'Кiрачка...'

'Што - Кiрачка? Ну, што? Балiць табе маё апавяданьне, га? Эх, наiўнота ты. Адкуль у цябе, атэiста, такiя першахрысьцiянскiя адносiны да жыцьця, га? Дабром - зло... Сьмяяцца хочацца. I плакаць! Чэрнь бяжыць наглядзецца ў кiно, як шляхетны шэрыф па-бандыцку распраўляецца са злачынцамi, верачы яму, што iначай нельга... I мае яна ў гэтым трагiчную рацыю! З палёгкай выходзiць сабе з кiнасэансу, якi закончыўся сцэнай пагiбелi крывамордых рабаўнiкоў i цудоўнага стражнiка закону; трупы iх засыпаюць пяскi Нэвады. Навечна...'

'Перастань!..'

'Я-ж твая жонка, Сьцяпулёк. Мне - страшна, калi падумаю, што ты губiш сябе. Жанчына без мужчыны - безабароннае стварэньне, баба, якую можа пакрыўдзiць любы, каму зажадаецца. Твой пройгрыш будзе й маiм, але падвойным! Жанаты павiнен разумець, што ўсенька ўчыненае iм адбываецца ня толькi ад яго ўласнага iмя. Патрэбна не абы-якой дурноты ў незадаволенай жыцьцём жонкi, каб дадумалася яна да таго, што даволi ёй пазбыцца разьлезлага мужа, а зажыве яна па-новаму. Сьвядомасьць - гэта дзiвосны iнструмант: спраўны ён у якiх хочаш акалiчнасьцях, у рэальных i нерэальных...'

У другi дзень хваробы Сьцяпан натужыўся й выпiў шклянку гарачай гарбаты зь мёдам, зь зялёнай цыбуляй упрыкуску.

15

Кiра прынесла навару з чорнай парэчкi. Увайшла цiхiм крокам дзяўчыны.

- Ня сьпiш, Сьцяпанка?

- Я ўжо й сам ня ведаю, калi сплю, а калi не, Кiрачка.

- I трэба-ж было табе ў той Бельск ехаць?..

- Начальства лепш ведае, што мне трэба рабiць.

- Яно ведае, як сабе дагадзiць.

- Трэба зарабiць...

- На торбы? - яе бровы падскочылi ад раптоўнай уцехi.

На яе твары была тая заклапочанасьць жанчыны, якая пасьпела ўявiць сваю безабаронную адзiноту. 'Я ведала, што ты дурненькi, але не спадзявалася, што ажно настолькi', - прачытаў Сьцяпан у яе вачох. Кiра не згадзiлася падаць яму чарку жытнёўкi, хоць гэта й мела ўзбудзiць у iм апэтыт. Алькаголь не ўзмацняе, растлумачыла яна. Забiрае ён з крывi кiсларод i ад таго празьмерна ўспацееш. Паслабляе таксама рэагаваньне нэрвовай сыстэмы, мазгоў...

- У цябе, Кiрачка, усё прадуманае. Жанчыны наогул такiя?

- Што мужчыны рабiлi-б бяз нас?

- Прапалi-б!

Яна чульлiва абняла Сьцяпана за галаву, i ён, забыўшыся пра градусьнiк пад пахаю, прыцiснуў яе да сябе й, са спрытам вопытнага каханка, расшпiлiў на ёй блюзку. Ратуй мяне, шаптаў, нагрэй. Потым, мiлы наркаманiк, потым, калi паздаравееш i мацi дома ня будзе... Сьцяпан дабiўся ў Кiры свайго, але яго калола слоўца 'наркаманiк', якiм паслугоўвалася яна ў выпадку сваёй неахвоты да штодзённага каханьня, хаваючы жаль порсткай жонкi да няскладнага мужа. Паводле яе апазнаньня, чалавек выключнай дабрынi па сутнасьцi не адрозьнiваецца, скажам, ад алькаголiка: тое-ж шуканьне iм забыцьця. А жыцьцё дамагаецца ад свайго ўдзельнiка ўдарнiцтва! У слушнасьцi Кiрыных высноваў прадчуваў ён незадаволенасьць iм, якую баялася яна выказаць уголас. Быццам у вадказ на тое, як бы мiжвольна, ён падсумаваў яе павучаньнi:

Калi мусiш думаць, дык не гавары. Калi сказаў, дык не пiшы. Калi-ж напiсаў, дык не падпiсвай. А калi падпiсаў, дык сам ты таго хацеў...

Кiра паставiла шклянку са сподкам на падлогу.

- Ты ў чымсьцi падазраеш мяне, Сьцяпан, - сказала яна. - Ну, сьмела кажы, менавiта, у чым?!

- Я? - Невядома, калi наскочыць на цябе найгоршае. - Кiра, пашкадуй ты мае нэрвы, - Сьцяпан сеў у пасьцелi. - Я хворы, а ты пачынаеш са мною сур'ёзнае, ад якога напраўду можна дайсьцi да думкi, што жыцьцё нас абаiх - нiшто iншае, як кантракт i толькi кантракт. Справа на пэўны прамежак часу або парадку рэчаў...

- Прабач, Сьцяпанка. У мяне, ведаеш, хутка мэнструацыя, i таму я без дай прычыны ўзбуджаюся, - яна зграбна схiлiлася па шклянку. - Я нарыхтую табе паранага малака зь мёдам.

'Мэнструацыя! - калацiлася ў iм. - Пачуў-бы гэта набабнiк з мудрым iлбом мiнiстра, дык запляваў-бы ад тае сьцены. У сукiнсыне не шукай ты пашаны, нават да самога сябе, бо яму й сваё гаўно сьмярдзiць!..' Перад жанiмствам з Кiрай Сьцяпан перажыў дзiўную прыгоду: маладая ўдава прапанавала яму шлюбнае жыцьцё на паўтары гады, да часу, пакуль вернецца з Канады яе жанiх, стары кавалер, якi паехаў туды зарабiць валюты ў брата, уласьнiка, здаецца, рамонтных майстэрняў. Ня бойся, я нiчога табе не нараджу, супакойвала яна Сьцяпана. А тое, што ты навучысься ад мяне, вельмi прыдасца табе, хлопча, калi сам ажэнiсься. Пераканаесься, што i ў каханьнi патрэбная навука. Я ведаю гэта, павер ты мне. Падумаю, адказаў ёй Сьцяпан i больш не пабачыўся зь ёю; яна, зрэшты, не шукала яго, вiдавочна дайшоўшы да вываду, што ён не зразумеў-бы яе або, чаго добрага, потым пусьцiўся-б яшчэ ў сабачую скуру.

- Кiра, цябе не зьдзiўляе дзiвосная раўнавага ў колькасцi мужчынаў i жанчынаў на сьвеце?

- Гм.

- Або: гультай як грамадзкае паняцьце? Што людзi - як тыя валуны, удзiрванелыя, якiя не варушацца i ў буры зь перунамi? Маланка смалiць такому па хрыбце, ажно дым iдзе зь яго, а ён ляжыць сабе й нават не пачухаецца...

- Я прынясу табе паляпiрыну, - Кiра зьнiкла.

Растварыла яна дзьве таблеткi.

Гарачка ў Сьцяпана апала.

Цешча вярнулася дамоў зь лiмонамi. Дастала яна iх недзе па знаёмстве. Сьцяпан выпiў кубак гэтай кiсьляцiны з цукрам i задрамаў. Выглядала на тое, што давядзецца яму паляжаць, i гэта злавала яго... Старшыня падсеўся блiжэй, загаварыў - зь яго роту ад нядбайна чышчаных зубоў панесла смуродам, мясной гнiльлю. Значыць, пане Сумленевiч, э, вы нязгодны дапамагаць мне ў кiраваньнi? Добра, гэта ваша справа. Не, дык не. Як гаворыцца, рабу ня быць свабодным працаўнiком. Я не пэдэраст i заганяць вас, э, у пасьцель амаральнасьцi ня буду. Вы, вiдаць, не дарасьлi да перамаганьня, э, зла злом... Так. Я, ведаеце, прайшоў вайну й рознае вычаўпаў на ёй. Бывала, э, уварвуся я ў варожы дом i раву на малагодка: 'Рукi ўверх!' А на шаснастоўку: 'Скiдай, фраў, майткi!..' Агiдна я рабiў? Вядома. (Самое-ж забiваньне ёсьць супрацiўнае чалавеку. Але спрабуй ты, браток, выйграць бiтву, э, нiкога не забiваючы.) Вось, пане Сумленевiч, i вы, э, палезьлi-б на сiнявокае дзяўчо ў разьбiтым горадзе, якое й не падазрае, э, iснаваньня сусьветнай палiтыкi; у першую хвiлю не дадумаецца нават, у чым справа - з асмаленым, э, салдатам. Захiхiкае яно, ведаеце, быццам намерыўшыся пагуляць зь iм, бугаём, у хованкi. Па-дзiцячаму. Пасьля вайны - я ажанiўся, i жонка, трасца ёй у бок, падсыпала мне дочак. Ох, э, бязьлiтасная яна, зараза! Гляджу я на гэтыя свае донi й, цьфу, бачу ў iх тварыкi падабнюткiя да тых, ваенных, згвалтаваных недзе ў каменным хутары, у якiм, ведаеш, э, толькi гаспадынiн сын хадзiў за гаспадаркай; сёстрам яго-ж нiхто з нас ня даў i коўдрай накрыцца, хоць, э, на паўгадзiнкi. Яны колькi дзён i елi лежачы, цьфу!.. Што я кажу табе, балванец. Ня хочаш ты быць маёй курвай, дык ня трэба. Пашкадуеш таго. Я не жартую: пашкадуеш! Так. Курэўства ёсьць частка, э, кожнага чалавека, i як-жа тут думаць пра кар'еру, э, ня зьведаўшы прастытуцыi целам i душою?! Гэта-ж так, быццам брацца гасiць пажар, ня ведаючы, што такое агонь. Крывiсься? Ну, э, крывiся сабе на здароўе. Жадаеш сабе йсьцi ўласнай дарогай? Гэта мне падабаецца. Дазволь мне даць табе параду: ня будзь ты дзекабрыстам! Няхай табе не здаецца, э, што ты запакутуеш, або застанесься незразуметым. Маю перавагу я над табою, э, проста сакрушальную, i таму мяне бярэ ахвота сьмяяцца з таго, як гэта ты сыплеш бясспрэчнымi рацыямi, па-юначаму спадзеючыся на iх сiлу; iлюзiя непрактычнага розуму! Памятай, Сьцяпан, што самым непераможным i беспамылковым рэвалюцыянэрам зьяўляецца, э, час. Ён ня любiць, калi яго падганяюць... От, жывiна! Што яшчэ табе сказаць?.. Вяртайся ты, э, да старой праўды: маўчаць аб сваiх справах. Кожны выслухоўвае цябе перш за ўсё ў кантэксьце, э, тваёй прыдатнасьцi яму. Адсюль - што хочаш: дружба й варожасьць, любоў i нянавiсьць, э, зайздросьлiвасьць i завiсьлiвасьць... Так, брацец! Ну, i далучаю я да таго, ведаеш, студэнцкае пажаданьне: скруцi, халера, шыю! Хай хада лёгкай табе будзе...

Сьцяпан расплюшчыўся i ўбачыў Кiру.

- Я разбудзiла цябе?

- Не, Кiра, я й ня чуў, што ты тут...

- Ты пацееш, - Кiра разгарнула насавую хустачку, - я вытру табе лоб.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату