Выслухалi яго нецярплiва й перайшлi да абмеркаваньня справаў дробных, каб не сказаць - дурных.

Старшыня час ад часу зiркаў у бок Сьцяпана, у азарце. Ён прыкметна ўсьмiхаўся да самога сябе, як гэта, мабыць, робiць певень, гледзячы на курэй, якiя накiнулiся на мякiну. Дзюбалi й дзюбалi яны, даючы ўцеху аднаму.

'Каб ня тое, што бяз грошай немагчыма пражыць, я не тырчэў-бы тут больш нi сэкунды! Высадзiў-бы акно, звалiўся-б на тратуар, пакалечыўся-б, бо не хапiла-б мне вытрымкi выйсьцi адсюль нармальна, празь дзьверы й калiдор', Сьцяпан пальцамi мацаў патылiцу, у якой брыняў боль.

Ад пачуцьця бяссэнсу ён быў блiзкi беспрытомнасьцi, шырока ўгледжваўся ў падлогу, у геамэтрычныя фiгуры паркецiны. Такога спосабу ратаваць сябе ад зацьменьняў яго навучыў лекар, у якога ён лячыў кутнi зуб; дантыст пасьпяхова вырваў Сьцяпану ўнутраны нэрвiк, пасьля чаго сярэдзiну зуба вычысьцiў ад гнiльлi й запоўнiў яе белiстай сумесьсю. Салiдна выканаў сваю работу! 'Вы, калi ласка, не заплюшчвайце вачэй, глядзiце ў столь, i не ўяўляйце сабе таго, што я раблю. Пастарайцеся зразумець, толькi зразумець тое; думайце пра неабходнасьць лячэньня, i вам стане лягчэй...' - прыгаворваў сымпатычны дантыст, не перапыняючы сваiх дзеяньняў. Яму таксама ўспацеў лоб; бзычэла сьвiдравальнiца.

Вакол старшынi ўзьнялося гарлапанства. Шумелi - кураняты каля квактухi! Сумленевiч адвёў зрок ад замяшаньня, як той, каму далi па мордзе й сказалi, каб ня лез у не сваё.

- Пане старшыня, я думаю, што ўжо магу пайсьцi да сябе, - нясьмела папрасiў Сьцяпан. - У мяне шмат працы, не мяне чакаюць пэтэнты, - яму дзеравянелi мускулы на твары, а голас разыходзiўся водгульлем па галаве. Ад пустэчы.

- Ужо закончваем, - адгукнуўся старшыня. - Таварышы, цiха, - ён пачухаў сабе кончык носа. - Што-ж, э, дзякую вам за ўдзел у абмеркаваньнi. Нарада была плённай. Да пабачэньня.

Уставалi, усё роўна бы разбуджаныя з дрымоты, i тлумна выходзiлi з пакою.

- Калега Сумленевiч, - аклiкнуў старшыня. - Прашу вас застацца на момант...

Сьцяпан быў упэўнены: шэф дайшоў да высновы, што зноў патрэбна яму супынiць няўрымсьлiвага маладзiка. З гэтым дасьледваньнем рынку, скажа, вы перасалiлi, яно нам лiшняе, а таму, што няма праблемы са збытам, пане Сумленевiч, а ёсьць праблема з вытворчасьцю, дык давайце думаць пра павелiчэньне выпуску тавараў, э, во!..

Ён не адразу ўцямiў, што яму гаворыць старшыня.

- Вы, дарагi калега, нешта сумны.

- Я? Чаго? Не, - Сьцяпан зашпiлiў пiнжак.

- Прапанаваныя вамi абсьледваньнi рынку, пэрспэктыўнага попыту, сапраўды ня маюць сэнсу. Разумееце, э...

- Так. Разумею.

- Ну, ня злуйцеся, - старшыня, заклаўшы рукi за сьпiну, прайшоўся перад вялiзным сталом вiшнёвага колеру, невясёлага.

- Прыкра мне, вядома, што не прынялi мае рацыi, але гэта ня значыць, што я за тое злуюся...

- Так, так...

Пайшлi чуткi: папярэдняга старшыню, пэнсыянера, цягаюць суды. Разглядаецца справа аб нелегальнай майстэрнi па вырабу вазоў. Замяшана ў гэта некалькi асобаў зь цяперашняга кiраўнiцтва каапэратыву, што захоўваецца ў таямнiцы. I якiсьцi сяржант мiлiцыi. Усiх правалiў цясьляр, горкi п'янiца й злодзей, схоплены мiлiцыянерамi, калi гнаў самагонку ў хмызьняку пад Васiльковам.

- З нашага каапэратыву атрымалася фiрма, э, дарагi калега. Становiшча зьмяняецца, ня тое што з году ў год або зь месяца ў месяц, але, бачыце, э, зь дня ў дзень. Калi тут i аглядвацца: трэба бегчы й бегчы, дапераду, толькi дапераду. Часамi ажно духi вылазяць! А вазьмi пакаўзьнiся - затопчуць! З разгону, ведаеце, э, як кавалерыя - падбiтага ездака... Калегу, сябру, э...

- Расказваў мне бацька - пад Чанстаховай, у верасьнi трыццаць дзевятага...

- Так, так...

Сьцяпан змоўк.

У калiдоры - чуваць было празь сьцяну - зiхатлiва расьсьмяялася жанчына, тая з разьлiкавай сэкцыi, разьведзеная.

- Я, ведаеце, э, папрасiў вас, дарагi калега, каб пагаварыць з вамi, - у нерашучасьцi пастаяў ён перад Сьцяпанам. - Ёсьць у мяне своеасаблiвая просьба, э...

- Я вас слухаю, пане старшыня.

- Як вам гэта сказаць, калега Сумленевiч, каб вы дрэнна не зразумелi мяне, ведаеце, - ухапiста пацёр ён сабе бараду. - Вы плюньце на таго iнспэктара; тое, што ён прыслаў, я, ведаеце, э, пад зялёнае сукно, як кажуць, запiхнуў, э...

- Я, пане старшыня, тут нi пры чым. У мяне ўсё ў лад, пане, - на сярэдзiне памарусiлi Сьцяпану сьняжынкi.

- Так, так: плюньце, э...

Скрывiўся ён у залётную грымасу, i Сумленевiчу зрабiлася ад таго звычайна сорамна. Яму нават падумалася, што ў шэфа - затоеная хвароба...

Адказаў:

- Вядома.

- Як вы сябе адчуваеце, калега?

- Нiчога. Добра, - у правай назе, зьдзiвiўся Сьцяпан, зьявiлiся дрыжыкi. 'Нэрвы! Я кiну гэту работу!' - Дзякую, пане старшыня. Не наракаю.

- Вось, вельмi цешуся. Вельмi! - ён дастаў з барыку тыя самыя, самавiтыя, чаркi й налiў у iх армянскага каньяку. - Вып'ем на благую пагоду; пашырэюць вены, ведаеце, э... Сядайце, - запрасiў ён Сьцяпана.

- Дзякую вам, - Сьцяпан лiхаманкава перагортваў у памяцi свае вольныя гутаркi, пра якiя маглi сказаць старшынi. Не знаходзiў у iх небясьпечнага сабе.

- Моцны, падла!

- Востры, - падтрымаў яго Сьцяпан. Ён адпiў глыток алькаголю, якi шчыпаў за язык i дзясны.

- Так, ведаеце, э... Стамiлiся мы, дарагi калега. Ат, неўзабаве йсьцi дамоў...

- Палова трэцяй! - Сьцяпан прыгледзеўся да гадзiньнiка, даўжэй, чым трэба. - Нарады страшэнна займаюць час, - паскардзiўся ён старшынi, каб урэшце прарвалася мiж iмi размова. (Учора Сьцяпан купiў бiлеты ў кiно, на сёньня, на пятую гадзiну.)

Старшыня не прыняў тэму.

- З вас, дарагi калега, бездакорны службовец, э, адпаведны на адпаведным месцы, хацеў я сказаць... Вас паважаюць, усе мы паважаем вас. У вочы, ведаеце, усякае вам скажам, але завочна нiхто й слоўца ня кiнуў супроць, ведаеце, э...

Сьцяпан дапiў каньяк.

Нiколi ня чуў ён такога пра сябе.

- Я вам тое кажу! Людзi, ведаеце, плятуць, э, рознае. Але пра вас не пачуеш благога, калега, - старшыня ўзяў бутэльку. - Дазвольце налiць...

- Ах, я п'янею, - Сьцяпану прыйшоўся да спадобы армянскi. - Прашу нямнога.

- Вам усе вераць! - гаварыў сваё старшыня. - Добрага чалавека кожны, ведаеце, нюхам счуе, - налiў ён i сабе. - Памiх намi, э, здаралiся, праўда, непаразуменьнi, ды вы, дарагi, за гэта, бачу, э, не крыўдуеце на мяне. Нам трэба трымацца разам! Будзе еднасьць, дык мы Беласток сто разоў у той бок i назад перасунем. Так, так...

- Вядома, - Сьцяпан вырашыў: няхай яму не здаецца, што маiмi рукамi ён ад судоў абаронiцца!

- Вераць вам i, шчыра кажучы, я гэтаму зайздрошчу, ведаеце... Але маё службовае становiшча, э, па сваёй прыродзе мае, так сказаць, крыўдзiльны характар, разумееце, - надпiў ён з чаркi. - Я мушу заўсёды выбiраць памiж меншым i большым злом, як палiтык, якi гэтым адрозьнiваецца ад бюракрата, што iмкнецца да мэты, а не да прадухiленьня ўласнай адказнасьцi, э...

Сьцяпан пакрыёма зноў зiрнуў на гадзiньнiк: наблiжалася чацьвертая.

- На мяне, напэўна, усялякае гавораць... - старшыня чакаў, што на гэта скажа Сумленевiч.

- Так вам здаецца, пане старшыня.

- Ну, а ўсё-такi?

- Што вы! - Сьцяпан заварушыўся. - Дурноты я ня слухаю.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату