокнамi на круглых градках цвiтуць увосень настурцыi i белыя астры, i над iмi шэпчуцца жоўтыя вiшнi, расказвае iм вецер аб бяздоннай сiнi лясных даляглядаў, i пад iм, на сонцы, думаюць нешта лiсты.

Сцелецца пыл... Хутка канчаюцца днi з белым павуцiннем.

Сястра палошча бялiзну на двары. Весела плюхае вада, сцякае з яе белых закасаных рук. Пасля садзiцца яна каля сцяны i спявае 'над возерам чайку'. З хаты мне слаўна глядзець на яе, на настурцыi i астры, на жоўтыя вiшнi i ветраны пыл.

Хутка будзе вечар. Вецер не сцiхне, i чуваць будзе, як за рэчкаю гавораць хвоi...

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату